Саша Кульбіцкая і Каця Арчакова
- 29.11.2018
- 9106
Карыстацца экаторбай – гэта ўжо ўкаранёны прынцып прасунутага беларуса. Але не кожны яшчэ ведае, што ў Менску такую торбу можна пашыць самому сябе – у прыемнай кампаніі і бясплатна. 34mag сустрэўся са стваральніцамі «Торба Шоу» – праекта, які робіць экалогію моднай.
Гераіні: Саша Кульбіцкая, 25 год, адказвае за экалагічную і адукацыйную частку «Торба Шоу». Каця Арчакова, 26 год, адказвае за тэхналагічную і вытворчую частку праекта.
Чым займаюцца: «Торба Шоу» – адукацыйна-рукатворчы праект. Арганізатаркі ладзяць майстар-класы, на якіх можна навучыцца «шыць экаторбы і жыць у экастылі», і прымаюць непатрэбную тканіну ў насельніцтва, каб перарабіць яе ў карысныя аксэсуары. Торбы ад «Шоу» можна пашыць для сябе, а можна купіць гатовую ці замовіць колькі штук для свайго мерапрыемства.
Саша Кульбіцкая
Каця Арчакова
З чаго пачынаецца «Торба»
Саша: У межах курса «Экастарт» ад «Цэнтра экалагічных рашэнняў» я ўбачыла мульцік «Гісторыя рэчаў з Ані Леанард» пра запланаванае старэнне рэчаў, пра рэсурсы, пра краіны, дзе выкарыстоўваецца вельмі танная праца. Гэта ўсё выглядала даволі абстрактна, але потым я трапіла на палігон «Трасцянецкі».
Лекцыі не дзейнічаюць так, як узрушае ўбачанае на ўласныя вочы. Мне стала нават не страшна, а вусцішна. І з’явілася фрустрацыя: калі я адзін раз вазьму малако ў экалагічным пакунку, няўжо гэта неяк паўплывае на горы смецця? І як я магу на нешта ўплываць? Быццам за нітачку цягнеш – і швэдар пытанняў распускаецца.
Усё тое, што нам прадаюць, што падаецца класным, усё роўна потым аказваецца ў адным і тым жа месцы, аднолькавым. Мяне ўразілі галовы ляляк, якія хрумсцяць, калі ідзеш па палігоне. І лялька не проста безэмацыйны прадмет: гэта рэчы з твайго дзяцінства, але ў абсалютна іншых умовах – на іх садзяцца брудныя чайкі, на іх ляжаць вывернутыя пакеты з-пад малака...
У мяне было два шляхі: прыняць і асэнсаваць, што я таксама часцінка таго, што адбываецца навокал, ці забыцца, што я пачула гэтую інфу. З’ездзіць, спужацца, уразіцца – гэта эмацыйны штуршок, але гэта не пра дзеянні. Аднак і «хачу ратаваць увесь свет ад бяды» – не працуе. Трэба ўсё зрабіць сувымерна. Вось «Торба Шоу» – гэта рэальна клёвае дзеянне, якое адбылося дзякуючы Моладзеваму адукацыйнаму цэнтру «Фіяльта» праз шэсць год пасля таго, як я спужалася і ўразілася.
Каця: Да «Торба Шоу» я нават не думала пра пакеты і пластыкавыя кубачкі. Саша паклікала мяне не таму, што адчувала ўва мне экалагічную сілу, а таму, што я ўмею шыць. Я даведалася пра ўсе фішкі экалагічнага ладу жыцця толькі ў працэсе майстар-класаў, якія мы ладзілі. І я за сабой заўважаю трансфармацыю, якая адбылася за два гады: не магу ўзяць каву ў пластыкавым кубачку, калі забыла свой кубак, не магу набыць нешта ў краме, калі не ўзяла торбу з сабой. Гэта той выпадак, калі нешта ведаеш і не можаш разведаць.
«Мяне ўразілі галовы лялек, якія хрумсцяць, калі ідзеш па палігоне»
«Мы не бярэм больш за 12–15 чалавек: хочацца прысвяціць дастаткова ўвагі кожнаму, каб гэта быў не пашывачны цэх, бо сэнс – у моманце, у працы, у атмасферы»
Як уладкаваны майстар-клас
Каця: Калі першае хваляванне праходзіць, калі ўсе прасунулі ніткі ў іголкі, пераканаліся, што ўсё па-сур’ёзнаму, і пачалі шыць, мы пачынаем расказваць пра розныя экалагічныя штукі. Мы робім тое, што залежыць ад нас, стараемся быць у гуморы, але атмасфера – гэта не толькі пра нас дваіх: мы заахвочваем, каб людзі дзяліліся сваім досведам, назіраннямі. Амаль заўжды бывае так, што да нас прыходзіць нехта знаёмы ці напаўзнаёмы: а ў нас сёння тут ёсць вось хто, а мы ведаем, што ты быў ва Францыі, распавядзі, калі ласка, як ва Францыі сартуюць смецце.
