Тысяча даляраў за кардонкі. Чым жыве беларускі стрымер Hearthstone?
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 23.04.2019
- 5509
Камп’ютарныя гульні – гэта не толькі забаўка, але і выгадны бізнэс: за 2018 год гейм-індустрыя зарабіла $ 119,6 мільярдаў. Мы сустрэліся з хлопцам, які таксама зарабляе грошы на гульні: Косця Чарвякоў aka Plag1at стрыміць Hearthstone з 2016-га. Яго відэа збіраюць па 600 тысяч праглядаў, на канал падпісана амаль 140 тысяч чалавек, а ў канцы красавіка Plag1at адправіцца на фестываль «Стримфест» – галоўны кіберспартыўны івэнт СНД.
Кароткі слоўнік для тых, хто далёкі ад свету «Харстоўна» і кіберспорту:
Данаты – грашовыя ахвяраванні, якія гледачы адпраўляюць стрымерам.
Калода ў «Харстоўне» – гэта зборка тваіх карт. Усяго сто дзевяць класавых персанажаў, і ў кожнага персанажа ёсць пэўная кампіляцыя карт.
Лаўнчар – пляцоўка, на якой адлюстраваныя ўсе гульні кампаніі Blizzard. Там жа можна перапісвацца з сябрамі, чытаць навіны і купляць розныя прымочкі.
Пак – гэта камплект карт, які можаш купіць або за гульнявую валюту, або за рэальныя грошы.
Ранг – узровень у «Харстоўне». Усяго рангаў 25, «Легенда» – апошні асаблівы ранг.
Free to play – гульня, для якой не патрэбныя рэальныя грошы.
ММR (Match Making Rating) – твой рэйтынг у «Доце». Колькасць ачкоў, якая з'яўляецца крытэрыем для падбору гульцоў у рэйтынгавым матчы.
Skyrim – ролевая гульня, распрацаваная студыяй Bethesda Game Studios, пятая частка ва ўжо культавай серыі The Elder Scrolls.
Star Ladder – кіберспартыўная гульнявая пляцоўка, на якой геймеры спаборнічаюць у Counter-Strike: Global Offensive, Point Blank, Dota 2, League Of Legends, Tanki Online і World of Tanks.
Даведка: Hearthstone – калекцыйная картачная гульня па сусвеце Warcraft, распрацаваная Blizzard Entertainment. Першапачаткова была распрацаваная для ПК, потым з'явілася на платформах iOS і Android. У гульні ёсць некалькі рэжымаў, а змагаюцца на картачным рысталішчы больш за сто мільёнаў чалавек – адным з такіх гульцоў стаў Косця Чарвякоў.
Геймплэй у «Харстоўна» такі: бітвы праходзяць у фармаце дуэлі, у кожнага гульца ёсць калода з трыццаці карт, забяспечаных рознымі эфектамі. У апанентаў па трыццаць ачкоў здароўя, і твая задача – знізіць здароўе суперніка да нуля, складаючы розныя камбінацыі са сваіх карт.
Гульня з'яўляецца ўмоўна бясплатнай: ты можаш не ўкласці ў яе ні капейкі, а можаш купіць добрыя карты за рэальныя грошы. Працуе гэта так: ты плаціш не за калоды, а за пакі, то-бок камплекты карт. Гэта робіцца, каб папоўніць сваю калекцыю і купіць патрэбныя карты – у кожным паку пяць карт, і мінімум адна будзе рэдкай (па ўзроўні крутасці карты ранжыруецца так: звычайная, рэдкая, эпічная, легендарная). Іх можна купляць за ўнутрыгульнявую валюту, а можна не чакаць, пакуль назапасіцца патрэбная сума, а за рэальныя грошы адразу купіць усё неабходнае.
YouTube, стрымінг і старпёрская гульня
– Ты толькі прыехаў з пар. Як справы ва ўніверы?
– У нас такі унік, у якім можна нічога не рабіць і на адных здольнасцях выязджаць.
– Што за ўнівер?
– МДЛУ, перакладчыцкі факультэт. Асноўная мова – англійская, а другім я шведскую ўзяў. Мы выбіралі другую мову ў канцы першага курса, тады я ўжо быў на ютубе і разумеў, што не буду працаваць па гэтым кірунку, і на другую мову мне было ўсё роўна.
– Ці плануеш працаваць па спецыяльнасці?
– А як пойдзе. Мне весела перакладаць заходнія артыкулы і перакладаць кантэнт: думаю, у мяне гэта атрымліваецца лепш, чым у большасці стрымераў з СНД. Прафесійна красці кантэнт таксама трэба ўмець.
