Таццяна Цярэшчанка
- 20.05.2016
- 3507
Таццяна Цярэшчанка распавядае, як менш за паўгода зарганізаваць архітэктурны форум і чым можна зацікавіць нават тых студэнтаў, якім усё па барабане.
Чым займаецца: развіццё крэатыўнай суполкі студэнтаў-архітэктараў, мэта якой – самаадукацыя, раскрыццё творчых і арганізатарскіх здольнасцяў, падтрымка ініцыятываў.
Гераіня: Таццяна Цярэшчанка, 25 гадоў, выпускніца інжынерна-будаўнічага факультэту Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту.
Арыгінальная дата публікацыі – 20.05.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.
Гісторыя Тані
– Я нарадзілася ў Якуціі, куды мае бацькі з’ехалі працаваць. Потым мы вярнуліся ў Беларусь, у Віцебск, дзе я жыла да 16 гадоў. Калі збіралася паступаць у вышэйшую ўстанову, выбар прыпаў адразу на ПДУ. Я лічу, што абсалютна не істотна, дзе вучыцца, галоўнае – як.
Архітэктура і ўсё, што з ёй звязанае, – вобраз майго жыцця. Калі яна аднойчы пранікла ў цябе, то потым ты ад яе не адчэпішся. Мне цікава ўсё, што датычыць творчасці ды мастацтва: моўшэн- і графічны дызайн, фатаграфія, ткацтва, валянне, піраграфія, жывапіс, праца з дрэвам.
Студэнты ўвогуле, а тыя, хто вучыцца на архітэктараў пагатоў, вельмі зацыкленыя на вучобе, бо ў нас неверагодная нагрузка. За 6 гадоў навучання мы здаем больш за 40 курсавых, у заліковай кніжцы нават не стае месца, і даводзіцца ўклейваць лісткі. І, калі глыбока пагружаешся ў выкананне вучэбнай праграмы, перастаеш заўважаць, што яна не адпавядае актуальнай рэчаіснасці. Грамадству патрэбныя адмыслоўцы, здольныя рашаць нестандартныя задачы, а не тыя, хто дзее паводле састарэлых шаблонаў.
«На другім курсе вучобы ў мяне з’явілася ўражанне, што нас вучаць не на архітэктараў, а на плакатаафармляльнікаў»
На другім курсе вучобы ў мяне з’явілася ўражанне, што нас вучаць не на архітэктараў, а на плакатаафармляльнікаў. Былі думкі забраць дакументы і збегчы кудысьці. Я не бачыла перспектывы і кірункаў для самарэалізацыі. Сітуацыя змянілася, калі ў 2012 годзе на кафедру прыйшоў працаваць малады выкладчык Андрэй Вярыга. Ён папулярна распавёў, што ВНУ сам сабою не здольны ўзгадаваць ініцыятыўную творчую асобу і трэба ствараць дзвіжуху самім. Я і яшчэ некалькі зацікаўленых студэнтаў гэтую ідэю натхненна падхапілі.
У той жа час у Менску Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў пачала праводзіць форумы, і я трапіла на адзін з такіх. Здаецца, маё жыццё можна раздзяліць на дзве часткі: да форуму і пасля яго.Там я зразумела, што архітэктура – гэта нешта неверагоднае. На такога роду мерапрыемствах вучышся вучыцца, думаць, шукаць пытанні ды адказы на іх.
Усяго я наведала 5 форумаў, адзін з якіх праводзілі студэнты Берасцейскага ўніверсітэту, але ўжо падчас другога зразумела, што трэба нешта рабіць самой. З таго часу марыла пра правядзенне чагосьці падобнага ў Полацку.
«Мне вельмі спадабалася, што падчас рэалізацыі праекту мы супрацоўнічалі з гарадскою адміністрацыяй, у нас быў дыялог»
Актыўнасці для архітэктараў
– Мы, студэнты, пачалі збірацца і глядзець фільмы пра архітэктуру, абмяркоўвалі рэчы, якія нас хвалююць і якія хацелася б змяніць у студэнцкім жыцці. У 2012 годзе прайшоў першы майстар-клас па традыцыйным ткацтве. З таго ж часу пачалі праводзіць штогадовыя тэматычныя вечарыны для студэнтаў-архітэктараў і дызайнераў з насычанаю праграмай і запрашэннем мясцовых музычных гуртоў. Гэта дапамагло разварушыць народ – колькасць актыўнасцяў пачала расці. Мы выйшлі на вуліцы і пачалі рабіць інсталяцыі на тэрыторыі ўніверсітэту, распрацавалі і збудавалі дызайнерскія шпакоўні. І нават адбыўся лэнд-арт-паход. Найбольш актыўныя з маладзёнаў узяліся праводзіць заняткі па 3D-мадэляванні ды архітэктурнай візуалізацыі, англійскай мове, чытаць цікавыя лекцыі па архітэктуры і ўрбаністыцы.