Да нас прыходзяць вельмі розныя людзі, якія займаюцца вельмі рознымі рэчамі ў сваім звычайным жыцці. Прыходзіў, напрыклад, мой сябар хірург, і я жартавала: «Пагляджу, як ты шыеш, калі раптам што, то яшчэ падумаю, ісці да цябе ці не».
Саша: Каця займаецца самім шыццём, таму паміж ёю і ўдзельнікамі ды ўдзельніцамі амаль міліметровая адлегласць. Гэта ж пастаянна: «Я не магу ўправіць нітачку… А як гэта рабіць?.. А як то?..» Мы не бярэм больш за 12-15 людзей: хочацца прысвяціць дастаткова ўвагі кожнаму, каб гэта быў не пашывачны цэх, бо сэнс – у моманце, у працы, у атмасферы, а не толькі ў пашытай торбе.
Каця: У нас ёсць дэвіз «Торба Шоу»: «Усе павінны адчуваць сябе малайцамі». Мы заўжды стараемся, каб людзі ў нас не атрымоўвалі асуджэння, бо асуджэнне не заахвочвае нешта рабіць. «Не сартуеце смецце? Увогуле норм! Мы зараз распавядзем як: для пачатку проста ўкіньце бутэлькі асобна. І ўсё». – «Праўда ўсё?» – «Праўда ўсё, вы ўжо супермалайцы».
Я кожны раз паўтараю: абсалютная большасць людзей не робіць нешта не таму, што яны дрэнныя і злыя: «Пайду кіну пакет у сметніцу, няхай ён ляжыць там тысячу год!» Я веру, што гэта адбываецца праз няведанне.
Таксама я доўга не магла паверыць, што цішыня на майстар-класе – гэта клёва. Бывае, што ў нейкі момант усе заціхаюць і проста шыюць. Спачатку я нервавалася: калі ўсе маўчаць, то ўжо ўсе пакутуюць. Я доўга ішла да асэнсавання, што цішыня – гэта нармальна. Цішыня стварае іншы стан, у якім адчуваеш сябе інакш: не дрэнна, а інакш.
Саша: Адчуванне балансу, імгнення і бясчасавасці. Усё проста страчваецца, таму што ў цябе ёсць сцяжок, у цябе ёсць задача, і ты бачыш, як з хаосу збіраецца, заканчваецца ў тваіх руках канкрэтны прадмет.
Пра хлопцаў, якія шыюць
Саша: Напачатку да нас амаль не прыходзілі хлопцы. Але адзін з тых, нешматлікіх яшчэ, сказаў, што запісаўся на майстар-клас, бо мы напісалі, што чакаем усіх: хлопчыкаў, дзяўчынак і іншых. У нас атрымалася неяк інтуітыўна схапіць агульны настрой сучаснага дыскурсу: узгадваць і называць усіх.
Каця: Напачатку мы падкрэслівалі наяўнасць хлопцаў на майстар-класах: «Да нас прыйшло вось столькі хлопцаў», – але цяпер мы не вылучаем гэта як падзею, таму што нам падаецца, што гэта ўсё пра роўнасць.
Саша: Але калі фатаграфую, я раблю візуальны акцэнт.
Каця: Мы гэта робім для таго, каб іншыя хлопцы бачылі і разумелі: «А, нармальна, я ўсё яшчэ мужык, нават калі я буду шыць».
«А, нармальна, я ўсё яшчэ мужык, нават калі я буду шыць»
Пра ціск іміджу экалагічна свядомага чалавека
Каця: Вось прыходжу я на любое мерапрыемства – і сустракаю там знаёмую. Часам у людзей быццам рэфлекс спрацоўвае: яна бачаць мяне і – «Зараз пакажу, я з торбай хаджу ў краму, чэсслова». З аднаго боку, гэта клёва, а з другога – я ж не толькі торбы люблю. А з трэцяга боку, гэта надае мне адказнасці, таму што не маю права лажануцца. Я была на спектаклі і сустрэла дзяўчыну, якая працуе менеджаркай тэатральнага праекта. І першае, што яна ў мяне спытала: «Ты ж збіраеш макулатуру? Нам на заўтрашні спектакль патрэбныя старыя газеты!» Уявіце? Але гэта таксама пра адказнасць: ты не можаш не збіраць макулатуру і гэтаксама не можаш не мець торбы з сабой. Ці, напрыклад, я не магу цяпер прыйсці некуды з пластыкавай бутэлькай. Вось калі б я забыла сваю шкляную, то, напэўна, я лепш бы без вады пайшла.
