18402 0

Віка Біран і Міла Навакоўская

Напярэдадні старту meta-квірфэсту мы пагутарылі з удзельніцамі праекта MAKEOUT Вікай Біран і Мілай Навакоўскай пра тое, як запаўняць інфармацыйны вакуум Беларусі і змагацца з дыскрымінацыяй.

 

Чым займаюцца: Запаўненнем інфармацыйнага вакууму Беларусі па тэмах гендару, сэксуальнасці, цялеснасці. Ствараюць анлайн-часопіс Makeout і ладзяць афлайн-мерапрыемствы для разгляду праблем дыскрымінацыі ў сучасным беларускім грамадстве.

Дата заснавання: 2014 год.

Структура: Усяго 12 чалавек. Як такой іерархіі няма, некаторыя ўдзельнікі звязаныя толькі з пэўнымі праектамі. Кожная ініцыятыўная група працуе са сваімі пытаннямі, яны разбіраюцца на планёрках, але аднаго замацаванага мадэратара няма – кожны раз сустрэчу вядзе новы чалавек.

Факты: За год існавання правялі больш за 50 лекцый і дыскусій. Акрамя часопіса, MAKEOUT робяць кінаклуб, трымаюць тэматычную бібліятэку і арганізавалі штотыднёвую групу росту свядомасці ЛГБТК, дзе ў закрытых групах людзі дзеляцца сваім вопытам, каб атрымаць неабходную падтрымку. 

Кантакты:

 
Сайт  |  FB   |  VK  |  Twitter

 

З кім гутарым: Віка Біран, 25 гадоў. Адна з заснавальніц MAKEOUT, зараз займаецца праектным менеджментам. Вучылася на журфаку БДУ, але не скончыла. Пяць гадоў таму прыйшла ў «Свабодны тэатр», дзе працуе і зараз.

Міла Навакоўская, 24 гады. У MAKEOUT займаецца рэдактарскай працай і сацсеткамі. Скончыла факультэт міжнародных адносінаў БДУ, усходазнаўца.


 


Гісторыі Вікі і Мілы

Віка: Разам з Настай Манцэвіч і Нікам Анціпавым мы запусцілі сайт MAKEOUT 7 студзеня 2014 года. Мы ўсе адзін аднаго ўжо вельмі добра ведалі і адчувалі недахоп актуальнай інфармацыі на тэму гендару і сэксуальнасці. Кожны з нас супрацоўнічаў з рознымі праектамі падобнай тэматыкі, але ў нейкі момант мы зразумелі, што ёсць незанятая ніша, у якой мы і хочам працаваць. Галоўнае, што намі кіравала, – гэта ўласны інтарэс, нашы патрэбы, і першапачаткова мы працавалі выключна на сябе.

Праект стаў развівацца даволі хутка, і ў першую чаргу дзякуючы людзям, якія сталі далучацца да нас. Так з намі з'явілася Міла.

Міла: Я заўсёды цікавілася фемінізмам і гендарнымі даследаваннямі, гэта была мая ўнутраная патрэба. Мы з Вікай абедзве з Пінску, былі знаёмыя, таму што вучыліся ў адной школе, але амаль не кантактавалі. А потым аднойчы яна мне напісала і спытала, ці хачу я паўдзельнічаць у новым праекце. Я пагадзілася, таму што мне было шалёна  цікава.

 

 



Пазіцыя праекта MAKEOUT

Міла: Мне здаецца, цяпер мы можам пазіцыянаваць сябе як прафемінісцкі і антыдыскрымінацыйны праект. Перш за ўсё для нас важна ствараць бяспечную прастору для абмеркавання розных пытанняў, і сайт – першая такая спроба. Але другая задача – зрабіць ЛГБТ-, квір-, бісэксуальных людзей, людзей з прафемінісцкімі поглядамі бачнымі адзін для аднаго і для грамадства ў цэлым.

