Куды адправіцца ў Ноч музеяў – 2019?
- 16.05.2019
- 4701
18 траўня ў Беларусі стартуе Ноч музеяў – міжнародная акцыя па папулярызацыі гісторыі і мастацтва. Мы адабралі 15 менскіх музеяў, гатовых прыняць наведвальнікаў і наведвальніц: выбірай упадабаныя праграмы і выпраўляйся па асвету.
ПАЛАЦ МАСТАЦТВА
Дзе: вул. Казлова, 3
Калі: з 16:00 да 4:00
Кошт: 4 BYN
У Палацы мастацтва разгорнецца маштабная выстава «Успомніць заўтра», прысвечаная барацьбе з руцінай. Сярод удзельнікаў – Karma Crew, Мастацкая майстэрня 6В, Клуб інтэлектуальнага вольнага часу «Факультатыў», Сяргей Савіч, Дзмітрый Ягораў, Awlnight і многія іншыя. Прыходзь, каб вырвацца з зоны камфорту.
ГАЛЕРЭЯ ДК
Дзе: вул. Герцэна, 2а
Кaлi: з 16:00 да 24:00
Кошт: 5 BYN
У рамках канцэптуальнай фотавыставы Віктара Сянькова «Трансфармацыя» пакажуць праект «Сляды», прысвечаны праблеме няправільнага падбору бялізны. Аснова праекта – скульптуры берасцейскага мастака Іллі Дударава: гэта гісторыя пра жанчын, якія забыліся на ўласны камфорт. Увага, выстава праходзіць пад цэнзам 18+!
МАЙСТЭРНЯ-АТЭЛЬЕ ДЫНАСТЫI КАШКУРЭВIЧАЎ
Дзе: вул. Сурганава, 42
Калі: з 20:00 да 01:00
Кошт: уваход вольны
Кашкурэвічы чакаюць усіх, хто цягнецца да мастацтва. Падчас «Гадзіны Творцы» ты зможаш памаляваць, памузіцыраваць, паспрачацца і пасябраваць з адэптамі вольнага мастацтва. У якасці бонусу – экалагічныя гарбата і кава.
НАЦЫЯНАЛЬНЫ МАСТАЦКІ МУЗЕЙ
Дзе: вул. Леніна, 20
Калі: з 19:00 да 24:00
Кошт: да 17 траўня – 12 BYN, у дзень правядзення акцыі – 15 BYN
НММ робіць стаўку на інтэрактыўнасць: наведвальнікі размалююць спецыяльныя палотны, паўдзельнічаюць у эксперыментальным тэатры, створаць карціну на шкле і апынуцца ў сусветных галерэях з дапамогай VR-тэхналогій. Таксама ў праграму ўваходзіць лекцыя пра прыроду пачуццяў, выступленні ансамбля труб і валторнаў, савецкая відэа- і аўдыяхроніка і салянка з мастацтва розных часоў і народаў.
ГАРАДСКАЯ МАСТАЦКАЯ ГАЛЕРЭЯ ТВОРАЎ Л.Д. ШЧАМЯЛЁВА
Дзе: вул. Рэвалюцыйная, 10
Калі: з 20:00 да 23:00
Кошт: 4 BYN
Мастачка Хрысціна Высоцкая гатовая пагрузіць цябе ў свет сучаснага мастацкага тэкстылю. Табе ўдасца паглядзець на ўрбаністычны роспіс па тканіне, абстрактную скульптуру, габелены і тэкстыльную аплікацыю. Яшчэ ў праграму ўключаныя паказ-перформанс, арт-квіз і інстаграм-конкурс на самую крэатыўную фатаграфію – натуральна, з прызамі.
МУЗЕЙ ГІСТОРЫІ ГОРАДА МЕНСКА
Дзе: вул. Кірылы і Мяфодзія, 6, вул. Кірылы і Мяфодзія, 8, пл. Свабоды, 15
Калі: з 20:00 да 24:00
Кошт: 5 BYN
Менскі музей гісторыі прадстаўляе гульню «Ноч. Меч. Электрапечка» – рыцарскі квэст, які раскінецца на тры пляцоўкі: экспазіцыю «карэтную», мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага і археалагічны музей «Верхні горад». Удзельнікі і ўдзельніцы ігрышчаў вывучаць калекцыю халоднай зброі пятнаццатага стагоддзя, палюбуюцца старадаўнімі аксэсуарамі і будуць змагацца на дуэлі – пераможцу вызначаць з дапамогай латарэі.
МЕНСКАЯ ГАРАДСКАЯ РАТУША
Дзе: пл. Свабоды, 2а
Калі: з 20:00 да 23:00
Кошт: 5 BYN
Праявіць свой інтэлект можна на квізе «Класіка»: там спатрэбіцца веданне карцін, відэагульняў, фільмаў і класічнай музыкі. Гэтую ж музыку будуць граць у перапынках паміж турамі, а пасля табе раскрыюць таямніцы Менскай гарадской ратушы.
