Беларуская літаратура пачалася не з Гамера. Але, нягледзячы на гэта, яе чакалі стагоддзі файных твораў разам з іншай еўрапейскай славеснасцю. Крок за крокам мы размясцілі на таймлайне развіццё нашай літаратуры ab ovo ad pomum і ўпісалі туды, дзе яна павінна быць, – у еўрапейскі кантэкст. Прадстаўляем першую частку – ад першых літар Кірыла і Мяфодзія да прадмовы Мацея Бурачка: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»
1030 (1050) год
Першы літаратурны рэчдок – рукапіснае Тураўскае Евангелле. Да графікі, відаць, прыстасаваліся, і, пакуль артадоксы з каталікамі яшчэ не замуцілі брэйк-ап, з’явіўся самы старажытны выяўлены на Беларусі помнік. На жаль, гэтыя 10 лістоў з’ехалі ў Вільню. Не ў бар і не ў «Акропаліс», а з мэтай даволі акадэмічнай: цяпер наш скарб і гонар трымае бібліятэка Акадэміі навук Літвы.
Віншуем, Клімент Смаляціч атрымлівае кафедру мітрапаліта. Што з таго? Насамрэч гэта значны крок наперад для аскетычнай царкоўнай культуры. Усе навокал літаральна фанацеюць ад Бібліі і глядзяць у рот правільным, асцярожным прапаведнікам, якія дакрануцца да тлумачэння тэксту і не мараць, а пра свецкае жыццё нават гаворкі не ідзе. А Смаляціч пачынае не толькі аналізаваць тэкст, але і падаваць сакральны біблейскі кантэнт алегарычна-метафарычна. Нечуваная дзёрзкасць!
Між тым у гэты час ужо ўва ўсю красамовіць Кірыла Тураўскі (1130 – 1182) – першы стоўпнік, зорка Старажытнай Русі і рытар, якому аддаюць належнае ўсе сучаснікі. Слова пачынае быць мастацкім.
Тым часам побач...
У Еўропе паціхеньку згортваецца рэлігійная манаполія: літаратура нарэшце вызваляецца з-пад прыгнёту багаслоўя і, хоць часткова, набліжаецца да свету чалавека і рэчаіснасці. Цяпер траха што вольная аўтарская думка канцэнтруецца вакол гісторыі роднае краіны – усім патрэбна даказаць, якія яны крутыя і адметныя. Практычна ў кожнага маладога народа (бо шумеры, эліны і рымляне панапісваць свае паспелі ўжо даўно) з’яўляецца манументальны нацыянальны эпас: у французаў – «Песня пра Раланда» (кананічны Оксфардскі рукапіс датуецца паміж 1129–1165 гг.), у іспанцаў – «Песня пра майго Сіда» (1140), а крыху пазней у Ісландыі Сноры Стурлусан піша «Малодшую Эду» (1222–1225). Так, менавіта тую, дзе сваім молатам махае Тор, пакуль яшчэ не з Marvel. І гэтыя легендарныя паэмы вабяць неверагодным міфічным (ці не?) супергероем, пра якога хлебам не кармі, але дай намаляваць коміксы.
Гістарычная літаратура была сродкам легітымацыі. Вось, маўляў, паглядзіце, якія ў нас продкі! І адразу адпадаюць усе пытанні. Апроч эпічнай паэзіі, гісторыю мацавала і проза, але гэта былі ўжо не проста хронікі і летапісы, як дагэтуль у нас: каля 1136 г. Гальфрыд Манмутскі стварае вялізную псеўдагістарычную працу «Гісторыя каралёў Брытаніі» (лац. Historia Regum Britanniae).
Але не хвалюйся, не такія мы і слоўпокі: Евангеллі актыўна перапісвалі і там.
Тым часам побач...
Між тым на сярэднявечным Захадзе ў XIII ст. прачынаецца лірыка: зняможаныя пачуццямі мінезінгеры і трубадуры, дзеручы горла і струны, апяваюць прыгожых дам, ваганты – вольнае жыццё і вінішка, а ў Балонні Гвіда Гвініцэлі распачынае максімальна рамантычны «салодкі новы стыль» (іт. «dolce stil novo»).
