Рома едзе далей! Гэтым разам братэрская Рэспубліка Іран! Як пражыць, калі застаўся без грошай? Чаму на цябе можа паляваць сакрэтная іранская паліцыя? Ці можна за адзін дзень ператварыцца з бамжа ў бізнесоўца? І як знайсці брата-блізнюка ў незнаёмай краіне? Чытай у дзённіках ніжэй.
У апраметнай цемры пад’язджаю да памежнага перахода. У кірунку Ірана няма нікога, уключаючы памежнікаў. Гадзіну праводжу ля акенца пашпартнага кантролю ў чаканні хоць аднаго жывога цела. Добрая навіна – у бок Ірана дазволены пешы пераход. Але я хвалююся. Перад трыпам я памяняў свой пашпарт на новы, а іранская віза засталася ў старой ксіве, таму ў гэты момант на руках я маю два беларускія пашпарты. У абодвух – мая фотка.
Але памежнікаў дакументы не надта ўражваюць, іх больш цікавіць выступ іранскай зборнай па цяжкай атлетыцы на Алімпійскіх гульнях. Адным вокам яны скануюць мае пашпарты і ляпаюць штамп на старонку для «іншых адзнак». Потым задаюць мне пару правакацыйных пытанняў наконт майго сямейнага становішча, і нарэшце поспех – я ў Ісламскай Рэспубліцы Іран!
Рухаюся па звілістай дарозе ў густой цемры. Я адмыслова не ўключаю ліхтарыка. Недзе ўнізе ў цясніне шуміць рака, вакол – ледзь бачныя сілуэты гораў. Я танцую пад музыку ў сваім плэеры, выкрыкваючы словы, якія паспяваю ўлавіць. Мне падабаецца думаць пра тое, як я выглядаю збоку. Шкада, што няма каму зацаніць.
Мяне наганяе аўтобус. Я разоў пяць спрабаваў застопіць яго, пакуль быў у Арменіі, але кіроўца не мог спыніцца на серпанціне. Цяпер жа месца для прыпынку дастаткова, і планы заначаваць дзе-небудзь у гарах абломваюцца – я лячу ў Тэгеран. Ехаць каля чатырнаццаці гадзін. Як потым высвятляецца, мне вельмі шанцуе, бо ад мяжы няма прамой дарогі на Тэгеран, і каб дабрацца да сталіцы, мне давялося б памяняць машын дваццаць і забіць дзень, а можа і два. Але я п’ю смачную іранскую гарбату і еду на пярэднім сядзенні камфартабельнага аўтобуса.
Дарога займае ўсю ноч. Мы запраўляемся некалькі разоў. Усё вакол раздзірае мяне – усё іншае. Я ніколі раней не быў у мусульманскай краіне – аднапавярховыя хаткі пясчанага колеру, мячэці, жанчыны ў чорных чадрах, брудныя дзеці, рэлігійная музыка на вуліцах і партрэты лідара на кожнай сцяне.
Мне не стае словаў, каб апісаць гэты чужы свет, у які я ўрываюся.
Каля адзінаццатай гадзіны мы заязджаем у Тэгеран. Я выходжу з аўтобуса, следам выбягае добры кіроўца і даганяе мяне са словамі, да якіх я не прывык:
– Money, money!
– Which money?
– Money, money!
Яшчэ некаторы час ён спрабуе выбіць з мяне грошы, але я разварочваюся і іду падалей ад аўтобуса. Прабіваюся праз натоўп, які выбухае звыклым азіяцкім лозунгам: «Mister, taxi!» Трэба тэрмінова схавацца ў горадзе. Я вельмі рэдка выкарыстоўваю карту – проста рухаюся па сваім унутраным компасе. У краме з усялякай электронікай купляю мясцовую сімку і ўрэшце выходжу ў інтэрнэт.
Высвятляецца, што ў Іране заблакаваная большасць сайтаў, нават «Наша Ніва» не адкрываецца. Думаю, не варта тлумачыць пра «ВКонтакте», «Фэйсбук», «Твітэр» і «Ют'юб». Пры спробе злучэння з забароненым сайтам ты аўтаматычна перанакіроўваешся на старонку з рэлігійным кантэнтам. Цікава, якая ў яе наведвальнасць?
