Кобальт-хромавая абалонка: гісторыя Grillz Minsk

  • 21.11.2018
  • Аўтар: Rondo
  • 6084

Стаматалагічны аксэсуар з Амерыкі 80-х перавандраваў у Беларусь: у Менску з'явілася каманда, якая стварае кастамныя грылзы. Мы сустрэліся з дуэтам Grillz Minsk і даведаліся, з чаго складаюцца грылзы, у якую суму абыдзецца «залатая» ўсмешка і чаму метал на зубах – гэта крута.

 

 Косця 

 Антон 

 

 

30 гадоў таму амерыканскі дантыст Эдзі Плейн упрыгожыў зубы рэпера Just Ice залатымі пласцінкамі – так на свет з'явіліся першыя грылзы, якія запусцілі трэнд на ўсмешку з водблескам металу. Да двухтысячных гэты аксэсуар успрымаўся выключна як атрыбут хіп-хопа, але ў 21 стагоддзі грылзы выбраліся з ратоў рэпераў амерыканскага поўдня і апынуліся на зубах поп-артыстаў, акцёраў і персанажаў кінакоміксаў. Цяпер грылзы перажываюць чарговы росквіт: імі выхваляюцца рэп-фрэшмэны, іх прадаюць на аўкцыёне і вырабляюць у Менску. За апошні пункт адказваюць Антон і Косця – кампактная каманда, якая рашыла прыўнесці ў Беларусь трохі стаматалагічнай экзотыкі.

Па сутнасці, грылзы – гэта літы зуб: раней бабулям рабілі такія зубы з золата, і грылзы выкананыя па той жа тэхніцы, толькі мацуюцца на «жывых» зубах. Пачыналі хлопцы з простых «жалязяк», якія мацуюцца на зубы, а потым паднабраліся ведаў пра спосабы вырабу і матэрыялазнаўства і пачалі заліваць у грылзы сілікон.

 

 

 Косця:  Я з Менску, але нейкі час жыў у Піцеры. Там убачыў гэтую культуру з грылзамі – да гэтага я бачыў іх у кліпах, але ўжывую яны выглядаюць асабліва цікава. Калі вярнуўся ў Менск, зразумеў, што тут гэтым ніхто не займаецца, – тады мы з Антонам падумалі, што зможам размясціцца ў гэтай незанятай нішы.

Раней Косця рабіў каверы на Эмінема, а потым пайшоў у сольную творчасць, і з Антонам, сваім напарнікам, пазнаёміўся якраз пасля свайго сольнага канцэрта.

 

 

«Нельга зрабіць грылзы з нержавейкі, таму што яна з-за якой-небудзь колы можа карозіяй пакрыцца»

 Антон:  Пасля канцэрта мы завісалі ў яго дома, і Косця сказаў, што ў яго праблема з зубамі. А я па прафесіі зубны тэхнік, так што адказаў яму нешта ў духу: «Добра, без базару, я табе дапамагу, нават грошы браць не буду – проста вазьмі мяне ў сваю катку, хачу з вамі тусавацца». Вось так усё панеслася.

Потым я працаваў зубным тэхнікам у адной фірме, і тамтэйшы начальнік папрасіў мяне зрабіць грылзы для нейкага ўнука. Я зрабіў, сфоткаў, паказаў іх Косцю, і ўсё развілося да грылз, якія мы робім сёння.

Мы робім грылзы з кобальт-хромавага сплаву – гэта сплаў, які выкарыстоўваецца ў стаматалогіі для каронак і іншых рэчаў. Таксама я змяшчаю ў грылзы сілікон – ён патрэбны, каб не пашкоджваць эмаль.

Мы выкарыстоўваем стаматалагічны сплаў металаў з-за таго, што грылзы мацуюцца ў ротавай поласці, а там вельмі шмат усяго – нельга зрабіць грылзы з нержавейкі, таму што яна з-за якой-небудзь колы можа карозіяй пакрыцца. З гэтым сплавам такога не будзе – гэта той метал, які не страшна піхаць у рот.

 

 

– У якіх колерах вы робіце грылзы?

 Антон:  Ёсць срэбра, «індыйскае» золата і цырконіевае золата. У нас няма такога жаўтушнага колеру, які носяць хлопцы на Захадзе, – у нас іншы густ.

Калі ў цябе ёсць сярэбраныя грылзы, ты можаш з імі пахадзіць і ў будучыні перафарбаваць – аддаеш мне грылзы, і я перафарбоўваю іх у золата. Ты ходзіш з золатам, а потым кажаш, маўляў, чувак, хачу назад сваё срэбра – без праблем, я зноў зраблю іх сярэбранымі. Гэта не праблема, таму што гэта ўсяго толькі напыленне.
 
