Перазапусцілася пляцоўка для тых, хто шукае, дзе павучыцца
- Рубрыка: УЛОЎ
- 16.08.2023
- 2776
Запусцілася новая пляцоўка, на якой збіраюць адукацыйныя магчымасці для моладзі і кантэнт для самаразвіцця. Называецца adu.place.
Што публікуюць на adu.place:
інфа пра стыпендыяльныя праграмы, стажыроўкі, валанцёрства;
гайды і лайфхакі пра паступленне і навучанне, канспекты выступаў экспертак і экспертаў;
гісторыі пра досвед маладых беларусак і беларусаў на аду-праграмах.
Насамрэч праект вядзе свой летапіс аж з 2000-х, але тады ён называўся «Адукацыя.інфо» і руліўся камандай у іншым складзе.
– З самага пачатку свайго існавання “Адукацыя” была месцам, вакол якога гуртаваліся людзі, якія апантана шукалі магчымасці для свайго развіцця і распаўсюджвалі іх на шырокае кола беларускай моладзі, – распавядаюць рэдактаркі праекта. – Каманда валанцёрак і валанцёраў рабіла карысную рассылку і жывыя аду-падзеі: адуфэсты, летнія школы, веды-паці пра адукацыю ў розных краінах і па розных спецыяльнасцях, аду-экспедыцыі, аду-марафоны, аду-кірмашы і blended learning курсы.
Мы былі зараджаныя адукацыяй і аб’ядноўваліся вакол агульных каштоўнасцей свабоды развіцця і адказнасці за сваю будучыню. «Адукацыя.інфо» адкрывала нечаканыя жыццязмяняльныя магчымасці для беларускай моладзі, дапамагала выбраць ці змяніць прафесію і нават давала сяброў і сябровак на ўсё жыццё. Хай гэтая энергія перадаецца далей!
Рэбрэндынг 2023-га, як чакаецца, дазволіць працягваць любімую працу на сталым фундаменце, але ў свежай падачы, з пільнай увагай да запытаў цяперашняй моладзі, з выкарыстаннем новых медыйных, візуальных і адукацыйных трэндаў. Мэта каманды – стварыць платформу, дзе цікаўныя беларускі і беларусы атрымаюць падтрымку і парады ад іншых ды змогуць падзяліцца сваім досведам.
Сайт / Facebook / Instagram / Telegram