Тамара «Мечты»
- 21.03.2018
- 10293
Адзін з нязменных складнікаў любога маштабнага менскага рэйву – прыбіральшчыца Тамара, якая лётае па залах і непрыкметна ачышчае прастору ад наступстваў весялосці людзей. Мы заўважылі яе на нядаўнім дні нараджэння «Мечты» і вырашылі распытаць пра асаблівасці сучаснай моладзі і правілы этыкету. Успомні пра Тамару на наступнай вечарыне перад тым, як кінуць бутэльку на танцпляцы і папісаць у ракавіну!
Біяграфія Тамары
Я мінчанка, вучылася завочна ў політэхнічным універсітэце (цяпер БНТУ. – заўв. 34mag), па спецыяльнасці – энергетык. Працавала на электратэхнічным заводзе, на заводзе Леніна, 12 гадоў у ЖРЭА і 22 гады ў гарвыканкаме ў аддзеле энергетыкі – там я нажыла сабе язву. Вельмі адказная і малааплатная праца была.
У 17 гадоў я пачала працаваць, у 19 выйшла замуж, у 20 стала мамай. Я рана скончыла тусавацца, таму цяпер наганяю (усміхаецца). Мне 61.
Шлюб не ўдаўся, дачку выхоўвала адна з таго часу, як ёй споўнілася 13. Цяпер у мяне ёсць унук і бойфрэнд.
Бацькі цяжка хварэлі: маме адрэзалі нагу з-за цукровага дыябету, і апошнія пяць гадоў яе жыцця трэба было за ёй даглядаць. У бацькі быў рак галаўнога мозгу – за ім таксама трэба было прыглядаць у бальніцы.
Па жыцці было шмат праблем, але я заўсёды заставалася аптымісткай. Думаю, справа ў характары і тэмпераменце. Яшчэ я Вадаліў, а Вадалівы заўсёды жывуць не для сябе, а для кагосьці.
Па той бок вечарынак
Калі пайшла на пенсію, то вырашыла: дома сядзець не буду, але і адказнай працы больш не хачу. Ужо прыкладна два-тры гады я дапамагаю прыбіраць розныя прасторы пасля вечарынак. Часцей за ўсё гэта адбываецца ў «Верху».
Цяпер адчуваю амаладжэнне: я ўвесь час на пазітыве, у добрым настроі. Галава адпачывае.
Я падсілкоўваюся энергетыкай моладзі, пастаянна знаходжуся ў тонусе. У пачатку вечарынак адчуваю сябе вельмі бадзёра, але да канца стамляюся, вядома. Я ж працую, а не адпачываю. Мая задача – зрабіць так, каб гледачам было камфортна.
Я ніколі не баялася ніякай працы. І пасля гарвыканкама, які здаваўся Белым домам, пайшла працаваць з анучай. Страшна не было. Магчыма, мне было прасцей з-за таго, што мае бацькі не з інтэлігенцыі: бацька быў вадзіцелем, маці працавала прыбіральшчыцай у краме, і я ёй часам дапамагала.
«Моладзь не паганая. Хто так гаворыць, проста стары. Моладзь ёсць моладзь»
Я прыбіраю кожны дзень, часам нават без выходных. Аднойчы трое сутак не выходзіла з «Верху»: тады былі і дзённыя мерапрыемствы, і начныя. Памятаю, днём была прэзентацыя аднаго энергетычнага напою, але я тады не ведала, што гэта. Проста піла яго суткамі, як ліманад, а потым тыдзень не магла заснуць.
Кантралёркай у аўтобусе я б ніколі не пайшла. Якія б грошы ні прапаноўвалі. Для мяне гэта самая прыніжальная праца. Не магу дастаўляць людзям непрыемнасці.
Я заўсёды была энергічнай – магчыма, таму цяпер і не сядзіцца дома. Яшчэ ў басейн хаджу.
Не люблю мяняць калектывы – вельмі да іх прывыкаю. Таму цяпер цяжка будзе: падобна, «Верх» хутка закрыецца. Сам «Гарызонт» разваліў гэтае месца, загнаў у даўгі арганізатараў: калі яны своечасова не плацілі за электрычнасць, ім тут жа адключалі святло. Крыўдна, бо хлопцы толькі-толькі прывялі «Верх» у ідэальны стан.
Маладосць Тамары
Я таксама любіла «вечары». Мы з сябрамі хадзілі на моладзевыя танцы, але яны былі іншыя: на дыскатэках танцавалі ў парах. Мы і знаёміліся менавіта тады, а потым маглі працягнуць зносіны.