Вядома, іранцы таксама ўмеюць карыстацца проксі, ssl-тунэлямі і тор-браўзэрамі. Парушыўшы закон, я прабіраюся на «Фэйсбук». Самае – іранка на ровары, з якой я пазнаёміўся ў Батумі, – дасылае мне тэлефон сваёй сястры. Сястру клічуць Нэда, я тэлефаную ёй і дамаўляюся сустрэцца. У мяне заўсёды ўзнікаюць праблемы, калі я размаўляю на англійскай па тэлефоне. Іншая праблема – я не маю ўяўлення, дзе я знаходжуся: усе назвы вуліц напісаныя на фарсі без транслітарацыі. Каб растлумачыць, дзе мяне шукаць, я проста спыняю першага іранца, які трапляе пад руку, і даю яму тэлефон. Мінак тлумачыць Нэдзе маё месцазнаходжанне, і яна абяцае падскочыць на працягу гадзіны.
Нэдзе – дваццаць чатыры, яна скончыла ўнівер па спецыяльнасці «менеджмент» і марыць зваліць з гэтай краіны. Мы вырашаем ехаць да яе на хату. Яна тэлефануе яшчэ адной сваёй сястры Самір і просіць забраць нас на машыне. Самір – дваццаць восем, яна выкладае англійскую. Дзяўчына толькі атрымала правы, таму, газуючы па трасе, мы выкарыстоўваем толькі першыя дзве перадачы.
Калі мы нарэшце дабіраемся да дома, я ўпершыню сутыкаюся з галоўным правілам майго знаходжання ў Іране – мне давядзецца быць невідзімкай. Ніхто не павінен бачыць, як я ўваходжу ў хату і выходжу з яе. Мы сядзім у машыне пару хвілін і чакаем, пакуль сусед прыпаркуе сваю калымагу і знікне. Па камандзе я выходжу з аўто, дастаю заплечнік і хуткім крокам рухаюся ў бок дзвярэй. Дзяўчаты тлумачаць, што нельга, каб нас бачылі побач, бо незамужнія хлопец і дзяўчына не могуць праводзіць час разам. Ты ніколі не ведаеш, хто настучыць на цябе ў паліцыю, якой, дарэчы, тут мноства відаў: ад «шасцёрак», якія прыглядаюць за мінакамі, да спецыяльных сакрэтных падраздзяленняў.
Дзяўчаты ўваходзяць у дом трохі пазней і перш за ўсё завешваюць усе вокны. Дом – адзінае месца, дзе жанчына не абавязаная насіць чадру. Гэта адзінае месца, дзе ты адчуваеш сябе вольна, але ўсё роўна намагаешся размаўляць не надта гучна, каб не пачулі суседзі. За абедам дзяўчаткі распавядаюць мне пра тое, як яны ставяцца да ўрада, веры і рэлігійных правілаў – я назваў бы гэта святой нянавісцю.
Нэда і Самір прапаноўваюць мне застацца ў іх на пару дзён, пакуль бацькі ў вёсцы. Увечары, калі тэмпература падае да трыццатніка, мы выбіраемся ў горад. У Тэгеране жывуць каля дзесяці мільёнаў чалавек. Тут ёсць усё, што характэрна для мегаполіса: шматузроўневыя дарожныя развязкі на дванаццаць палос, хмарачосы, вялікія рэкламныя плакаты і маленькія людзі, якія сноўдаюць туды-сюды. На кожнай сцяне вісіць дзяржпрапаганда: партрэты будаўнікоў паслярэвалюцыйнага мусульманскага раю, выявы шахідаў, якія загінулі ў вайне з Іракам, і сцягі памерам са святочны калаж на фасадзе менскага педунівера. Дзяржава не пагарджае нават стрыт-артам – паўсюль на сценах цытаты з Карану, выказванні рэлігійных лідараў, замалёўкі гераічных момантаў гібелі іранскіх салдатаў.
Мы дабіраемся да арт-зоны, якая месціцца недзе ў цэнтры сталіцы. У парку расстаўленыя сучасныя скульптуры, пасярэдзіне – музей мастацтва. На першым паверсе будынка месціцца магазін хэндмэйд-тавараў – вельмі нагадвае менскую галерэю «Ў». Цяпер у Іране Рамадан – мусульманскае свята даўжынёй у месяц, таму ўсе выставы прысвечаныя выключна рэлігіі.
Праз пару дзён мне ўжо трэба з’язджаць ад дзяўчат, бо хутка вяртаюцца іх бацькі. Я прашу вывезці мяне ў самы бедны раён Тэгерана.
