МТС і ЮНІСЕФ запусцілі кампанію па прафілактыцы кібербулінгу
- Рубрыка: УЛОЎ
- 10.02.2021
- 5075
У Сусветны дзень бяспечнага інтэрнэту (адзначаецца штогод у другі аўторак лютага) ЮНІСЕФ у Беларусі і мабільны аператар МТС аб'ядналі намаганні, каб выпусціць навучальныя ролікі і тэст-трэнажоры, якія дапамогуць дзецям пачувацца ў сеціве больш бяспечна.
Мэта кампаніі – даць больш інфармацыі пра кібербулінг, ці інтэрнэт-цкаванне, і навучыць дзяцей і падлеткаў бяспечным паводзінам у інтэрнэце. Што рабіць, калі цябе крыўдзяць у сеціве? Куды звярнуцца па дапамогу? Як быць, калі агрэсарам выступаеш ты сам(-а)? Чым дапамагчы, калі ты стаў(-ла) сведкам(-ай) цкавання? Адказы на гэтыя пытанні даюць псіхолагі.
Важна, што кантэнт для відэаролікаў і тэстаў распрацаваны на аснове рэальных гісторый. Ён будзе карысны і дарослым, бо распазнаць, што дзіця стала ахвярай кібербулінгу, бывае няпроста, а дапамагаць у гэтай сітуацыі таксама ўмеюць не ўсе.
«Ва ўмовах пандэміі, калі большая частка камунікацый адбываецца ў анлайн-прасторы, актуальнасць гэтай тэмы ўзрасла, а значыць патрэбныя якасныя інструменты дапамогі для прадухілення такіх праблем, як кібербулінг», – адзначае прадстаўніца ЮНІСЕФ у Беларусі Таня Радачай.
«Свае намеры працаваць з гэтай тэмай мы замацавалі пагадненнем аб супрацоўніцтве, у рамках якога на працягу года плануем працаваць над сумеснымі праектамі па прафілактыцы кібербулінгу сярод дзяцей», – падкрэслівае генеральны дырэктар кампаніі МТС Уладзімір Карповіч.
У 2018 годзе ЮНІСЕФ правёў даследаванне, удзел у якім узялі больш за мільён маладых людзей з 160 краін. Аказалася, што да 70,6% інтэрнэт-карыстальнікаў ва ўзросце 15-24 гадоў могуць быць падвержаныя кіберзапалохванню, пераследу і іншым небяспекам. Між тым, па свежых дадзеных таго ж ЮНІСЕФ, беларускія дзеці праводзяць у інтэрнэце каля трох гадзін у дзень, і чым сталейшы падлетак – тым болей часу ён сёрфіць.