– Як ты аказаўся на ютубе?
– Я там з 2011 года. Тады я глядзеў олдавых чэлаў, тыпу Юзі і Гагатуна, і проста ўлятаў, заліпаў у гульні і шмат гуляў у «Доту». 2011 быў годам «Майнкрафта»: тады гэта было незашкварна, і мы з сябрам вырашылі зрабіць па канале, паглядзець, хто хутчэй падпісчыкаў набярэ. У яго былі грошы і ён узяў рэкламу, а я не: мяне пройгрыш у спрэчцы не асабліва зачапіў, але мне захацелася выпрабаваць сябе.
Я выкарыстаў Windows Movie Maker, потым пачаў асвойваць Sony Vegas: спрабаваў рабіць нешта па Skyrim, таму што сусвет «скруткаў» мне падабаецца. Я здымаў агляды модаў на Skyrim: у мяне тады голас яшчэ не зламаўся, я гучаў як маленькая дзяўчынка і загрузіў свой кантэнт у адкрытую групу ў VK, дзе было 150 тысяч падпісчыкаў. Там мне паказалі, што такое негатыўная крытыка ў самым жорсткім ключы. У асноўным накідваліся праз мой голас. Я тады здзейсніў галоўную памылку: спрабаваў растлумачыць у каментарах за негатыў, і мяне яшчэ мацней аблілі. Але гэта мне дапамагло, таму што я зразумеў, як трэба правільна ўспрымаць крытыку. Я ўвесь гэты вопыт сабраў і выплюхнуў у Hearthstone, якім займаюся тры гады.
«Прафесійна красці кантэнт таксама трэба ўмець»
– З чаго ты пачаў гуляць у «Харстоўн»?
– З таго, што мне сябар прапанаваў у яго пагуляць, а я сказаў, што гэта для старпёраў гульня. Я да гэтага ў «Доту» гуляў вельмі моцна і хацеў у кіберспорт: як толькі прачынаўся, адразу ж ішоў гуляць. У мяне тады ад гэтага была рэальная залежнасць, і калі вывелі табліцу лідараў па MMR, у мяне была думка, што я туды траплю, мяне заўважаць і я пайду ў прафесійную каманду. Вядома, тады нічога не атрымалася.
Дык вось, я назваў «Харстоўн» старпёрскай гульнёй, а потым яна выйшла на андроідзе: я яе ўсталяваў і гуляў у яе толькі таму, што мне падабаўся сам сусвет Warcraft. На андроідзе ўсё лагала жудасна, усё разраджалася, але я не хацеў усталёўваць «Харстоўн» на комп, таму што думаў, што гэта занадта моцна для картачнай гульні. Але на ўроках ігралася нядрэнна.
– Ты сябе да каго адносіш: да кіберспартоўцаў, блогераў, стрымераў?
– Дакладна не да кіберспартоўцаў. Наогул, калі я ўпершыню пайшоў у мінскае Hearthstone Cafe, я адразу выйшаў у плэй-оф, але я ні разу не кіберспартовец, таму што трэба падзяляць гэтыя паняцці. Кіберспартовец – гэта SilverName, які гуляе па 12 гадзін у суткі. У мяне проста столькі часу няма, ды і калі б у мяне цяпер не было ўнівера, я б гульні столькі ўвагі не надаваў. Я нават не столькі стрымер, колькі блогер, кантэнт-мейкер на ютубе.
– Колькі часу сыходзіць на стварэнне ўмоўнага васьміхвіліннага гайда?
– Калі ўзяць момант, калі я ў нейкіх жорсткіх рамках – да прыкладу, калі я раблю для Blizzard топ-5 першых калод, – то справы ідуць так: гадзін у дзесяць вечара выходзіць дадатак, і мне да абеду наступнага дня трэба выкаціць відэа. У апошні раз я эфектамі займаўся гадзіны паўтары, потым гадзіны чатыры пісаў тэкст – зараз з тэкстамі горш за ўсё, таму што я ўжо столькі іх напісаў, што спісаўся. Пасля таго як я запісаў і нарэзаў тэкст, надыходзіць пара мантаваць. У сярэднім выходзіць гадзін шэсць-сем на адно відэа.
Я купіў падпіску на Adobe і ўсё раблю там – гэта зручна. У пачатку, калі я асвойваў праграмы, я не хацеў глядзець гайды, але торканне наўздагад не працуе. Я перакананы, што з дапамогай ютуба ты можаш за тыдзень рэгулярнага прагляду базавых гайдаў выдатна асвоіць Adobe Premiere Pro. Але гэта ў тым выпадку, калі ты гэтага хочаш: калі цябе прымушаюць, то з-пад палкі нічога не атрымаецца.
