Кінафэст «Паўночнае ззянне» абвясціў сёлетнюю праграму
- Рубрыка: УЛОЎ
- 15.04.2019
- 6288
Пяты фестываль кіно паўночных і балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» пройдзе сёлета з 10 па 17 траўня ў менскім кінатэатры «Мір». У праграме – 18 гульнявых і дакументальных фільмаў, рэтраспектыва, дзіцячая праграма і сем мерапрыемстваў кіношнай індустрыяльнай платформы.
«Паўночнае ззянне» ўжо традыцыйна прадстаўляе фільмы са Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Эстоніі, Літвы, Латвіі. З навінак 2019-га – паказ стужкі з Грэнландыі.
Усё, што пакажуць на «Паўночным ззянні», беларусы на вялікім экране яшчэ не бачылі. Але гэтыя стужкі паспяхова пракаціліся па свеце і вартыя твайго часу. Так, фінскую дакументалку «Незвычайнае жыццё дзяўчыны на імя Ві» і дацкі фільм «Вакацыі» прэзентавалі на амерыканскім Sundance. Літоўскае кіно пра небезвыходнасць псіхалагічных хвароб «Перажыць лета» ўпершыню паказалі на фэсце ў Таронта. Эстонскі фільм «Бяры ці бяжы» быў высунуты змагацца за «Оскар». А ісландскі фільм «Жанчына абвяшчае вайну» паспеў адхапіць сваю статуэтку – галоўны прыз у праграме «Тыдня крытыкі» ў Канах 2018.
Таксама ў межах сёлетняга «Ззяння» пакажуць дакументальны фільм беларускага рэжысёра Аляксандра Міхалковіча «Мая бабуля з Марса», які спрадзюсавала дырэктарка фестывалю Воля Чайкоўская.
Маленькім аматарам мастацтва будзе адрасаваная праграма «Ззя-kids»: літоўская і нарвежская анімацыя з беларускай агучкай.
З зорных гасцей 2019-га – трохразовы намінант на «Оскар» эстонскі кінапрадзюсара Іва Фэльта; рэжысёрка Сесілія Б’ёрк і прадзюсар Максіміліян ван Аертрук, якія працуюць у самай прагрэсіўнай кінакампаніі Швецыі; акторка Нукакі Костар-Вальдаў, якая знялася ў першай грэнландскай поўнаметражнай стужцы, што была знятая жанчынай; і іншыя. Дарэчы, асобны рэспект арганізатарам і арганізатаркам «Паўночнага ззяння» за тое, што роўна палова фільмаў асноўнай праграмы знятая жанчынамі.
І на дэсерт: 12 і 16 траўня ў Планетарыі адбудуцца паказы сферычнага кіно пра сапраўднае Паўночнае ззянне!
Поўная праграма з’явіцца тут. Будзем трымаць цябе ў курсе падзей.