Надзея Ількевіч
- 17.06.2016
- 2635
Мурал каля Камянецкай вежы, дзіцячы лабірынт у Браславе або міжнародны challenge, які спалучае паркур і прыбіранне смецця, – стварэнне ўсяго гэтага магчыма пабачыць на шоу «Горад». Куратарка праекту Надзея Ількевіч у размове з 34mag распавяла, як рабіць самыя смелыя ўрбаністычныя праекты пры падтрымцы гарадской адміністрацыі.
Гераіня: Надзея Ількевіч, 29 гадоў, менеджарка культурных праектаў, ідэйная кіраўніца шоу «Горад» і «Школы гарадскіх зменаў – ZMENA».
Чым займаецца: каардынуе інтэрнэт-шоу для ажыццяўлення праектаў у галіне ўрбаністыкі, працуе над адукацыйнымі праграмамі і стварэннем базы ведаў для актывістаў, якія жадаюць змяняць горад у лепшы бок.
Як пачынаўся «Горад»
– Мне заўсёды хацелася адкрыць нейкую школу для культурных менеджараў, зрабіць альтэрнатыву Інстытуту культуры. Але ў нашай рэчаіснасці быць менеджарам сацыякультурных праектаў – гэта нешта далёкае і незразумелае. Складана патлумачыць, што гэта такое, навошта гэта трэба, як на гэтым зарабляць грошы.
Спачатку я спрабавала адкрыць такую школу, але туды ніхто не запісаўся. Але жаданне стварыць нешта такое, дзе можна даведацца, як зрабіць месца, у якім жывеш, лепей, нікуды не знікла. Так гэта ўсё пераўтварылася ў «Школу супергерояў». Выпускнікамі школы сталі 26 чалавек. Ніхто з іх дагэтуль не займаўся ніякаю актыўнаю дзейнасцю, але ўсім вельмі хацелі паспрабаваць: як гэта, быць супергероямі ды палепшыць свой горад. У нас атрымалася зрэалізаваць шэсць ініцыятываў: аднавілі лесвіцу на вуліцы Жудро, правялі фестываль «Вулічная бібліятэка» ў Парку Перамогі ды ўзмацнілі дух добрасуседства жыхароў Асмалоўкі.
«Для першага сезона «Гораду» мы атрымалі 102 заяўкі з усёй Беларусі. Пры адборы ацэньвалі рэалістычнасць ідэі, неабходнасць менавіта гэтага праекту для гораду»
Летам 2015-га я выпадкова зняла фільм у жанры пост-апакаліпсіс на экалагічную тэматыку. Дзякуючы таму, што я звязалася з відэа, мне вельмі захацелася зрабіць аўдыявізуальны праект на падставе «Школы супергерояў». Гэтак нарадзілася ідэя шоу «Горад».
Спачатку праект планаваўся ў стылі найлепшых традыцыяў тэлеканалу ТНТ: са студыяй, кнопкаю, у больш вялікім маштабе. Але крызіс унёс свае карэктывы, і мы вырашылі рабіць серыі даўжынёю 10 хвілінаў і выкладаць іх у інтэрнэт.
Мы проста прыдумалі ідэю, напісалі спонсарскі праект і тэлефанавалі ўсім-усім-усім. Гэта заняло шмат часу, але па выніку мы знайшлі тыя кампаніі, якія нам дапамаглі.
«Па сэнсе і па ўзроўні здымак другі сезон шоу “Горад” мог бы даць фору любым шоу, што робяцца на СТВ, БТ і іншых тэлеканалах»
Людзі першага «Гораду»
– Для першага сезона «Гораду» мы атрымалі 102 заяўкі з усёй Беларусі. Большая частка праектаў была звязаная з пэўнымі інфраструктурнымі рашэннямі. Людзі з маленькіх гарадоў пісалі: «Мы хочам зрабіць крэатыўную прастору». У Менску такіх месцаў шмат, а вось, напрыклад, у Полацку іх зусім няма. А людзям таксама хочацца камунікацыі, хочацца, каб былі месцы для правядзення мерапрыемстваў.