«Цяпер з тэкстамі горш за ўсё, таму што я ўжо столькі іх напісаў, што спісаўся»
– У цябе ёсць каманда?
– Ёсць адзін хлопец з Украіны, які напісаў: «Прывітанне, я хачу мантаваць табе відосы, але не асабліва ўмею». Ён паказаў, што ўмее, я яму паказаў пару фішак, і цяпер ён мантуе відэа для майго другога канала: чувак вельмі вынаходлівы, і столькі жартаў, колькі ён месціць у мантаж, я б не зрабіў.
А на маім асноўным канале выходзіць кантэнт, які раблю толькі я. Лічу, што гэта выдатна: мяне гэта не стамляе, хоць часам камусьці хочацца аддаць напісанне тэксту, але тады ён будзе не ў маёй стылістыцы і яго прыйдзецца перапісваць.
Яшчэ ёсць два рэкламадаўцы: адзін дапамагае мне з размяшчэннем рэкламы на стрыме, а другі адказвае за відосы і інтэграцыі.
– 26 красавіка ты адпраўляешся на «Стримфест» у Маскву. Як ты туды трапіў?
– Як толькі стала ясна, што Blizzard ляцяць на «Стримфест», я пачаў падазраваць, што без мяне не абысціся. Праблема ў тым, што ўсе астатнія паездкі ад Blizzard аплачваліся, а «Стримфест» не аплачваецца, і мне трэба было ўсё даставаць са сваёй кішэні. Там будзе стрым, гульня са мной на галоўнай сцэне, і ў Battle.net гэта размесцяць, таму я вырашыў, што раней Blizzard усюды вазілі мяне за свой кошт, а цяпер я магу дапамагчы ім распаўсюдам «Харстоўна» ў масы.
– У цябе амаль 140 тысяч падпісчыкаў на ютубе. У Менску цябе пазнаюць?
– Часам. Адзін раз я зайшоў паесці ў Burger King, там мяне пазнаў адзін хлопец. Ён сфоткаўся са мной і паставіў гэтую фотку на аву ў VK.
«Там прачынаешся ў шэсць раніцы і хочацца жыць, а тут прачынаешся ў тры гадзіны дня і хочацца паміраць»
Hearthstone, данэйшн і супрацоўніцтва з Blizzard
– Колькі часу ў дзень ты адводзіш «Харстоўну»?
– Па-рознаму, магу наогул ні разу за дзень не зайсці ў гульню. Зараз, калі ў мяне відосы выходзяць амаль штодня, я праводжу там 3-4 гадзіны. У выходны дзень, у чацвер, магу засесці канкрэтна і пад музыку пагуляць гадзін пяць.
– Ты данаціш у гульню?
– Вядома. Я занёс у гульню больш за дзве тысячы даляраў. Але трэба разумець, што мне патрэбныя ўсе калоды, каб я мог здымаць па іх відэа, генераваць кантэнт і такім чынам акупляць гэтую тэму. А гэта ўсё ўжо тысячу разоў акупілася. Сваю першую калоду я сабраў без рэальных грошай, але з апошняга камплекта я купіў 200 пакаў, а гэта дзесьці 500 BYN.
– Звычайным гульцам трэба данаціць у «Харстоўн»?
– Усё залежыць ад таго, чаго ты хочаш і наколькі хутка ты гэтага хочаш. Калі ты гуляеш дзеля задавальнення і табе не патрэбная шырокая калекцыя і залатыя карткі, то не данаць: цяпер у «Харстоўне» можна ўлегцы за месяц узяць ранг «легенда» на «free to play» акаўнце. Але калі ты хочаш адразу збіраць топавыя калоды – данаць.
– Данаціш не толькі ты, але і табе. Якая самая вялікая сума прылятала?
– 30 тысяч расійскіх рублёў. Гэта быў данат ад Дзімы, чувака з Масквы: ён мне прама ў ЛС напісаў, маўляў, падабаецца твой кантэнт і тое, як ты развіваешся, хачу падтрымаць. Ён спытаў, колькі мне трэба грошай, я яму нармальныя такія запыты на тысяч 120 закінуў. Потым за адзін раз ён адправіў 30 тысяч, а за час стрыму – шэсцьдзесят тысяч (прыкладна тысяча даляраў. – 34). Гэта быў максімальны данат ад вядомага мне чалавека, а тады, калі я гэтага не чакаў, мне закідвалі тысяч сорак. А так табе могуць закінуць тысячу, а можа прыляцець і дзесяць рублёў.
