Ганна Трафімчук

  • 07.05.2015
  • 2654

 

 

Намеснік дырэктара па развіцці арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Ганна Трафімчук пра тое, як арніталогія і ахова прыроды могуць стаць моднымі.  

 

 Чым займаюцца:  праблемамі арніталогіі і аховы прыроды Беларусі.

 Факты:  «Ахова птушак Бацькаўшчыны» — самая буйная прыродаахоўная арганізацыя Беларусі, якая ўжо 20 гадоў працуе дзеля таго, каб захоўваць біяразнастайнасць і не даць знікнуць ніводнаму віду птушак. АПБ актыўна далучае насельніцтва да працы па ахове і захаванні прыроды. Зараз у АПБ – 10 аддзяленняў па Беларусі: у Менску, Барысаве, Берасці, Гародні, Іванаве, Слуцку, Мядзелі, Навагрудку, Шуміліна і Віцебску.

Сайт |   FB  |  VK  |  Instagram  |  Twitter  |  YouTube  |  Telegram  

 З кім гутарым:  Ганна Трафімчук, 31 год, скончыла магістратуру ў Садэрторнскім універсітэце ў Стакгольме па спецыяльнасці «Медыя, камунікацыя і сацыяльны аналіз». Працавала ў «Ахове птушак Бацькаўшчыны» намесніцай дырэктара па развіцці. Менеджар праграмаў па Белавежскай пушчы. Займаецца арганізацыяй навуковых даследаванняў і мерапрыемстваў. 

Арыгінальная дата публікацыі – 07.05.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.

 

 

Гісторыя Ганны

– Калі я прыйшла ў АПБ, то наогул нічога не ведала пра птушак. Я вельмі баялася, што мяне не прымуць, але мяне ўзялі і адразу ж адправілі на Тураўскі луг назіраць за птушкамі. Калі я прыехала і ўбачыла, што на кожным квадратным метры сядзіць па птушцы, – я ачмурэла. На той момант я не ведала ніводнай назвы, зараз я, вядома, ужо вывучыла ўсіх птушак. У мяне нават з’явілася ўлюбёнка – сінічка блакітніца. Яна часта сустракаецца ў горадзе. Гэта вельмі бойкая птушка на кармушцы, заўсёды першая перад вялікімі сініцамі ды ўвогуле не дае сябе крыўдзіць.

Яшчэ адно з першых яркіх уражанняў – паездка на балоты. Такога ландшафту я не бачыла ніколі ў жыцці, нават на фатаграфіях. Заўсёды атрымлівалася так, што я падарожнічала ў асноўным за межамі Беларусі і ніколі б не падумала, што ў нас вельмі шмат вартага ўвагі.

«Калі я прыехала і ўбачыла, што на кожным квадратным метры сядзіць па птушцы, – я ачмурэла»

Дзейнасць

– Асноўныя задачы «Аховы птушак Бацькаўшчыны» – захаванне біяразнастайнасці ды ўцягванне насельніцтва ў ахову асяроддзя. Напрыклад, мы праводзім маніторынгі птушак, прычым не толькі рэдкіх відаў, але і звычайных, для таго каб яны такімі і заставаліся, бо, скажам, у Вялікабрытаніі за апошнія 50 гадоў знікла 60 % вераб'ёў. Таксама мы стараемся ўзаемадзейнічаць з насельніцтвам праз розныя інфармацыйныя праграмы: дарэчы, зараз па ўсім горадзе вісяць нашыя шчыты, якія знаёмяць гараджан з птушкамі. Наўрад ці хтосьці адразу пойдзе ратаваць зімародкаў, але першы кантакт усталяваны.

У Менску ёсць багата ўчасткаў дзікай прыроды. Часта гэта тэрыторыі, якія падаюцца недагледжанымі, закінутымі. Мы спрабуем данесці людзям, што гэтыя месцы каштоўныя, што нават у межах горада могуць жыць чырванакніжныя віды. Напрыклад, пойма ракі Свіслач – менавіта тая частка прыроды ў Менску, якая захавалася ў першапачатковым выглядзе. Тут мы праводзім улікі птушак, уборкі. Усё гэта, можа быць, у сучасны мэйнстрым і не ўпісваецца, але калі да гэтага прыкласці нейкія намаганні – можа стаць модным. Самае галоўнае тое, што гэта дае чалавеку першы кантакт з прыродай – новы, зусім не знаёмы кірунак жыцця.

Увогуле ў Беларусі яшчэ ёсць прырода ў сапраўдным сэнсе гэтага слова. Нездарма сюды прыязджаюць вельмі шмат еўрапейцаў, таму што ў іх прырода ўся ўжо надта акультурана: рэкі ўзятыя ў штучныя берагі, кусцікі падрэзаны. А ў нас прырода яшчэ шмат дзе цнатлівая. Адно са сведчанняў гэтага – разнастайнасць відаў птушак, бо многія з іх звязаныя менавіта з біятопамі. У Еўропе, напрыклад, 2 віды дзятлаў, а ў нас – 10. 

 

 

 

Некаторыя івэнты/актыўнасці АПБ:

-  «Чэмпіянат па фотабёрдынгу». Каб паўдзельнічаць у гэтым спаборніцтве, патрэбны толькі фотаапарат, а каб у ім перамагчы, трэба за пяць гадзін наздымаць як мага больш розных відаў птушак.

-  «Вялікі шлях вялікага арляца». У межах праекта на птушак знікаючага віду ўсталявалі спадарожнікавыя перадатчыкі, каб кожны мог сачыць за імі анлайн.

