У Батанічным садзе з’явіцца інклюзіўная пляцоўка
- Рубрыка: УЛОЎ
- 23.05.2021
- 27420
5–6 чэрвеня вялікі гарадскі пікнік Vulitsa Ezha распячатвае новы сезон. Сёлета пры падтрымцы мабільнага аператара А1 фестываль стане яшчэ больш фрэндлі для сваіх наведнікаў і наведніц: атрымаць асалоду ад смачнай ежы, напояў, файнай музыкі і актыўнасцей змогуць усе.
Кампанія А1 арганізуе ў Батанічным садзе адмысловую безбар'ерную пляцоўку, дзе на кожным уік-эндзе фэсту будуць выступаць вядомыя беларусы. Спікеры падзеляцца асабістымі гісторыямі пра тое, як інклюзія стала часткай іх жыцця, і зладзяць творчыя майстар-класы – іх расклад з'явіцца крыху пазней.
Госці інклюзіўнай пляцоўкі пакаштуюць фірмовыя напоі ад барыста кавярні «Інклюзіўны барыста». Барная стойка тут будзе заніжаная, а сцежкі да яе накрыюць здымным насцілам. Калі камусьці спатрэбіцца дапамога, яе прадаставяць прафесійныя цьютары і псіхолагі. Як і на іншых лакацыях фэсту, для камфорту і бяспекі гасцей будуць прадугледжаныя меры па выкананні сацыяльнага дыстанцыявання і дадаткова абсталяваныя зоны з антысептыкам, а ўвесь персанал забяспечаны маскамі ды пальчаткамі.
На першай летняй «Вуліцы» плануецца: фудкорт ад 50 завядух, локал-фуд-маркет, вулічны кінатэатр, лекторый, кухарская школа і гэта яшчэ не ўсё. Хэдлайнерам музычнай часткі стане гурт Intelligency.
«Прытрымліваючыся міжнародных прынцыпаў ESG у экалагічным, сацыяльным і карпаратыўным кіраванні, кампанія А1 рэалізуе інклюзіўныя праекты, натхнёныя ідэяй стварэння грамадства роўных магчымасцей. Нам важна казаць пра тое, што інклюзія – гэта не толькі стварэнне безбар'ернага асяроддзя, але і глабальны падыход, які аб'ядноўвае людзей. І вялікі гарадскі пікнік Vulitsa Ezha – ідэальнае месца, каб нагадаць пра гэта», – адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.
Арганізатары пікніка ва ўнісон падкрэсліваюць, што Vulitsa Ezha – гэта не проста фестываль, дзе можна крута патусіць: «Мы ствараем атмасферу і фармуем кам'юніці аднадумцаў, распавядаем пра цікавыя праекты і аб'ядноўваем людзей, зацікаўленых у гастранамічнай культуры. Нам важна быць адкрытымі і даступнымі для любых гасцей, таму мы вельмі рады, што сёлета сумесна з А1 зможам стварыць максімальна камфортныя ўмовы адпачынку для ўсіх і стаць першым у Беларусі фестывалем з інклюзіўнай пляцоўкай такога фармату».
Гарадскі пікнік Vulitsa Ezha пройдзе 5–6 чэрвеня, 10–11 ліпеня, 21–22 жніўня ў Батанічным садзе. Кошт квіткоў стартуе ад 10 рублёў, малых да 12 гадоў пусцяць бясплатна.
Набыць квіткі можна праз сайт фестывалю.