– А можна пафарбаваць грылзы ў больш яркі колер, напрыклад у фіялетавы?

 Антон:  Праблема ў тым, што я і лью, і напыляю грылзы ў стаматалагічных месцах. А там не робяць фіялетавага напылення – у наяўнасці ёсць толькі тое, што выкарыстоўваецца ў стаматалогіі. У тэорыі ёсць тытан, які можна зрабіць з адценнем фіялетавага або зялёнага, але я не знайшоў месца, дзе мне маглі б выліць грылзы з тытанавага сплаву.

 

 

У стаматалагічнай клініцы хлопцы выліваюць форму. Злепкі з зубоў яны здымаюць у сябе дома – звычайна гэта робіць Косця. Пасля Антон забірае злепкі і працуе над імі ў стаматалогіі – з яе ён прывозіць гатовыя грылзы, у якія пасля наступнай прымеркі заліваецца сілікон, што цалкам паўтарае форму зубоў кліента.

У сярэднім яны робяць грылзы за 14 працоўных дзён, але тэрміны могуць зрушыцца – калі кліент хоча грылзы на дзве сківіцы па дзесяць зубоў, то «выточваць» іх Антон будзе крыху больш. У той жа час адзін зуб можна зрабіць за пару дзён, але ў сярэднім усё круціцца вакол двух тыдняў.

 

 

«Грылзы з "аліка" робяцца з дапамогай двух кітайцаў – адзін робіць, а другі дастаўляе, а ў працы над нашымі грылзамі задзейнічана чалавек пяць»

– Якія грылзы самыя папулярныя?

 Антон:  Часцей за ўсё бяруць грылзы на два зубы, ставяць іх на іклы. Але мы раім замацоўваць па два з кожнага боку – гэта не для таго, каб з вас бабкі нейкія садраць, а ў плане надзейнасці крапяжу: гэта будзе больш практычна, таму што на адзіночных зубах сілікон зношваецца хутчэй. Чым больш зубоў робіш – тым даўжэй і лепш сядзіць сілікон.

Наогул пацаны любяць сакавіта «засандаліць» паўсківіцы, а ў дзяўчат папулярныя грылзы на адзін-два зубы. Хоць была кліентка, якая сабе аж тры грылзы зрабіла.

– Чаму ў грылз такі «куслівы кошт»?

 Антон:  Ёсць людзі, якія заходзяць да нас у групу і кажуць: «Блін, 40 рубасаў за зуб, што за хрэнь, чаму так дорага? Зайду на "алік" і куплю грылзы там». А грылзы там ёсць, і ты б бачыў гэтыя «квадрацікі» – мадэлі на ўсю сківіцу там каштуюць адзін даляр. Але гэтыя грылзы падобныя да вампірскіх сківіц, якія раней у шапіках прадаваліся, – ты ў іх рот ставіш, а ў цябе губа тырчыць. Гэта поўная хрэнь, а нашы грылзы – гэта цалкам ручная работа: мадэль аднаго чалавека іншаму проста не падыдзе. Я мадэлірую форму ўручную і ў прынцыпе магу зрабіць практычна ўсё, што заўгодна, – усё залежыць ад часу.

Усё раблю рукамі, і гэта не так проста, таму што гэта працаёмка. І некаторыя этапы нельга зрабіць самому – у лабараторыі я магу мадэляваць, пілаваць і паліраваць, але мадэль, на якой будуць мадэлявацца самі грылзы, мне трэба аддаць у «ліцейку» і заплаціць людзям, якія гэта зробяць. Потым забраць гэта, змадэляваць і адвезці людзям, якія выльюць метал, – зноў трэба заплаціць чалавеку, які будзе яго ліць. Атрымліваецца, што грылзы з «аліка» робяцца з дапамогай двух кітайцаў – адзін робіць, а другі дастаўляе, а ў працы над нашымі грылзамі задзейнічана чалавек пяць. За кошт гэтага і цана такая, у якую таксама ўключаецца матэрыял.

 Косця:  Калі маскоўскія вытворцы ўбачаць цэны на нашы грылзы, яны нас проста заб'юць: «Чаму так танна?» У іх усё разы ў 2-3 даражэй, і грылзы на шэсць зубоў я зрабіў у Маскве за 20 тысяч расійскіх рублёў (прыкладна 640 BYN) – у нас такі набор будзе каштаваць даляраў сто.

