«Насця Вясна»: як уладкаваная вясельная фатаграфія?

Праект «Насця Вясна» заснавалі беларускія фатографы Насця і Максім. Рабяты працуюць у пары, здымаюць вяселлі і лав-сторы, падарожнічаюць па ўсім свеце і ладзяць майстар-класы па фота ў еўрапейскіх гарадах. Мы сустрэліся з Насцяй і Максімам і пагаварылі пра працу ў тандэме, трэнды і бюджэт на здымку.

 

Пра праект «Насця Вясна»

Насця занялася камерцыйнай фатаграфіяй каля дзесяці гадоў таму, а ў тандэме з Максімам яны працуюць ужо два з паловай гады. Да гэтага рабяты фатаграфавалі паасобку, але вырашылі ўкладаць энергію і сілы ў сумесны праект і развіваць брэнд «Насця Вясна».

 

 

Пра тое, з чаго ўсё пачалося

Бацькі Насці – мастакі. З самага дзяцінства яна расла ў мастацкім асяроддзі, а потым вучылася ў мастацкай школе. Пасля Насця паступіла ў Акадэмію мастацтваў на спецыяльнасць «фатаграфіка». Да Акадэміі яна не здымала, а больш займалася маляваннем.

З трэцяга курса сябры Насці сталі выходзіць замуж і жаніцца, перацягваючы яе на бок вясельнай фатаграфіі. «Я паздымала адных, другіх, а калі скончыла ўнівер, усё лета ўжо было распісана», – узгадвае Насця.

«Вясельных фатографаў часам называюць “бамбіламі”. Мы не бамбім»

 

Пра падзел функцый

У камандзе Макс выконвае менеджарскія функцыі, напрыклад, адказвае на лісты кліентаў. За творчы бок адказвае Насця. Аднак на вяселлі яны ператвараюцца ў адзіны арганізм з чатырма рукамі.

«Мы ведаем, як перадаць адзін момант з двух камер, трымаемся на адлегласці і здымаем з цалкам розных ракурсаў», – падсумоўвае Максім і Насця.

Ёсць размеркаванне па па тыпу камер: на стужкавую камеру часцей здымае Насця, а Максім практычна заўжды здымае на лічбавую.

 

 

Пра каштоўнасць фатаграфіі

Фатаграфія прапануе сямейную каштоўнасць. Японскі фатограф на семінары ў Іспаніі распавёў такую гісторыю: калі ў Японіі здарылася цунамі, людзі, вяртаючыся дадому, перш за ўсё ратавалі не камп'ютары, а альбомы з фотаздымкамі. Нават не флэшкі або жорсткія дыскі, а вясельныя альбомы.

 

«Уявіце: ідзе тата з нявестай, а з аднаго боку дзесяць тэлефонаў у кадры і з другога – дзесяць»

 

Пра розніцу паміж вясельнай і фэшн-фатаграфіяй

«Спачатку я бралася за любую працу, якая толькі з'яўлялася: і сем'і, і партрэты, і вяселлі, і б’юці, і фэшн. У нейкі момант я адчула, што распыляюся і не выкладаюся ні ў адным кірунку на сто адсоткаў. Было зразумела, што трэба выбіраць. Тады я пачала аналізаваць працу», – распавядае Насця.

Як выглядае праца ў фэшн-фатаграфіі? Ты здымаеш гісторыю, яе друкуюць, на наступны дзень з'яўляецца нешта новае, а пра папярэднюю ўсе забываюць. А праца ў рэкламе мне не цікавая. Вясельная ж фатаграфія жыве сваім жыццём. На вяселлі бачыш эмоцыі людзей, аддачу. І гэта доўжыцца не адзін дзень. Напрыклад, праз год мне могуць напісаць рабяты: «Глядзім альбом, гэта так класна».

 

Вяселле як квэст

Вясельных фатографаў часам называюць «бамбіламі». Мы не бамбім. На тыдзень у нас адно вяселле. Гэта праект, над якім мы працуем разам з камандай, каб стварыць нешта новае. Так у нас не замыльваецца карцінка.

 

 

Фотаапарат vs. смартфон

З'явіліся смартфоны, і фатаграфія стала вельмі даступнай. На тэлефоны людзі здымаюць кожны дзень, але потым нават не праглядаюць гэтыя фатаграфіі. Калі на вяселлі пара абменьваецца кольцамі, палова сяброў здымае на тэлефон. Што зрабіць, каб пазбегчы гэтага? Некаторыя вядучыя перад цырымоніяй кажуць: «Рабяты, зараз будзе цырымонія, калі ласка, схавайце тэлефоны». Уявіце: ідзе бацька з нявестай, а з аднаго боку дзесяць тэлефонаў у кадры і з другога – дзесяць.

«Я б не хацеў бачыць на сваім вяселлі тэлефоны. Магчыма, гасцям гэта важна. Але навошта тады я?» – кажа Максім.

Пра тэхніку

Мы здымаем на дзве лічбавыя камеры Canon 5D Mark IV і на дзве стужкавыя: cярэднефарматную Сontax і вузкафарматную Canon. З аб'ектываў у асноўным выкарыстоўваем 50mm і 35mm, часам – 85 mm. Самы шырокавугольны аб'ектыў у нашым арсенале – 35 mm.

«Я магу вырашыць практычна ўсе задачы 50mm. Мой зум – ногі», – дзеліцца Насця.

