Ганна Барадзіна
- 01.06.2015
- 2572
Асістэнтка дырэктара «Універсітэта Залатога Веку» Ганна Барадзіна распавяла пра тое, як жыць з дыягназам «валанцёр галаўнога мозгу» і як Гародня пакрысе становіцца горадам, прыязным для сталых людзей.
Гераіня: Ганна Барадзіна, 30 гадоў. Актывістка «Цэнтру “Трэці сектар”», асістэнт дырэктара праграмы «Універсітэт Залатога Веку». Скончыла педагагічны ўніверсітэт у Менску, па спецыяльнасці «выкладчыца англійскай і беларускай моваў». Працавала з шэрагам беларускіх НДА і ініцыятыў.
Чым займаецца: інфармацыйнай і адукацыйнай падтрымкай грамадскіх ініцыятываў.
Факты: Грамадскае аб’яднанне «Цэнтр “Трэці сектар”» – адно з самых старых на Гарадзеншчыне, працуе з 1997 года. Асноўныя кірункі – моладзевая журналістыка (курс «Школа маладога журналіста», «Фэст моладзевай журналістыкі», партал «Твой стыль», які пераўтварыўся ў Hrodna.life), паляпшэнне ўмоваў жыцця сталых людзей (праграма «Універсітэт Залатога веку»), міжнародная моладзевая праца (European Voluntary Service – EVS), інфармацыйная падтрымка грамадскіх ініцыятыў (конкурс «Будзь у трэцім!»).
Сайт «Трэцяга сектара» | FB | VK | YouTube | Flickr | Сайт «Універсітэта Залатога веку»
Арыгінальная дата публікацыі – 01.06.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.
«Сябры наогул кажуць, што я “валанцёр галаўнога мозгу”»
Гісторыя Ганкі
– У НДАшную тусоўку я трапіла ў 2010 годзе – пабачыла абвестку, што ў валанцёрскі летнік у Нясвіжы шукаюць кэмп-лідара. Гэтая тэма зацягнула – і наступныя гады я зноў ездзіла кэмп-лідарам то ў Ружаны, то ў Сёмкава, то ў Закарпацце. Уключылася ў мадэляванне ААН. У менскай мадэлі ААН адказвала за прэс-цэнтр, выдавала газеты, а таму, каб пракачацца, паехала ў Гародню на трэнінг па медыя by_hub, які рабіў «Цэнтр “Трэці сектар”». Глядзела на іх і думала: «Ваў, вось гэта сапраўдная НДА, вось гэта каманда, вось гэта людзі!».
Пасля размеркавання я на год паехала валанцёрыць у Румынію па EVS. Працавала ў НДА з моладдзю, мы рабілі даведнічкі пра адукацыйныя магчымасці – такую друкаваную версію Adukacyja.info, складалі беларуска-румынскі слоўнік, выкладала беларускую мову мясцовым. Пасярод валанцёрства я задумалася: куды падацца, калі вярнуся, – і адразу прыгадала Гародню. Напісала ў «Цэнтр “Трэці сектар”», што хачу далучыцца да іх дзейнасці, атрымала запрашэнне, пераехала. Знайшла ў Гародні працу выкладчыцы, шмат валанцёрыла, зараз працую практычна на поўны дзень.
Сябры наогул кажуць, што я «валанцёр галаўнога мозгу». Напрыклад, мне прыйшла ідэя, што крута было б перакладаць прамовы TED на беларускую. Праз паўгода атрымала адказ, маўляў, супер, давайце! З яшчэ адной дзяўчынай, якая жыве ў Паўднёвай Афрыцы, стала каардынатарам па беларускай мове. Я атрымала ліцэнзію і на правядзенне TEDx у Гародні. Гісторык і экскурсавод зрабіў прамову пра тое, што насамрэч цікавіць турыстаў у горадзе (напрыклад, менчукоў – дзе знайсці якасны польскі абутак), танцорка з гурта contemporary dance – пра рух і жыццё.
Яшчэ мяне зацягнула валанцёрства на партале Adukacyja.info, які піша пра адукацыйныя магчымасці для беларусаў. Мне падабаецца быць правадніком паміж магчымасцямі і людзьмі, бо чым больш людзей мае інфармацыю, тым лепей. Мы стараемся максімальна лакалізаваць інфу пра навучальныя гранты і стыпендыі для нашай моладзі.
«Яны для нас – не старыя, а сталыя. Мы да іх звяртаемся па імёнах, але на “Вы”»
Універсітэт Залатога Веку
– Самы маштабны праект «Цэнтра “Трэці сектар”» – «Універсітэт Залатога Веку». Гэта праграма па працы са сталымі людзьмі, якія вучацца таму, на што раней часу не хапала, развіваюцца фізічна і духоўна, рэалізоўваюць свае праекты. Карацей, паляпшаюць жыццё праз уласную актыўнасць. Сталыя для нас – гэта «55+». У нас больш за 20 секцый і кружкоў – мовы, хэнд-мэйд, маляванне, квятарня, тэатр, ёга, танцы, права. Ёсць, напрыклад, цікавы курс па гісторыі Гародні – наш экскурсавод водзіць навучэнцаў па горадзе, распавядае гісторыі, каб далей яны самі маглі ладзіць міні-туры для сваіх сваякоў і сяброў. Але гэта толькі адна з вяршыняў айсбергу.
Два разы на месяц мы робім дзвіжуху – агульную сустрэчу ці лекцыю, каб людзі маглі сустракацца не толькі ў групах па 10 чалавек, калі яны, напрыклад, разам займаюцца ёгай, але і тусіць з усімі. Да нас прыязджаў мадэльер Саша Варламаў – распавядаў пра тое, як мода выступае супраць сэксульнасці, пра тое, што Ангелу Меркель цяжка ўявіць са сланечнікам на галаве, але ў сеціве шмат яе маладых фотак голай – і гэта цалкам нармальна. Дыскусія была гарачай!