Пры адборы ацэньвалі рэалістычнасць ідэі, неабходнасць менавіта гэтага праекту для гораду. Актуальнасць, творчасць і незвычайны падыход таксама ўлічваліся. Мы глядзелі, наколькі чалавек хоча гэта зрабіць, наколькі захоплены сваёй тэмай.
У выніку мы выбралі 17 удзельнікаў з абсалютна рознымі ідэямі ды прывезлі іх у Менск на тыдзень. Там у іх была адукацыйная праграма: лекцыі па дызайне ды краўдфандынгу, сустрэча з прадстаўніцтвам амбасады Бразіліі, экскурсіі па менскіх крэатыўных прасторах. Мы хацелі падарваць ім мозг, паказаць іншую рэчаіснасць.
І ўвесь гэты час ішла праца над праектамі, удасканальванне ідэяў. Напрыканцы адукацыйнага тыдня ў Менску кожны атрымаў асабістае заданне, якое трэба было выканаць за 12 дзён. Удзельнікі мусілі сабраць каманду, зрабіць макет ці прататып, знайсці дадатковае фінансаванне, узгадніць усё з адміністрацыяй і даказаць, што гэты праект патрэбны гораду. Бо навошта рабіць дзіцячую пляцоўку ў двары, дзе няма ніводнага дзіцяці?
Па выніках гэтага выпрабавання журы выбрала фіналістаў, з якіх – чацвёх пераможцаў. Гэта праект «Дзіцячы лабірынт» з Браслава, стрыт-арт з Камянца, «Сцежка здароўя» з Салігорску і Green WorkOut з Берасця.
Ніхто з нашых удзельнікаў не быў актыўным гараджанінам ці неяк звязаны з НДА. У кожнага ёсць асноўная праца: хтосьці інжынер-канструктар, хтосьці праграміст, галоўны бухгалтар ці дызайнер. Для іх праект – магчымасць паспрабаваць сябе ў чымсьці новым, выклік: «Ці здолею я зрэалізаваць сваю ініцыятыву?». Дарэчы, ніхто з некамерцыйнага сектару ў праект не падаваўся.
Другі сезон як тэст на ўстойлівасць
– Другі сезон «Гораду» апынуўся маштабней. Над першым яго выпускам працавала здымачная група з 47 чалавек, а візуальны стыль студыі распрацоўваў мастак Павел Шапо. Выпускі сталі па 30–40 хвілін, з'явілася застаўка, студыйныя здымкі, касцюмы. Удзельнікаў было ўжо 20, ініцыятыў – 14.
З'явіліся выпрабаванні, вынікі якіх былі наўпрост завязаныя на гарадское жыццё. Гэта стварэнне лавачак для вуліцы Зыбіцкай (адна, дарэчы, да гэтага часу жывая-здаровая), добраўпарадкаванне Асмалоўкі разам з жыхарамі ды арганізацыя адкрытага для ўсіх мерапрыемства ў стылі Vulica Brazil ў ГЦ Galleria.
Аднак першы сезон быў паказаны па «Беларусь-2», а другі не выйшаў на тэлебачанні наогул, хоць мы прапаноўвалі. Я лічу, што па сэнсе і па ўзроўні здымак ён мог бы даць фору любым шоу, што робяцца на СТВ, БТ і іншых тэлеканалах.
Яшчэ адзін вельмі дзіўны факт: беларускія СМІ сталі больш пісаць пра «Горад» толькі пасля таго, як даведаліся, што амерыканскі мастак Біл Форэстар ахвяраваў $ 3000 на прызавы фонд. Да Біла я звярнулася ўжо з апошняй надзеяй, бо праект не палічылі важным 137 беларускіх кампаній. Мы і спонсарскія пакеты высылалі, і розныя варыянты супрацоўніцтва прапаноўвалі...