Мы назвалі гэты пазл нашага матэрыялу – буда-відэа. Кожны раз Рома будзе рабіць медытатыўную нарэзку без прымесяў, толькі чыстыя эмоцыі-карцінкі з інтэршумам. Пагрузіся ў атмасферу кругасветкі.
Не паспяваю я выйсці з машыны, як да мяне пад’язджае хлопец на матацыкле. Ён зусім не гаворыць па-англійску і толькі жэстамі запрашае мяне заняць месца на сваім байку. Я сядаю, і мы ляцім кудысьці па вузкіх і брудных вуліцах. Яго завуць Сірыўс, і яму дваццаць чатыры. На яго шыі вытатуяваны крыж, а на спіне сляды ад удараў бізуном – вельмі папулярнае ў Іране пакаранне. Кажуць, што пасля такой працэдуры ты не можаш ляжаць на спіне некалькі месяцаў. У нас у «Амерыканцы» амаль тыя ж метады.
Тым часам мы паднімаемся ў горы. Паабапал дарогі, калі гэта можна назваць дарогай, стаяць афганскія хаціны. Афганцы ў Тэгеране, як узбекі ў Маскве, галоўная працоўная сіла на будоўлях. Іх тут не паважаюць, баяцца ды імкнуцца абыходзіць бокам. Сірыўс спыняе свой матацыкл каля ракі, мы злазім, каб памыцца. Пакуль я адмываюся ад пылу, мой новы сябар збягае некуды ў цясніну і прыцягвае аграменную дыню. Нажа ў нас няма, таму Сірыўс разбівае яе аб камень і дае мне палову. Дыні тут не жоўтыя, як у нас, а зялёныя. І па смаку трохі не дацягваюць да айчынных.
Пасля прагулкі ў горы мы спускаемся назад. Сірыўс вязе мяне да сябе ў госці. У ягоным пакоі дзве адметныя рэчы: плакат Брытні Спірс, якім ён вельмі ганарыцца, і Sony PlayStation. Мяне кормяць да адвалу і разгромліваюць у футбол на прыстаўцы. Раблю выгляд, што мне хтосьці тэлефануе і прапаноўвае сустрэцца. Сірыўс разумее, што мне трэба ісці, заводзіць свой матацыкл і адвозіць да бліжэйшай аўтобуснай станцыі. Ехаць кудысьці мне зусім не хочацца, і я вырашаю падняцца ў парк, які віднеецца дзесьці наверсе на схіле гары.
У парку традыцыйна шмат людзей, якія гуляюць у пінг-понг, бадмінтон і валейбол. Наогул, спартыўныя гульні тут – галоўная забаўка. Мабыць, таму, што піва не прадаюць у кожным шапіку – яно тут увогуле забароненае, як і любыя іншыя спіртныя напоі. Акрамя безалкагольнага, якое, вядома, тут люта папулярнае.
Я кідаю свой заплечнік і сядаю ў цень пад дрэвам. Лысы мужык сярэдняга целаскладу цікавіцца, ці не патрэбная мне дапамога – так я знаёмлюся з Амінам. Яму дваццаць дзевяць, ён гей, займаецца продажам камянёў, ненавідзіць цыгарэты. Ён пакідае мне свой нумар тэлефона:
– Калі будуць нейкія траблы, адразу тэлефануй. У цябе ёсць месца дзе жыць?
– Спадзяюся, што так.
– Калі не знойдзеш – тэлефануй мне. Я жыву адзін, у мяне ёсць для цябе ложак.
Я не вельмі давяраю такім запрашэнням ад людзей, якія аддаюць перавагу аднаполым адносінам, бо неяк меў непрыемны вопыт у Кітаі, калі ноччу мой хостэр знянацку пачаў да мяне падкочваць. Але Аміну я чамусьці давяраю і кажу, што пазваню яму, калі сябры не змогуць знайсці для мяне іншага месца.
Сябры не змаглі. Даведваюся я пра гэта толькі а дванаццатай гадзіне ночы. Спрабую тэлефанаваць Аміну, але ён не адказвае. Пералажу праз плот нейкага шматпавярховага дома – тут абсалютна нармальна, калі пры шматпавярховым доме замацаваны ўласны парк. Стаўлю палатку і адрубаюся.
Раніца пачынаецца рэзка. Нехта грукае па тэнце майго намёта:
– Don't touch my tent!!! – раву я.
– %?:*(:№?*! – чую ў адказ на персідскай.
– Fuck u! Don't touch my tent!
– Hotel, mister! Hotel!
