Гульні розуму. Дзённік з псіхлякарні
- 05.02.2019
- 4456
Нам у рэдакцыю даслалі дзённік беларуса, які некалькі тыдняў правёў у псіхіятрычным шпіталі ў рамках медагляду ад ваенкамата – а ў выніку пераасэнсаваў сваё стаўленне да ментальных разладаў. Гэты аповед – выдатны спосаб зразумець, што большасць міфаў пра псіхіятрыю – няпраўда, а павярхоўнае стаўленне да ментальнага здароўя – памылка.
Пару месяцаў таму я выйшаў з псіхіятрычнай бальніцы. Адляжацца там варта было хаця б дзеля такога пафаснага пачатку артыкула. А што? Быць псіхічна здаровым цяпер не модна. Фанаткі Аксімірона з тату «Біпалярачка» на ключыцах і тысячы школьнікаў з песняй «Мама, чаму я хачу памерці» на званку мяне зразумеюць. Поп-культура звар'яцела па вар'ятах, а дэпрэсія стала таварным знакам.
Але лёгка забыцца, што тая ж дэпрэсія – гэта ў першую чаргу хвароба, і ёй пофігу, каго выбіраць. Будзь ты вытанчаны паэт у вязаным шаліку ці звычайны камбайнер, запэцканы гаўном і салідолам, патрапіць можа ў кожнага. А калі патрапіць – будзе не да сумных фота ў інстаграме.
Гэтая простая і банальная на першы погляд ісціна – першае, што я адкрыў, калі апынуўся ва ўтульных кулуарах абласной псіхіятрычнай. Калі шчыра, спачатку свой ваяж на бальнічныя ложкі з раменьчыкамі я таксама ўспрымаў хутчэй як круты экстрэмальны вопыт, якім абавязкова потым трэба будзе пантануцца:
«Летаў ляжаў – і я паляжу. Завяду сабе там які-небудзь трэш-дзённічак пра ўтаймоўныя кашулі ды буяных суседзяў-напалеонаў. А калі мяне там хто-небудзь пакусае – дык гэта ж наогул сок! Выдатны тэкст выйдзе!»
Відавочна, пра жыццё ў «псіхушцы» я ведаў толькі па фільмах і страшылках. Вельмі хутка ўся гэтая стэрэатыпная дурота выпетрылася з маёй галавы. А вось дзённічак, які зафіксаваў працэс перавыхавання, застаўся.
«Я чакаў гнятлівай атмасферы і трэшу, а атрымаў спакой і ціхамірнасць»
Дзень 1
– У неўралагічнае яго, у сёмую палату.
«Шкада, што не ў шостую. Соры, Антон Палыч», – падумаў я.
Са спецыяльнага акенца ў металічнай дзверы ў прыёмны пакой высунулася рука старэйшай медсястры і працягнула мне «згоду на шпіталізацыю». Я будзённа шморгнуў сваю закавыку і аддаў назад. Адчування «пройдзенага Рубікона» не было зусім. Ды і наогул – звычайная такая бальніца, нічога страшнага. Толькі дзверы знутры самому ніяк не адкрыць – патрэбны спецыяльны ключ. І санітары ўсе нейкія ну вельмі здаровыя. Пры іх побач я стараўся выдаваць выключную адэкватнасць.
– Вось ваш ложак. Размяшчайцеся, знаёмцеся з хлопчыкамі. Я зараз прынясу пасцельнае.
Медсястра сышла, пакінуўшы мяне з «хлопчыкамі» сам-насам. Нібы нармальныя. Іду на збліжэнне:
– Здароў, я ...
– Што, таксама ад ваенкамата да нас?
– Ну так ... А вы?
– А мы вось сапраўдныя псіхі, непадробныя.
«Непадробных псіхаў» клікалі Дзіма і Жэня, і нягледзячы на такі эпатажны пачатак, пасябравалі мы досыць хутка. З якімі дыягназамі яны тут ляжаць, з ходу спытаць я неяк не наважыўся. Па-першае, пароды тараканаў у чужых галовах – гэта справа інтымная. Захочуць – самі раскажуць. Па-другое, баяўся пакрыўдзіць. Мы ж ад сілы гадзіну знаёмыя. Падумаюць, быццам я асцерагаюся за сваё жыццё і прамацваю глебу. Хоць па сутнасці так і было. Але Дзіма апярэдзіў усе мае пытанні і адразу ўдакладніў:
– Ды ты не бойся, мы не буйныя. Ды і наогул, мы ж у неўралогіі – тут няма цяжкіх псіхаў, лічы, санаторый.
