Лізавета Курачкіна і Дар'я Палавінкіна
- 25.11.2019
- 8571
Каманда okidog ужо чатыры гады палягчае жыццё сабакарам у Менску і (стараецца!) у рэгіёнах. 34 распытаў каардынатарак праекта Лізу і Дашу пра тое, дзе можна ўкапаць шыльду з «правіламі чыстага шпацыру», навошта кавярням ляпіць адмысловыя стыкеры пра тое, што сюды можна з сабакам, і як змены ў дачыненні да жывёл могуць змяніць наша грамадства.
Герaiнi:
Лiзавета Курaчкiна
32 гады
Адукацыя – БНТУ, ФММП, бізнэс-адміністраванне ў сферы рэкламы; арт-дырэктарка агенцтва «Тотем».
Дар'я Палавiнкiна
30 гадоў
Адукацыя – БДУ, ДІКСТ, кіраванне персаналам; праектная менеджарка агенцтва «Тотем».
Што робяць:
Арганізуюць бясплатныя сустрэчы з кінолагам, прысвечаныя пытанням утрымання сабак.
Прасоўваюць ідэю кавярань, куды можна хадзіць з пёселямі. Усе ўстановы, якія падключыліся да праекта, адзначаюцца на карце.
Усталёўваюць шыльды-напамінальнікі для сабакароў і урны з пакецікамі.
Робяць прасцейшым жыццё сабакароў, якія карыстаюцца паслугамі таксі, забяспечваючы гарадскія службы dog-friendly наборамі.
Праводзяць урокі ў школах і дзіцячых лагерах пра тое, як абыходзіцца з сабакамі, і навучаюць дрэсіроўцы.
Пра урны i шыльды
Ліза: Мы неяк сабраліся і задумаліся: чаму дзесьці людзі за сабакамі прыбіраюць, а ў нас не? У нас толькі ставяць шыльды «Гуляць з сабакамі забаронена»: ты, значыцца, сядзі са сваім сабакам дома і наогул нікуды з ім не выходзь. Хіба што на руках яго пацягай вакол дома, а потым занясі назад і пакладзі, дзе ўзяў.
Але ж дзейнічаць лепш не з пазіцыі забароны, а наадварот – з пазіцыі заахвочвання: дзякаваць, што вы за сваім сабакам прыбіраеце. Так мы вырашылі паставіць шыльды з «правіламі чыстага шпацыру»: прайшоў з сабачкам, прыбраў у сметніцу – дзякуй табе, чалавек. Да цябе і твайго сабакі будуць талерантныя, калі ты будзеш талерантны да іншых.
Даша: Урны з пакетамі для ўборкі з'явіліся ў нас толькі сёлета. Яны зрабілі нейкі фурор сярод кааператываў і таварыстваў уласнікаў, якія могуць дазволіць сабе іх абслугоўваць: прыбіраць, напаўняць пакетамі. На жаль, мы можам ставіць скрыні толькі з дапамогай гэтых аб'яднанняў, якія самі абслугоўваюць свае тэрыторыі.
Ліза: Наша любімая опцыя – ехаць у 7:30 раніцы ўсталёўваць шыльды. Восенню. У дождж. Абажаю.
«Там проста міннае поле: па дарозе ў школу сабак выгульваюць разам з дзецьмі».
Даша: Мы не маем права капаць чужы грамадскі парк самі. Таму заўсёды ёсць работнік, якога для нас вылучаюць і які з намі ходзіць і ўсё ўкопвае.
Ліза: Дзве пары пальчатак, пяць шкарпэтак. Шалікі, шапкі. І наперад – цягаеш шыльдачкі за гэтым дзядзечкам, які капае. Кажаш: «Дзядзечка, а давай вось тут». Дзядзечка: «Крышачку лявей». Ну добра. І мы за ім ходзім паслухмяна.
Даша: Нядаўна ў нас быў цікавы досвед з дзіцячым садком і школай. Тэрыторыя да плота – гэта іх тэрыторыя, яны за яе адказваюць і самі абслугоўваюць, горад ніякім чынам там не функцыянуе. Вось у іх ідзе сцяжынка, па якой дзеці разыходзяцца ў сад і школу. Там проста міннае поле: па дарозе ў школу сабак выгульваюць разам з дзецьмі. І мы паставілі там нашы шыльдачкі.
Ліза: З устаноўкі першай шыльды прайшло тры гады. Да гэтага мы год займаліся тым, каб зразумець, як гэта зрабіць і дзе гэта ўзгадняць. Па раніцах перад працай мы ездзілі ў Зелянбуд – і ўсе члены каманды з гэтых зелянбудаў не вылазілі. Глабальны навык, які я тады вынесла: не трэба здавацца, калі ты не рэалізаваў ідэю на працягу месяца. Было б жаданне, былі б саўдзельнікі. Толькі ісці да канца – і ўсё будзе крута.
«Дзеці хочуць сабаку – і бацькі ідуць у іх на повадзе. Ні бацькі, ні дзеці не ведаюць, што з гэтай беднай жывёлай рабіць, – і яна расце нявыхаванай»
Пра dog-friendly таксi
Даша: Ва ўладальнікаў сабак часта ўзнікаюць пытанні, калі яны выклікаюць таксі: давязуць іх разам з гадаванцам ці не? Мы вырашылі пагутарыць на гэтую тэму з самымі папулярнымі службамі таксі, дзве з іх зацікавіліся.
Ліза: Мы не такі вялікі сацыяльны праект, каб пацягнуць цэлы аўтапарк, але вельмі клёва, што можна закалабаравацца з ужо існуючымі таксістамі.
