«Прастора КХ» запрашае на пандэмічныя размовы пра культуру
- Рубрыка: УЛОЎ
- 06.05.2020
- 5122
Брэсцкая незалежная культурная «Прастора КХ» распачынае новы праект #пандэмічныя_размовы, каб разабрацца, як каранавірус змяняе жыццё ва ўсіх сферах.
У праект будуць запрашаць экспертаў з розных абласцей і размаўляць пра тое, што для іх і для нас змянілася з COVID-19. Сустрэчы будуць праходзіць у Zoom у фармаце гутаркі, ва ўдзельнікаў будзе магчымасць каментаваць і задаваць свае пытанні па тэме.
Першая сустрэча адбудзецца 7 траўня ў 19.00 і будзе прысвечаная тэатру – эксперты абмяркуюць, што цяпер адбываецца ў тэатральным свеце і як ён зменіцца пасля пандэміі. Як тэатральная супольнасць зрэагавала на сітуацыю? Як тэатр сёння спрабуе перайсці ў анлайн-фармат? Што чакае самае кантактнае мастацтва ў будучыні?
У гутарцы прымуць удзел Аксана Гайко – рэжысёрка і актрыса тэатра «Крылы халопа», Таня Арцімовіч – даследчыца і куратарка, і Андрэй Масквін – даследчык, які займаецца праблемамі славянскай драматургіі і тэатра.
Каб наведаць мерапрыемства, запоўні анкету – за гадзіну да сустрэчы табе прыйдзе спасылка на відэаканферэнцыю ў сэрвісе Zoom. Мерапрыемства даступнае для людзей з парушэннямі слыху – будзе арганізаваны пераклад на рускую мову жэстаў.