У рамках валанцёрскай праграмы «Малодшы брат, малодшая сястра» сталыя людзі дапамагалі яшчэ больш сталым: напрыклад, 60-гадовыя – 90-гадовым. Цікава назіраць, як гэта працуе: калі да вельмі сталага чалавека прыходзіць малады валанцёр, то найперш маладога пачынаюць распытваць – а хто ў цябе татка, а хто ў цябе мамка, а да дарослага чалавека адразу даверу болей. Яны ім распавядаюць свае таямніцы, давяраюць такія кранальныя гісторыі – пра каханне ў лагерах, пра вайну... Маладым бы яны пра такое не казалі.
Мы ладзім і інтэграцыйныя вечарыны – напрыклад, Калядныя імпрэзы з танцамі. І нашы навучэнцы так адпальваюць! Як кажа наша валанцёрка з Польшчы: «Дай Божа мне ў 80 гадоў так танчыць!» Бо яны для нас – не старыя, а сталыя. Мы да іх звяртаемся па імёнах, але на «Вы».
«Я сама з Бабруйску і дужа хацела б, каб у маіх бацькоў і сталых сваякоў праз колькі год была такая ж магчымасць, як у гарадзенцаў»
Горад, прыязны да сталых людзей
– У 2015-м мы запусцілі праект «Горад, прыязны для сталых людзей» – гэта сусветная тэма, да якой далучылася ўжо больш за 200 гарадоў. Праект уключае арганізацыю безбар’ернага асяроддзя, мерапрыемствы па ахове здароўя, культурніцкія падзеі. Напрыклад, у Вроцлаве для сталых людзей ёсць так званая «Залатая карта сеньёра», якая дае зніжкі ў музеях, тэатрах, кавярнях. Мы таксама хочам такое ў Гародні! Але толькі нашай ініцыятывы не дастаткова – трэба, каб мэр падпісаў адмысловыя дакументы. З гэтай мэтай ладзілі круглы стол – прыйшоў дзядзечка з міліцыі (распавядаў пра бяспеку для сталых людзей), адзіны ў горадзе ўрач-герыятр, бізнэсоўцы, якія гатовы падтрымаць праект. З гарадской адміністрацыі, на жаль, не было нікога.
Хаця мы і афіцыйна зарэгістраваная арганізацыя і дзейнічаем даўно, праз тое, што мы беларускамоўныя, – да нас з боку дзяржавы стаўленне своеасаблівае. Хоць афіцыйна сцвярджаецца, што праца з людзьмі сталага веку – гэта прыярытэт дзяржаўнай палітыкі. Вось у Менску ёсць падобны курс – «Універсітэт трэцяга ўзросту», ім заўсёды даюць памяшканні, а мы свае здымаем за вялікія грошы. Напрыклад, вялікі зал мы можам зняць толькі на чацвертым паверсе ў будынку, дзе не працуе ліфт. І шмат якія з нашых навучэнцаў элементарна не могуць адолець гэтыя лесвіцы, хаця вельмі хацелі б прыйсці. Я сама з Бабруйску і дужа хацела б, каб у маіх бацькоў і сталых сваякоў праз колькі год была такая ж магчымасць, як у гарадзенцаў. Бо людзі ў свае 60-70-80 гадоў раскрываюцца нанова, пачынаюць жыць для сябе. Гэта неверагодна натхняе!
«Якое ў яго грамадзянства? Люксембург? Няма такой краіны»
Моладзевая журналістыка
– «Школа маладога журналіста» (ШМЖ) вучыла, як пісаць для анлайну і друкаваных медыя, розным сучасным медыйным фішачкам. Асобна дзейнічала медыястудыя, дзе вучаць рабіць фота, відэа і мультымедыя. Практыку праходзілі на нашым анлайн-партале «Твой стыль», які хутка стаў асобным праектам і зажыў сваім жыццём. Амаль усе гарадзенскія журналісты, якія працуюць у рэгіянальных СМІ, вучыліся ў нас. Калі ладзіш якое мерапрыемства і запрашаеш журналістаў – то ведаеш 90-100 % па ШМЖ.
Яшчэ ў нас шмат праектаў па працы з моладдзю – трансмежныя рэчы з Літвой, Украінай і Польшчай, а таксама EVS. У нас зараз валанцёраць чувакі з Польшчы і Люксембургу. З апошнім шмат гісторый звязана. Напрыклад, пайшла я нашага валанцёра рэгістраваць у аддзел па грамадзянстве і міграцыі, а цётачка там мне кажа: «Якое ў яго грамадзянства? Люксембург? Няма такой краіны». І клац-клац у камп’ютары. «Не, рэальна няма, што вы тут выдумляеце. Ёсць нейкае Вялікае Герцагства Люксембург – запішу тады ў яго».«Цэнтр “Трэці сектар”» падтрымлівае ўсе мясцовыя ініцыятывы. Адзін з нашых новых праектаў – «Tандэм evenings» – тусоўка, на якой збіраюцца носьбіты розных моваў. Кожны сядзіць за асобным сталом – можна падсаджвацца і размаўляць. «Мова Нанова» ў Гародні, «Курсы моваведа» – таксама ў нас праходзяць.
Ёсць кропкавыя рэчы – пра правы, гендар. Адзін год туды ўхіл, у наступны год – нешта новае робім. Але мы заўжды адкрытыя да людзей, якія прыходзяць да нас з ідэямі.
Тэкст: Nasta_Eroha
Фота з асабістага архіва гераіні