Прыкладна так будзе пачынацца мая раніца кожны раз, калі я буду начаваць у намёце недзе ў горадзе. Які-небудзь мясцовы ахоўнік або дворнік абавязкова палічыць мае паводзіны не вартымі сапраўднага інтурыста і будзе настойліва патрабаваць майго найхутчэйшага этапу ў гатэль.
Тэлефануе Амін і моцна просіць прабачэння, што ўчора не падняў трубу. Той факт, што я начаваў на вуліцы, прыводзіць яго ў шок. Ён кажа, што мы павінны неадкладна сустрэцца. Амін – гей, але яму больш падабаецца, калі яго называюць бісексуалам. Ён кажа, што я не ў ягоным гусце, так што магу расслабіцца. Я, напэўна, супакойваюся. Ён запрашае мяне трохі пазней з’ездзіць з ім у Ісфахан – трэці па велічыні горад Ірана.
Гудзіць тэлефон. Гэта Жэня, з якім мы рассталіся яшчэ ў Грузіі. Мы дамаўляемся сустрэцца недалёка ад майго новага дома. Ён зусім на мелі – я цягну яму мяшок з ежай, які вязу яшчэ з Карабаха, і ўсе свае сем долараў з разлікам на тое, што хутка зніму яшчэ з карткі.
Падыходжу да месца сустрэчы – Жэня выскоквае з нейкай машыны і радасна размахвае рукамі. Калі шчыра, я таксама неверагодна рады яго бачыць. Не паспяваем мы павітаць адзін аднаго, як карціну псуе кіроўца, які прывёз Жэню. Ён чапляецца за жэнеў заплечнік і запільвае традыцыйную ў гэтых краях вадзіцельскую мантру: «Money! Money!» Жэня кажа, што гэты чалавек быў вельмі добры і пагадзіўся падвезці яго, але толькі пасля таго, як скончыць малітву:
– Я пачакаў, пакуль ён памоліцца. Потым ён яшчэ паўгадзіны гаварыў са сваімі сябрамі і тут раптам падыходзіць да мяне і кажа: сядай, я цябе завязу.
Сітуацыя пагаршаецца, калі кіроўца даганяе, што плаціць нам няма чым. Ён пачынае зацягваць Жэню назад у машыну са словамі: «Я завязу цябе назад».
Ацаніўшы ўмовы задачы, я выяўляю слабыя месцы супраціўнага боку. Адсутнасць «шашачак» на дзвярах і даху аўто кідаюць цень на легальнасць аказаных Жэню паслуг. Я кажу чароўнае слова «police». Але кіроўца нечакана падтрымлівае маю ідэю і прапаноўвае нам разам сесці ў машыну і праехацца да бліжэйшага ўчастка. Гэта блеф.
Хутчэй за ўсё, мы паедзем да бліжэйшай падваротні, дзе расплацімся сваім здароўем. Тады я сядаю на тратуар і сваёй позай даю зразумець, што базар скончаны. Кіроўца выпісвае мне аплявуху, пагружаецца ў аўто і з’язджае. Як жа я ненавіджу такія сітуацыі!
Так мы з Жэнем і сядзім на тратуары нейкай маленькай вулачкі. У мяне ўжо няма часу – хутка я мушу вярнуцца да Аміна, каб рушыць у Ісфахан. Міма нас праязджае джып з маладымі хлопцамі на борце. Я жэстам прашу іх спыніцца. Ужо праз хвіліну Жэня з’язджае на гэтай машыне ў экскурсійную паездку па горадзе. Выдатна – мы не бачылі адзін аднаго каля месяца, сустрэліся на паўгадзіны, і я саджу яго ў першую сустрэчную машыну, а сам збіраюся з’ехаць за трыста кіламетраў на поўдзень.
Амін выдае мне кашулю ў сінюю клетку:
– Ты павінен выглядаць, як мой калега, – кажа ён.
Гэта нават цікава. Яшчэ пару гадзін таму я жыў на вуліцы, а цяпер я прадстаўнік фірмы, якая прадае камяні па ўсім Іране. Я раз’язджаю па горадзе на таксоўцы, мяне дастаўляюць у Ісфахан спецаўтобусам, я харчуюся ў дарагіх рэстаранах, але пры гэтым у маёй кішэні няма ні кап’я.