Еўропа не шчоўкае дзюбай: у 1304 г. на свет з’яўляецца першая публікацыя «Боскай камедыі» Дантэ. Па-італьянску! А за ёй пачынаецца і паступовы пераход іншых літаратараў да маладых, прарослых з-пад лаціны нацыянальных моў. Што цяпер скажаш пра нашы нудныя юрыдычныя «Умовы»? Ёсць пэўная падстава для трыумфу: лінгвістычная сітуацыя з дыгласіяй (калі гутарковая мова моцна розніцца з пісьменнай) атрымалася амаль што сінхронная.
Далей, як ты памятаеш, будзе Петрарка. Увогуле еўрапейская літаратура адной нагой ужо ў Адраджэнні.
Нічога, хутка дагонім.
1446 год
1517 год, 6 жніўня
Францыск Скарына выдае ў Празе Псалтыр і ў наступныя два гады Біблію па-старабеларуску цалкам. Марцін Лютар, напрыклад, перакладаць яе на нямецкую яшчэ і не пачаў (чакай 1522!), але ж ён працуе з арыгіналам, а не з Вульгатай. Скарынаўскае Пісанне мадыфікуецца прадмовамі і пасляслоўем, майстэрскім каментаром і паўсотняй выяў – асалода! Пераклад Бібліі на нацыянальную мову быў бунтам і дасягненнем: літургічнымі па-ранейшаму лічыліся толькі грэчаская, лацінская і царкоўнаславянская. Пераклад – непарадак. Але хіба рэальна адолець тэкст, напісаны тысячу гадоў таму? А тут Кніга, якой дыхаў еўрапейскі свет, урэшце стала зразумелай сучаснаму чытачу, загаварыла з ім па-чалавечы.
У гэтым годзе, дарэчы, святкуем юбілей. У 2012-м адзін з першых 23 асобнікаў прыязджаў дадому. Праўда, толькі ў госці. Сёлета жа «Белгазпрамбанк» прыдбаў у сваю карпаратыўную калекцыю арыгінал «Малой падарожнай кніжкі». Годны экзэмплярчык!
1530 год
Адчыняецца першая на беларускай зямлі Брэсцкая друкарня, заснаваная Мікалаем Радзівілам Чорным. Чаму гэта важна? Тыпаграфіі кіравалі тагачаснай камунікацыяй. Тое, што ўчора выдалі ў Парыжы, заўтра можна чытаць у Вільні. І наадварот. Друкарні запускаюць хуткі абмен ведамі, які аб’ядноўвае Еўропу і ўключае нас у гэтую сетку.
Тым часам побач…
Еўрапейская літаратура лунае на піку Адраджэння. Мастацтва шчодра сыпле пладамі, нібы выдатна дагледжаны сад, – толькі паспявай захапляцца. Навука творыць у славеснасці дзіўныя рэчы, узбагачаючы яе трактатамі, роўна выдатнымі па эстэтычнасці і змесце. Дойлідства: «Дзесяць кніг пра архітэктуру» (1452) Л.Б. Альберці, палітыка: «Уладар» (1513) Н. Макіявелі, музыка: «Настаўленне гармоніі» (1558) Дж. Царліна. А ў вольны час і навукоўца дае сабе волю: так, ад няма чаго рабіць, з’явілася «Пахвала дурасці» (1511) Эразма Ратэрдамскага.
Сафіты мастацкай прозы падаюць на раман. Гуманістысныя ідэі жывуць нават у сатыры: «Гарганцюа і Пантагруэль» (1533) Рабле стракацее непрывабнымі фізіялагічнымі падрабязнасцямі і жорсткімі жартачкамі кшталту гісторыі, дзе велікан Гарганцюа падціраўся пушыстым гусянём. Большай увагі да чалавека, здаецца, быць не можа. І хутка Сервантэс піша пра свайго высакароднага рыцара, хітрамудрага ідальга Дона Кіхота (1605). А Шэкспір (1564–1616) і дэ Вега (1562–1635) да таго часу ўжо разгайдалі тэатральныя падмосткі. Наступны прыпынак – барока. Але разам з паўночнымі краінамі Еўропы Рэнесанс зачапіў і нас. Відаць, тут яму спадабалася, і далей на ўсход, у бок Масквы, ён вырашыў не ісці: на Масковіі Адраджэння так і не здарылася.
