Стартаваў фестываль беларускага кіно
- Рубрыка: УЛОЎ
- 17.12.2020
- 5195
З 17 снежня (гэта свята – Дзень беларускага кіно) у Silver Screen Galileo праходзіць фестываль беларускага кіно. За тыдзень тут можна ўхапіць усё самае важнае, што здарылася з айчынным сінематографам у апошні час.
На вялікім экране пакажуць усю праграму нацыянальнага конкурсу «Лістапада», які сёлета быў адменены пры загадкавых абставінах за некалькі гадзін да цырымоніі адкрыцця. Увогуле ж у праграме «Фестывалю беларускага кіно» – 19 кінастужак. Тут і «Невядомы рай» Дар'і Юркевіч – пра жыццё каля Чарнобыльскай зоны адчужэння; і новы фільм Анастасіі Мірашнічэнкі пра футбол, у які гуляюць на слых і навобмацак; і трылер Мітрыя Сямёнава-Алейнікава «Забароненая зона» (таксама па матывах аварыі на ЧАЭС); і ўвянчаная прызамі анімацыйная праца Івана Галіенкі «Царства зорак». Поўную праграму чытай тут.
Адкрыюць і закрыюць фестываль у Silver Screen Galileo творчыя вечары, прысвечаныя аўтарам дакументальнага кінапраекта «Невядомая Беларусь», якія загінулі ў аварыі 14 мая: гукарэжысёру Максіму Гаўрыленка, рэжысёрцы Любові Зямцовай і прадзюсару Уладзіміру Міхайлоўскаму.
Квіткі на «Фестываль беларускага кіно» раздаюць па 7 рублёў. Фестываль працягнецца да 23 снежня. Арганізатары абяцаюць абяспечыць сацыяльную дыстанцыю. З цябе – маска.