І вось у наступным пункце, пакуль Амін утрамбоўвае свае праблемы з афганскімі рабочымі, я вырашаю зняць грошы з карткі, якія мне павінны пералічыць з радзімы. І тут я натыкаюся на неверагодна радасную навіну – гэта прынцыпова немагчыма. Міжнародныя карты Visa і MasterCard не працуюць у гэтай краіне. Гэта палітыка Амерыкі ў адносінах да Ірана. І гэта азначае толькі адно – грошы, якія я аддаў Жэню, былі апошнімі, і ў бліжэйшыя некалькі тыдняў я асуджаны на жорсткае выжыванне.
Мы вяртаемся назад у Тэгеран. Амін занепакоены маім становішчам:
– Калі ты раптам адчуеш, што не можаш больш працягваць падарожжа, скажы мне, я куплю табе квіток дадому.
Я ківаю Аміну, выдатна разумеючы, што ніколі не скарыстаюся яго прапановай. На наступны дзень я развітваюся са сваім сябрам, бо яму трэба пераязджаць у іншы горад – камяні ў Тэгеране больш нікому не патрэбныя.
Тэлефаную Нэдзе і прашу яе правесці экскурсію на базар Тэгерана. Пакуль я чакаю яе ва ўмоўленым месцы, выпадкова заўважаю ў натоўпе Жэню. Вось што значаць ментальная сувязь і агульная палітычная платформа!
Увабраўшы як след дух базарнага жыцця, разам мы выпраўляемся на пошукі якога-небудзь месца грамадскага харчавання. Задача аказваецца нетрывіяльнай – падчас Рамадана ўсе кафэ адчыняюцца пасля заходу сонца, бо днём есці забаронена. Пакуль мы шарымся па горадзе, у Нэды рвуцца басаножкі. Два беларускія інжынеры напружваюць мазгі і вырашаюць скотчам намёртва прыбінтаваць абутак да нагі. Пакуль мы корпаемся ў нагах дзяўчыны, край майго вуха фіксуе выццё Тома Ёрка. Гук даносіцца з навушнікаў маладога доўгавалосага хлопца. Я спыняю яго поглядам, і праз дзесяць хвілін гутаркі Мэхдзі запрашае мяне на рэпетыцыю свайго гурта Telecraze, а таксама ва ўласнае арт-кафэ і дадому на начлег.
Наступныя два дні я выдатна праводжу час з ім і ягонымі сябрамі. Мэхдзі шмат распавядае пра «зялёных», гэта «так званая апазіцыя» іранскай уладзе. У акцыях пратэсту гэтага руху ёсць шмат цікавага. Напрыклад, два гады таму былі папулярныя пратэсты на дахах. «Зялёныя» выкрыквалі лозунгі з вышыні некалькіх паверхаў. Паліцаям, што стаялі на зямлі, было даволі складана зразумець, адкуль даносіцца гук, бо забудова ў Тэгеране вельмі шчыльная, і банда «крыкуноў» вольна перамяшчалася з аднаго даху на іншы.
А неяк падчас пратэстаў працаўнікі спецслужбаў абстрэльвалі натоўп з пэйнтбольных стрэльбаў флюарэсцэнтнай фарбай, а потым мудакі ў цывільным адлоўлівалі па ўсім горадзе актывістаў, пазнаючы іх па плямах на адзенні.
Таксама ў горадзе можна да гэтага часу сустрэць зялёныя кляксы ад шарыкаў з фарбай, якія актывісты кідалі ў адміністрацыйныя будынкі. Падчас пратэстаў было забіта шмат маладых людзей, яшчэ больш трапілі ў турмы. Іранскі ўрад не саромеецца адкрываць агонь па пратэстантах. Нашым мянтам яшчэ ёсць куды падаць і чаму вучыцца.
Праз некаторы час Мэхдзі просіць нас з’ехаць з ягонай кватэры з той жа лёгкасцю, з якой запрасіў у госці.
Мы вяртаемся ў арт-парк у надзеі адшукаць каго-небудзь, хто зможа прыняць нас на начлег. Я знаходжу ў баку са смеццем кавалак кардону і пішу на ім чырвоным маркерам «Looking for host». Не паспяваю я дарабіць таблічку, як да мяне падыходзіць хлопец і кажа, што гатовы прыняць нас на ноч. Хлопца завуць Мустафа, ён зусім не вяжа лыка па-англійску і, здаецца, вырашыў прайсціся па парку пад нейкай наркатой. Не магу сказаць, што нам вельмі хочацца жыць у яго, але цікаўнасць грызе, дый выбару асаблівага няма.
