Конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend прымае заяўкі
- 23.12.2020
- 3083
Найбуйнейшы конкурс сацыяльных праектаў у Беларусі Social Weekend прымае заяўкі, каб зноў «сабраць усіх летуценнікаў і летуценніц разам».
Спаборніцтва пройдзе ў шаснаццаты раз. Слоганам будучага SW стане «А ты паспрабуй!» – такім чынам каманда конкурсу заклікае не апускаць рукі, нават калі ідэя падаецца занадта нерэальнай.
Пра навінкі будучага сезона Social Weekend распавёў кіраўнік конкурсу, дырэктар Мясцовага фонду «Добра» Аляксандр Скрабоўскі: «Звычайна сезон конкурсу доўжыцца пяць месяцаў, і гэта вельмі інтэнсіўная праца і для ўдзельнікаў, і для нашай каманды. У мінулым сезоне мы атрымалі 470 заявак і бачылі складанасць у тым, што людзі з незвычайнымі ідэямі не ўмеюць пра іх даступна распавесці на старце. Здольнасць растлумачыць сутнасць праекта за кароткі час, прэзентаваць вынікі і расказаць аб паспяховым вопыце не менш важная, чым сам вопыт. Цяпер мы будзем вырашаць праблему камунікацыі аўтараў ідэй і іх патэнцыйнай мэтавай аўдыторыі з першых дзён знаёмства. Нават для тых, хто не патрапіць у трэк навучання. Мы працягнулі сезон яшчэ на месяц і прысвецім гэты час пошуку дадатковых рэсурсаў і дапамогі кожнаму праекту».
Паўдзельнічаць у Social Weekend можна з любымі ідэямі, якія накіраваныя на развіццё культуры, грамадства, інфраструктуры, медыцыны, адукацыі, навукі і іншых сфер жыцця. Заяўкі прымаюць ад асоб любога ўзросту і арганізацый. Сярод вядомых выпускнікоў мінулых гадоў назавём, для прыкладу, пошукава-выратавальны атрад «Анёл», пёсакавярню ў Пінску DogHut, Цэнтр выратавання дзікіх жывёл «Сірын», «Новае жыццё ў абмен на крышачкі».
Зрабіць першыя крокі лепшым удзельнікам Social Weekend традыцыйна дапамагаюць мецэнаты і кампаніі-спонсары. Так, на мінулым SW каманды атрымалі падтрымку на суму больш за 100 000 BYN. Пераможцаў выбіраюць эксперты і проста неабыякавыя беларусы.
Дэдлайн па заяўках – 28 лютага 2021 года. Удакладніць усё-ўсё-ўсё можна па пошце napishi.sw@gmail.com.