– А дзе тады цяжкія пражываюць?
«Пры трывожным разладзе ты адчуваеш ірацыянальны страх перад будучыняй, боязь памыліцца і перманентную нянавісць да сябе – не самы прышпільны кактэйль»
Пацаны падвялі мяне да акна і сталі праводзіць віртуальную экскурсію па тэрыторыі бальніцы:
– Ну глядзі: вунь там аддзяленне для алкаголікаў. Сюды ўсе «белачкі» горада збягаюцца. А вунь там суіцыднікі ляжаць. Там зазвычай поўна прыгожых маладых баб, і ва ўсіх як у адной рукі парэзаныя. А вунь там за дрэвамі бачыш будынак? Там цяжкія.
Там – жэсць. Гэта ў нас адносная свабода: гуляй па тэрыторыі, пі пігулачкі, глядзі фільмы і радуйся жыццю. А там «цяпліца з агароднінай». Па руках і нагах павяжуць, усякай дрэнню абколюць – а ты ляжыш, глядзіш на муху на столі. У лепшым выпадку бліжэйшыя тры месяцы. У горшым – да канца жыцця. Хоць ты гэтага нават не ўсведамляеш.
– Хто-небудзь з вас у такім аддзяленні ляжаў?
Дзіма з невялікай ноткай гонару ў голасе тут жа выпаліў:
– Я ляжаў! Праўда, толькі адзін дзень. Я праходзіў тэст у псіхіятра, і ці то настрой быў храновы, ці то мне проста лянота было. Карацей, я на шару галачкі панаставіў. На наступны дзень мне дыягнаставалі перадсуіцыдальны стан і запіхнулі на «страгач». Добра, што ўдалося пераканаць доктара, што я больш-менш адэкватны і мяне трэба тэрмінова вяртаць. Доўга б я там не працягнуў. Так што ты, калі паклічуць тэсты здаваць, пра суіцыд там нават гаворку не завадзі.
Гутарка працягвалася яшчэ пару-тройку хвілін, як раптам адбылася адна з самых сюррэалістычных штук у маім жыцці. Быццам бы падслухаўшы тэму нашай размовы, з даху «аддзялення для суіцыднікаў» раптам сарваўся голуб і на поўнай хуткасці ўрэзаўся ў нашае акно. Тушка птушынага камікадзэ як нежывая звалілася на клумбу, дзе праз пару хвілін яе, яшчэ цёпленькую, пачала жэрці котка. Я адчуў сябе, як у дрэнным рэмэйку фільма «Кропка прызначэння».
Мы з хлопцамі моўчкі пераглянуліся.
– Ну... сардэчна запрашаем, – збянтэжана выціснуў з сябе Дзіма і пайшоў на перакур.
«Дзіму дваццаць шэсць, ён любіць Mindless Self Indulgence, танныя цыгарэты NZ і калі голас у галаве памоўчвае»
Дзень 3-4
Трэці дзень майго знаходжання ў жоўтым доме. Я пачынаю прывыкаць да гэтага месца. Больш за тое – мне тут падабаецца. Я чакаў гнятлівай атмасферы і трэшу, а атрымаў спакой і ціхамірнасць. Тут абсалютна няма чаго рабіць, і гэта ў пэўным сэнсе развязвае рукі: дазваляе табе законна гультаяваць. Ужо трэці дзень я не паруся аб пытаннях, дзе б дастаць грошы, каб не здохнуць з голаду ў наступным месяцы, не злуюся ад таго, што сусед зноў спёр маю зубную пасту, мне да лямпачкі, што камуналка зноў падаражэла, – доктар сказала не хвалявацца па дробязях, вось я і не хвалююся. Дайце мне аранжавую піжаму, і я канчаткова спасцігну дзэн.
