Дзіма Герыловіч
- 28.06.2018
- 8460
У дзяржаўных моладзевых арганізацыях кіраўніцтва можа не змяняцца гадамі. Зусім іншая гісторыя ў НДА, дзе змена асоб неабходная для змены поглядаў і ідэй. Зусім нядаўна новы натхняльнік (чытай – старшыня) з'явіўся ў Беларускага нацыянальнага моладзевага савета RADA. Мы сустрэліся з Дзімам Герыловічам, каб даведацца, як змяняецца праца RADA і ці становіцца Беларусь больш прыстасаванай для моладзі.
RADA – Беларускі нацыянальны моладзевы савет. Аб'ядноўвае моладзевыя арганізацыі ды ініцыятывы, абараняе правы і інтарэсы моладзі, а таксама яе асобных груп.
Дзіма Герыловіч – грамадскі актывіст, экаабаронца, новы старшыня RADA (раней гэтую пазіцыю займаў Алесь Крот). Верыць ва ўстойлівае развіццё грамадства і змену клімату.
Моладзь у Беларусі – людзі ад 14 да 31 года.
Як я стаў актывістам
– Уся мая гісторыя грамадзянскага актывізму пачалася адначасова з паступленнем ва ўніверсітэт у пачатку 2000-х. Праз пару гадоў былі парламенцкія выбары, дзе мы з сябрамі вырашылі зладзіць кругласуткавае назіранне за ўчасткам для галасавання. У выніку ўсіх нас выключылі з устаноў, дзе мы на той момант вучыліся. Так супала, што адначасова з гэтай падзеяй Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт выключылі з Беларусі. Я падумаў, што гэта знак (усміхаецца). Вырашыў паступаць і вучыцца ў Вільні, цалкам змяніўшы сферу адукацыі – з праграмавання на журналістыку.
У выніку я скончыў ЕГУ з двума дыпломамі бакалаўра за 4 гады: да асноўнага курса па журналістыцы дадаў дадатковы – па візуальных і культурных даследаваннях. Вельмі спадзяюся, што атрымліваць два дыпломы адначасова хутка змогуць студэнты і нашых універаў у рамках Балонскага працэсу.
«Вельмі спадзяюся, што атрымліваць два дыпломы адначасова хутка змогуць студэнты і нашых універаў у рамках Балонскага працэсу»
Пасля ЕГУ я вярнуўся ў Беларусь. Па сваім духу і ідэях мне выявіліся блізкімі прыродаахоўнікі і эколагі з «Экадома» і «Зялёнай сеткі». З імі я да гэтага часу. Хоць цяпер я займаюся многімі тэмамі, але ў той час галоўным для мяне быў антыатамны пратэст. У мяне дагэтуль не ўкладваецца ў галаве, як краіна, якая пацярпела ад чарнобыльскай аварыі больш за ўсіх, пагадзілася на будаўніцтва АЭС.
Увогуле я шмат чаму паспеў павучыцца і пазаймацца да таго, як стаў старшынёй Беларускага нацыянальнага моладзевага савета. Так што займанне гэтай пасады не было эмацыйным рашэннем або вынікам амбіцыйных планаў. Наадварот, я выразна разумею, што хачу зрабіць для моладзі Беларусі ў вырашэнні яе пытанняў і змен у грамадстве. Вельмі важна, каб менавіта моладзь праз свае арганізацыі самастойна казала і вызначала, у якой будучыні яна хоча жыць. Прычым гэта будучыня не праз 20 гадоў, а заўтра.
Даследаванні, рэкамендацыі, удзел
– Важна разумець, якія напрамкі жыцця моладзі ў нас у краіне больш развітыя, а якія – слабей. Таму мы, RADA, будзем праводзіць абмеркаванні актуальных праблем і выклікаў, якія ёсць сёння ў гэтай галіне.
Паралельна з гэтым мяне вельмі цікавяць даследаванні становішча моладзі. Сёння, на жаль, ніхто не можа сказаць, што такое беларуская моладзь, якой яна бачыць сваю будучыню, чым маладыя людзі плануюць займацца, да чаго імкнуцца. Адбываецца гэта таму, што няма замовы на асобныя даследаванні ні ад дзяржавы, ні ад грамадства. У такой сітуацыі я бачу дзве магчымасці: па-першае, шукаць існуючыя даследаванні, па-другое, замаўляць такія даследаванні. У другім выпадку трэба збірацца і разам абмяркоўваць, якія тэмы і пытанні мы хочам вывучыць у бліжэйшы час, таму запрашаем усіх зацікаўленых напісаць нам на info@rada.fm.
«Сёння, на жаль, ніхто не можа сказаць, што такое беларуская моладзь, якой яна бачыць сваю будучыню, чым маладыя людзі плануюць займацца, да чаго імкнуцца»
Даследаванні вельмі важныя для трэцяга напрамку – стварэння рэкамендацый і прапаноў для ўліку інтарэсаў моладзі. Гэта, вядома, не бліжэйшая перспектыва, але думаю, што пры актыўнай працы мы за пару гадоў можам стварыць у Беларусі зручныя ўмовы для маладых людзей, будзем падтрымліваць прадпрымальніцкія памкненні і зробім свабодны выбар месца працы пасля завяршэння вучобы.
