Наш рэпарцёр-вандроўнік Рома Свечнікаў ужо год працягвае незвычайнае кругасветнае падарожжа без грошай. За гэты год ён праехаў паўсвету і вось ўпёрся ў Ціхі акіян. Райскія пляжы, будысцкія келлі, пахавальныя абрады, банкаўскія рахункі, вадзяныя войны і дзесяць дзён медытацыі. Чытай пра тое, як Рома пабываў у 2556 годзе, і працягвай сачыць за падарожжам – хутка ўсё будзе па-новаму!
Памятаю тайскага памежніка, які здзіўлена пытае мяне:
– Single entry?
– Yes, sir. After Thai I'm going to Malaysia.
– Ouh, ok. Welcome to Thai!
Памежнік не выпадкова здзіўляецца маёй візе. У Тайландзе жывуць дзясяткі тысяч замежнікаў, і часцей за ўсё яны прыбываюць у краіну па турыстычнай візе з падвойным уездам. Тэарэтычна такая віза дае права на паўгадавы побыт у краіне, але за гэты час ты абавязаны выехаць з Тайланда хаця б на некалькі хвілін у любую іншую краіну. Часцей за ўсё на visa-run турысты выязджаюць менавіта ў Лаос, адкуль я прыбываю.
За некалькі дзён да перасячэння тайскай мяжы я звязаўся з Вераснем і Жэняй, якія пару гадоў таму адвезлі на мыс Горн звычайны зэдлік з беларускай кухні. Яны праехалі аўтаспынам фактычна праз усе краіны Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, цяпер жа барозняць Паўднёва-Усходнюю Азію. Мы дамаўляемся сустрэцца ў горадзе з вельмі гучнай назвай Накхонратчасіма.
Я выходжу на трасу і выцягваю руку. Чакаць наогул не даводзіцца, першая ж машына спыняецца. Спачатку я думаю, што пашанцавала, але хутка разумею, што Тайланд не жартуе з гасціннасцю.
Мае першыя тайскія спадарожнікі выглядаюць, як студэнты першага курса. На ламанай англійскай яны пытаюць, чаму я не скарыстаўся аўтобусам. Хлопцы не даганяюць, што такое аўтаспын, ім здаецца, што са мной нешта здарылася, раз я стаю на трасе. Спрабую растлумачыць, што ў мяне ўсяго толькі няма грошай на квіток, таму я езджу на папутках, але гісторыя пра грошы здаецца ім занадта жудаснай. Хлопцы тут жа тэлефануюць сваім сябрам і вельмі эмацыйна распавядаюць апошнім пра беднага замежніка.
Мы дабіраемся да першага прымежнага горада Убон. Нас сустракае машына з хлопцамі таго ж узросту. Цяпер маім нялёгкім становішчам занятыя восем галоваў. У выніку на радзе зграі вырашаецца пасадзіць замежніка на прамы аўтобус да Накхонратчасімы. Мы едзем на аўтавакзал, але ўсе аўтобусы ўжо адчалілі, а наступны будзе толькі заўтра. Хлопцы прапаноўваюць мне заначаваць у іх, але я спяшаюся і прашу адвезці мяне на трасу. Мае новыя сябры неахвотна падкідваюць мяне да паліцэйскага ўчастку, дзе распавядаюць копу пра маё становішча, і той адразу ж спыняе машыну. На развітанне пацаны ўручаюць мне пяцьсот бат (штосьці каля пятнаццаці баксаў, калі не памыляюся), каб я змог расплаціцца з тым, хто мяне падвязе.
Ад паліцэйскага ўчастка да паліцэйскага ўчастка, ад запраўкі да запраўкі я дабіраюся да Накхонратчасімы. Апошні адрэзак дарогі я праязджаю ў адкрытым кузаве пікапа, разам з соннымі дзеткамі. За гэты час я паспяваю дачытаць пару сотняў старонак з кніжкі «Валацугі Дхармы». Нарэшце а чацвёртай раніцы вывальваюся з аўтобуса побач з вялізным манастыром. Будзіць манахаў непрыгожа, і я проста раскідваю палатку па суседстве з келлямі.