Віка: Відавочна, што пытанні гендару, фемінізму, сэксуальнасці пранізваюць усе сферы нашага жыцця, таму нам важна разглядзець гэтыя з’явы комплексна. Часам, калі людзі займаюцца адной дыскрымінаванай групай, яны забываюць, што ёсць і іншыя – кшталту арганізацый, якія абараняюць правы ЛГБТ-суполкі, але пры гэтым з'яўляюцца расістамі.

Міла: Таксама мы імкнемся надаваць увагу ўнутранаму стану адзін аднаго: ладзім раўнды, дзе кожны распавядае, як ён сябе адчувае, наколькі ўключаны ў працу, якія ў чалавека ёсць рэсурсы. І стараемся адзін аднаго падтрымліваць, таму што ў нашай працы шмат складанасцяў: усе гэтыя выгаранні, дэдлайны, стрэсы. І трэба разумець, што мы ўсе працуем на агульную мэту, таму і рашэнні прымаем разам, кожны можа выказаць сваё меркаванне.

 

 

Анлайн-часопіс Makeout

Віка: Асабіста для мяне адна з найбольш важных у нас на сайце рубрык – «Камін-аўт», дзе можна прачытаць гісторыі людзей, якія адносяць сябе альбо да ЛГБТ-супольнасці, альбо квір-супольнасці, альбо проста гатовыя падзяліцца сваім меркаваннем на гэты конт. Самае важнае, што людзі, якія працуюць у праекце, таксама станавіліся героямі, каб гэта ўжо былі адносіны на роўных.

Міла: Мы проста казалі: «Я таксама, я адкрываюся, я ўразлівы. Глядзі».

Віка: Хтосьці піша на пошту, хтосьці звяртаецца наўпрост, нейкія людзі далучаюцца да
праекта і хочуць паўдзельнічаць. Наста Манцэвіч, якая курыруе гэтую рубрыку, аднойчы сказала, што ёй варта было з'явіцца ўжо для таго, каб хоць адзін голас быў пачуты.

«Мы быццам пастаянна задаем пытанні сабе і тым, з кім узаемадзейнічаем. Хто мы ёсць, як мы сябе ідэнтыфікуем, як пры гэтым пачуваемся»

Можна таксама вылучыць рубрыку «Рэтра», якая распавядае пра гісторыю ЛГБТ-руху ў Беларусі: гэтая дзвіжуха вельмі даўно існуе. Самымі першымі ўсплываюць імёны Эдварда Тарлецкага, Кацярыны Пытлевай, Сяргея Андросенкі.

Міла: Нам важна гэты вопыт адрэфлексаваць, асіміляваць і паказаць, што мы не першыя, хто займаецца гэтай тэмай.

 

 

 

Важнасць самаідэнтыфікацыі

Віка: Словы, якія мы выкарыстоўваем, граюць вялікую ролю. І калі ты ў нейкі момант не пазначыў сваю фемінісцкую пазіцыю, не прагаварыў, то па змоўчанні гэта значыць нешта іншае. У мяне ёсць сябар, які мне доўгі час падаваў руку, калі выходзіў з транспарту. Я спачатку саромелася сказаць: «Чувак, не рабі гэтага, са мной усё ў парадку, я цвёрда стаю на нагах». А потым сказала. А ён пачаў казаць мне пра дзяцінства, выхаванне, маўляў, так трэба рабіць, таму што інакш у мяне матка выпадзе. Так што абазначыць усе гэтыя пытанні ўсё ж трэба.

Міла: Я не зусім актывіст, бо ў мяне заўсёды была цікаўнасць да гендарных даследаванняў. Я разумела, што магу ісці ў акадэмію і вывучаць гэта там, але аб'ектывацыя мне жудасна не падабаецца. Я адначасова і мэтавая аўдыторыя, і аб'ект даследавання. Я ўнутры і звонку – гэта надзвычай каштоўна.

