«Нашае любімае слова – «пагружэнне»
Мая першая сустрэча з творчасцю Shaman Jungle адбылася яшчэ да знаёмства з яе выканаўцамі. Тады, на начной кухні, гэтыя чароўныя, кранальныя гукі здабылі дзесьці ў глыбіні душы простае, усеабдымнае адчуванне жыцця з усімі яго цяжкімі ды лёгкімі ўздыхамі. Пачуццёвыя драмы віяланчэльнага смычка, строгая проза фартэпіяннага поступу, забыццё вакалу, рытуальныя скокі дыджэрыду, празрыстая свабода духавых і палымяная энергія перкусіі спляліся, быццам ручайкаю рымскіх багіняў Парак, у стройную, але супярэчлівую арабеску. Вабныя матывы іхных мудрагелістых узораў і сталі нагодаю пабачыцца з гуртом візаві.
Дамаўляемся сустрэцца з «Шаманамі» позна ўвечары ў студыі, дзе яны запісваюцца. На ганку, смачна пыхаючы люлькаю, нас сустракае рослы хлопец Юра Данскоў, лідар гурта, і запрашае ўнутр. У абсталяваным апаратураю, як камандавы цэнтр НАСА, пакоі нас вітае, «не выходзячы са свайго свету», гукавік Эльдар. Мы атрымліваем асалоду ад класічных запілаў Infected Mushroom і бярэмся за размову.
Гурт выцякае з 2010 года. На той час гэта было барабаннае трыа Free Beat, якое фрыстайліла ва ўрбаністычных прыцемках сталіцы. Пазней хлопцы аселі на рэпкропцы Chess Club, дзе з часам калектыў нарасціў на барабанны шкілет даволі эклектычную плоць: дыджэрыду, віяланчэль, клавішныя, бансуры, дудук, флейту – карацей, татальны фьюжн. «Спачатку я граў з Федзем (дыджэрыду) і двума барабаншчыкамі, – распавядае Юра, – але гэта яшчэ не Shaman Jungle. Потым падключыўся Глеб (духавыя), затым знайшлася Воля (вакал, клавішныя) і другая Воля (віяланчэль). Chess Club быў сапраўднаю арт-прастораю. Шкада, што нядаўна яны зачыніліся. Там была цэлая тусоўка: Саша Гамлет, «СолнцеЦветы» ды іншыя эксперыментальныя бэнды. Там нараджаўся і Shaman Jungle».
«Гэта была чыстая імправізацыя – наш галоўны прынцып як на сцэне, гэтак і ў студыі»
Канчатковы касцяк каманды склаўся ў 2012 годзе, і праз чатыры месяцы музыкі ўжо запісалі ды выдалі на Ultra-Music дэбютавы альбом Sky Bathyscaph. «Гэта была чыстая імправізацыя, – кажа Юра, – наш галоўны прынцып як на сцэне, гэтак і ў студыі. Некаторыя крытыкі пракаментавалі альбом як прыгожы, але занадта імправізацыйны, але ж мы не замарочваемся ніякаю крытыкай і робім паводле настрою і характару розную музыку».
«Нашае любімае слова – гэта «пагружэнне», – працягвае Юра. – Па сутнасці, уся нашая музыка – гэта перадача ўнутранага свету, мы не пішам пра каханне, пра вайну, мы робім музыку пра тое, што ўнутры нас у гэты момант». У гэты момант у студыю ўваходзяць Глеб і Воля – удзельнікі гурта – і далучаюцца да размовы. Воля мае класічную кансерваторскую адукацыю па віяланчэлі, цяпер навучае дзетак. Глеб з дзяцінства захапляўся флейтаю, скончыў музвучэльню, пасля расчараваўся ў акадэмічных канонах і сышоў у правазнаўства, але духавых не закінуў.
«Я не запісваю ніякіх нотаў, я проста граю пад музыку, як і ўсе мы, – уключаецца ў гутарку Воля. – Мелодыя прыдумляецца як пазл: спачатку адзін кавалачак, потым на наступнай рэпетыцыі другі, мелодыя ўжо відазмяняецца, з гэтых кавалачкаў складаем цэлае і прыдумляем зверху дадатковыя партыі. Паступова з імправізацыі гэта ператвараецца ў нейкі канкрэтны твор. Мне заўсёды было прасцей займацца сваёй музыкай, чымся граць паводле нотаў, ноты мяне заўсёды трохі раздражнялі. Я і па спецыяльнасці заўсёды старалася хутчэй вывучыць усё на памяць, каб не глядзець у ноты. Калі сам граеш, адчуваеш сябе спакайней, бо гэта тваё, з душы ліецца».