Тут настолькі няма чаго рабіць, што нават выйсці папаліць – ужо прыгода. З-за адсутнасці экшэна мозг пачынае выдумляць яго самастойна. Напрыклад, учора я пачаў успрымаць навакольную рэальнасць як нейкі цягучы, бессюжэтны арт-хаусны фільм. І ўсё адразу набыло нейкую форму: незразумелыя бабкі і дзяды, лекары, суседзі па палаце і нават мёртвы голуб пад акном (дакладней тое, што ад яго засталося) – усе яны сталі персанажамі майго кіно.
На ролю антаганіста я выбраў дзіўнага лысага дзеда з суседняй палаты па мянушцы Фантамас. Хоць, хутчэй, гэта ён абраў мяне. Толькі пакуль не разумею чаму. Кожны раз, калі мы сустракаемся з Фантамасам, ён пачынае неадрыўна на мяне тарашчыцца. Не міргаючы, не звяртаючы ўвагі на тое, што я яго бачу, не адказваючы на якія-небудзь сігналы – проста прапальвае мне душу сваімі бледна-сінімі гузікамі, быццам прадумваючы нейкі падступны план. Аднойчы, прачнуўшыся ў сваёй палаце, я выявіў, што ён стаіць прама ля майго ложку. Па ўсіх канонах фільмаў жахаў. Фармальна ён зайшоў стрэльнуць у Дзімы цыгарэту, «забалбатаўся» і застаўся на паўгадзіны, але ж мы з ім ведаем, навошта ён прыходзіў.
Ролю «хлопца, які памрэ першым» грае Чорны. Кхе ... Гучыць, як стэрэатыпны расісцкі жарт, але справа ў тым, што ніхто і праўда не ведае, як завуць гэтага барадатага хлопца. Мы называем яго «Чорны» выключна ў гонар яго спартыўнага касцюма. Яго класічны «адзік» па колеры цямнейшы за задумы Фантамаса. Гэты чувак, здаецца, быў самым вялікім псіхам з нашай кампаніі. Пры ўсіх спробах дакучлівай дружалюбнасці Чорны на падсвядомым узроўні выклікаў ва ўсіх пачуццё трывогі, калі заходзіў у памяшканне. У першую чаргу, таму што ён праводзіў у кабінеце псіхіятра больш часу, чым усе астатнія пацыенты разам узятыя, і пры гэтым сам не мог толкам растлумачыць, на што ж ён хварэе.
Чорны любіў на нешта заліпаць. Ён мог спыніцца пасярод размовы і пачаць пільна разглядаць чыюсьці куртку хвілін дзесяць, не кажучы пры гэтым ні слова. Аднойчы Чорны паўдня прасядзеў на краі свайго ложка і тупа глядзеў перад сабою на сцяну насупраць. Я доўга стаяў побач з ім, спрабуючы пераканацца, што ён хоць бы лыпае, але ў мяне не атрымалася падлавіць гэты момант. Мне было шкада Чорнага, я заўсёды дзяліўся з ім цыгарэтамі і пячэнькамі, але ў барацьбе супраць падступнага Фантамаса ў яго не было ніякіх шанцаў. Ён бы заліп на што-небудзь бліскучае прама пасярод жорсткай пагоні, і лысы дзед з'еў бы яго з трыбухамі.
«Кожны раз у метро, калі прыбывае цягнік, у галаве свярбіць пытанне: “А што, калі?” Хіба так не ва ўсіх? Хіба гэта не нармальна? Вось тут, мабыць, трэба схлусіць»
За саўндтрэк у маім блокбастары адказвае суседка знізу aka Селін Іванаўна Дыён. У гэтай цёткі на першы погляд самы пацешны зрух у нашым аддзяленні. Яна вельмі любіць тры рэчы: караоке, пунктуальнасць і Анжаліку Агурбаш. Таму кожны дзень роўна ў 14:00 па ўсім калідоры пачынае разносіцца надрывіста: «Я буду жить за тебя-а-а! Обещаю-у-у!» Мы з суседзямі звяраем па ёй гадзіннік. Канцэрт пачынаецца роўна ў два, ні секундай пазней. Падчас дзённага сну я ніколі не ставіў будзільнік. А навошта? Яго я заўсёды магу выключыць, а вось над песняй Агурбаш не маю ніякай улады.