З чаго пачынаецца форум
– З 2015 года ў Полацку пры дапамозе Полацкага раённага выканаўчага камітэту і фонду «Інтэракцыя» рэалізоўваецца праект «ГорСвет» (праект фінансуецца ў межах праграмы ЕС «Пагадненне мэраў – дэманстрацыйныя праекты «Усходняга партнёрства»). Галоўныя мэты – мадэрнізаваць вулічнае асвятленне, зрабіць горад больш бяспечным і скараціць выкіды CO2 у атмасферу.
У межах праекту праводзяцца паседжанні працоўнай групы, на якіх вызначаецца, як і што будуць рабіць. Атрымалася, што Андрэй Вярыга быў прадстаўніком ад нашага ўніверу на гэтых сустрэчах. І ў яго запыталі, што ПДУ можа даць. А ён адказаў: «Форум».
Фонд «Інтэракцыя» вельмі дапамог з арганізацыйнымі момантамі ды ў развязанні фінансавых пытанняў. Наш форум прайшоў з 4 да 10 красавіка, і прысвечаны ён быў святлу. Пра яго вынікі можна даведацца на адмысловым сайце.
«На жаль, нашая адукацыя адарваная ад рэчаіснасці: студэнты не разумеюць, навошта і чаму яны робяць тыя ці іншыя рэчы»
Святло Полацку
– Да таго, як пачаць працаваць над форумам, я нават і не задумвалася, якая цікавая і вялізная тэма – святло, як яно фармуе прастору, уплывае на асяроддзе і людзей. Асабліва ў вечаровы час, калі падсвятляюць манументы і будынкі, і як по-рознаму гэта можна рабіць.
Амаль усе нашыя лектары былі з Менску, Яніс Зелцін прыехаў з Латвіі. Падчас пошуку высветлілася, што складана знайсці адмыслоўцаў, якія маглі б расказаць пра святло ў архітэктуры. Удзел бралі каля 40 чалавек – студэнты з Полацкай, Гомельскай, Менскай і Берасцейскай ВНУ.
Мне вельмі спадабалася, што мы супрацоўнічалі з гарадскою адміністрацыяй, у нас быў дыялог. Мы адразу запыталі, чаго яны чакаюць, што хацелі б атрымаць у выніку. Прадстаўнікі прысутнічалі як на адкрыцці ды закрыцці форуму, гэтак і на прэзентацыях.
Падчас форуму сфармавалі 4 працоўныя групы з т’ютарамі ў галаве, у кожнай была свая тэма. Тыя, хто займаўся жылымі пабудовамі, працавалі над стварэннем камфортнага і бяспечнага асяроддзя пры дапамозе святла. Яны ўзялі адзін мікрараён, на прыкладзе яго распрацавалі кейс, які можна ўжыць да любой лакацыі гораду. Праводзілі натурныя даследаванні, як і астатнія групы, выязджалі на месца, размаўлялі з жыхарамі раёну. Усё фіксавалі, запісвалі, здымалі. Дарэчы, знайшлі шмат касякоў.
Напрыклад, у дамах, спраектаваных паводле сучасных нормаў, падсвятляюцца дзверы, што вядуць у камеру для смецця, але не падсвятляюцца тых, што вядуць у пад’езд. Двары ў большасці сваёй цёмныя, гэта страшна і небяспечна. Студэнты ўсе разам думалі, як гэтыя праблемы можна развязаць пры мінімальных выдатках. І як зрабіць двор такім, каб жыхары хацелі з ім сябе асацыяваць, казаць, што яны з таго самага двара, дзе так класна. Прапаноўвалі цікавыя малыя архітэктурныя формы, якія б свяціліся ўвечары і рабілі б двор больш утульным і камфортным – месцам, дзе б хацелася бавіць час нават моладзі.
