Тры фемінісцкія коміксы
- 06.03.2020
- 3831
Фемінізм не адзіная праграма і не партыя, у якую ўступаеш, а ўстаноўка і оптыка, праз якую глядзіш на адносіны ў грамадстве ў цэлым і будуеш узаемаадносіны з канкрэтным чалавекам, а не наборам звыклых стэрэатыпаў. Для тых, хто хоча лепш разабрацца ў пытанні – ад гісторыі жаночага руху да больш спецыфічных тэм накшталт жаночай сэксуальнасці або аб’ектывацыі ў мастацтве, – выбралі тры нянудныя (і прыгожа намаляваныя) кнігі. На выпадак, калі восьмага сакавіка ты захочаш не на які-небудзь івэнт, а застацца дома.

«Кароткая гісторыя фемінізму»
Пату / Анцье Шруп
Выдатны старт для тых, хто пачынае свой шлях у фемінізме або хоча лепш разабрацца з асновамі, каб быць у стане годна адказваць на правакацыйныя пытанні ў дыскусіях і ведаць, што рух за правы жанчын не пачынаецца з Сімоны дэ Бавуар. Кніжка – гэта ілюстраваная гісторыя фемінізму ад антычнасці да «трэцяй хвалі» ў еўра-амерыканскім кантэксце. Некаторыя пункты цябе дакладна здзівяць: напрыклад, як табе тое, што першая кніга, азагалоўленая «Роўнасць мужчын і жанчын», была напісаная (жанчынай) ажно ў 1622 годзе?
А яшчэ ты адкрыеш для сябе шмат новых жаночых імёнаў і складзеш вялікі спіс літаратуры для далейшага чытання. Фемінізм і сацыялізм, пачатак арганізаванага жаночага руху, барацьба за права на працу (а значыць, за годную зарплату і магчымасць самастойна сябе забяспечваць), барацьба з бяспраўем жанчын у шлюбе, права жанчын на ўдзел у выбарах і рэпрадуктыўныя правы, інтэрсекцыянальнасць – усе пункты для атрымання фемпартбілета. Будзе выдатным падарункам маме, сястры ці сабе.
![]()

«Плод пазнання»
Ліў Стромквіст
А гэта гісторыя для тых, каго словам «фемінізм» і адкрытай размовай пра жаночую сэксуальнасць і фізіялогію не напалохаеш – таму што тут гаворка пойдзе ў асноўным пра жаночыя палавыя органы. Пачынаецца кніга адразу з правакацыі: калі ты думаеш, што праблема ў тым, што жаночыя палавыя органы і размовы пра іх занадта табуяваныя, дык не, праблема ў тым, што мужчыны імі занадта цікавіліся (і зусім не ў тым сэнсе, які прыносіць задавальненне ўсім удзельнікам і ўдзельніцам працэсу). Забараніць жанчынам дакранацца да сваіх геніталій, выдаліць клітар (прычым не ў далёкіх краінах, а ў ЗША ў канцы XIX стагоддзя), прызнаць жаночае цела заганным і грахоўным і гэтак далей. Асцярожна: чытанне некаторых момантаў можа выклікаць неслабое падгаранне ад дзікай несправядлівасці таго, што рабілі з жанчынамі.
Далей невялікі лікбез у жаночай анатоміі: жаночыя палавыя органы – гэта не толькі вагіна, хоць нават на пасланні пра жыццё на Зямлі, якое адправілі з зондам «Піянер», мужчына намаляваны з геніталіямі, а жанчына – без. А яшчэ глава пра жаночы аргазм і глава пра менструацыю. І паміж усім гэтым – вельмі смешна напісаным і выдатна намаляваным – ты даведаешся і пра палажэнні гендарнай тэорыі, і пра тое, як сэксуальнасць стала падставай для эксплуатацыі адрозненняў паміж мужчынам і жанчынай. Прыйдзецца сачыць за рукамі (але не ў тым сэнсе, пра які мы сказалі ў першым абзацы) і за тым, як радыкальна мяняюцца ўяўленні аб тым, што ў нас «закладзена прыродай». Так, грамадская думка пра тое, што «жанчыны ад прыроды халодныя» змяняецца на «жанчыны ад прыроды ненаедныя спакусніцы», а ў часы эканамічных спадаў усе забываюць пра тое, што жанчына «па прыродзе» не здольная да фізічнай працы. Ну, не будзем пераказваць усю кніжку цалкам, яна вартая таго, каб прачытаць яе самастойна.
![]()

«Сэм Забель і чароўнае пяро»
Дылан Хоракс
Феміністкам чамусьці часта прад'яўляюць прэтэнзіі, што яны не думаюць пра мужчын ці не звяртаюць увагі на мужчынскае меркаванне. Мы падумалі пра мужчын і ўключылі ў гэтую падборку графічны раман ад новазеландскага аўтара-мужчыны. Кніга пачынаецца як асабістая гісторыя пра пераадоленне творчага крызісу і ангеданіі, але потым пераходзіць у развагі пра межы творчасці і адказнасці аўтара.
Гэта вельмі постмадэрнісцкая кніжка, бо ў ёй герой-мастак пачынае мець зносіны з гераінямі сваіх жа коміксаў, і разам яны разважаюць над аб'ектывацыяй у ілюстрацыях і гісторыях. Сэм выпраўляецца ў падарожжа па чужых працах з дапамогай чароўнага пяра. Там ён можа рэалізаваць любыя свае фантазіі – класічныя пра дзясяткі жанчын, якія жадаюць зрабіць шчаслівым аднаго мужчыну проста таму, што ён мужчына, але ён чалавек з уласнай воляй і рэфлексіяй і можа вырашаць самастойна. А яшчэ ён можа паглядзець, у што ператварыліся гісторыі пра жанчын за гады існавання коміксаў – у набор сэксісцкіх штампаў, часткай якіх яму самому быць ужо не хочацца. І абмяжоўваць імі сваіх гераінь таксама.
Яшчэ адзін пласт – развагі пра межы фантазіі, пра тое, як падсвядомасць становіцца мастацтвам, і пра тое, як простая гісторыя можа стаць чымсьці вялікім. Увогуле выдатнае чытво і для тых, хто любіць культуру коміксаў, і для тых, каму цікавы працэс творчасці ў прынцыпе, і для тых, каму трэба лепш разабрацца, чаму цяпер усе так звар'яцелі на аб'ектывацыі і чым гэта рэальна замінае жыць.