Саша: У мяне нядаўна здарыўся пераклінавы момант. Я была настолькі сканцэнтраваная на экатэме, што яна вызначала вельмі шмат маіх думак і паводзін і не рабіла мяне вольнай у побытавых момантах, бо побыт часцей за ўсё звязаны з экалагічнымі звычкам. У мяне недзе ўнутры ўсё гэта сабралася і выбухнула: я маю права рабіць тое, што хачу, у тым ліку і памылкі. Я раней адчувала моцную правіну на гэты конт: не выкінуць смецце ў арганіку, не данесці да кантэйнера бутэльку. Але гэта мая памылка, якую я магу зрабіць. Я магу быць калі-нікалі недасканалай: такая – у гэтую гадзіну, іншая і больш дасканалая – у наступную.
«Калі ў вас будзе адна торба і вы будзеце заўсёды браць яе ў краму, то вам не спатрэбіцца 400 пакетаў»
Пра паразуменне з сям’ёй
Саша: Муж адпускае шпількі, жарты – і раней мне здавалася, што я буду адзін у полі воін. Але раптам – канешне, з тымі ж шпількамі і жартамі – ён перайшоў на бок дабра. Аднойчы ў нас засталося шмат шалупіння ад яблык. Я арганіку складваю ў маразілку, а потым заводжу на лецішча, але маразілка хутка запаўняецца, і ў той раз мне не было куды складваць арганіку. Не паспявала выкінуць – і расстройвалася. Думала – ну ўсё, прыйдзецца выкідаць у агульнае смецце. І тут я прыходжу да дому – і ўсё чыста. І муж паказвае мне відэа: ён зняў як доказ, як ён гэты мех яблычнага шалупіння выкідае так, як трэба. Гэта па эмоцыях было на ўзроўні як «Будзь маёй жонкай».
Каця: Тата з самага пачатку, калі я яму сказала, што мы будзем рабіць майстар-класы, падтрымліваў мяне. Але ён усё роўна кажа: «Каць, ну ты ж разумееш, што адзін завод за адну гадзіну выпрацоўвае столькі смецця і пластыку, што вы тут кропля ў моры».
Калі ў вас будзе адна торба і вы будзеце заўсёды браць яе ў краму, то вам не спатрэбіцца 400 пакетаў. Мы памнажаем колькасць торб, пашытых на нашых майстар-класах, на 400 – і атрымліваецца класная колькасць нулёў. І тады з’яўляецца адчуванне, што гэта, мабыць, усё не дарма.
Пра сацыяльнае прадпрымальніцтва
Каця: Першы раз з вялікай замовай да нас звярнуліся арганізатары канферэнцыі TEDx, якая была ў сакавіку, са словамі «Нам неабходна 500 торб, вы ж “Торба Шоу”, вы напэўна торбы робіце». І першай думкай было адмовіцца: відавочна, што 500 торб мы самі не пашыем. Але раптам гэта тое самае? І мы звярнуліся на ўнітарнае прадпрыемства беларускага таварыства інвалідаў і замовілі ім выраб гэтай жудаснай колькасці торб.
Экалагічнасць торбы не ў тым, што яна пашытая з эка-бія-арганік-бавоўны, а ў тым, што яна шматразовая і, вырабленая ў Беларусі, яна пакідае за сабой меншы вугляродны след: яна не едзе, напрыклад, з Кітая – тканіна зроблена тут, а торба пашытая і рэалізаваная тут таксама. Таму я з тое, каб карыстацца лакальнай сыравінай і падтрымліваць лакальную вытворчасць.
Мы ўсведамляем, што торбы «сумки оптом купить минск» могуць прадавацца па 50 цэнтаў. Торбы, пашытыя ва ўмоўным Бангладэшы, таннейшыя. Але яе вытворцы карыстаюцца таннай працай і вязуць торбы здалёк, што не адпавядае ні экалогіі, ні працоўнай карэктнасці.
«Экалагічнасць торбы ў тым, што яна шматразовая і, вырабленая ў Беларусі, пакідае за сабой меншы вугляродны след»
Фота: Віялета Саўчыц
КАМЕНТАРЫ (1)
Сашенька и Катя, какие Вы КЛАССЫЕ!. У меня нет никакого сомнения в том, что эти ВЕЩИ, которые Вы делаете, в кротчайшие сроки станут очень даже ПОПУЛЯРНЫМИ и ПРИВЛЕКАТЕЛЬНЫМИ, да и не только у нас Белорусов . Почему? Да потому, что они просто искрятся своей не ординарностью и душевностью. Адным гукам: " Па душы медам, i Добрага ВАМ шляху"