-  «Птушка года». АПБ штогод ладзіць шэраг конкурсаў і мерапрыемстваў, мэта якіх – паказаць прыгажосць канкрэтнага птушынага віду і прыцягнуць увагу да яго праблем.

-  «Жывая вясна» – міжнародны праект, які распавядае пра мігруючых птушак. Усім жадаючым прапануецца прыглядзецца да птушак і зафіксаваць сваю сустрэчу з рэдкім відам. Таксама праводзяцца конкурсы фотаздымкаў і слоганаў, птушыныя экскурсіі, прэзентацыі, адмысловыя святы і гульні ў школах.

-  «Салаўіныя вечары». Час спеваў салаўёў абмяжоўваецца маем і пачаткам чэрвеня. Валанцёры АПБ фіксуюць на карце месцы, дзе салаўі заспявалі, каб усе жадачыя мелі магчымасць пазнаёміцца з гэтымі выдатнымі птушачкамі бліжэй.

-  Калабарацыя з брэндам вопраткі LSTR. Беларускі брэнд выпусціў світшоты са шчыгеламі і зімародкамі. 10 % ад продажаў вытворца ахвяруе АПБ на прыродаахоўную дзейнасць.

-  Free Walking Tour з птушкамі. Падчас гэтых шпацыроў кожны можа навучыцца адрозніваць грака ад галкі і ўвогуле адкрыць для сябе кайф бёрдвотчынгу. Дарэчы, у лістападзе 2018-га АПБ выпусціла першы мабільны вызначальнік птушак Беларусі

-  Падрабязней пра тое, чым займаецца арганізацыя і як ты можаш далучыцца да гэтага крутога варушняку, чытай на сайце АПБ.

Дзяржава і замежжа

– Вядома, з дзяржавай мы супрацоўнічаем. Усе нашы планы мы ўзгадняем з Міністэрствам прыродных рэсурсаў, таксама звяртаемся ў Менгарвыканкам, таму што без іх у горадзе нічога нельга зрабіць. Па ўсім свеце існуе вельмі шмат арганізацый, падобных да нашай. Яны таксама грамадскія, але ж у Еўропе існуе механізм падтрымкі такіх ініцыятыў дзяржавай – улады могуць замаўляць у грамадскіх арганізацый нейкія даследаванні і плаціць за гэта грошы. У нас такога не робіцца. Але менавіта ў рамках праектаў АПБ упершыню былі распрацаваны планы кіравання тэрыторый, якія знаходзяцца пад аховай, і планы дзеянняў па захаванні відаў – зараз гэтыя практыкі з’яўляюцца нормамі заканадаўства ў Беларусі.

Птушкі мігруюць, таму іх немагчыма выратаваць, працуючы толькі ў адной частцы свету. Напрыклад, у Англіі ёсць вялікая арганізацыя па ахове птушак, яны маюць 1 мільён 200 тысяч чальцоў – гэта сама буйная прыродаахоўная арганізацыя наогул у Еўропе. Яны добра разумеюць, што выратаваць сваіх птушак толькі ўласнымі сіламі не атрымаецца. Таму брытанцы шмат увагі надаюць інтэрнацыянальным праектам, у тым ліку і ў нас ёсць сумесная праграма па сачэнні за зязюлямі. У Еўропе цяпер ёсць вельмі вялікая праблема са скарачэннем колькасці гэтых птушак, навукоўцы не могуць зразумець прычыну. 

«Тыя, хто ходзіць на балоты сачыць за птушкамі, маюць асаблівую гармонію з прыродай. У іх вельмі шмат палявых гісторый, яны нічога не баяцца»

 

 

«Хлопец сеў наўпрост да мяне і сказаў, што калі нам ёсць справа нават да суслікаў – ён з намі»

Рэгіёны

– Ратаваць прыроду, седзячы толькі ў Менску, таксама надзвычай складана. Таму ў нас 14 аддзяленняў АПБ, яны размешчаны ў розных рэгіёнах і абласцях, для таго каб магла весціся праца на месцах. У нашай арганізацыі больш за 3 тысячы ўдзельнікаў. Ёсць асобныя дужа актыўныя людзі, якім усё вельмі цікава, але яны не маюць спецыяльнай адукацыі. Яны з задавальненнем выязджаюць на прыродаахоўныя мерапрыемствы з больш вопытнымі ўдзельнікамі, далучаюць людзей у рэгіёнах, працуюць са школамі, праводзяць экскурсіі.

З намі працуюць людзі вельмі асаблівыя і характэрныя. Напрыклад, тыя, хто ходзіць на балоты сачыць за птушкамі і наогул за экасістэмай, – маюць асаблівую гармонію з прыродай. У іх вельмі шмат палявых гісторый, яны нічога не баяцца. Калі я ў першы раз паехала ў лагер на Ельню, дзе мы займаліся аднаўленнем гідрарэжыму, там быў хлопчык-геолаг, які ведаў усё: дзе хто трашчыць, які голас мае кожная жывёла. У мяне тады быў насмарк. І вось мы ідзем, ён раптам спыняецца і кажа: «Трэба вось так вось зрабіць» – пляскае далонямі па вялікім мурашніку, падносіць рукі да майго твару, я ўдыхаю – і ў мяне ўсё прачысцілася адразу.

А аднойчы да нас у офіс прыйшоў хлопец, які дзесьці ў Інтэрнэце ўбачыў, што «Ахова птушак Бацькаўшчыны» заступілася за краўчатага сусліка. Хлопец сеў наўпрост да мяне і сказаў, што калі нам ёсць справа нават да суслікаў – ён з намі.