Гэта было жудасна смешна, пакуль я не зразумеў, што ў Селін Іванаўны абсэсіўна-кампульсіўны разлад. Гэта тлумачыць і яе звышпунктуальнасць, і наяўнасць дзіўных рытуалаў, і звычку мыць рукі сродкамі для мыцця, што літаральна раз'ядае яе далоні. АКР прыносіць моцныя пакуты свайму носьбіту, хоць і здаецца збоку вельмі бяскрыўдным і нават карысным зрухам. Быць пунктуальны і ахайным – ды гэта ж проста выдатна! Але не калі ты лічыш, колькі разоў ты правёў зубной шчоткай па зубах і ідзеш у душ кожны раз, калі проста ўбачыш здалёку каго-небудзь, хто здасца табе брудным. Паабяцаў сабе больш не смяяцца з Селін.
Ну і засталіся толькі галоўныя героі. Тры «псіхшкецёры» з трывожным разладам з сёмай палаты: Дзімос, Жэньдос і Журналіст. Сумесныя прагляды «Манкі Даст» па начах употай ад медсясцёр і агульная нянавісць да мясцовай дрэннай ежы (медсёстры просяць называць яе «дыетычнай», але мы ўсё ж лічым за лепшае тэрмін «дрэнная») нас някепска зблізілі. Разам мы павінны былі не даць Фантамасу мяне згвалціць, а таксама выканаць свае сольныя геройскія місіі.
Дзіма павінен вылечыцца і вярнуць сабе дзяўчыну. Дзіму дваццаць шэсць, ён любіць Mindless Self Indulgence, танныя цыгарэты NZ і калі голас у галаве памоўчвае. У шпіталі ён ужо не ў першы раз, кажа, што перыядычна сам кладзецца ў стацыянар, калі разумее, што ўзровень самабічавання пачынае шкаліць. Пры трывожным разладзе ты адчуваеш ірацыянальны страх перад будучыняй, боязь памыліцца і перманентную нянавісць да сябе – не самы прышпільны кактэйль. Крыху дапамагае алкаголь, але з ім Дзіма ўжо падвязаў, таму што ў гэтага спосабу таксама ёсць свае мінусы. Шнары на руцэ, якой ён у парыве прыступу разбіў шкляныя дзверы, – маўклівае таму сведчанне.
Жэня – просты, добры хлопец, чыё фота выдатна б падышло ў якасці ілюстрацыі да артыкула «сельскі аўтамеханік» у Вікіпедыі. Вечна адмочвае коры, працавіты мужчына ў кепцы і з цыгаркаю ў зубах. З тых, хто, не будучы асаблівым прыгажуном, прымудраўся быць першым хлопцам на вёсцы. Сольная місія ў Жэні была адпаведная – закадрыць сімпатычную лабарантку, якая бярэ ў нас кроў на аналізы. Пакуль ён з ёй спраўляецца нават з апярэджаннем графіка – разочак ён ужо нават стрэльнуў у мяне прэзерватыў. Праўда, раніцай, засмучаны, вярнуў яго назад.
Ну і я. А што я – заўтра ў мяне пачынаюцца абследаванні. Трэба прадумаць, што казаць. Вытрымаць баланс: каб мяне ўсё-такі прызналі непрыдатным у войска, але пры гэтым не замкнулі ў аддзяленні больш жорсткія. Ды і нядрэнна было б даведацца, што са мной на самай справе – не проста ж так я пстрыкаю «Фенібут» як цукеркі M&M's. Але гэта потым, а пакуль трэба ісці спаць – святло ўжо выключылі. Спадзяюся, Фантамас ноччу не прыйдзе.
Дзень 7-8
Сёння ў мяне дзень псіхалагічных тэстаў. Тых самых, якія Дзіма на сваю бяду разочак запоўніў на шару. Я на гэтыя граблі наступаць не намераны – зварочвайце ўтаймавальныя кашулі. Дарэчы, пра іх: ні разу не бачыў ні адной за тыдзень знаходжання ў бальніцы. Вырашыў загугліць.
