Minsknotdead.com – новы праект ад 34mag і 34travel
- 14.06.2018
- 5973
Minsk Not Dead – слоган, якога мы прытрымліваемся ўжо шмат гадоў. У 2015-м мы выпусцілі мерч з гэтым дэвізам, у 2016-м стварылі афішную тумбу Менска ў тэлеграме, а сёння запускаем новы англамоўны сайт пра наш горад. Расказваем, навошта нам і вам гэта трэба.
Minsk Not Dead – англамоўны сайт пра Менск. Робім яго мы – каманда 34 Media, якая кожны дзень працуе з анлайн-часопісам 34mag.net, сайтам пра музыку «Пяршак» і рэсурсам пра падарожжы 34travel.me. Мы вельмі любім свой горад і думаем, што ўмеем крута паказваць і расказваць пра яго. Надышоў час дзяліцца ведамі з замежнымі турыстамі, экспатамі і ўсімі, хто хоча асвяжыць свае веды пра сучасны Менск.
Minsk Not Dead – гэта хутчэй гарадскі часопіс, чым вялікі гайд па горадзе. Стылёвы, зручны, інфарматыўны. Мы будзем пісаць не толькі пра страўні, вечарынкі і культурную праграму, але і пра людзей, якія робяць Менск крутым. Будзем называць іх мэйкерамі.
Minsknotdead.com – гэта ў першую чаргу «лепшае ў Менску». Але часам мы будзем падказваць, куды можна вырвацца са сталіцы Беларусі на дзянёк-другі. Калі табе гэтага мала, сачы за нашым праектам Go to Belarus (на рускай і англійскай мовах).
Менск – гэта горад, які не любіць адкрывацца першаму-лепшаму. Гэта горад, да якога трэба падабраць ключы. Менск немагчыма апісаць некалькімі распаўсюджанымі клішэ – гэта горад з дзясяткамі абліччаў, і якую са сваіх масак ён пакажа, залежыць ад цябе. Нам падабаецца паўтараць: прыгажосць у вачах таго, хто глядзіць. А мы падкажам, у якім кірунку.
І так, мы ў курсе, што правільна будзе «Minsk is not dead».
E-mail: minsknotdead@gmail.com ці 34editors@gmail.com
КАМЕНТАРЫ (1)
Хорошее дело! Удачи вам, ребята! И крутых идей!