31616 2

Гайд па музеях

Думаеш, што, апроч Нацыянальнага музею, няма больш ніякіх, вартых наведвання? Ці што ў тваім горадзе ёсць толькі краязнаўчыя, па якіх і так зацягалі ў дзяцінстве клапатлівыя настаўнікі гісторыі? Спяшаемся цябе пераканаць у адваротным − і ў нас ёсць на што глядзець разявіўшы рот. Матыса і Муху не абяцаем, а працы Язэпа Драздовіча, яйкі Фабэржэ, рукапісныя кнігі стараабрадцаў ды Тору − лёгка.

 

Музей гісторыі ды культуры габрэяў у Беларусі

(Менск, вул. Харужай 28)

Габрэі з’явіліся ў Беларусі 600 гадоў таму. На жаль, цяпер амаль што не засталося звестак пра тое, што калісьці ўсе беларускія гарады ды мястэчкі як мінімум напалову былі габрэйскія. У музеі беларускага габрэйства сцвярджаецца, што ў Беларусі да пачатку Другой сусветнай вайны адную дзясятую (ці 1 млн) усёй колькасці насельніцтва складалі габрэі.

Музей гісторыі ды культуры габрэяў у Беларусі − гэта і ёсць адзін з тых нешматлікіх сведкаў існавання калісьці магутнай этнічнай групоўкі. Уся экспазіцыя цалкам сабраная намаганнямі грамадскасці: экспанаты перадаваліся і працягваюць перадавацца неабыякавымі людзьмі цягам усяго існавання музею – з 2002 г. Дзякуючы ім, наведнікі музею могуць пабачыць, як жылі габрэі на мяжы стагоддзяў. Яшчэ адзін прыемны бонус − уваход у музей бясплатны. Праўда, спачатку давядзеццца запісацца.

Кантакты:
Телефон: +375 17 286-79-61

 

 

Карпаратыўны музей «Аліварыі»

(Менск, вул. Кісялева 30)

Карпаратыўны музей «Аліварыі» мае не зусім відавочную, але ўсё ж такі сувязь з папярэднім музеем. Справа ў тым, што бровар «Аліварыя» заснавала габрэйка Рохля Фрумкіна, калі яна засталася без мужа і сродкаў да існавання. Ёй, дарэчы, прысвечанае асобнае месца ў экспазіцыі Музею гісторыі габрэяў.

А ў карпаратыўным музеі «Аліварыі» можна паглядзець, як жа змянілася тэхналогія выраблення піва за 150 г. Адразу адказваем на галоўнае пытанне: так, у наведнікаў будзе магчымасць прадэгуставаць піва. Прычым зрабіць гэта можна будзе так, нібыта ты сапраўдны піўны самелье.

Кантакты:
Сайт
VK
Тэлефон: +375 29 500-17-55

 

 

Музей старажытнабеларускай культуры

(Менск, вул. Сурганава 1к. 2)

Невялічкі дзяржаўны музей на базе Акадэміі навук вылучаецца сваёй цікавай калекцыяй народных строяў, паясоў, іконаў ды іншых культурніцкіх рэчаў. Калі хочаш даведацца, як развівалася мастацтва і рамёствы ў Беларусі ад старажытнасці да сучаснасці, трэба ісці сюды. Тут захоўваецца самая вялікая ў краіне калекцыя іконаў, мастацкіх тканінаў, народных строяў, побытавай керамікі ды яшчэ дахалеры іншых рэчаў.

Калі табе заўсёды было цікава, чым ручнікі Гарадзеншчыны адрозніваюцца ад ручнікоў Палесся, − рухай у гэты музей. Уваход вольны, але паводле папярэдняга запісу.

Кантакты:
Сайт
Тэлефон: + 375 17 284-18-82

 

 

Музей ашчаднай справы «Беларусбанку»

(Менск, пр-т. Дзяржынскага 18)

Карпаратыўны музей «Беларусбанку» распавядае, як развівалася банкаўская справа ў Беларусі ад першых ашчадных касаў у сярэдзіне XIX ст. да сучасных банкаматаў. Ці ведаў ты, што Янка Купала быў першы беларус, які размясціў у савецкай ашчаднай касе дэпазіт? Самы першы банкамат, які дагэтуль дзее і захоўваецца ў музеі, выдае замест купюраў банкноту з выяваю народнага паэта.