Мы працуем на павышэнне свядомасці ў сабе і ў іншых людзей. Мы быццам пастаянна задаем пытанні сабе і тым, з кім узаемадзейнічаем. Хто мы ёсць, як мы сябе ідэнтыфікуем, як пры гэтым пачуваемся. Напрыклад, калі я жанчына, то як разумею гэта? І як мне быць жанчынай у нашым грамадстве? Або як мне быць бісэксуальнай жанчынай у гэтым кантэксце? І гэты пастаянны абмен, кантакт з аўдыторыяй – напэўна, самае галоўнае.

 

 


Квірфэст і будучыня

Віка: З ідэяй стварэння meta-квірфэсту да нас прыйшоў Андрэй Карпека, адзін з мадэратараў кінаклуба Makeout. Ён добра прапампаваны па візуальным мастацтве, і я ведаю, што ідэя фэсту лунала ў яго галаве ўжо даўно. Так што мы ўзяліся за справу.

Міла: Насамрэч, гэта быў вялікі чэлендж, таму што мы ніколі не арганізоўвалі фестывалі. З чаго наогул пачынаць, чым займацца? Два тыдні мы змарнавалі толькі на тое, каб прыдумаць назву. Было шмат варыянтаў, але ў выніку паўстала meta як нешта касмічнае, усёабдымнае. Адначасова слова сугучна і з беларускай «мэта». У гурта IAMX у песні «The Stupid, The Proud» ёсць радок «Queer is the universe». Я паставіла яе камандзе – і ўсе загарэліся, асабліва Нік Анціпаў, наш дызайнер: яму спадабалася гэтая гульня касмічнага. Так была знойдзена тэма афармлення сайта.

Наступным этапам быў пошук фільмаў праз інтэрнацыянальнае кола сяброў. Мы пачалі ў лютым, атрымалі больш за 900 карцін і арганізавалі 10 спецпаказаў у нашым кінаклубе, каб адабраць самыя цікавыя разам. У выніку атрымаўся спіс, які мы разбілі на тры блокі, што адпавядаюць розным тэмам.

«Насамрэч, гэта быў вялікі чэлендж, таму што мы ніколі не арганізоўвалі фестывалі»

Віка:  Затым сталі займацца іншымі мерапрыемствамі. Бралі тэмы, на якія даўно хацелі пагаварыць. У прыватнасці, мая тэма – «ЛГБТ-супольнасць у Беларусі». Чаму розныя людзі адносяць сябе да яе, што гэтая супольнасць з сябе ўяўляе, колькі людзей трэба, каб яна ўзнікла?

Пасля фэсту мы спынімся ненадоўга, прааналізуем тое, што ўжо зрабілі, і падумаем, куды хочам рухацца далей.

Міла: Нам важная раўнамерная актыўнасць, якая, можа, не такая яркая, але доўгатэрміновая і больш устойлівая, інакш атрымліваецца проста шалёная гонка. Мы будзем далей развіваць сайт, працаваць над сістэматычнасцю выхаду матэрыялаў, прыдумляць новыя праекты.

Віка: Мы імкнемся не варыцца ў сваім саку, пашырацца, знаходзіць новую аўдыторыю. Нам цікава працаваць і з рэгіёнамі, адныя гомельскія дзяўчаты з праектам «Тэма VIDOS» чаго вартыя. Яны рабілі пародыю на серыял «Рэальныя пацаны», толькі пра лесбійскія тусоўкі, і гэта было неверагодна смешна. Нядаўна ў нас выйшаў матэрыял пра віцебскі «Балкон», які ўжо, на жаль, не існуе, але ў нас ёсць сябры сярод актывістаў. У лютым мы ездзілі ў Берасце ў «Крылах Халопа» з выязным кінаклубам. І гэта было неверагодна: мы сядзелі разам, чалавек сорак, і нам усім было пра што гаварыць. Мы хочам развівацца ў гэтым кірунку, таму што ў рэгіёнах таксама ёсць сваё жыццё, якое часам нават ярчэй, чым у Менску.

 

 

 

Фота by Таня Капiтонава


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.