У часы маёй маладосці ў нас не было алкаголю на танцах. Так, хтосьці мог выпіць загадзя, але ў маёй кампаніі гэта не практыкавалася. Так, маглі папаліць дзе-небудзь за вуглом. Але немагчыма ўявіць, што дзяўчына піла і паліла б прама на танцах.
У нас былі такія месцы для вечарынак: адкрытая пляцоўка на Трактарным, Парк Чалюскінцаў, барак на месцы былога завода сілікатных вырабаў, Аўтазаводская, Дом афіцэраў – але туды прыходзілі «патрыманыя» таварышы. Мы нават у Мачулішчы ездзілі, каб пазнаёміцца з лётчыкамі.
Не магу сказаць, што я была хуліганкай. Праўда, у 17 гадоў паехала дзікуном у Ялту. На танцы хадзіла ўжо ў 9 класе.
Аднойчы я трапіла ў міліцыю – мы з калегамі неяк збіраліся выпіць на тэрыторыі дзіцячага садка. Мы нават не паспелі адкрыць віно, як прыехалі міліцыянты. Забралі нас у пастарунак, сфатаграфавалі ў фас і профіль. У выніку ўсё абышлося.
Дарэчы, яшчэ нядаўна я хадзіла на вечарыну 55+ у Палац культуры чыгуначнікаў!
Моладзь 2010-х
Майму ўнуку 19 гадоў, і ў нас з ім выдатныя даверныя адносіны. Мне цікава з ім, хочацца быць на адной хвалі. Магчыма, таму я і кручуся ў моладзевым асяродку.
Я распавяла і паказала ўнуку прэзерватыў, калі яму было 14 гадоў. Думаю, гэта трэба рабіць. Вельмі важна размаўляць. Дзеці павінны давяраць бацькам: яны не пасмяюцца, а разруляць сітуацыю.
Многія хлопцы, якія ходзяць на вечарынкі, для мяне ўжо як унукі. З многімі мы часта бачымся, размаўляем. Я на іх ніколі не лаюся. Калі камусьці дрэнна, то выведу, дапамагу. Я іх усіх люблю.
«Мая задача – зрабіць так, каб гледачам было камфортна»
Цікава глядзець на моладзь: у кагосьці прычоску падгляджу, у кагосьці – макіяж. На вопратку цікава глядзець.
Моладзь не паганая. Хто так гаворыць, проста стары. Моладзь ёсць моладзь.
Заўсёды казалі і будуць казаць, што моладзь сягоння дрэнная. Раней на нас казалі, цяпер – на вас. Для старых моладзь заўсёды дрэнная.
Паводзіны сучаснай моладзі
Калі бачу, што ў зале хтосьці паліць, – адразу падыходжу і кажу спыніць. Не таму, што мне шкада, а таму, што баюся пажару: бо вакол могуць быць шторы, драўляная мэбля.
Цікава глядзець, як танчаць людзі на падпітку. Хто як можа! Хтосьці проста плавае (смяецца).
Думаю, цяпер моладзь больш разняволеная – мы былі больш сарамлівыя. Магчыма, справа ў алкаголі – бо мы танцавалі цвярозыя.
Да алкаголю я стаўлюся спакойна, сама не п'ю. Але многія не ведаюць сваёй меры і перабіраюць настолькі, што абдымаюць унітазы. Я размаўляю з такімі хлопцамі і дзяўчатамі, бо бачу, што яны прыйшлі галодныя і проста вырыгалі тое, што пілі. У іх жа ў страўніках нічога не было! Калі хочаш піць – закусі.
Я ніколі не знаходзіла шпрыцы на вечарынках. Самае дзіўнае, што бачыла, – маленечкія бутэлечкі з алкаголем.
Аднойчы заўважыла, як хлопец мачыўся ў ракавіну. «Ну а што рабіць, – кажа. – Чарга вялікая, а пісаць вельмі хочацца».
«Многія хлопцы, якія ходзяць на вечарынкі, для мяне ўжо як унукі»
Неяк раз парачка зачынілася ў прыбіральні. Я вельмі доўга чакала, потым сказала: «Моладзь, мне трэба там прыбраць. Вы калі-небудзь выйдзеце?» Адышла потым убок, вядома, – не люблю бянтэжыць.
Вельмі незвычайна людзі апрануліся на Halloween. Вядома, пасля гэтага мне прыйшлося доўга прыбіраць, мама не гаруй. Нейкае пер'е з падушак раскідалі, фарбы налілі. Думала, здохну. Вечарына скончылася ў 8 раніцы, а мы з калегай прыбіралі да 12:30.
Моладзь з разуменнем ставіцца да мяне. Не злуецца, калі я мыю прыбіральні, а цярпліва чакае. Хтосьці нават кажа: «Вам так цяжка, напэўна. Мы прыходзім весяліцца, а вам даводзіцца прыбіраць. Мы ж яшчэ такія неакуратныя...»
