Real plastic love

 

Менская сцэна гаражнага року паволі пускае маладыя парасткі і хутка ўжо можа вырасці ў вялікае дрэва з уласнай кронай. Блюз-рокавыя хоба-эстэты Fyodorovitch, якія ў траўні 2016-га выпусцілі на «Першаку» лонгплэй Wait In Vain, – сакавіты гучок гэтай расліны. Сёння прэзентуем іх новы кліп пра сентыментальнае каханне з манекенам у гаражным масіве.

 

 

Fyodorovitch. – менскі гаражны бэнд, існуе з 2014 года. Граюць разухабісты блюз-рок пра летуценнае жыццё сучаснага хоба, свабоднага ад сацыяльных умоўнасцяў, але з палкім сэрцам у пошуках кахання. На рахунку гурта два паўнафарматныя альбомы, апошні летась выйшаў на «Першаку». Сёння на старонках 34mag прэзентуем кліп на песню «Пить за любовь» – сентыментальную гісторыю пра рандэву з пластыкавай прыгажуняй у гаражным масіве.

 

Рэжысёр - Алег Рудзін, асістэнт рэжысёра - Яна Шаблыка, аператар - Вольга Данілевіч, акцёр - Аляксей Кільчэўскі

 

 

 

  Улад Скнарын, саліст гурта:

– Кліп не зусім у духу Fyodorovitch., але заўжды цікава спрабаваць нешта новае. Я напісаў знаёмым рэжысёрам з прапановай зняць музычнае відэа, калі выйшаў апошні альбом, – адгукнуўся Алег Рудзін, які і выбраў песню «Пить за любовь». Галоўную ролю ў кліпе сыграў наш басіст Аляксей Кільчэўскі.

 

  Алег Рудзін, рэжысёр кліпа:

– Гэтым летам да смеццевых бакаў ля майго дома нехта прынёс жаночы манекен. Ён праляжаў там некалькі тыдняў, пакуль адной ноччу наўпрост на маіх вачах пластыкавую прыгажуню не выкралі. З цікаўнасці я вырашыў прасачыць за злодзеем, ішоў за незнаёмцам да яго прытулку ў гаражным масіве і падглядзеў у замочную шчыліну. Тое, што я ўбачыў там, так мяне ўразіла, што я захацеў пра гэта каму-небудзь неадкладна расказаць. Так нарадзіўся кліп.

Раней яна, напэўна, стаяла ў адным з буцікаў, міма якога пастаянна шпацыраваў наш герой. Аднойчы, у чарговы раз праходзячы міма, ён адчуў на сабе яе позірк, спыніўся, паглядзеў на яе праз шкло і зразумеў, што закахаўся. З тых часоў ён думаў толькі пра яе. Доўга не мог вырашыць падысці і загаварыць, але, калі адважыўся, было ўжо позна: яе аднеслі да смеццевых бакаў ля майго дома. Ён змарнаваў некалькі тыдняў на пошукі сваёй каханай, а далей вы ведаеце.

Чым скончыўся іх вечар? Я магу толькі выказаць здагадку, але захаваю тактоўнасць і не буду прамаўляць гэта ўслых.

 

Fyodorovitch.
VK    Bandcamp

 


КАМЕНТАРЫ (2)

Tng fnc
Tng fnc | 12.01.2017 12:46

Клип ничего, вокал абсолютно беспомощный, ухо режет

0 0
Doctor Oy
Doctor Oy | 18.01.2017 01:02

в вас говорит Юрий Лоза

1 1