– У цябе ў відэа ёсць рэклама. Што ты ніколі рэкламаваць не будзеш?
– Ніколі не буду рэкламаваць букмекерскія канторы, казіно, open-кейсы і ўсё, што супярэчыць палітыцы Blizzard. Яшчэ не буду рэкламаваць пірацкія сервакі ў WoW, але не таму, што я не хачу, а таму, што я супрацоўнічаю з Blizzard, а яны супрацоўнічаюць з каналамі, якія не рэкламуюць дзічыну.
Падчас дапаўнення «Ведьмин лес» мне напісаў Андрэй Trolden, кам'юніці-менеджар СНД-рэгіёна па «Харстоўне», спытаў, ці хачу я анонс новай карты паказаць. Я згаджаюся, а ён кажа, што яму мой канал спадабаўся праз тое, што тут няма рэкламы букмекерскіх кантор і пірацкіх сервераў. А я толькі ўчора адмовіўся ад рэкламы 1Xbet, а ў закрытым доступе ў мяне ляжыць праплачаны агляд «піраткі».
Я сказаў Андрэю, што ў мяне вось такі відос ляжыць у запасе, і ён прамым тэкстам адказаў: альбо я выкладаю агляд пірацкага сервера, альбо працую з Blizzard. Я «перакуліў» сервак, вярнуў ім грошы і выклаў відэа з новай картай «Харстоўна». І ўсё клас.
– Калі я прадаю ўмоўныя ровары і хачу з'явіцца ў цябе на канале, мы зможам аформіць рэкламу?
– Часта вейперы пісалі, жыжку рэкламавалі і нават на стрыме папарыць прапаноўвалі, хоць я наогул не палю. Калі я разумею, што тэматыка не цікавая маім гледачам, я адразу кажу, што выхлап будзе херовы, і прапаную хлопцам падумаць двойчы.
– Распавядзі пра сваё супрацоўніцтва з Blizzard.
– Пасля знаёмства з Трольдэнам я пацвердзіў сваю працаздольнасць, калі зрабіў першы ролік, які трапіў у лаўнчар Battle.net. Потым мяне запрасілі на Gamescom 2018 у Кёльн – дарэчы, я тады ў дзень вылету візу атрымаў, і мне перабраніравалі квіткі, каб я паспеў на выставу. Я тады наогул першы раз у жыцці лётаў і першы раз трапіў у Еўропу.
– 25 красавіка пачнецца сусветны чэмпіянат па «Харстоўне». На каго з удзельнікаў ты робіш стаўку?
– Пастаўлю на Боні Хопера, таму што я не ведаю гульцоў з Азіі. «Харстоўн» на турнірах – гэта рандом, так што стаўце на каго заўгодна.
Кіберспартыўныя івэнты, дэпрэсія і стаўленне бацькоў да гульні
– Ты быў на Hearthstone Summit 2019. Як гэта было?
– Гэта быў мой другі візіт у Каліфорнію разам з Blizzard, два месяцы таму. Яны тады знялі ўвесь гатэль пад прэзентацыю, далі шмат эксклюзіўнай інфармацыі. Было шмат заходніх ютубераў і стрымераў, пара чалавек ведала мяне. Распрацоўшчыкі спакойна ходзяць у натоўпе: сціпла, прыземлена. Вельмі прыемная атмасфера: там прачынаешся ў шэсць раніцы і хочацца жыць, а тут прачынаешся ў тры гадзіны дня і хочацца паміраць.
Мне спадабалася, што я задрот, а там усё яшчэ горш: я не прысвячаю ўвесь свой час гэтай справе, а там хлопцы ўсе тонкасці «Харстоўна» ведаюць, у іх нашмат вышэйшы ўзровень разумення гульні. Я прывык, што згаджаюцца з усім, што я ляпну, таму што ў СНД гэта нікога не цікавіць, а там ва ўсіх ёсць сваё меркаванне.
«Я занёс у гульню больш за дзве тысячы даляраў»
– Ты плануеш працаваць у Blizzard?
– Хацелася б, але я цьмяна разумею, кім, акрамя як кам'юніці-менеджарам. У мяне з самага пачатку была мэта стаць каментатарам, але я супраць агучкі ад штук тыпу Star Ladder: я за тое, каб гульні Blizzard каментавалі толькі Blizzard.
– Як твае бацькі рэагуюць на тваё захапленне «Харстоўнам»?