Даша: Неяк, калі ў мяне быў сабака на ператрымцы, невялікі – французскі бульдог, – я выклікала таксі і не дацяміла сказаць, што ў мяне з сабой сабака: ён жа можа сядзець у нагах – і ніякага дыскамфорту. Узнікла канфліктная сітуацыя з таксістам, і ён нас усё ж узяў, але было непрыемна: ты едзеш з хворым сабакам, а ў цябе яшчэ і асадак з-за таго, што табе зрабілі мільён заўваг.
Ліза: У мяне былі сітуацыі, калі я выклікала таксі, казала, што сабака выхаваны, усё будзе класна: ён альбо ў нагах пасядзіць, альбо я магу пераноску ўзяць – не пытанне. Часам аператары казалі: «Так, добра» (тады яшчэ не было анлайн-замовы), а прыязджаў таксіст і казаў: «Не-не, саран, я не магу».
Даша: У нашай дзяўчыны з праекта вялікі, чорны, максімальна добры лабрадор. І яна папярэджвае, што ў яе вялікі сабака, перш чым выклікаць таксі, але былі выпадкі, калі машына проста праязджала міма. Мабыць, лабрадор выклікае ў таксістаў пачуццё такога жаху, які перашкаджае ім нават спыніцца.
Ліза: Мне падаецца, асяроддзе цяпер мяняецца. І трэба быць талерантней да ўсяго. У нас вельмі шмат цяпер тэм, якія падымаюцца. І хтосьці павінен займацца сабакамі. Давайце мы будзем з гэтага боку мяняць асяроддзе, вы будзеце мяняць яго з другога, хтосьці будзе з трэцяга, пятага, дзясятага, тысячнага. У выніку мы атрымаем зусім іншае грамадства – класнае, талерантнае.
Пра публiчныя сустрэчы
Ліза: Я лічу, што сабака – гэта не цацка, якую ты з раніцы выгуляў, пайшоў на працу, прыйшоў у восем вечара, зноў выгуляў – і пайшоў далей рабіць свае справы. Клёва ж, калі ты з сабакам можаш пайсці і на сустрэчу з сябрамі, днём прагуляцца. Натуральна, ёсць патрэба і кавы выпіць, зайсці кудысьці, перакусіць дзесьці. Чаму твой сабака мусіць сядзець дома?
Улетку, як правіла, не ўзнікае пытанняў: на летнія тэрасы з сабакамі пускаюць. Але як толькі пачынаецца восеньскі сезон, ты сутыкаешся з негатывам. Учора мы былі ў кавярні, і ўладальнік сказаў, што людзі з сабакамі зазіраюць з асцярогай: «Ці можна?» Бо бываюць сітуацыі, калі не ветліва просяць: «Калі ласка, прабачце, у нас такая палітыка, да нас нельга з сабакам», а хамяць. І ёсць патрэба пазначаць dog-friendly ўстановы: «О, стыкерочак, значыцца, я магу зайсці сюды са сваім улюбёным пёселем!»
Даша: Тут ёсць два шляхі: мы робім «афіцыйнае адкрыццё», лепім налепку,
бярэм міні-інтэрв'ю, відэа робім або мы проста прыходзім з налепкай і міскай, якія аддаем адміністратару. Калі часткай праекта хоча стаць хтосьці з рэгіёна, мы адправім набор бясплатна.
Ліза: Толькі пакуль ніхто чамусьці не скарыстаўся, хоць усе так жадалі! Было вельмі шмат пытанняў у інстаграме, у каментарах: «А як жа нам у Віцебску? А як жа нам у Кобрыне?» І мы зрабілі такі ход: рабяты, давайце мы вам адправім поштай усё гэта бясплатна! І – ні адной замовы. Мы чакаем, рабяты.
Даша: Яшчэ мы праводзім урокі ў школах з дзецьмі: расказваем, як правільна паводзіць сябе з сабакам – са сваім, з чужым, з незнаёмым, са знаёмым. Там ёсць цікавая інфармацыя як для дзяцей, так і для дарослых.
«Глабальны навык, які я вынесла: не трэба здавацца, калі ты не рэалізаваў ідэю на працягу месяца»
Ліза: Сэнс урокаў у тым, каб зрабіць крок да грамадства, дзе сабак успрымаюць як сяброў, а не як цацку. Звычайна ж як? Дзеці хочуць сабаку – і бацькі ідуць у іх на повадзе. Ні бацькі, ні дзеці не ведаюць, што з гэтай беднай жывёлай рабіць, – і яна расце нявыхаванай.
Даша: Гэта ў лепшым выпадку нявыхаванай. У горшым выпадку сабаку выкідваюць, таму што ён вырас і гэта ўжо не цацка, а жывёла з характарам, якая з-за таго, што яе нічому не навучылі, можа паводзіць сябе не так, як хочацца яе гаспадару. Таму мы праводзім сустрэчы з кінолагам у рамках праекта «Корпус гаворыць».
Ліза: Як завесці сабаку, што рабіць, калі сабака захварэў, што рабіць, калі ў цябе маляня з'явілася, а сабака ўжо быў, ці варта заводзіць сабаку, калі дзіця зусім маленькае, – усё, што цябе хвалюе як сабакара. У нас ёсць пул людзей, якія прыходзяць да нас пастаянна на ўсе сустрэчы. Чыйсьці сабака ўбягае першы, і мы такія: «О, Шэлі, прывет!»
Даша: Быў чалавек, які кожны раз пісаў, што нам неабходная відэаверсія сустрэч, але ні разу не прыходзіў. Мы прыслухаліся і пачалі здымаць.
Ліза: Таварыш дарагі, мы зрабілі відэа, цяпер можаш глядзець! Мы ўспрымаем крытыку і робім праект для людзей, таму каментуйце, як хочаце. Толькі канструктыўна, калі ласка.
Фота: Віялета Саўчыц