Высвятляецца, што Мустафа жыве з мамай і сястрыцай. Першае, пра што я паспяваю падумаць, калі бачу ягоную маму: напэўна, яна байкерша. Жэня са мной пагаджаецца, але мама – не. Яна не мае нічога агульнага з байкамі і наогул – глыбока веруючы чалавек. Мустафа аказваецца годным хлопцам. Ён лепіць музыку на сваім сінтэзатары і малюе ЛСД-шныя карціны. На балконе набіраецца сілаў калекцыя мескалінавых кактусаў.
Наступным днём у тым жа парку я знаёмлюся з Мухамэдам. Яму дваццаць тры, ён верыць у Бога, водзіць Peugeot 206, лабае на народным музычным інструменце «баглама», з якім аб’ездзіў увесь Іран. Мухамэд пагаджаецца паказаць мне вуліцу, дзе хлопцы і дзяўчаты лётаюць на тачках ды знаёмяцца адзін з адным. Тэхналогія стандартная – дзве машыны раўняюцца на трасе, пасажыры вядуць кароткую гутарку, абменьваюцца нумарамі, каб неўзабаве сустрэцца ў адным з гатэляў.
Звесіўшыся з акна аўтамабіля, я раблю фотасэт з момантамі нелегальных знаёмстваў гарачых іранцаў. Раптам машыну даганяе матацыкліст і грубым голасам крычыць прыціснуцца да абочыны. Мухамэд выглядае спалоханым. Кажа, што гэта «басідж», мясцовая сакрэтная паліцыя, нешта накшталт нашых КДБ-шнікаў.
Мы не паспяваем нават рыпнуцца, як у мяне адбіраюць камеру і пашпарт. Вакол машыны тоўпяцца чалавек дзесяць, адзін з іх размаўляе па-англійску. Спачатку здаецца, што ўсё добра, нам кажуць пачакаць пару хвілін, гэта звычайная праверка, але праз пару хвілін просяць усе дакументы ў кіроўцы і кудысьці звальваюць. Пад’язджае пара таніраваных джыпаў з людзьмі ў цывільным. На мяне час ад часу хто-небудзь коса глядзіць. Такое адчуванне, што я тут асноўны шпіён. Нам кажуць прыехаць за докамі праз пару дзён. Я кажу, што нікуды не пайду, пакуль мне не вернуць дакументы і камеру. Мяне ніхто не слухае. Я кажу, што зараз тэлефаную свайму консулу і расказваю, што адбылося. У гэты момант у мазгах прысутных нарэшце нешта замыкаецца, і яны пагаджаюцца вярнуць мне пашпарт і камеру. Забіраюць толькі флэшку з фоціка, папярэдне адшчоўкваюць на яе ж усе мае і Мухамэдавы дакументы. Мне загадваюць чакаць званка ад Мухамэда, якому патэлефануе адзін з «басідж» і прызначыць сустрэчу прыблізна праз пару дзён. Мне страшна. Мандраж трымае аж да наступнай раніцы.
Рэзка ўскакваю сярод ночы, бо хтосьці грукае па тэнце палаткі. Пасля здарэння Мухамэд высадзіў мяне ў тым жа парку, і таму я начую ў намёце. Гляджу на гадзіннік: пятая гадзіна раніцы. Рашуча прашу адысці ад палаткі, але мая шэкспіраўская англійская застаецца непачутай – чалавек звонку губляе цярпенне і пачынае расшпільваць мой тэнт. Гэта зноў паліцыя. Жэстам дубінкі чалавек у форме просіць мяне выйсці. Потым трохі разгублена просіць залезці назад і надзець што-небудзь паверх майткоў. Мой стан можна назваць вельмі патрапаным. Пачынаю неахвотна збіраць сваю крэпасць, але нецярплівы палісмен усё часцей просіць мяне паскорыцца. Я наўмысна збіраюся яшчэ павольней. Афіцэр пачынае трэсці перад маімі вачыма кайданкамі. Я ўсміхаюся і працягваю яму рукі. Выяўляецца, у яго-такі ёсць звіліны – калі ён закуе мяне ў кайданкі, хто ж будзе збіраць рэчы?
Мы рушым у пастарунак паліцыі, дзе афіцэр правярае мае дакументы, просіць прабачэння за ранні візіт і дазваляе вярнуцца назад у парк дасыпаць. У такія моманты я сумую па Грузіі.
