Нас зразумеюць праз сто гадоў: навошта ісці на выставу Лазара Хідэкеля?

  • 17.02.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 6107

У лютым 2020-га спаўняецца 100 гадоў з моманту заснавання сусветна вядомага мастацкага аб’яднання УНОВІС, створанага ў Віцебску па ініцыятыве Казіміра Малевіча. У гонар гэтага ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася першая ў гісторыі Беларусі выстава Лазара Хідэкеля. Расказваем, чаму гэтае імя варта ведаць і як яшчэ адсвяткаваць стагоддзе УНОВІСа.

 

 Чаму гэта крута? 

УНОВІС азначае «утвердители нового искусства». Гэта была мастацкая школа, якую стварыў у Віцебску Казімір Малевіч. Ён чытаў лекцыі пра кубізм, футурызм ды супрэматызм, разам з вучнямі імкнуўся вынесці мастацтва з майстэрні ў горад, зрабіць яго выставачнай залай праз архітэктуру, плакаты і афішы. УНОВІС вучыў сістэмнаму мысленню і сумеснай праектнай працы. Аб’яднанне налічвала каля 40 мастакоў ды мастачак. На жаль, праз два гады УНОВІС спыніў свае існаванне, шмат каго з мастакоў рэпрэсавалі.

Лазар Хідэкель далучыўся да УНОВІСа яшчэ ў 15 год, а ў 16 узначаліў архітэктурную студыю УНОВІСа. Пасля ён працягваў займацца архітэктурай, быў дэканам архітэктурнага факультэта ў тагачасным Ленінградзе. Ягоны клуб рабочых 1926 года стаў першым у свеце супрэматычным будынкам. Шмат якія з яго футурыстычных праектаў не былі рэалізаваныя, але выглядаюць вельмі сучасна – напрыклад, канцэпт экалагічнага горада-саду ці маніфест экалагічнай архітэктуры.

 

 

 Што можна ўбачыць на выставе? 

Дакументы і працы для выставы ў Менску перадала сям’я Лазара Хідэкеля: яго сын – архітэктар і дызайнер Марк Хідэкель з жонкай, доктарам мастацтвазнаўства Рэгінай Хідэкель, а таксама іх сынам – архітэктарам Раманам Хідэкелем. Тут можна ўбачыць мінімалістычныя супрэматычныя кампазіцыі, аэрагарады і архітэктоны, эскізы касмічных дамоў, планы футурыстычных гарадоў, запісы з сямейнага архіва. Да працы над выставай прыцягнулі маладых беларускіх архітэктараў і спецыялістаў па віртуальнай рэальнасці – зможаш убачыць, як маглі б выглядаць рэалізаваныя архітэктурныя праекты мастака.

Выстава пройдзе да 15 красавiка. Музей працуе без выходных, 11:00 – 19:00.

 

 

 Што яшчэ зрабіць, каб лепш разабрацца ў тэме? 

   Паглядзі невялікі дакументальны фільм пра УНОВІС (рэжысёр Яўген Сяцько) – да 23 лютага ён знаходзіцца ў вольным доступе на платформе VOKA. Фільм распавядае пра тое, чаму першая ў свеце школа супрэматызму ўзнікла менавіта ў Віцебску, у чым выявіўся яе ўплыў на сучасную культуру і мастацтва і як гэта праслаўляе Беларусь ва ўсім свеце.

   Набудзь спецыяльны нумар часопіса «Мастацтва», падрыхтаваны да стагоддзя УНОВІСа. У цэнтры ўвагі — апосталы і вучаніцы Казіміра Малевіча, якія доўгі час знаходзіліся ў ценю харызматычнага настаўніка. У афармленні нумара выкарыстаны шрыфт UNOVIS100, створаны дызайнерам Дзянісам Машаравым на аснове летэрынгу Малевіча і шрыфтаў Ёзэфа Альберса. У нумары пачытаеш пра мёртвы канструктывізм і супрэматызм – вечны, чорны, белы і сярэбраны, Ноевы каўчэгі з бетону, рускі касмізм, канструкцыі-таблеткі для праекта «Апалон-Саюз» і помнікі Перамозе, пафарбаваныя ў сіні колер. Дарэчы, у нумара ёсць і фемпавестка – даследчыца Ала Пігальская разважае, чаму не было вядомых мастачак УНОВІСа. Усяго надрукавана сто асобнікаў часопіса, так што не губляй час – ён мае ўсе шансы зрабіцца бібліяграфічнай рэдкасцю. Ну а пакуль можна пагартаць старонкі ў электронным выглядзе.

   Пачытай інтэрв’ю сям’і Хідэкеляў, дзе яны распавядаюць пра супрэматызм у архітэктуры, Хідэкеля-экаактывіста і феномен Віцебска.

   Да канца сакавіка зганяй у Віцебск на выставу яшчэ аднаго мастака УНОВІСа – Давіда Якерсона. На экспазіцыі «Давід Якерсон. #UNOVIS100» у Музеі гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні пабачыш эскізы для ўпрыгожвання Віцебска да гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, супрэматычныя кампазіцыі, гіпсавыя макеты віцебскіх помнікаў 1920 года і малюнкі горада таго часу. Гэтыя работы ў сценах вучэльні, дзе яны і ствараліся, будуць паказаныя ўпершыню за сто гадоў. Таксама там да 4 сакавіка будзе міжнародная выстава плаката «УНОВІС. 21 стагоддзе».

   Сачы за навінамі Нацыянальнага мастацкага музея ды Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны – абяцаюць шэраг калабарацый з дызайнерамі, праграму лекцый і мерапрыемстваў ды іншыя цікавыя праекты, звязаныя з творчасцю УНОВІСа і Хідэкеля.

 

 

Праект #UNOVIS100 рэалізуецца Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны, Музеем гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні і кампаніяй А1.

Фота: murmurash