 

 

 

Пра тое, як здымаць на стужку

Насця распавядае пра свае стасункі са стужкай:

– Я пачала здымаць на стужку і быццам абнавілася. Праз шмат гадоў працы ў гэтай сферы вяселлі могуць стаць руцінай. Калі я зусім стамілася, вырашыла: буду сыходзіць і рабіць нешта іншае.

Тады мы пачалі працаваць разам з Максімам, і ён прапанаваў здымаць на стужку. Калі б я фатаграфавала адна, то не змагла б здымаць і на лічбу, і на стужку адначасова. Мне стала цікава, і я пачала ўсё наноў. Калі я здымаю на стужку, то адчуваю сябе засяроджанай.

На адну здымку вяселля сыходзіць у сярэднім 15-20 катушак стужак, а часам – да 30.

 

«Я магу вырашыць амаль усе задачы 50mm. Мой зум – ногі»

 

Пра ўспышкі

«Мы не любім успышкі, мы любім натуральнае святло. Лепш стварыць атмасферу і падняць ISO на максімум. «Насця ніколі не карыстаецца ўспышкай, а ў мяне ёсць некалькі», – распавядае Максім.

«Усе людзі розныя. Некаторыя не зусім разумеюць шумныя фатаграфіі, і тады выразныя, рэзкія кадры Макса, зробленыя з успышкай, выцягваюць гісторыю. Іншыя ж, наадварот, любяць цёмныя і шумныя фота з адмысловай атмасферай», – кажа Насця.

 

Пра бюджэт на вясельную здымку

На наш погляд і мяркуючы па вопыту нашых пар, аптымальны бюджэт на здымку мусіць быць 10-15% ад бюджэту ўсяго вяселля.

 

 

Пра тэндэнцыі ў вясельнай фатаграфіі

Яшчэ зусім нядаўна быў бум fine art фатаграфіі, але паступова гэта сыходзіць. Праўда, само значэнне fine art на рынку СНД апапсілі: пад fine art сталі разумець светлую фатаграфію з аднолькавымі позамі і з адной кветачкай у руках.

Зараз фатаграфія стала больш жывая. Важней за ўсё момант. Па сутнасці, вясельная фатаграфія – гэта не толькі вясельны партрэт. Рабяты цэняць сваіх гасцей, яны не могуць вылучыць шмат часу на шпацыр, мы павінны ўмець зрабіць добрыя пастановачныя фатаграфіі за 5 хвілін. Астатняе – рэпартаж.

 

 

Пра час для здымкі

Напэўна, усе здагадваюцца, што найлепшы час для здымкі – заходнія гадзіны: 30 хвілін да заходу і 10 хвілін пасля. У Венецыі або Парыжы здымаем толькі на світанні.

 

Пра фотазону

Нам падабаецца фатаграфаваць людзей на фоне парку ці на фоне светлай сценкі або аркі. Добрая фотазона каштуе дорага. Праблема фотазоны ў тым, што яна невялікая, а да яе падыходзіць, напрыклад, 10 чалавек – у выніку фотазона займае паўкадра, а яшчэ паўзоны займае будынак. Мы кантралюем, каб да фотазоны падыходзіла не болей 5 чалавек.

 

 

Пра тое, як апрацоўваць

Мы аддаём гатовыя фатаграфіі праз 3-4 месяцы. Максім займаецца карэкцыяй колеру, адбірае фатаграфіі і апрацоўвае здымкі ў Lightroom. У нас няма адных прэсетаў для апрацоўкі. Дзякуючы таму, што мы здымаем на стужку, апрацоўка стала прасцей. Канчатковыя кадры адпраўляем у Іспанію ў лабараторыю Carmencita. Там праяўляюць, скануюць і высылаюць назад гатовыя здымкі, якія не маюць патрэбы ў дадатковай апрацоўцы.

Важна першапачаткова зняць класна. Калі ты зробіш фатаграфію з добрым святлом, то можна не надта замарочвацца з апрацоўкай пасля.

 

«Аптымальны бюджэт на здымку павінен быць 10-15% ад бюджэту ўсяго вяселля»

 

Пра майстар-класы

Тры гады таму мы пачалі рабіць майстар-класы. Першы быў у Амстэрдаме. Усё атрымалася, і нам спадабалася вучыць. Вясельная здымка – гэта не поле для эксперыментаўі. А падчас майстар-класа можна патрэніравацца.

 

Пра тое, чым натхняцца

Мы стараемся натхняцца візуалам не з вясельнай сферы. З фатографаў нам падабаюцца, напрыклад, Сярожа Сараханаў або Піцер Ліндберг. Глядзім менш вяселляў і больш фільмаў, знятых прыгожа: не хочам паўтарацца падсвядома. Мы натхняемся фэшн-фатаграфіяй, таму нам часта кажуць, што нашы вясельныя фатаграфіі нагадваюць фэшн-здымку.

 

Пра беларускіх фатографаў

З беларускіх фатографаў нам падабаюцца Павел Крычко і Максім Шумілін.

 

Пра тое, як праходзіць працоўны дзень

Калі ты фрылансер, у першую чаргу важны графік. Мы прачынаемся, снедаем, пераапранаемся ў рабочую вопратку, сядаем за камп’ютары, працуем, адказваем на лісты. У нас ёсць час на абед, вячэру і асабістыя справы.

 

 

Геаграфія здымак

Самая далёкая здымка была ў Кітаі. Мы здымалі на досвітку пасля джэтлагу тры дні. У Еўропе здымалі ў асноўным у Італіі, Партугаліі. У гэтым годзе былі ў Даніі, Германіі, Францыі. Адна з самых незвычайных здымак была ў Турцыі на 500 гасцей.

 

 

Фота з асабістага архіва герояў