Гістарычная памяць
Пасля запісу Sky Bathyscaph Юра на нейкі час паехаў у Свята-Успенскі Пскова-Пячэрскі манастыр, адкуль вярнуўся з разуменнем, як далей развіваць творчасць Shaman Jungle. «Да мяне прыйшла ідэя тэатральнай пластычнай пастаноўкі, – кажа ён. – Спектакль называўся «Адказ» і, паводле задумы, меўся распавядаць пра рух нашай душы як іскры: ад боскага аддзялення да зваротнага вяртання з усім нашым зямным колазваротам. Музыку мы зрабілі, а пастаноўка так і не адбылася, бо былі праблемы з рэжысураю. Так і з’явіўся альбом Deeper, які мы хутка прэзентуем на 34mag».
Альбом атрымаўся больш артавы, авангардавы, пра асабістыя перажыванні, але гэта і не дзіўна, бо задумваўся ён як саўндтрэк да спектаклю. «Калі раней у кожным трэку я задаваў настрой барабанным рытмам, які быў своеасаблівым арыенцірам, то ў стварэнні тэмаў гэтай кружэлкі браў удзел кожны з музыкантаў – дзе вакал быў асноўны, дзе дыджэрыду з дудамі, а дзе і тандэм віяланчэлі з піяніна», – тлумачыць Юра.
Асноўны від дзейнасці
Для музыкаў дзейнасць гурта не асноўная крыніца даходаў: адна Воля выкладае вакал у «Кульку», другая Воля – віяланчэль у дзіцячай школе, Глеб – юрыст, Юра – майстар на будоўлі, а Федзя займаецца мэбляй і паралельна выразае дыджэрыду. Але Shaman Jungle яны ўспрымаюць як галоўны від сваёй дзейнасці, куды ўкладаюцца ўсе маральныя сілы і душа. «Этна-дзвіжуха» заўжды існавала насуперак. Яна нідзе, ні ў адной краіне не была заробкам. У прынцыпе, гэта датычыць любога віду дзейнасці, дзе ты сам праяўляеш ініцыятыву, дзе няма падрыхтаванай для тваёй ініцыятывы ячэйкі ў сістэме», – кажуць музыкі.
«Ідэйная «дзвіжуха» нідзе не будзе камерцыйная»
Апроч студыйнага экспірыенсу, музыкі актыўна гастралююць. Юра – арганізатар этна-транс-фестывалю Povidlo – комплекснага шоу з музычнаю праграмай, тэатральнымі выступамі, фаершчыкамі, капаэйрай, дзе гурт фактычна выступае як рэзідэнт. Таксама Shaman Jungle браў удзел у расійскіх фэстах Space Camp Gathering, Trimurti, літоўскім GAIA і беларускім «Караване». Ніжэй можна паглядзець live, запісаны на «Караване» перад выступам.
«Калі мы некалькі разоў прыязджалі ў Расію і Літву, то было адчуванне, што там нас публіка неяк цяплей успрымае, хоць яны нават не ведаюць, хто мы такія. Потым падыходзілі, пыталіся, дзе можна набыць нашыя дыскі. У нас жа такога менш. Пасля выдання «Батыскафа» ніякіх прапановаў не было ў Беларусі, а ў Расію адразу на два фэсты з’ездзілі», – кажа Глеб.
Юра працягвае тэму прамоўшну: «Я ведаю, што для таго, каб быць паспяховым гуртом з гастролямі, трэба рабіць шоу, умець размаўляць з публікаю. Але я таксама ведаю музыкаў, якія ўвесь выступ маўчаць. У асноўным гэта музыкі, якія выконваюць сваю музыку, і часцей за ўсё народную, апрацаваную ці перапрацаваную. Напрыклад, ёсць такі Масуд Талібані, ён можа граць на персідскім фрэйм-барабане паўтары гадзіны. У яго адзін інструмент, два мікрафоны, і яго можна слухаць бясконца, хоць гэта перкусія, не струнны інструмент, тут нават мелодыі няма. Ідэйная «дзвіжуха» нідзе не будзе камерцыйная, бо заўсёды, калі ты перастаеш нешта ідэйна рабіць, ты пачынаеш на чымсьці ашчаджаць, на нешта забіваць, гэтага не рабіць, таго не запрашаць, абыходзішся мінімумам і лічыш, што на гэтым можна зашыбіць грошай. Але людзі наступны раз не прыйдуць».
Чэкай «Пяршак», дзе хутка выйдзе новая кружэлка Deeper ад Shaman Jungle.
За навінамі гурта сачы тут:
Фота by Таня Капітонава і Андрэй Дубінін
Скарбонка з музычнымі падарункамі ад галоўнага магілёўскага мінезінгера.
Як і чаму пратэстуюць за мяжой – румынскі рэжысёр і актывіст Андрэй Даскалеску распавядае пра лютаўскія пратэсты 2017-га, на якія выйшла 600 тыс. чалавек.
Што адчувае чалавек, калі памірае хтосьці з блізкіх? Чатыры сталёва-крохкія гісторыі.
Намесніца дырэктара па праектах Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці – пра тое, як і навошта мадыфікаваць легендарную фартэцыю.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
Спасибо, здорово! только по-моему я говоил не про масуда талибани, а про мохамманда реза моратзави)