Таксама важнай тэмай з'яўляецца актыўны грамадзянскі ўдзел і ўдзел у прыняцці рашэнняў. Ініцыятыўным людзям павінна быць прасцей пачаць сваю справу і ведаць, як гэта зрабіць самастойна з выкарыстаннем рэсурсаў дзяржавы.
Прыватныя ініцыятывы
– Калі Менгарвыканкам збіраў прапановы па менаванні станцый трэцяй лініі метро, мы зрабілі свой варыянт у рамках экалагічнай ініцыятывы «Гарадскі Ляснічы». Сама лінія зялёнага колеру. Мы назвалі станцыі ў адпаведнасці з прыроднымі аб'ектамі, якія размешчаны побач. Атрымалі такі адказ: маўляў, дзякуй за ўдзел, але меркаванне вузкай групы гараджан нас не задавальняе – трэба, каб усім людзям у Менску падабалася. А дагадзіць усім – гэта звышмэта, якой ты ніколі не зможаш дасягнуць. Дастаткова паглядзець каментары на любым сайце: нават коцікі выклікаюць супярэчлівую рэакцыю.
Можна яшчэ ўспомніць гісторыю пра менчука, які ў красавіку 2018-га самастойна ўзяўся за рэдызайн станцыі «Маладзёжная», але ў яго пакуль нічога не атрымалася. Вельмі важна разгледзець гэтую сітуацыю як цікавы і смелы праект, а не тое, што ўсім павінна спадабацца. Цяпер гэтая станцыя «моладзевая» толькі ў рамках сваёй назвы, але ж назва станцыі метро павінна асацыявацца з адметным аб'ектам. Якія ў «Маладзёжнай» ёсць кропкі цікавасці побач? «Карона» і журфак. Так чаму б не назваць гэтую станцыю журфакам? Гэта будзе праўдзіва, але ў нас баяцца сказаць праўду пра жыццё: напрыклад, што Інстытут журналістыкі дэпрэсіўны і людзі не ведаюць, што там рабіць. Вядома, можна перайменаваць станцыю, але і з аб'ектам трэба нешта зрабіць.
«У нас баяцца сказаць праўду пра жыццё»
Калі зірнуць больш сістэмна, то ці было ў нас шмат магчымасцяў паўплываць на праекты будынкаў у парку Горкага ці Dana Mall? Вось у гэтым вялікая праблема. Я лічу, што моладзі трэба даваць магчымасць праявіць сябе. А ў Беларусі ёсць установы, якія абавязаны цікавіцца тым, што нас хвалюе.
Нюанс яшчэ і ў тым, што наша ўлада думае пяцігадовымі планамі. Калі ты не паспеў(-ла) унесці сваё меркаванне – прабач, мы, улады, не зможам пасадзіць умоўнае дрэва ва ўмоўным месцы. Але мы пасадзім іх у раёне, дзе яны нікому не патрэбныя.
Таму мы ў RADA ствараем магчымасць рэальнага ўдзелу людзей у арганізацыі. Зразумелая рэч, што ёсць ініцыятывы, якія не зарэгістраваныя, але якія таксама могуць уяўляць з сябе дзейную структуру. Іх мы таксама запрашаем удзельнічаць у RADA. Далучыцца вельмі проста: ініцыятывы і арганізацыі дасылаюць нам запыт на info@rada.fm, а праз 3 месяцы становяцца паўнавартаснымі сябрамі.
Падставы для гонару
– Мы вельмі даўно ішлі да рэалізацыі праекта RADAR для розных моладзевых мерапрыемстваў. І нядаўна нарэшце запусцілі сваю прыладу – я вельмі спадзяюся, што людзі іх яшчэ выкарыстоўваюць! Яна дапаможа даведацца як пра мерапрыемствы, так і пра арганізацыі, якія працуюць у тваім горадзе, – RADAR «ловіць» не толькі ў Менску. Людзі могуць жыць, напрыклад, у Берасці, хадзіць на крутыя сустрэчы і думаць, што гэтыя мерапрыемствы арганізоўвае мясцовы выканкам, а насамрэч іх ладзяць моладзевыя арганізацыі.
Яшчэ будзе другі «Валанцёрскі фэст». Ён спадабаўся ўсім: нам, арганізацыям, удзельнікам і ўдзельніцам. Толькі мы вырашылі пайсці следам за пажаданнямі і перанесці фэст на верасень, таму што вельмі вялікая колькасць студэнтаў раз'язджаецца летам па хатах або падарожнічае.
«Наша прылада RADAR дапаможа даведацца як пра мерапрыемствы, так і пра арганізацыі, якія працуюць у тваім горадзе»
У канцы лета будзе шмат цікавага анлайн. А яшчэ 12 жніўня святкуецца Міжнародны дзень моладзі і мы заўсёды робім нешта цікавае і незвычайнае. Але падрабязнасці пакуль трымаем у сакрэце.
Фота – Таня Капітонава
КАМЕНТАРЫ (1)
Слишком далеки вы от народа