Гэтак пройдзе яшчэ тыдзень майго жыцця ў Тэгеране. Нягледзячы на праблемы з паліцыяй, жытлом і грашыма, мяне неверагодна торкае гэты горад. У нас вельмі шмат агульнага з іранскай моладдзю. Ім гэтак жа балюча за сваю радзіму. Ім не зразумела, чаму іх лічаць тэрарыстамі, як нам не зразумела, чаму нас лічаць нязручнай скацінаю. Яны гэтак жа пакутуюць з пашпартамі. Кожны з іх можа распавесці гісторыю пра тое, як адгроб па спіне дубінкай, яны гэтак жа хаваюцца па ўніверсітэтах ад арміі ды ім усім таксама не вядома, што далей.
Я, Нэда і Самір едзем на Каспійскае мора. Іран тут чымсьці нагадвае Грузію, толькі неверагодна брудную і брутальную. Узбочыны і лес заваленыя горамі смецця. Увечары мы ідзём на пляж. Я забягаю ў ваду па пояс. Дзяўчаты пачынаюць крычаць з берага і просяць мяне вярнуцца, бо гэта «very dangerous!». Мне смешна да слёзаў, але яны ўсхваляваныя не на жарт. Да іх падключаецца нейкая групка іранцаў. Баюся, як бы мяне не пачалі ратаваць, і вылажу на бераг. Іранцы, якія падаспелі, цікавяцца, ці не п’яны я. У іх вачах я вельмі рызыкаваў.
Дзяўчатам у Іране дазволена купацца ў публічных месцах толькі ў адзенні, але існуюць і адмысловыя басейны для жанчын, дзе яны могуць плаваць у купальніках. Аказваецца, мае сяброўкі зусім не ўмеюць трымацца на вадзе.
Назаўтра між сёстрамі здараецца сварка. Я прымаю бок Нэды, і мы абое, як Адам і Ева, з ганьбай пакідаем машыну. Я прапаноўваю Нэдзе дабрацца да Тэгерана аўтаспынам. Ці то нам неверагодна шанцуе, ці то ў Іране найлепшы аўтаспын, але хутка мы дабіраемся да сталіцы і, трохі падаўленыя канфліктам, развітваемся адно з адным.
Ізноў я ў парку. Мы з ім парадніліся. Мяне пазнаюць ахоўнікі, дворнікі і працаўнікі шапікаў. Я ведаю ўжо паўсотні чалавек у гэтым горадзе, не ўлічваючы сакрэтнай паліцыі, і мне няма каму патэлефанаваць. Чарговы раз раблю таблічку «Looking for host». Парк пусты – ужо каля дванаццатай гадзіны ночы. Адзіная забаўка – англійска-рускі слоўнік. Адкрываю на першай старонцы і пачынаю чытаць усё запар:
Abandon – пакідаць.
Abrupt – рэзкі, раптоўны.
Absent-minded – рассеяны.
Нарэшце нейкія людзі запрашаюць мяне да сябе ў госці. А другой гадзіне ночы я ўваходжу ў іх кватэру, стомлены і разбіты. Усміхаюся праз сілу, пытаю, дзе душ. Стан ваннага пакоя вельмі трапляе ў настрой – цвіль на столі, брудная шчарбатая кафля, дробныя насякомыя разбягаюцца пад маімі нагамі. Потым мне паказваюць спальнае месца – гэта наскрозь прапылены і прапалены дыван. Напэўна, я раблю нешта не так?
І вось, калі я – вараная бульба, размазаная лыжкай па талерцы, – упершыню за час дарогі думаю пра дом, са мной нарэшце здараецца неверагодная сустрэча. Відаць, упершыню за ўсё падарожжа я сустракаю чалавека, які нагадвае мне мой жа адбітак у люстэрку. Яго клічуць Абцін, яму дваццаць, мы знаёмімся з ім у тым самым парку. Ён запрашае мяне дадому, папярэджвае бацькоў.
У ягонай хаце ўсё гэтак жа, як у маёй, але з іранскім акцэнтам. Я ем тую ж ежу – курыцу з рысам, але з іранскімі спецыямі, мы сядзім на падлозе. У яго пакоі тое самае хлам’ё, што і ў маім: друкарская машынка, піянерскі горн, калекцыя фотакамер, таблічкі з забароннымі знакамі і надпісамі ды іншыя вельмі патрэбныя рэчы. Але машынка – з персідскай клавіятурай, горн – трохі карацейшы за наш, айчынны. Ён вучыцца ва ўніверы мастацтваў. Мы разглядаем яго працы, і я губляю дар мовы. Я знаходжу партрэт свайго бацькі і брата – ды што там, я знаходжу сябе. Я магу распавесці пра кожную дробную дэталь на яго малюнках. Нягледзячы на тое, што ён вельмі дрэнна гаворыць па-англійску, мы размаўляем паўночы аб усіх самых важных для нас рэчах.