За апошні год самыя розныя людзі ў самых дзіўных сітуацыях дапамагалі мне прарывацца наперад. Я паспяваў сказаць ім дзякуй, і мы назаўжды расставаліся. Часта сувязь ірвалася яшчэ да моманту, калі мы даведваліся імёны адзін аднаго. Здараецца, мяне свідруюць думкі пра тое, што менавіта мяне варта называць спажыўцом у самым дрэнным сэнсе гэтага слова – я спажываю не тавар, але добрае стаўленне людзей, і часта ў аднабаковым парадку.
Накхонратчасіма – горад буйны, але гэты факт не перашкаджае валацугам з вялікай дарогі знайсці адзін аднаго па ўнутраным компасе. Я сустракаю Верасня і Жэню пасярод горада, яны, як і я, швэндаюцца ў пошуках сігналу Wi-Fi. Па іх адразу відаць, што яны ўмудроныя вопытам гадавога бадзяння па Паўднёвай Амерыцы з зэдлікам у руках – нічога лішняга з сабой не возяць. Абодва іх заплечнікі па аб’ёме меншыя за мой адзін. Верасень іранічна смяецца:
– Нічога-нічога! Я зраблю табе як-небудзь рэвізію!
Наступны тыдзень мы праводзім у манастырах і на пляжах. Сябры дапамагаюць мне здымаць матэрыял, мы бясконца травім байкі і адтапырваемся на ветры ў кузавах пікапаў. Тайскі аўтаспын настолькі добры, што мы перасоўваемся па краіне хутчэй, чым любым грамадскім транспартам. Неблагім узорам мясцовай добразычлівасці служаць хлопцы, якія едуць з крамы дадому, але бачаць нас і адвозяць за сотню з лішнім кіламетраў на мора.
Час на ўзбярэжжы бяжыць павольна – мы ямо рыс з «сі-фудам», гартаем кніжкі і качаемся на хвалях. Генеральным спонсарам інтэрнэт-шпацыраў выступае прыбярэжная кафэха, а свежую садавіну пастаўляе парачка мангавых дрэваў. Але хутка сябрам ужо трэба ірваць далей, у Малайзію. Мы разам даязджаем да Патаі, і тут нашы шляхі разыходзяцца – Верасень і Жэня рушаць на поўдзень, а я паварочваю ў горад.
Многія вандроўнікі не спраўляюцца з цяжкасцямі самотнага існавання і пасля некалькіх месяцаў дарогі вяртаюцца дадому. Бытавыя бязладзіцы насамрэч пераносяцца лягчэй за адзіноту. Дваццаць чатыры гадзіны на дзень быць адказным за тое, што адбываецца, размаўляць з людзьмі толькі фармальнымі фразамі, на якіх базуюцца выпадковыя знаёмствы, не мець магчымасці дэлегаваць хоць што-небудзь каму-небудзь – вось што цяжка. Я ўпэўнены, што кожны, хто жыў у дарозе, у першую чаргу навучыўся шанаваць блізкіх і проста сваіх. Вось і цяпер, развітваючыся з Вераснем і Жэняй, я дакладна ведаю, што наперадзе зноў тая самая сцяна, аб якую разбіўся не адзін вандроўнік.
У Патаі шмат рускіх, таму мне можа пашчасціць з нейкай падпрацоўкай у турыстычнай сферы, каб зарабіць на квіток праз акіян. Як толькі я збочваю з трасы ў горад, да маіх вушэй даносіцца любімая музыка дальнабояў і таксістаў. Шматлікія кафэхі Патаі маюць у штаце артыстаў, якія па замове могуць выканаць «чо-ніць нармальнае», «каб за душу» або «ты яе ведаеш, як у тым фільме».
Я блукаю па цэнтральных вуліцах і з першых хвілін разумею, што адсюль трэба вельмі хутка валіць. Тлустыя пераспелыя самкі, мабыць, з кіёскаў на рынку «Хмяльніцкі», выгульваюць сінтэтычныя сукенкі азіяцкіх куцюр’е ў чырвона-чорную палосачку з надпісам Rich са стразаў, што абсыпаюцца, нібы зоркі з неба. Іх кавалеры, у таніраваных да абсалютнай імглы акулярах, шортах маркі Adidas, аранжавых майках-сетках без рукавоў і, вядома, з нязменнымі в’етнамкамі на нагах, пацягваюць халодны півас. Я ўжо бачу, як мне давядзецца падносіць экзатычныя напоі гэтым айчынным турыстам. Унутры ўсё перакручваецца.