– Нармальна, нядаўна падарыў баці гадзіннік. Ён да гэтага адэкватна ставіцца, але топіць за тое, каб я сканчаў універ – я зараз на трэцім курсе. Я давучыўся, мне не западло, але калі б разуменне было на больш высокім узроўні, мне б ужо дазволілі не марнаваць час на ўнівер, а цалкам прысвяціць сябе «Харстоўну».
Я заўсёды гуляў і спачатку стрыміў Skyrim на Twitch, туды зайшоў чувак і закінуў восем тысяч расійскіх рублёў. За час стрыму сума дайшла да трынаццаці тысяч, і я захацеў купіць сабе крэсла: баця доўга не верыў, што гэта рэальныя грошы. Купіў крэсла – усе крыху паверылі ў мяне, а калі я злятаў на Gamescom, усе адразу сталі нармальна да гэтага ставіцца. Але з нагоды ўнівера ўсе таксама душаць – сканчай, сканчай. Не хочуць, каб я застаўся без вышкі.
– Ты гуляеш у штосьці, акрамя «Харстоўна»?
– У PUBGе у мяне тысяча гадзін, я там топы займаў, у «Гвінце» таксама. Зараз я цалкам сфакусаваўся на новым дадатку «Харстоўна»: пакуль ён мне падабаецца, я буду ябаш*ць. Надакучыць – буду гуляць у што-небудзь яшчэ.
«Прызавы фонд Hearthstone Championship Tour – мільён даляраў»
– У цябе быў даўгапост, у якім ты казаў, што за 2018-ы страціў больш, чым за ўсё жыццё. Распавядзеш падрабязней?
– Вельмі шмат херні адбылося, і настолькі кардынальных змен у мяне ў жыцці ніколі не было. За месяц я атрымаў вопыту больш, чым за пяць гадоў жыцця: гіганцкі маральны і псіхалагічны скачок. Не тое каб гэта мне асабліва спадабалася, але дазволіла пераасэнсаваць кучу рэчаў і не згубіцца, не скончыць з тым, што я раблю. Складана тры гады запар гуляць у адны і тыя ж кардонкі – гэта трэба ўмець.
– Ты там яшчэ згадаў дэпрэсію праз супрацьлеглы пол – што з гэтай тэмай?
– Спадабалася дзяўчына, але ў выніку нічога не атрымалася. У мяне тады шмат стэрэатыпаў адляцела прэч: я думаў, што грошы нешта вырашаюць, але гэта сышло. Калі чалавек не ваш – адпускайце: гучыць гэта ўсрата і ванільна, але так і ёсць.
– Ты казаў, што ў 2018-м абзавёўся е*анутымі знаёмствамі. Якімі?
– З тымі ж Blizzard – думаеш, я гэтага чакаў? Мне спадабалася, што я з заходнімі хлопцамі ўзаемадзейнічаў, хоць у нас і занадта вялікі гэп у падпісчыках, на «ИгроМире» шмат крутых хлопцаў сустрэў: магчыма, на «Стримфесте» менавіта з нашым рэгіёнам пазнаёмлюся.
Блiц:
– Дай параду чалавеку, які толькі пачаў гуляць у «Харстоўн».
– Атрымлівай задавальненне ад гульні і не факусуйся на сайтах з калодамі, не ўдавайся ў клішэ. Звядзі выкарыстанне іншых рэсурсаў да мінімуму.
– Як пераканаць продкаў, што кіберспорт – гэта не проста цацкі?
– Назаві прызавыя фонды чэмпіянатаў. Пераможцы The International цяпер атрымліваюць шэсць мільёнаў даляраў, прызавы фонд Hearthstone Championship Tour – мільён даляраў.
– Якая калода зараз самая моцная?
– Тэмпа Разбойнік: цяпер яна як Паляўнічы з DK – вельмі імбова гуляе ў пачатку, сярэдзіне і канцы гульні. Дзіўна, што Blizzard дапусцілі такое глупства.
– Каго са стрымераў параіш паглядзець?
– Я гляджу толькі захад: Thijs раю, Disguised Toast, Kripparrian – з яго можна паржаць. З рускамоўных рабят ёсць Renmen – ён з банды SilverName. Круты чувак, не вельмі папулярны, але ў яго ёсць чаму павучыцца.
– Які мінімум патрэбны для стрымінгу?
– Комп, мікрафон і, калі ты прыгожы або любіш крыўляцца на камеру, вэб-камера.
– Спатканне з дзяўчынай або катка з сябрамі «Харстоўн»?
– Напэўна, першае, таму што ад «Харстоўна» я паступова стамляюся. Ужо столькі найграў, што можаце клікаць гуляць.