Наш Рэнесанс меў разынку: ён быў не зусім свецкім. Чалавек удасканальваўся не праз антычныя дасягненні і навуковы прагрэс, але праз тэкст Свяшчэннага Пісання. Такому павароту спрыяла актыўная рэфармацыя на гістарычна артадаксальнай зямлі і пракаталіцкая контррэфармацыя пасля – кожны цягнуў рэлігійную коўдру на сябе. Таму беларускія асветнікі больш перліся не па Платонах ці Сэнэках: Біблія – ўан лаў.
Наша моц прачнулася на перакрыжаванні культур захаду і ўсходу, і ад абедзвюх мы ўмудрыліся ўзяць лепшае.
У Віленскі езуіцкі калегіум паступае Мацей Казімір Сарбеўскі, будучы выкладчык акадэміі (дарэчы, ён умела выкарыстоўвае акадэмічную мабільнасць: далей вучыцца ў Італіі і Германіі). Яго паэзія атрымлівае вышэйшую ацэнку сучаснікаў: у Рыме, на Палаціне, Сарбеўскаму ўручаць лаўровы вянок, а Папа Урбан VIII назаве яго аж «хрысціянскім Гарацыем». Гэта адзін з галоўных тэарэтыкаў барока ў Еўропе і тэатра – на ВКЛ.
1615 год
Новыя гуманістычныя трактаты з’яўляюцца хутчэй, чым растуць дрэвы. Міхалон Літвін, асветнік і пасол ВКЛ у Крымскім ханстве, па-лацінску піша «Аб норавах татараў, літоўцаў і масквіцян». Заадно ізноў чапляе Цэзара на генеалагічныя дрэвы знатных ліцвінаў. Рым наш!
Тым часам побач…
Дынамічна змяняецца светапогляд і неўзабаве – літаратурныя стылі. Мастацтва Еўропы ў ХVII стагоддзі падобна да шматслаёвага торта: рэнесансны рэалізм, таненькая праслойка маньерызму, кантраснае барока і – вяршкі – класіцызм. Надта смачны час для аматара літаратуры, а дэгустацыя рызыкуе заняць цябе на ўсё жыццё. Цяпер у цэнтр раманістыкі трапіць ашуканец і хітрун; выдатнейшы прыклад махлярскага рамана – «Сімпліцысімус» (1668) Грымельсгаўзэна. Паэзія плаўна пераходзіць у катэгорыю «кіно не для ўсіх»: вершаванне падпарадкоўваюць сабе вучонасць, вобразнасць і вытанчанасць. Як у Луіса дэ Гонгары, Франсіска дэ Кеведы, Джамбатыста Марына ці Андрэаса Грыфіуса (акрэсліць поўны спіс – безнадзейнае самагубства). Затое Марцін Опіц вынаходзіць сілаба-тоніку! Цяпер можна крута вершаваць на мовах, у якіх націск скача, як у нас.
Але самы смачны кавалак – тагачасная еўрапейская драматургія. Усё пачынаецца з неверагоднага іспанца Кальдэрона, а далей запальваюць французы. Адзін за адным з’яўляюцца Карнэль (зацані хоць яго «Сіда» 1636 г.), Расін (яго касмічна класная «Федра» правальваецца ў 1677 г. з-за падкопаў зайздроснікаў) і Мальер (і сёння «Дон Жуан» 1665 года ставіцца ў нашым Купалаўскім). І гэта ж як добра атрымалася не аблажацца пасля Шэкспіра...
1746, 13 чэрвеня
1791 год
Тым часам побач…
Лепшыя творы класіцызму застаюцца ў мінулым стагоддзі. Эстафету прымае сентыменталізм, і за пяро бяруцца Русо і Стэрн. Дакрануцца да пачуццёвай літаратуры паспявае нават малады Гётэ. Праз ягоныя «Пакуты маладога Вертэра» (1774), між іншым, асабліва ўражлівыя чытачы дайшлі да самагубства: так захоплена яны пераймалі галоўнага героя. Асветніцтва таксама мае мастацкія вынікі – чаго варты адзін толькі Свіфт? А фінальны акорд гэтага перыяду – шматабяцальны пачатак рамантызму. На ўсходзе, у Расіі, літаратура абірае ўласны шлях: Традзьякоўскі і Ламаносаў рэфармуюць вершаскладанне, а сярод мастацкіх напрамкаў жорстка дамінуе класіцызм. З карціны выбіваецца хіба што «Бедная Ліза» (1792) Карамзіна.