Я збягаю з Патаі праз дзень. Красачы, здабытыя ў Шанхаі, прыходзяць у мёртвы стан пасля кітайска-лаоскіх прыгод, і па дарозе на трасу я прыкупляю сабе б/у красоўкі на апошнія дзесяць баксаў.
Ад Патаі да Бангкока ўсяго пара сотняў кіламетраў. Машыну прыходзіцца чакаць не больш за тры хвіліны. Часцей за ўсё спыняюцца пікапы – напэўна, гэта адна з нешматлікіх краінаў, дзе дазволена ездзіць у задніку такой машыны. Я заскокваю ўнутр і кладуся на дно кузава. Мінералка без газу ратуе ад спякоты, якую прыносіць неба без хмар.
У Бангкок я заязджаю на старой «Таёце». Мяне падвозіць сям’я з малым дзіцём, якога за адсутнасцю месца садзяць мне на калені. Па дарозе да сталіцы Тайланда мяне некалькі разоў кормяць і ўручаюць нешта каля сямідзесяці даляраў. Здаецца, падарожжа аўтаспынам па гэтай краіне – вельмі прыбытковая справа.
Бангкок – горад гіганцкіх памераў з даволі бязглуздай сеткай грамадскага транспарту. Метро ёсць далёка не ва ўсіх частках горада, і праезд у ім даволі дарагі паводле мясцовых мерак. Аўтобусы належаць прыватным кампаніям і, мабыць, таму не маюць ніякага раскладу. Спрабаваць зарыентавацца тут па Google Maps – абсалютна бессэнсоўная справа: часцяком транспарт, які выдае Google, ужо даўно не ходзіць або ходзіць не туды. Мясцовыя таксісты, такія ж фокуснікі, як і ўсюды ў Азіі, могуць смела накруціць пару колаў або адвезці ў месца Х за плату, памножаную на N. Словам, з транспартам тут бяда. Здаецца, самы хуткі і рэгулярны рэйс – гэта лодка па рацэ Чаўпхрая, на ёй няма коркаў і дзякуючы моцнай звілістасці яна аплятае большую частку горада.
Здабытыя грошы я спускаю на жытло і ежу. Знаходжу ў нэце самы танны хостэл горада, які больш нагадвае берлінскі сквот. Усе сцены, уключаючы ўнутранае ўбранне нумароў, распісаныя пад графіці, п’янаватыя еўрапейцы бегаюць з паверха на паверх – паўсюль вісіць устойлівы шмон марыхуаны. На носе 2556 год паводле будысцкага календара. У гэты дзень у Таі звычайна абліваюць адзін аднаго вадой і вымазваюць глінай – усе крамы заваленыя вадзянымі пісталетамі. Здаецца, мяне чакае знатная разня!
Гаспадар хостэла, француз ізраільскага паходжання з дрэдамі да пупа, аснашчае кожнага свайго пастаяльца выдатнай пушкай, і ў прызначаны дзень з самай раніцы бойня пачынаецца. Спачатку мы ва ўсіх сэнсах мочым адзін аднаго разам з більярдным сталом і пляцоўкай для выступу рок-бэндаў, а потым вялікім інтэрнацыянальным натоўпам кідаемся на вуліцу, каб ужо там заваліць усё жывое. Дарэчы, пакідаючы будынак, ты адразу робішся лёгкай мішэнню. Вораг можа з’явіцца адусюль! Работнік крамы хавае ствол пад прылаўкам і, як толькі ты паварочваешся да яго спінай, не задумваючыся пранізвае цябе струменем вады, спецыяльна астуджанай у маразільніку. Падла можа хавацца ў пікапе або аўтобусе, што праязджаюць міма, можа страляць з даху або акна. У любы момант ты рызыкуеш трапіць пад перакрыжаваны абстрэл!
Я змагаюся на вуліцах горада да апошняга. А трэцяй гадзіне ночы пад дробным дажджом вяртаюся прамоклы да ніткі ў хостэл, што пасля дня свята выглядае, як адна вялікая душавая кабінка. Некалькі наступных дзён агульны пакой для дваццаці пастаяльцаў хутчэй нагадвае бальнічную палату – усе бесперапынна чхаюць, кашляюць і смаркаюцца.