Калі табе ўсё жыццё было цікава, як развіваўся «Беларусбанк» пад кіраўніцтвам спадарыні Ермаковай, якія ўзнагароды ад замежных партнераў і беларускага ўраду мае ды як гуляе банкаўская хакейная каманда, − ўэлкам.

Кантакты:
Тэлефон: +375 17 309-05-96

 

 

Веткаўскі музей стараабрадніцтва

(г. Ветка, Чырвоная плошча 5)

Горад Ветка быў заснаваны ў 1682 ці 1685 г. − звесткі ў летапісах адрозніваюцца − стараабрадцамі, якія беглі з Расіі. І да сёння гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе назіраецца вялікая канцэнтрацыя прадстаўнікоў гэтай рэлігійнай плыні. Яны так і жылі сваім абмежаваным колам і развівалі сваю адметную культуру, якая цяпер вабіць мастацтвазнаўцаў. Менавіта веткаўскія стараабрадцы былі адзіныя, хто да 30-ых гг. ХХ ст. ствараў рукапісныя кнігі.

Экспазіцыя веткаўскага музею збольшага прысвечаная ўнікальнаму стараабрадніцкаму мастацтву: там можна пабачыць іконы, вышыўку, ручнікі ды нават рытуальны абрад «Свяча». Раз на год грамадскую ікону і свечку пераносілі з адной хаты да іншай, дзе яна і стаяла да наступнага года. Навукоўцы бачаць у гэтым сумесь старажытнага культу радавога агню і хрысціянства. Таксама тут ёсць некалькі сотняў рукапісных і друкаваных кніг, некаторыя з якіх датаваныя нават XVI ст., залачоныя рэзаныя з ліпы бажніцы і шмат іншых цікавостак.

Кантакты:
Сайт
FB
Тэлефон: + 375 2330 2-26-70

 

 

Іўеўскі музей нацыянальных культураў

(г. Іўе, вул. 17 верасня д. 9)

Іўе славутае тым, што менавіта ў гэтым мястэчку спрадвечна мірна жылі прадстаўнікі трох рэлігіяў: хрысціяне, іўдзеі ды мусульмане. Таму ўся экспазіцыя падзеленая на тэматычныя часткі. Цікавіць жыццё татараў − у адмысловым раздзеле можна пабачыць свяшчэнныя кнігі, прадмет культу ды іншыя прадметы: жырандолі, мінарэты, мугіры.

Калі хочаш больш даведацца пра гісторыю габрэяў − у музеі ёсць і Тора, і ханукальныя свечкі, і стравы да Вялікадня. Апроч гэтага, тут выстаўленыя экспанаты з гісторыі Іўеўскага краю.

Кантакты:
Сайт
FB
Тэлефон: + 375 01595 2-68-96

 

 

Дзіцячы музей у Полацку

(г. Полацк, Ніжне-Пакроўская 46)

Унікальны музей, якому няма адпаведнікаў у Беларусі. Галоўная яго мэта, як сцвярджаюць працаўнікі, − развіваць дзіця, паказваць яму розныя бакі свету. У музеі можна даведацца, як функцыянуюць базавыя законы фізікі ды хіміі. Тут не дзее правіла «экспанаты нельга кранаць рукамі». Наадварот − усё можна і трэба чапаць, бо толькі так магчыма даведацца, як уладкаваны навакольны свет.

Кантакты:
VK
Тэлефон: + 375 214 42-45-58

 

 

Аптэка-музей у Горадні

(Горадня, плошча Савецкая 4)

Самая старая аптэка Горадні – гэта яшчэ і музей. Размяшчаецца яна ў будынку, які пабудавалі ў 1687 г., у кляштары езуітаў, для якіх і працавала аптэка.

Усяго ў зале каля тысячы экспанатаў, а ў фондах захоўваецца прыкладна ў два разы болей. Збіралі экспазіцыю ўсім светам. З цікавых экспанатаў − асабісты гербарый Ажэшкі стогадовай даўніны, судзіна ды ступка XVIII ст., вырабленыя на адной з Гарадзенскіх фабрык. Музей працуе без выходных, а яшчэ там бяслатны ўваход, так што варта наведаць.

Кантакты:
Сайт
Тэлефон: +372 0152 74-00-81

 

 

Германавіцкі музей культуры і побыту

(Віцебская вобл., Шаркаўшчынскі раён, в. Германавічы, вул. Школьная 20)

Германавічы – гэта невялічкая вёска ў Шаркаўшчынскім раёне. А вядомая яна тым, што менавіта тут нарадзіўся Язэп Драздовіч, чалавек, які распачаў тэму космапалітызму ў беларускім мастацтве. Музейныя працаўнікі сцвярджаюць, што галоўная задача музею – вярнуць постаць Драздовіча ў сучаснае беларускае мастацтва. Увесь другі паверх музею прысвечаны творчасці мастака.