Як бы там ні было, выніку сезону не могуць не радаваць. Рэалізавана 4 праекты: перасоўная галерэя-грузавік, пляцоўка для выгулу сабак у Гародні, «смеццевая» галерэя ў Маладзечне і першы ў Беларусі даступны пляж у Лідзе.
Трэці сезон застаецца пад вялікім сумненнем. Калі б нейкі тэлеканал прапанаваў нашай камандзе зняць новы сезон, было б выдатна. Хацелася б зрабіць яго больш накіраваным непасрэдна на праекты ўдзельнікаў, дадаць ментараў, змяніць механіку конкурсу, улічыўшы плюсы і мінусы папярэдніх сезонаў.
«Праект не палічылі важным 137 беларускіх кампаній»
«Беларускія СМІ сталі больш пісаць пра нас толькі пасля таго, як даведаліся, што амерыканскі мастак Біл Форэстар ахвяраваў $ 3000 на прызавы фонд»
Як кіраваць праектамі праз акіян
– У 2017 годзе я выйграла стыпендыю Civil Society Leadership Awards і была прынятая ў Ohio University на магістарскую праграму па спецыяльнасці «Communications and Development Studies». Універсітэт Агаё знаходзіцца ў горадзе Атэнс, у адным з самых бедных рэгіёнаў ЗША – Апалачах. Сітуацыя Атэнс падобная на сітуацыю ў Беларусі: тут мала рэсурсаў, вялікі працэнт беднага насельніцтва, горад не ўпісваецца ў агульнапрынятую амерыканскую карціну з мільёнам магчымасцяў. Таму, на маю думку, беларускім чыноўнікам і актывістам ёсць чаму павучыцца ў тутэйшых калег.
Менавіта мне амерыканскі вопыт дапамагае прасцей глядзець на арганізацыю праектаў па развіцці супольнасцяў, натхняцца тым, як тут падтрымліваюць адзін аднаго і як цэняць ініцыятывы і любыя творчыя праекты. Ва ўніверсітэце я выбіраю максімальна разнастайныя курсы, каб пашырыць кругагляд і навучыцца таму, чаму ў беларускіх ВНУ навучыцца немагчыма. Напрыклад, цяпер я разбіраюся ў стварэнні 360-відэа і аўдыё, а таксама ўмею варыць крафтавае піва і ведаю, як з дапамогай броварства паўплываць на развіццё мясцовых супольнасцяў.
Я стараюся не забываць Беларусь і пасільна ўдзельнічаю ў мясцовым варушняку. За час майго знаходжання ў ЗША я змагла дыстанцыйна зрабіць «Школу гарадскіх зменаў – ZMENA». Гэта праект, у які я ўклала назапашаны вопыт рэалізацыі гарадскіх кейсаў у Беларусі. Ён уключае ў сябе ўрокі, медыятэку, выдатны блог з прыкладамі. Праект накіраваны больш на пачатковую аўдыторыю – на тых, хто хацеў бы нешта мяняць, але не ведае як і не ведае, з чаго пачаць. У медыятэцы «Школы гарадскіх зменаў» сабраныя відэалекцы, спасылкі на адукацыйныя матэрыялы і бясплатныя анлайн-курсы, кантакты некамерцыйных арганізацый, спасылкі на актуальныя конкурсы і гранты.
Сам навучальны курс размешчаны на платформе Stepik.org і ўключае ў сябе 7 урокаў асноўнага курса і 3 урока дадатковага. Кожны ўрок уключае ў сябе відэалекцыю, інтэрв'ю з экспертам, канспект з інфаграфікай і некалькі тэставых заданняў. Відэалекцыі чытае малады акцёр і прадзюсар Аляксандр Яфрэмаў. Таксама мы дадалі туды трохі візуальнага суправаджэння ў выглядзе графікі. Мне здаецца, курс зроблены сучасна і цікава, і гэта выдатны рэсурс, каб пачаць змяняць свой горад.
Тэкст by sokol_mlody
Фота by Captain White