Мы назвалі гэты пазл нашага матэрыялу – буда-відэа. Кожны раз Рома будзе рабіць медытатыўную нарэзку без прымесяў, толькі чыстыя эмоцыі-карцінкі з інтэршумам. Пагрузіся ў атмасферу кругасветкі.
Тым часам Воля, з якой мы вар’яцкі пракаціліся па Паднябеснай, вырашае кінуць усё да д’ябла і прымчацца з канцамі да мяне ў Бангкок.
Калі прааналізаваць, чаму я раптам вырашаюся на саюз, які без сумненняў накладзе сур’ёзныя абмежаванні на характар майго падарожжа і глыбіню перажыванняў, то ўсё, што я магу сказаць: я стаміўся ад космасу. Ёсць такое слова, якое нельга прамаўляць, – «свабода». Выяўляецца, свабода дурыць нас не менш за грошы! Быць свабодным і быць мільянерам па сутнасці адно і тое ж – у цябе ёсць усё. Толькі што рабіць з тым, у чаго няма межаў, ніхто толкам не ведае. Памнажай бясконцасць, дзялі бясконцасць, аднімай, складай, здабывай корань, узводзь у ступень – усё без толку. Любое дзеянне бескарыснае, пакуль табе няма на чым стаяць, пакуль у цябе няма «для чаго», «для каго» або «з кім».
Я сустракаю Волю ў аэрапорце, вешаю на шыю і адводжу ў горад. Цяпер я буду часцей есці, спаць пад дахам і ганяць у душ. Цяпер калі я кажу «я», чытай «мы».
Верасень і Жэня нараілі мне замест Аўстраліі, куды я планаваў рушыць пасля Азіі, паспрабаваць атрымаць візу ў ЗША. За пару тыдняў да прылёту Волі я паведаміў ёй пра гэтае рашэнне. Шчыра прызнаюся, я ніколі ў жыцці не зрабіў бы такога стосу папер для амбасады, які Воля вываліла перада мной у нумары хостэла. Наступныя некалькі дзён мы адточваем нашу візавую легенду, дапрацоўваем дакументы, а па начах, калі спёка спадае, блукаем па горадзе. У ноч перад днём Х мы раптам успамінаем, што яшчэ не раздрукавалі банкаўскія рахункі. Трохі магіі – і яны выглядаюць досыць упэўнена, па сем штук баксаў у кожнага!
Праца ў Тайландзе мне так і не далася. Я вымушаны пазычыць грошы ў бацькоў. Віза і пералёт павінны абысціся мне ў тысячу даляраў. Нешта падказвае, што прыкладна столькі ж грошай я выдаткаваў на жыццё за ўсе мінулыя месяцы майго квэсту.
Паўднёва-Усходняя Азія – месца, на якім спатыкнулася да халеры кругасветных падарожнікаў. З Тайланда можна рухацца або ў Штаты, або ў Аўстралію. Пералёт у Паўднёвую Амерыку з гэтай часткі свету каштуе вялізных грошай, аднавіць якія, скажам, у Перу будзе вельмі няпроста. Калі ж спрабаваць трапіць у Аўстралію або ЗША, то вельмі вялікая рызыка атрымаць адмову ў візе. У такім выпадку ты ўсё роўна страціш добрую суму грошай і застанешся ні з чым. Я ведаю па меншай меры з дзясятак валацуг, якія не змаглі прабіць гэтай сцяны бюракратыі.
І вось надышоў вырашальны дзень, я нацягваю самую чыстую майку і адзіныя штаны з невялікай плямкай мазуту на попе. На нагах у мяне верныя красоўкі Puma. Воля ўскаквае ў сукенку і басаножкі. Мы выходзім з самага таннага нумара ў горадзе, у дзвярах якога зеўрае дзірка памерам з кулак і папросту няма замка. Здаецца, мы цалкам гатовыя падавацца на журналісцкую візу ў ЗША.