Тыя, хто займаўся ўездамі ў Полацк, спрабавалі зрабіць так, каб асноўныя кропкі, праз якія праязджаюць людзі, адразу стваралі пазітыўны вобраз гораду як месца, куды хочацца заехаць і застацца. Гэта праблема не толькі Полацку: калі мы заязджаем у розныя іншыя гарады, усё выглядае не тое каб вельмі прывабна. Напрыканцы праекту, апроч прэзентацыяў, студэнты і т’ютары рабілі «запіску» − гэтак званы гайдлайн для працоўнай групы, каб далей нават без іхнага ўдзелу магчыма было ўсё прыдуманае ажыццявіць.
Складанасці
– На жаль, нашая адукацыя адарваная ад рэчаіснасці: студэнты не разумеюць, навошта і чаму яны робяць тыя ці іншыя рэчы. Мы праектуем выдуманыя аб’екты ў такіх жа выдуманых прасторах для выдуманых людзей. Так губляецца зацікаўленасць. Большая частка маіх аднагрупнікаў вучыліся толькі каб атрымаць пасведчанне аб вышэйшай адукацыі. І гэта жахліва.
Менавіта таму патрэбныя розныя нефармальныя адукацыйныя івэнты і асабліва форумы, каб паглядзець з іншага ракурсу на сябе ў кантэксце сістэмы і выскачыць з гэтага балота. Гэтак, як мы працуем са студэнтамі, бывае складана зарганізаваць устойлівы рух. Студэнты непастаянныя – адныя выпусціліся, у другіх завал з курсавымі праектамі, у трэціх заняткі да позняга часу. Складана сабраць разам усіх, нават самых актыўных.
Зразумела, што ў горадзе з насельніцтвам каля 100 тысяч, калі паўстае пытанне пошуку спонсараў, не так лёгка гэта зрабіць. Тое ж датычыць і адмыслоўцаў. Не ў кожнага ёсць жаданне ці магчымасць прыехаць з лекцыяй.
Што датычыць тэмы форуму. Пра святло падчас вучобы, пра яго важнасць, на жаль, ніхто не распавядае архітэктарам. А ядранай светлавой вясёлкай, між тым, можна з лёгкасцю знявечыць як адміністрацыйны будынак, гэтак і помнік архітэктуры, што больш драматычна.
Былі людзі, якія адмовіліся прыехаць да нас у якасці экспертаў, палічыўшы мерапрыемства фікцыяй, здзіўляліся, чаму форум пройдзе ў Полацку, а не ў Менску, як усе прывыклі. Некаторыя наўпрост казалі: «У Полацк? Не, туды мы не паедзем».
«Ядранай светлавой вясёлкай, між тым, можна з лёгкасцю знявечыць як адміністрацыйны будынак, гэтак і помнік архітэктуры, што больш драматычна»
Навошта быць актыўным
– Самаадукацыя – важная рэч, і нашая дзейнасць накіраваная на стымуляцыю актыўнасці ў студэнцкім асяродку, на пошук новых ведаў і нефармальных падыходаў. А форум – адзін з інструментаў, каб гэта ажыццявіць. Ён вучыць думаць. Вельмі важна ўмець гэта рабіць і разумець, што людзі, якія думаюць, – рухавікі ўсяго.
Форум – добрая магчымасць знаходзіць новых знаёмых і сяброў. Я ведаю шмат клёвых маладзёнаў, і ўсё гэта дзякуючы яму. Калі б сядзела ўвесь час у сваім універы, нікуды не ездзіла, не пазнаёмілася б з такою колькасцю прыўкрасных людзей, творчых, актыўных, якія зацікаўленыя ў тым, што яны робяць. І, калі маеш зносіны з такімі людзьмі, сам пачынаеш заражацца ад іх. Разумееш, што можна жыць, развівацца і рабіць штосьці добрае не толькі дзеля сябе, але і для людзей, для грамадства, для гораду, у якім жывеш. Увогуле, калі пачынаеш думаць, маўляў, «Хацелася б так шмат усяго змяніць», трэба пачынаць з сябе, са свайго самага блізкага асяродку. Выйдзі ў двор, пафарбуй лаўку, калі хочаш штосьці добрае зрабіць.
Тэкст і фота by Таня Аліпчыкава