Публіка ў нас не вельмі ахайная. Нават калі людзі бачаць, што я толькі што прыбрала, могуць тут жа кінуць недакурак на падлогу. Часам усё ж сустракаю непавагу.
Не думаю, што ёсць нейкі ўзрост, калі трэба спыніць свае вечарынкі. Проста трэба хадзіць на тыя, дзе ў цябе ёсць аднадумцы.
Аднойчы да мяне падышоў афраамерыканец і папрасіў сфатаграфавацца. Навошта, не ведаю. Можа, у Playboy? (смяецца)
Неяк улетку на Кастрычніцкай была вечарынка, і ўжо раніцай нейкія хлопцы прапанавалі патанцаваць. Ну я і патанцавала з імі, яны так здзівіліся!
Бойкі
Я не бачыла асаблівых трэнняў на вечарынках. Ніколі тут пысы адно аднаму не білі.
Бойку на вечарыне я бачыла толькі адзін раз, і тое на вуліцы. Сказала дзецям: «Што вы як пеўні?» Потым аказалася, што гэтае слова – турэмны жаргон. Яны пакрыўдзіліся, што я іх так назвала, але ж я проста мела на ўвазе, што яны счапіліся, як пеўні. У выніку разруліла сітуацыю, абышліся без аховы. Адзін з іх нават дапамог тратуар падмесці.
У мінулым годзе збілі мяне. Якраз пасля майго юбілею. Гэта было не на вечарыне – я прыйшла сюды днём. Зайшла ў залу, а там сядзела жанчына з маленькім дзіцем. Яна адразу паслала мяне на*уй, на што я ёй адказала: «Наогул я на працы, а распранальня знаходзіцца не тут». Яна падскочыла, выхапіла ў мяне швабру і стала мяне біць. Я перакуліла на яе вядро з вадой, яна азвярэла яшчэ больш, і тады я выскачыла ў калідор. Яна стала кідацца на іншых людзей, яе неяк выправадзілі... Яна ў першы раз прыйшла сюды – хацела паглядзець на танцавальную студыю. Гэта адзіны непрыемны інцыдэнт за ўвесь час.
«Калі ёсць некалькі залаў, то хай хаця б у адным з іх грае ансамбль, пад які можна павольна танцаваць»
Музыка
Да сучаснай музыкі стаўлюся абсалютна пазітыўна. Па вушах не рэжа – я музыку люблю, ды і цікава пазнаваць нешта новае.
Не думаю, што сучасная музыка больш злая, – яна больш шумная, разняволеная.
На тых мерапрыемствах, дзе я бываю, чамусьці няма песень – ёсць толькі «дын-дын-дын». Можа, трэба неяк разнастаіць гэтую музыку? Не ўсе ж людзі хочуць проста адарвацца – хто-небудзь хоча і пазнаёміцца.
Калі ёсць некалькі залаў, то хай хаця б у адным з іх грае ансамбль, пад які можна павольна танцаваць. Я гаварыла з дваццацігадовымі дзяўчатамі, і ім не хапае такіх зносін. Нават прыціснуцца адно да аднаго хочацца ж! А той толькі з бляшанкай піва стаіць і паліць.
Я часта была на вечарынках «Мечты» і «Бассоты». На першыя прыходзіць больш сталая публіка, а на другія – зусім зялёная, аж выскоквае з штаноў. Яны піць яшчэ толкам не ўмеюць, таму абрыгіваюць усе куты. Пакідаюць пасля сябе кучу бутэлек, нават з рэшткамі алкаголю – проста бяры і закусвай.
У прынцыпе, уся гэтая дзвіжуха мне падабаецца.
Правілы этыкету на вечарыне ад Тамары:
Паеш перад вечарынкай
П'еш – закусвай
Калі да прыбіральні не дацягнеш – парыгай у кутку, але потым прыбяры за сабой сурвэткамі або туалетнай паперай
Паважай працу прыбіральшчыц
Не кідай бутэльку ў зале – кінь яе ў сметніцу або пастаў побач
Палі ў адведзеных месцах
Старайся адразу выкінуць сваё смецце, не стаў шкляначкі і бутэлькі на апаратуру
Пісай ва ўнітаз
Фота – Таня Капітонава
КАМЕНТАРЫ (2)
фоткі ахуенныя!
і вось гэта супер: "Я гаварыла з дваццацігадовымі дзяўчатамі, і ім не хапае такіх зносін. Нават прыціснуцца адно да аднаго хочацца ж! А той толькі з бляшанкай піва стаіць і паліць."
душевный материал, спасибо)