Ужо ўнутры амбасады ўспамінаем, што забылі размяняць частку грошай, а гэта значыць, што, нават калі нам дадуць візу, мы не зможам за яе заплаціць. Я стаю ў суседняй ад Волі чарзе. Вось нейкая тайская бабулька, спрэс абвешаная залатымі пярсцёнкамі, адыходзіць ад стойкі, і да акна праціскаецца Воля. За шклом малады афраамерыканец п’е сваю ранішнюю каву. Воля пачынае гульню ў вочкі і адначасова рытмічна шамаціць паперамі. Яны размаўляюць каля дзесяці хвілін. Мужык выглядае заклапочаным і здзіўленым. Падобна на тое, што ўсё ідзе па плане. Але раптам Воля забірае свае дакументы з акенца і сыходзіць у залу чакання. Мы паспяваем пераглянуцца, і з яе выразу я разумею, што справа пачынае выходзіць з-пад кантролю. На маім ілбе праступае пот.
Мой афіцэр – бойкая пышнагрудая маладая тайка. Я падаю дакументы ў акно, і яна пачынае іх пільна разглядаць. Раптам яна ўстае і кажа, што ёй трэба ўзяць нейкую паперу. Я сачу за тым, як яна паглыбляецца ў офіснае памяшканне. Папера, якую яна шукае, ляжыць якраз побач з афраамерыканцам, што распытваў Волю. Гульня пачынаецца. Тайка корпаецца ў шуфлядзе стала, але я выразна бачу, як афраамерыканец употай распытвае яе пра мяне. Потым яна вяртаецца.
– Скажыце, а чаму часопіс, у якім вы працуеце, так дзіўна называецца – 34mag.net?
«Гэта пытанне на засыпку?» – праскоквае ў маёй галаве.
– Пэўны час таму наш часопіс выходзіў толькі на CD і зваўся CD Mag, але потым мы зрабілі онлайн-версію, і літары C і D ператварыліся ў адпаведныя ім у алфавіце лічбы 3 і 4, – кажу я першае, што прыходзіць у галаву.
Далей ідуць некалькі тыповых пытанняў пра мой досвед працы і заробак, а следам пра мэту паездкі і маршрут.
– Мы збіраемся праехаць па маршруце героя беларускай і амерыканскай гісторыі Тадэвуша Касцюшкі! – смела агучваю я падрыхтаваную версію. – Ну і, вядома, нам цікавая Траса 66, мэм!
– Добра-добра! Калі ласка, аплаціце візавы збор у акенцы ў канцы калідора.
– Дзякуй, мэм! Добрага дня, мэм!
Праз дзесяць хвілін мы з Воляй сустракаемся ля акенца аплаты. Касір дазваляе нам збегаць у бліжэйшы банк і размяняць грошы. З гэтага моманту больш няма нічога важнага – ключ да кругасветкі мы падабралі!
Паўднёвая спякота спадае. Басанож і ў самай абшарпанай на свеце майцы я забягаю за вадой у «Сэвэн Элэвэн». Нам няма чым плаціць за наступную ноч у хостэле, мы спусцілі на візы ўсё да капейкі. Але галоўнае, што квіткі ў Лос-Анджэлес з Куала-Лумпура ўжо набытыя. Гэта будзе мой першы ў жыцці палёт на самалёце.
Вырашаем прагуляцца да набярэжнай. Патрапаныя і шчаслівыя, цягнемся па яшчэ гарачым асфальце. Воля трашчыць мне на вуха пра рамантыку прафесіі журналіста, я ўсміхаюся ёй, падскокваючы на вострых каменьчыках, якія рэжуць ступні. Будучыня зноў здаецца мне выклікам. Я рыхтую свае нябачныя даспехі для новага скачка праз галаву.
Наступным днём у паштовым аддзяленні атрымліваем свае візы тыпу I. Подскакам уніз па лесвіцы выбягаем у духату Бангкока. Здаецца, у нас застаецца яшчэ восемдзесят бат, і мы выбіраемся на электрычцы з горада ў надзеі працягнуць рух у Малайзію на таварных цягніках, але, на жаль, таварныя чыгуначныя рэйсы ў Тайландзе не развітыя.
Увесь наступны тыдзень мы жывём у будысцкіх манастырах і на пляжах. Я ўжо так звык да палявых умоваў, што манастыр не здаецца мне чымсьці незвычайным. Але Воля, відаць, перажывае ўнутраныя буры. Мне падабаецца сачыць за тым, як яна спрабуе прыхаваць сябе сапраўдную, каб выглядаць мацёрай вандроўніцай.