Аказваецца, у Беларусі ўтаймавальныя кашулі ўжо даўно выйшлі з моды. Мы ў ліку краін, якія практычна адмовіліся ад іх выкарыстання, разам з Вялікабрытаніяй, Індыяй і Сінгапурам. Але гэта не значыць, што мы такія гуманныя і перадавыя. У нашым выпадку справа ў матэрыяльным стане бальніц. Звычайныя вязкі (эластычныя стужкі, якімі звязваюць канцавіны хворых. – заўв. 34mag) абыходзяцца ім куды танней.
У нашым аддзяленні ёсць штатны псіхолаг, але мяне чамусьці павялі ў галоўны корпус. Тут я злёгку напружыўся. Ці гэты псіхолаг вышэйшы званнем, ці вынікі мінулых абследаванняў паказалі, што я рэальна паехаў.
Быццам ілжывая трывога – сядзім з іншымі ваенкаматчыкамі ля кабінета і чакаем доктара. Цяпер яна занятая тым, што спрабуе расшыфраваць бязладнае трызненне нейкага дзядка з шызафазіяй, а потым прымецца за нас. Нават неяк няёмка яе адцягваць.
Вось і запаветныя тэсты. Дастаем асадкі, падвойныя аркушыкі, ставім лічбачкі. Пытанняў нямераная колькасць, сядзім ужо больш за гадзіну. Сярод іх шмат асабістага. Ад стасункаў з бацькамі да падрабязнасцяў інтымнага жыцця. Стараюся нідзе не хлусіць, але ў галаве сядзіць думка пра тое, што крок не туды можа завесці мяне ў «агародніннае аддзяленне». Што прыводзіць да ўнутраных супярэчнасцяў.
«Ці адчувалі вы калі-небудзь ірацыянальнае жаданне смерці?» У сэнсе? Ды кожны раз у метро, калі прыбывае цягнік, у галаве свярбіць пытанне: «А што, калі?» Хіба так не ва ўсіх? Хіба гэта не нармальна? Вось тут, мабыць, трэба схлусіць.
«“Ну нічога, у войску пабегаеш кросы з аўтаматам – і ўсё пройдзе”. Боязь такой рэакцыі – адна з галоўных прычын, чаму я не звяртаўся да псіхатэрапеўтаў раней»
Не лічыў, колькі было такіх «схлусіць», але выйшаў я ад псіхолага даволі прыгнечаным.
– Ну што?
Дзіма сустрэў мяне ў курылцы пад нашым корпусам. Стрэльнуў у яго цыгарэту, глыбока зацягнуўся:
– Нічога, усё нармальна.
– Шмат новага пра сябе даведаўся?
Я прамаўчаў.
У гэты момант Фантамас, які курыў на лавачцы крыху наводдаль нас, вырашыў усё-такі «не засцаць і пазнаёміцца»:
– Дайце цыгарэту.
Дзіма моўчкі працягнуў пачак. Я стараўся не падаваць віду, але ўнутры быў ужо злёгку на здрадзе. Дзед закурыў, працягваючы свідраваць сваім светла-блакітным позіркам мой бледна-зялёны пасля псіхолага твар, і... пачаў гучна і працягла пярдзець. Ведаю, магчыма, гэта не вельмі прыемна, але адчуйце праўду жыцця: я бачыў гэта жыўцом, мне было больш балюча. Не адрываючы ад мяне вачэй, з выглядам, быццам нічога не адбываецца, Фантамас скончыў сваю брудную справу, кінуў цыгарэту і пайшоў у аддзяленне.
– І ўсё? – збянтэжана сказаў я. – Гэта і быў фінальны бой? Я наогул прайграў або выйграў – хто-небудзь мне растлумачыць, што гэта было?
Дзіма быў прыкладна ў такім жа шоку. Рэшту сваіх цыгарэт мы дакурылі моўчкі. Дзед-Фантамас больш не даймаў мяне да самай выпіскі. Калі гэты перформанс і быў яго асабістым фетышам, то я, мабыць, павінен адчуваць сябе брудным i выкарыстаным. Але нічога, акрамя пачуцця недаказанасці, я не адчуваў.
«Я да гэтага часу баюся зазірнуць унутр сваёй галавы і знайсці там нешта сур'ёзнае»
Дзень 12
На выходныя мяне адпусцілі дадому. Большага шчасця ад таго, што мяне выпусцілі назад у соцыум, я не зведаю ўжо, спадзяюся, ніколі. Я крочыў па цэнтральных плошчах свайго горада пад Red Hot Chili Peppers, з вар'яцкай усмешкай, што разрывала твар напалову, нібы Добі, якому паабяцалі свабоду.