Эпахальная сустрэча – Пушкін, ай да сукін сын, пасля занатуе пра Міцкевіча: «…Он вдохновен был свыше // И свысока взирал на жизнь...» І наогул не пашкадуе прысвяціць яму колькі твораў; узяць хоць «В прохладе сладостной фонтанов» (1828) ці «Он между нами жил» (1834). Сонца рускай паэзіі не засланіла наша, і рабіць таго нават не збіралася. Пушкін з пана Адама балдзеў: і па-чалавечы, і як літаратар. І, калі выйшаў «Конрад Валенрод» (а Пушкін меў рукапісны падрадкоўнік паэмы), здарылася такая размова:
Жукоўскі: – Знаешь ли, брат, ведь он заткнет тебя за пояс.
Пушкін: – Ты не так говоришь, он уже заткнул меня.
1864 год, 29 студзеня
Стартаваў першы тыраж «Мінскага лістка», які раней за іншыя выданні на Беларусі набыў статус легальнай грамадска-палітычнай і літаратурнай газеты. Мінімум на дзесяць год можна забыцца на тое, як распаўсюджваць лісткі, напісаныя ад рукі.
1891, восень
Тым часам побач…
Тым часам у Еўропе твораць рамантыкі. Свабодны, чуллівы і крыху меланхалічны герой эпохі прыводзіць у літаратуру, напэўна, самыя знакамітыя прозвішчы – гэта праз яго ў тваёй кніжнай шафе Байран, Гофман ці Гюго падпіраюць адзін аднаго на паліцы. Можна расхінуць унутраны свет, можна марыць пра рэвалюцыі. Можна марыць.
Межы ў сістэмах жанраў і родаў ужо не такія яўныя. Раман ці драма лёгка аказваюцца не менш інтымнымі за верш, а верш – не менш псіхалагічным за драму. Імёнамі выдатных літаратараў можна сыпаць так шчодра, як жнівеньскае неба зоркамі: хочаш – чытай Кляйста, ці По (зачэпім і Амерыку), ці Кітса з Колрыджам і Шэлі, альбо Жорж Санд. Але і далей – знаёмыя твары. Рамантычны флёр не церпіць ціску рэчаіснасці, і другая палова стагоддзя нараджае рэалізм. Стэндаль, Бальзак, Флабэр, Дзікенс з Тэкерэем… Працягнеш ланцуг?
Расійская лірыка ў гэты час, вядома, у зеніце: век паэзіі залацяць Пушкіны ды Лермантавы. А на вусы і бакенбарды ім услед наступаюць майстры прозы: языкаты Гогаль, праніклівы Тургенеў, насуплены Дастаеўскі, тытан вялікага рамана Леў Мікалаевіч – і яшчэ цэлая прорва талентаў.
To be continued...
Заключны выпуск баевічка-эпапеі пра літаратурных дзеячаў: ад беларускай незалежнасці і да кропкі «цяпер». Азірніся – яны сярод нас!
Працяг нашага трохактовага баёпіку. У другой частцы – зорныя падзеі і імёны ад пачатку ХХ стагоддзя да атрымання беларускай незалежнасці.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
КАМЕНТАРЫ (6)
Якия "творы па філасофіі, эканоміцы і эстэтыцы" выйшлі ў часе Асветніцтва (!) па-беларуску?
Спасибо за прекрасный материал, разместил ссылки у себя на канале Telegram: https://t.me/WritersDigest
Usë było b vydatna ,kab nä brydkaä,dranaä "narkamaūka" .......
Шыкоуна! Дзякуй вялiкi за такую патрэбную и цiкавую працу!
суперска! чакаю на працяг!
ваў! вось гэта праца! 34, здаецца, абудзіліся ад сну нарэшце :) дзякуй, вельмі крута, своечасова і сапраўды важна.