У Беларусі ўпершыню пройдзе Фестываль павольнага чытання

  • 27.02.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 3626

«Эшкалот» – гэта культурна-адукацыйны праект, які прадстаўляе традыцыйную і сучасную габрэйскую культуру ў фармаце edutainment (education+entertainment). Адным з напрамкаў праекта з’яўляецца Фестываль павольнага чытання (па аналогіі з рухам павольнай ежы Slow Food). У рамках фестывалю ўдзельнікі выязджаюць у пэўны горад і вывучаюць класічныя тэксты з каментаром спецыялістаў. Прадметам вывучэння могуць быць як класічныя біблейскія кнігі, так і помнікі габрэйскай паэзіі і звязаныя з імі музычныя традыцыі, жыццяпіс, самвыдат, невербальныя тэксты (кіно, карціны, сны, архітэктура) і нават самі гарады.

 

У чэрвені 2020-га фестываль упершыню пройдзе ў Беларусі. Гэта будзе «археалагічная» экспедыцыя, задача якой – раскрыць культурныя пласты габрэйскай гісторыі, літаратуры, мастацтва, архітэктуры і музыкі ў гарадах і пасёлках сучаснай Заходняй Беларусі. Фестываль будзе называцца Raysn – Беларуская Атлантыда. У праграме, напрыклад, лекцыя «Даведнік для археолага культуры», курс «Габрэйская музыка азёр і балот», фуд-семінар «Варэнне з хрэну: габрэйская ежа і габрэйская літаратура ў Беларусі». Маршрут фестывалю ўключае Менск – Наваградак – Горадню – Індуру – Слонім – Пружаны – Бярозу – Мір – Нясвіж. Гэта месцы перасячэння найважнейшых плыняў у габрэйскім жыцці: хасідызму, літоўскага іўдаізму, сіянізму, літаратурнага мадэрнізму, мастацкага авангарду і сацыялістычнай утопіі.  

Удзел у фестывалі платны. Падрабязней пра ўмовы можна пачытаць тут.

 

Як праходзіў Фестываль павольнага чытання ў Венецыі, можна пачытаць у рэпорце ўдзельніцы на 34travel.