Сёння, па запэўненнях загадчыцы аддзяленнем, павінен надысці дзень маёй выпіскі. Раней яна казала, што павышаны ўзровень трывожнасці пацвердзіўся. Але, пакуль я адпачываў і ўдосталь хмельна раскашаваў не «дыетычнай» ежай дома, з'явіўся адзін маленькі нюанс. У адным са сваіх крайніх інтэрв'ю Аляксандр Рыгоравіч упэўнена заявіў нешта накшталт «хто не служыў – не мужык» і «нешта ў нас занадта шмат хто косіць – трэба з гэтым штосьці рабіць». Пасля гэтага я практычна не сумняваўся ў тым, што пайду з аддзялення з пустымі рукамі.
Так і здарылася. З каментаром: «Тэсты ў вас сумнеўныя, вядома, – я б параіла вам легчы да нас пасля войска», – мне ўручылі паперку, дзе нічога, акрамя «знаходзіўся на абследаванні з такога па такое», напісана не было. Тая ж самая паперка чакала і ўсіх іншых ваенкаматчыкаў, што ляжалі са мной.
На камісіі па пацвярджэнні дыягназу нейкі дзядзька, ці то правяраючы мяне, ці то проста таму што ён мудак, на мае скаргі адказаў: «Ну нічога, у войску пабегаеш кросы з аўтаматам – і ўсё пройдзе». Боязь такой рэакцыі – адна з галоўных прычын, чаму я не звяртаўся да псіхатэрапеўтаў раней.
Рэчы сабраныя, развітваюся з хлопцамі. Ім яшчэ ляжаць тут мінімум два тыдні кожнаму. Абмяняліся кантактамі з Дзімам, дамовіліся сустрэцца на волі, калі яго заезд у «санаторый» таксама скончыцца. Абняліся і сфоткаліся на развітанне на фоне галоўнага ўвахода ў бальніцу.
Больш мы не бачыліся і не спісваліся. Даволі часта кажу сабе, што трэба было б (і, магчыма, пасля гэтага матэрыялу ўсё-ткі напішу, у парыве настальгіі), але вечна адкладаю на потым. І я ведаю чаму. Баюся, што сустрэча з такім вось незвычайным таварышам нагадае мне пра мае ўласныя праблемы.
За дванаццаць дзён у бальніцы я пазбавіўся ад многіх стэрэатыпаў. Ад агіднага напышлівага падзелу на «я» і «яны» (пацыенты). Ад ірацыянальнага страху перад лекарамі-мазгаправамі. Я пераканаўся, што псіхіятрыя, нягледзячы на сваю неадчувальнасць, – вельмі дакладная навука, якой можна давяраць. Але я да гэтага часу баюся зазірнуць унутр сваёй галавы і знайсці там нешта сур'ёзнае.
І мяне самога ад гэтага ванітуе. Нягледзячы на дзіўную моду, пра якую я казаў у пачатку тэксту, мы ўсё яшчэ стыгматызуем псіхічныя захворванні. Дэпрэсію нашы бацькі за хваробу не лічаць («Ды што ты ныеш – усім бывае сумна!»). А ад усяго, што мацней, – шарахаюцца. І не станеш жа тлумачыць кожнаму сустрэчнаму, што гэта не так страшна, што з гэтым можна жыць, што галоўнае прымаць таблеткі і назірацца ў лекара. Цябе аўтаматычна запісваюць у ізгоі, варта камусьці прагаварыцца.
І мы баімся, запускаючы свае зрухі, якія можна было б вылечыць або паспяхова трымаць пад кантролем, калі своечасова звярнуцца па дапамогу.
Мы павінны змяніць само стаўленне да ментальных захворванняў – яны нічым не адрозніваюцца ад любых іншых. Проста свядомасць нельга памацаць, у адрозненне ад уздуцця жывата або зламанай рукі.
Клапаціцеся пра сваю кукулю, сябры, і тады ў яе будзе менш прычын ад вас уляцець. А я пайду ўсё ж такі пазваню свайму братану з сёмай палаты.