Гэтая сустрэча ў корані змяняе маё ўяўленне пра краіну. Да апошняга моманту я жыў сярод іншапланецян, якія не разумеюць мяне, і я не надта спяшаўся разумець іх, але цяпер я сустрэў родную душу, і гэта самае важнае, што я магу сказаць пра Іран.
У кожным падарожжы важна ведаць, як узламаць сістэму. Спецыяльна для цябе Рома будзе запісваць караценечкія лайфхакі. Хто ведае, можа, калісьці яны ўратуюць тваё жыццё.
«Басідж» так і не патэлефанавалі мне – яны проста скралі маю флэху з бясцэнным фотаматэрыялам. Я пражыў у Іране месяц за некалькі даляраў. Я так і не з’ездзіў у Шыраз, пра які плакаў Ясенін, я не бачыў вярблюдаў. Я адчуў іншы Іран, поўны падпольнай музыкі, вечарынак, наркаманаў і гарадскіх фрыкаў. Тэгеран вялікі і хуткі, як Масква – у ім можна знайсці ўсё і ўсё страціць. Тэгеран такі ж маўклівы і замкнёны ў сабе, як Менск – у ім амаль немагчыма сустрэць турыстаў. Я апускаю вочы ў зямлю, калі бачу чарговы патруль у цывільным. Але ўнутры я смяюся, бо ведаю: сіла ў праўдзе, а яшчэ ў веры, рашучасці і маладосці.
Лаўлю вецер на Азербайджан! Падзьмі на поўнач і ты мне дапаможаш!
15 фактаў пра Іран
1. У Іране цяпер 1391 год.
2. Кошты ў крамах разлічваюцца ў туманах, але грашовыя купюры выпускаюцца ў рыялах.
3. Існуе спецыяльная жаночая паліцыя, якая сочыць за правільным нашэннем чадры, стрыманасцю ў адзенні і макіяжы.
4. Здараюцца паказальныя пакаранні праз закідванне камянямі жанчын, якія здрадзілі мужу ў шлюбе.
5. За ўжыванне спіртнога накладаецца штраф і 72 удары бізуном па спіне. За тры залёты – смяротнае пакаранне.
6. Мець дома сабаку забаронена. Калі зловяць – жывёлінку заб’юць, а гаспадару ўлепяць штраф.
7. У мастацтве Ірана гранат – сімвал кахання.
8. Маладыя людзі атрымліваюць замежпашпарт толькі пасля службы ў войску. Гэта не датычыць тых хлопцаў, чые бацькі загінулі пры выкананні ваенных абавязкаў.
9. Калі паліцыя ўбачыць у цябе татуіроўку, то цябе запішуць да лекара, які яе выдаліць.
10. За сталом прынята выкарыстоўваць адначасова лыжку і відэлец незалежна ад стравы.
11. Большасць іранцаў не ўмее плаваць. Жанчынам забаронена плаваць у купальніках, а ў чадры гэта не вельмі зручна. А хлопцы без дзяўчат плаваць не хочуць.
12. Унітазы тут не ў модзе, як і туалетная папера. Замест ўнітаза ва ўсіх дамах і кватэрах устаноўленыя гэткія «санітарныя вуткі», як у старых савецкіх грамадскіх прыбіральнях, а замест паперы – шланг з вадой.
13. Ёсць адмысловыя крамы, у якіх легальна распаўсюджваюцца лёгкія індыйскія наркотыкі.
14. Тут можна пабрацца шлюбам на гадзіну або на месяц. Існуюць спецыяльныя шлюбныя кантракты з лімітам.
15. У Іране я ні разу не бачыў тралейбусаў і трамваяў.
Рома ладзіць сапраўдны top gear па-беларуску – гэтым разам ён спрабуе перасекчы Кітай на старым матацыкле.
Нелегальнае перасячэнне межаў, заматаныя калючым дротам людзі і начны напад коста-рыканскіх бандытаў.
Украінскія пяльмешкі пасярод джунгляў, куля ў горла ад суседскай бабулі і сузіранне свайго ўласнага зачацця.
Людзі, якія жывуць у сценах, сляды ад кулямётных чэргаў і дахалеры бясплатнага сексу.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.