Адзін манах запрашае нас на пахаванне старой жанчыны, дзе ён будзе весці службу. Працэс пахавання ў Таі хутчэй нагадвае святкаванне дня нараджэння – ніхто не плача, льецца вясёлая тайская музыка, людзі развітваюцца з духам памерлага і дораць яму падарункі. Часта гэта вельмі практычныя рэчы: пакаёвы вентылятар, электрачайнік або тэрмас. Усе падарункі для памерлага пасля пахавальнага абраду перадаюцца ў мясцовы манастыр.
Мы ўжо гатовыя ірваць у Малайзію, калі ў апошні момант мне ў «Фэйсбук» прыходзіць паведамленне:
«Здарова! Заязджай у госці на Пхукет :) Мы дарэчы з табой бачыліся пару гадоў таму на мяжы з Украінай. Я тады якраз з віпасаны ехаў, штука не перадаць словамі якая добрая».
Я гляджу на фотаздымак профілю і ўспамінаю, што сапраўды гады тры таму бачыўся з гэтым хлопцам на мяжы з Украінай, але што я рабіў там, успомніць мне так і не ўдаецца. Ужо потым, разам з Лёшам, аднаўляем ланцуг падзей – я ехаў у Кіеў, бо туды ехаў турыстычны аўтобус з майго ўніверсітэта. Грошай на экскурсію ў мяне не было, таму я вырашыў дабірацца аўтаспынам. Пасля гэты самы аўтобус падабраў мяне а другой гадзіне ночы на аб’язной дарозе горада Чарнігава.
Пасля тыднёвых падарожжаў па келлях мы выдатна адсыпаемся ў Лёшыных апартаментах. Ён паказвае нам сакрэтны пляж, трапіць на які можна толькі праз дзірку ў плоце на ўскраіне Пхукета. Гэты пляж – такое адасобленае райскае месцейка, што лёгка падышло б для рэкламы «Баўнці». Але хутка Лёша ляціць у Менск, таму я скідваю яму сваю палатку, і ён падкідвае нас на скутары да трасы на Малайзію.
Кожны раз Рома будзе ставіць эксперымент або выконваць нейкую місію. Наколькі цікавым і бязбашанным будзе відос у наступным матэрыяле, таксама залежыць ад цябе. У каментах смела прапаноўвай новае заданне для Ромы – уплывай на кругасветку!
Тайскі памежнік са здзіўленнем пытае, чаму ў мяне single entry віза. З такім жа здзіўленнем нас сустракае яго малазійскі калега:
– Вы што, не будзеце назад у Тайланд?
– У Малайзіі павінна быць цікавей!
Памежнік смяецца і ўклейвае візавую налепку ў пашпарт. Дарэчы, Малайзія – адзіная бязвізавая краіна для беларусаў у Паўднёва-Усходняй Азіі.
Мы перасякаем мяжу ў нацыянальным парку Зале Бан. Тут фактычна няма ніякіх транспартных зносін. За гадзіну міма нас праязджаюць літаральна некалькі машын. У іншай сітуацыі такая невялікая плынь транспарту мяне наўрад ці хвалявала б, але сёння мы павінны паспець на пачатак дзесяцідзённага курсу медытацыі ў гарах на востраве Пенанг.
Наперадзе пасярод лясной дарогі з’яўляецца апошні памежны блокпост. Вайскоўцы з цікаўнасцю разглядаюць візы ў нашых пашпартах – спяшацца ім няма куды. Мы просім іх спыніць для нас машыну, і як на замову з-за павароту з’яўляецца маленькая маздачка. Памежнікі запіхваюць нас унутр.
Роўна ў прызначаны час мы прыбываем на галоўныя могілкі выспы, адкуль арганізаваная дастаўка людзей у матывацыйны цэнтр. Не паспяваем з Вольгай як след развітацца, як нас адразу ж разводзяць па розных карпусах: «М» і «Ж». Далей нас чакае толькі медытацыя.