Таксама тут можна пабачыць разнастайныя прылады для народных вырабаў, паглядзець, як выраблялі вопратку 100 гадоў таму, а пасля экскурсіі пашпацыраваць па гэтай прывабнай вёсцы.

Кантакты:
Сайт
Тэлефон:  +375 02154 3-92-93

 

 

Музей анамаліяў чалавечага цела

(Горадня, вул. Карла Маркса 1)

У Беларусі таксама ёсць свая ўласная кунсткамера. І размяшчаецца яна ў самым цэнтры Горадні. Мясцовы музей анамаліяў чалавечага цела працуе на базе Гарадзенскага меду.

Дзве залы распавядаюць пра разнастайныя цікавосткі, якія могуць здарыцца з нашым целам. Аматар паглядзець на зародкаў сіямскіх блізнятаў ці заўсёды хацелася даведацца, чым ныркі курыльшчыка адрозніваюцца ад нырак здаровага чалавека? Табе сюды.

Кантакты:
Тэлефон: +375 0152 72-13-78

 

 

Строчыцы ці Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту

(Менскі раён, вёска Азярцо)

А гэты музей імітуе беларускія вёскі розных рэгіёнаў: Паазер’я, Падняпроўя ды Цэнтральнай Беларусі. Ён займае вялікую тэрыторыю, настолькі вялікую, што цалкам экскурсію па ўсіх трох сектарах можа вытрымаць зусім не кожны наведнік.

Перад Першаю сусветнай была першая спроба стварыць такі музей, але планы не здолелі ажыццявіцца.

У Строчыцах можна паглядзець, як адрозніваюцца беларускія хаты ў залежнасці ад рэгіёну. Напрыклад, асаблівасць Цэнтральнай Беларусі – тое, што ўсе хаты былі на адной лініі блізка адна ад адной, а на Паазер’і цікавыя формы дахаў.

Экскурсаводы з задавальненнем распавядуць і пра незвычайныя беларускія старадаўнія звычаі. Напрыклад, раней, калі дзяўчыне было 20 гадоў і яна яшчэ была не замужам, то бацька браў яе на калёсы і ездзіў па вёсцы з крыкам «Каму паспялуху?!». Яшчэ кожная дзяўчына мусіла да моманту вяселля зрабіць сабе пасаг, бо інакш яна лічылася не здатнай быць гаспадыняй і, адпаведна, шанцы на шлюб значна памяншаліся. А вы кажаце, што фемінізм не патрэбны.

Кантакты:
Сайт
VK
FB
Тэлефон: +375 17 209-41-63

 

 

Музей выратаваных мастацкіх каштоўнасцяў

(г. Берасце, вул.Леніна 39)

Такі музей мог з’явіцца толькі ў Берасці, бо ўсе экспанаты, якія там выстаўляюцца, былі сканфіскаваныя берасцейскімі мытнікамі пры спробе незаконнага правозу прадметаў мастацтва і антыкварыяту.

Берасцейскі музей выратаваныя мастацкіх каштоўнасцяў – філіял Берасцейскага абласнога краязнаўчага музею. А сканфіскавалі шмат чаго, бо экспазіцыя музею займае ажно 10 залаў.

Тут можна пабачыць яйкі Фабэржэ, унікальную калекцыю рускіх абразоў, кітайскія вазы, унікальную мэблю і шмат-шмат чаго іншага. Ну, і для дадатковай асалоды – адная з залаў прапаноўвае больш блізка пазнаёміцца з дзейнасцю беларускай мытні, намаганнямі якой быў створаны гэты музей.

Кантакты:
Сайт
Тэлефон: +375 162 20-41-95

 

Тэкст by Sokol_mlody


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (2)
ava

Alina Radačynskaja 18-05-2016, 16:57

Пра Полацк варта было б яшчэ згадаць карцінную галерэю мясцовую, там класная калекцыя беларускага жывапісу 20-га стагоддзя, з арыгіналамі Язэпа Драздовіча, напрыклад

Адказаць
ava

Alexei Lesin 20-05-2016, 11:04

Спасибо, очень интересный гайд. Схоронил, как говорится.

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.