У Менску пакажуць фільм «Пахвала Нічому», дзе Ігі Попа пераклаў Бахарэвіч
- Рубрыка: УЛОЎ
- 25.03.2019
- 6198
Сербскі рэжысёр Барыс Міціч займаўся здымкамі карціны 8 гадоў і папрацаваў з 62 аператарамі. Вынікам стала сатырычная дакументалка, якую агучыў Ігі Поп і пераклаў на беларускую мову Альгерд Бахарэвіч.
«Пахвала Нічому» – фільм Барыса Міціча, выпушчаны ў 2017 годзе. З ім рэжысёр пракаціўся па прыкметных кінафестывалях (ад Фестывалю дакументальнага кіно ў Амстэрдаме да Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю) і сабраў выдатныя водгукі ў прэсе. The Guardian назвалі «Пахвалу» cенсацыйна-дзіўным творам «авангарднай балбатні», а The Financial Times апісалі выказванне Міціча як «неверагоднае».
Увесь фільм складаецца са статычных кадраў: прырода, пустыя і ажыўленыя пакоі, прыгожыя (і не вельмі) краявіды. На іх фоне з гледачом размаўляе Ігі Поп ад імя таго самага «Нічога». Для менскага пракату маналог Ігі на беларускую мову ў вершаванай форме пераклаў Альгерд Бахарэвіч.
Барыс Міціч:
– Ідэя з'явілася ў нявызначаны момант 8 гадоў таму ў выглядзе рытарычнай правакацыі, маёй рэакцыі на тагачасны стан кінаіндустрыі, усяго свету і на мой унутраны стан. 8 гадоў я шукаў спосабы, ідэі. Гэта былі 8 гадоў спробаў ператварыць маю ідэю ў сапраўдны дакументальны фільм. Я зразумеў, што Нішто – гэта вельмі пасоўная і вартая разгляду тэма для кіно. Я быў натхнёны фантастычнымі водгукамі ад простых людзей – таксістаў, бабуль з Шатландыі, дзяцей. Яны так радаваліся, калі я ім распавядаў пра сваю ідэю, што здавалася, быццам гэта самая лагічная рэч, пра якую можна здымаць дакументальнае кіно.