Пасля курсу медытацыі мы не можам нагаварыцца. За дзесяць дзён у нас назапашваецца столькі энергіі, што хоць пешшу ў Куала-Лумпур ідзі. Дзесяць дзён я маўчаў разам з класнымі хлопцамі. Дзіма і Даніла калясяць аўтаспынам па Азіі, прычым Даніла паспеў ужо паганяць і па Аўстраліі. Яшчэ паўдня мы разам бадзяемся па выспе і травім дарожныя байкі. Хлопцы хочуць за некалькі дзён дабрацца да Тая і засяліцца на які-небудзь бязлюдны востраў. Праз месяц я даведаюся, што ў іх усё атрымалася – яны спяць пад самаробным падстрэшкам і ловяць рыбу з дапамогай астрогі. Я бачу, як унутры іх гарыць агонь, упэўнены, яны гэтак жа наскрозь бачаць мяне. Далей нам у розныя бакі.
Самалёт сядае ў Шанхаі. Паўгода я ехаў адсюль да Куала-Лумпура, а вярнуўся назад за шэсць гадзін. Я думаю, што наўрад ці змагу палюбіць самалёты – усё ўнутры мяне пратэстуе супраць паветранага чытэрства.
Я стаю ў чарзе на пасадку ў самалёт, які панясе мяне праз акіян. Азіраючыся на мінулыя месяцы, я маю адчуванне, быццам усё, што са мной адбывалася, насамрэч проста гульня маёй свядомасці. Быццам зацяжны сон. Можа, я сяджу зараз за партай ва ўніверсітэце і проста прыкрыў вочы?
Празвініць званок, пара скончыцца, я схаплю свой шасцідзесяцілітровы заплечнік і спушчуся на першы паверх, дзе расце пахучы хвойны лес. У тумане, па сцежцы сярод сухога чароту, я прайду да возера, дзе знайду іржавую лодку. Будзе моцна шумець вецер. Я сцісну зубы да пульсацыі ў вушах і вазьмуся за вясло. Я пераплыву халодны сіні Берангаў праліў і знясілена сыду на зямлю ля драўлянай брамы, якая служыць уваходам у стэп. Ссохлы адхон брамы пакрыты цёмна-чырвонай патрэсканай фарбай. Я прайду праз браму на раўніну і буду пастаянна азірацца, пакуль брама зусім не знікне з вачэй. Я буду ісці, пакуль не апынуся ў абсалютнай пустаце.
Праз сотню гадоў нікога з нас не застанецца. Як выдатна, што мы тут так ненадоўга. Баяцца няма чаго – усяму адзін канец. Мы зліёмся ў адзіную плынь, каб усё забыць і нарадзіцца нанова. Мы вецер, нашы словы проста гульня.
Самалёт набірае вышыню, у навушніках грае Michael Pitt – That Day. Я шчаслівы і кажу «бывай».
8 фактаў пра Тайланд:
1. Здаецца, усе буслы зімой валяць у Тайланд.
2. Тайскія настаўнікі носяць ваенную форму.
3. Усе пляжы Тая належаць Каралю. Калі хтосьці спрабуе ўзяць з цябе грошы за начлег на пляжы, можаш смела слаць нахер.
4. Уся электраправодка Бангкока вісіць на слупах.
5. Даю зуб, што тайскі аўтаспын – найлепшы ў свеце.
6. У Малайзіі ды Тайландзе левабаковы рух.
7. Жоўтая «Фанта» ніколі не карысталася вялікім попытам у Тайландзе, таму карпарацыя «Кока-Кола» прыдумала чырвоную «Фанту». Як і раней, яе асабліва не п’юць, але актыўна выкарыстоўваюць у якасці дароў духам, чырвоны – колер Буды.
8. Асноўны прыбытак Таю прыносіць не турызм, а машынабудаванне.
Шчыра дзякуем за сяброўскую дапамогу калегам з «Нашай Нівы», Еўрарадыё, БАЖу, Naviny.by і Tut.by. Рома едзе за ўсіх нас!
Фінальны адрэзак кругасветнага падарожжа Ромы Свечнікава праз Балівію і Аргенціну ў Беларусь.
Украінскія пяльмешкі пасярод джунгляў, куля ў горла ад суседскай бабулі і сузіранне свайго ўласнага зачацця.
Продолжаем вспоминать старые сокровища 34mag. Ноябрь 2014-го. В Беларусь возвращается Рома Свечников и дает первое большое интервью после кругосветки.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.