Зараз у нас у распрацоўцы грылзы з рознымі каменьчыкамі. Па сутнасці, гэта як разнавіднасці красовак: калі ты пачаў рабіць красоўкі, то трэба нешта зрабіць і на тонкай, і на тоўстай падэшве. І грылзы з камянямі патрэбныя для таго, каб людзі маглі выбіраць. Трэба дайсці да таго ўзроўню, каб мы маглі ажыццявіць любы заказ.

Яшчэ мы думаем рабіць грылзы з пластмасы: па той жа тэхніцы, з сіліконам, але ў розных колерах – нам часта пішуць школьнікі, якія хочуць такія ж зубы, як у 6ix9ine. Ды і сабекошт у такіх грылз будзе менш.

 

 

– А вы зробіце грылзы школьніку? Тыя ж татуіроўкі ў салонах робяць толькі з 18 гадоў.

 Антон:  Зробім. Мы не заганяліся на тэму таго, што прыйдзе чыйсьці баця і начысціць мне твар за тое, што я спі*дзіў грошы і зубы яго дзіцёнка і зрабіў нейкую незразумелую хрэнь. Наогул баця хутчэй начысціць твар татуіроўшчыку, чым мне, – татуху прыбраць складаней, чым грылзы.

– Грылзы трэба здымаць або з імі можна хадзіць увесь час?

 Косця:  Гэтыя рэчы не прызначаныя для штодзённасці: калі я захачу паесці або пагаварыць без скажэнняў, то я здыму іх і буду жыць далей. Я бяру свае грылзы на нейкія здымкі, тусоўкі.

 Антон:  Трэба разумець, што грылзы – гэта аксэсуар. Гэта не каронкі, якія вырабляюцца для таго, каб ты мог нармальна жыць, – гэта проста ўпрыгожванне, з якім ты будзеш прыгожа глядзецца на фотцы і вылучацца ў кампаніі. Калі мы расказваем пра догляд за грылзамі, гаворым пра тое, што насіць іх трэба тады, калі ты ідзеш на нейкую тусоўку, але не трэба ў іх есці і спаць. Наогул, спаць у грылзах – гэта апошняя справа, таму што ў сне «адзінкавыя» грылзы можна з лёгкасцю праглынуць – добра яшчэ, калі яны праз цябе проста «пройдуць», але яны ж могуць і мацаваннем дзе-небудзь унутры зачапіцца, а гэта будзе непрыкольна. Таму клапаціцеся пра сябе, не рабіце лішняга.

 

«Калі маскоўскія вытворцы ўбачаць цэны на нашы грылзы, яны нас проста заб'юць: "Чаму так танна?"»

Цяпер хлопцы здымаюць злепкі дома, паралельна займаючыся стварэннем сваёй студыі: Косця і Антон хочуць зрабіць прэзентабельнае месца. Хлопцы хочуць дасягнуць прафесійнага ўзроўню, таму зараз зарабляюць і збіраюць грошы для таго, каб іх кліенты прыходзілі ў прыгожы пакой з добрым абсталяваннем.

 

– Які ў вас «паток» кліентаў?

 Косця:  У сярэднім у нас адзін заказ на тыдзень. Раз на раз не прыходзіцца: бывае, што на тыдні тры чалавекі, але хтосьці пераносіцца, хтосьці наогул не даходзіць. Бывала, што мы па некалькі тыдняў нічога не рабілі, а потым да нас куча людзей залятала.

– З грылз атрымліваецца мець нейкі заробак?

 Антон:  Такі канкрэтны, каб больш нідзе не працаваць, – не. Часцей за ўсё мы працуем у «нуль»: зарабіў – уклаў, зарабіў – уклаў. Думаю, гэта класічны пачатак кожнага бізнэсу, але на будаўніцтва студыі ў нас грошы адкладаць атрымліваецца.

– Чаму грылзы – гэта крута?

 Косця:  Грылзы класна асвяжаюць вобраз, і з імі можна рабіць розныя штукі. Мы за тое, каб людзі вылучаліся і рабілі для сябе нешта цікавае – мы не прапануем людзям заліць усё зубы і хадзіць строем, а падштурхоўваем іх да нейкай унікальнасці.

 Антон:  Мы настолькі прывыклі да нейкай «аднолькавасці», што, калі я еду ў аўтобусе ў красоўках рознага колеру, на мяне іншыя пасажыры глядзяць, як на дурня. Грылзы – гэта спосаб вырвацца з гэтай «нармальнасці», з прыдуманых нормаў. Так што будзь індывідуальным і не ссы быць не такім, як усе.

 

Фота: Таня Капiтонава