ДЗЯРЖАЎНЫ МУЗЕЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Дзе: вул. Максіма Багдановіча, 13
Калі: з 17:00 да 24:00
Кошт: 3 BYN
Вечар 18 траўня ты можаш правесці ў кампаніі пана Завальні. Шляхціц падрыхтаваў для цябе сустрэчу з беларускімі пісьменнікамі, выступы танцораў і скрыпачоў, майстар-класы па напісанні казак і вершаў, лекцыю пра кіно і паказ мультфільмаў, заснаваных на беларускіх казках. Дарэчы, прыходзіць на івэнт можна з дзецьмі – у пакоях пана Завальні будзе працаваць куток «Забавы для маленькіх шляхціцаў», дзе юныя наведвальнікі зоймуцца арт-тэрапіяй са сваімі бацькамі.
ЛIТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ ЯНКI КУПАЛЫ
Дзе: вул. Янкі Купалы, 4
Калі: з 19:00 да 05:00
Кошт: 2 BYN
Музей Янкі Купалы адзначае 75-гадовы юбілей, таму ўся выставачная канцэпцыя заснавана на гэтым ліку. Фонд музея прадставіць 75 прадметаў з незвычайнай гісторыяй, а кожны 75-ы наведвальнік атрымае спецыяльны прэзент. Дадаткам да гэтага дня нараджэння стануць выступы гуртоў «Стары Ольса» і «Палац», кірмаш і квэст «Купалаў код».
ЛIТАРАТУРНА-МЕМАРЫЯЛЬНЫ МУЗЕЙ ЯКУБА КОЛАСА
Дзе: вул. Акадэмічная, 5
Калі: з 17:00 да 23:00
Кошт: 2 BYN
25 актыўнасцей, шэсць лакацый і шасцігадзінны хранаметраж – вось як выглядае праграма «Святло ў акне», арганізаваная музеем народнага паэта. Канцэрты, спектаклі, віктарыны, выставы, гульні і майстар-класы – прасцей убачыць усё самастойна, чым чытаць даўжэзны пералік.
МУЗЕЙ ЗАЙМАЛЬНЫХ НАВУК «КВАНТУМ»
Дзе: пр. газеты «Праўда», 29
Калі: з 19:00 да 00:00
Кошт: 16 BYN – дарослы білет, 14 BYN – дзіцячы
Фанаты Ілана Маска змогуць ужыцца ў ролю куміра: запусціць уласную Falcon 9, даследаваць праект Space X і сесці за руль Tesla, якая лунае ў космасе. Таксама ты зможаш размаляваць партрэт вынаходніка і прасачыць за тым, як працуе яго мозг. Прыемны дадатак – мадэль чалавечага мозгу можна будзе зрабіць сваімі рукамі.
МУЗЕЙ АРХIТЭКТУРНЫХ МIНIЯЦЮР «КРАІНА МІНІ»
Дзе: пр. Незалежнасці, 25
Калі: з 18:00 да 01:00
Кошт: 7 BYN
Так атрымалася, што Беларусь ператварылася ў мясціну Камянёў бясконцасці, і адшукаць артэфакты раней за Танаса ты зможаш падчас інтэрактыўнай экскурсіі. Да яе прыкладаюцца касплэеры, фотазона, значкі ды іншыя супергеройскія атрыбуты – добры варыянт для тых, хто нават у музеі не можа без «Марвел».
ЛIТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ ПЕТРУСЯ БРОЎКІ
Дзе: вул. К. Маркса, 30
Калі: з 18:00 да 22:00
Кошт: 3 BYN, да 19:00 – уваход вольны
Цяпер ты зможаш даведацца, што такое авангард: спецыялісты раскажуць пра яго гісторыю, формы, ідэі і прадстаўленне ў Беларусі. Аповед пра гэтую з'яву пачнецца з дэтэктыўнай гульні, а скончыцца выступам праекта Astary, Fishy і Blico.
НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЦЭНТР СУЧАСНЫХ МАСТАЦТВАЎ
Дзе: вул. Някрасава, 3
Калі: з 18:00 да 6:00
Кошт: 10 BYN
Тут пройдзе выстава-тусоўка Tum Blr. Прастора будзе адкрытай – пакінуць сваю працу і атрымаць на яе водгук змогуць усе жадаючыя. Таксама ў праграме: экспазіцыйны праект Background, Minsk Improvisers Orchestra, Bassota visual, Structurers Performing Group, FillFree і Ілля Дзягіль.
Усе важныя менскія івэнты – у тэлеграм-канале Lost in Minsk. Падпісвайся, каб нічога не прапусціць!
Фота: palasatka