Галоўныя героі беларускай электроннай сцэны 1990-х – хто яны?

Працягваем серыю публікацый паводле падкасту «Ікарус: гісторыі электроннай музыкі Беларусі». Раней мы распавядалі пра вытокі айчыннай электронікі, першыя дыскатэкі і рэйвы 90-х. Сёння адыдзем ад івэнтнага боку фармавання лакальнай электроннай сцэны і засяродзімся на асобах – тых героях часу, якія кавалі модны саўнд у 1990-х на цудам прыдбаных сэмплерах, драм-машынках і першых камп’ютарах.

 

 

Як беларусы адкрылі для сябе свет індастрыялу

Хваля эйсід-хаўсу і наступных клубных адгалінаванняў канца 80-х – пачатку 90-х натхнілі цэлую плеяду беларускіх музыкаў ствараць уласнае гучанне. Акурат і тэхналогіі падаспелі: электронныя інструменты і камп’ютары ўжо не займалі палову залы даследчага інстытута, а сталі даступнымі, хоць і па адчувальным кошце.

Па шматлікіх сведчаннях інсайдараў, першым беларускім гуртом, які пачаў выкарыстоўваць электроніку ў сваіх выступах, стаў праект The R.A.F. Golf Clubs. Яго стварылі ў 1991 годзе музыкант Глеб Галушка і Сяргей Заблоцкі, пазней вядомы рэстаратар. Неўзабаве да іх далучыўся іх сябра праграміст Пятручча. Хлопцам якраз паступіла прапанова паехаць у Польшчу, каб запісаць сваю музыку на нашпігаванай сучаснай тэхнікай студыі. І ў труймястаўскім прадмесці, горадзе Вэйхерова, былі запісаны пяць песень, якія прадзюсар Ярэк Пастар Вінецкі, па запрашэнні якога прыехалі The R.A.F. Golf Clubs, уключыў у сваім радыёшоу Promocje Trojmiasta FM.

 

«Першым беларускім гуртом, які пачаў выкарыстоўваць электроніку, стаў праект The R.A.F. Golf Clubs»

 

«Гэта быў вакал харызматычнага Глеба Галушкі ў стылі Дэвіда Боўі і гурта Suicide, гітара і электроніка, – узгадвае Аляксей Кутузаў (DJ I.F.U.). – Яны на камп’ютары яшчэ рабілі музыку і дадавалі аналагавыя сінтэзатары». Таксама яны натхняліся гучаннем Depeche Mode і Coil.

Па словах Пятручча, на Depeche Mode ён упершыню усвядоміў, што камп’ютар – гэта не абавязкова нуда і тупасць: «Я не музыка, і мне заўсёды хацелася нязвыклага гуку. З камп’ютарам стаў магчымы мой паўнавартасны ўдзел у гурце. Калі сэмплуеш, то заўсёды граеш непрадказальным гукам, і ніхто не папракне цябе ў незахаванні цэхавых канонаў. Да таго ж нас было замала і ў нас не было грошай на інструменты».

Іх першы выступ, ужо ў фармаце дуэта Глеба Галушкі і Пятручча, адбыўся 30 ліпеня 1994 года на вялікім супольным канцэрце ў Палацы спорту разам з Drum Ecstasy, HDDNname і Валікам Грышко. З таго часу R.A.F. Golf Clubs шмат гралі ў Менску ў «джазавым» клубе Філа, у клубах Addis Abeba, «Тры парасяты», у «Салюце» і на вечарынах Next Stop. На жаль, гурт нічога не пакінуў пасля сябе, апроч дэма-запісаў і лайваў. Вось рэдкія фрагменты з тых артэфактаў:

 

 

5 траўня 1992 года ў Менску адбыўся канцэрт Nitzer Ebb – брытанскіх EBM-індастрыяльшчыкаў, сяброў Depeche Mode. Для мясцовых музыкаў стала адкрыццём, што гук можа быць такім. Прыкладна ў той час з арт-групоўкі «Беларускі клімат» вырас гурт Drum Ecstasy, які ладзіў эксперыменты з індастрыял-гучаннем і ў выніку зрабіў кар’еру са шматлікімі міжнароднымі выступамі і напісаннем саўндтрэка для фільма «Ночной Дозор».

 

 

Адтуль жа з’явіўся праект HDDNName, які стварыў Сяргей Навіцкі, таксама вядомы як Мікі. Ён выкарыстоўваў камп’ютар разам з жывымі інструментамі: электра- і бас-гітарай, саксафонам і іншымі духавымі інструментамі. Стылістычна гэта была сумесь панк-року, індастрыялу, сінці-попу, эмбіенту і споўкен-поэтры.

З запісаў таго часу таксама захавалася няшмат:

 

 

Белыя вароны: Autism

Для наступнай хвалі электроншчыкаў героямі, апроч Depeche Mode, Nitzer Ebb, Front 242 і Coil, выступалі Future Sound of London, The Orb, Orbital, Aphex Twin і іншыя. Гэтыя рабяты ўжо адышлі ад індустрыяльнай эстэтыкі, але пры гэтым не сталі рабіць выключна тэхна і адправіліся ў шырокае мора эксперыментаў. Сярод ключавых фігур гэтай хвалі можна назваць Autism і Vacuumable. 

 

Першапачаткова ў склад Autism уваходзілі двое: Вадзім Міліцын і Дзмітрый Харкоўскі. Хлопцы пазнаёміліся яшчэ ў 1980-х у Нямеччыне, дзе некаторы час жылі іх бацькі. Там яны ўпершыню пачулі электронную музыку і без аніякай музычнай адукацыі вырашылі ствараць сваю, а ў пачатку 90-х Вадзім з Дзімам пераехалі ў Менск і працягнулі музычныя пошукі ў Беларусі.

«Пачынаў я ў 90-я яшчэ з савецкіх сінтэзатараў, бо нічога іншага купіць было немагчыма, – узгадвае Вадзім. – Я спрабаваў гук савецкіх сінтэзатараў праганяць зноў жа праз савецкія прымочкі, каб яны гучалі цікавей і эксперыментальней. Але нічога толкам з гэтага не выйшла, таму на нейкі час я перастаў гэтым займацца.

Затым у 1995 годзе ў нас з Дзімам з'явіліся грошы, на якія мы купілі сінтэзатар Yamaha. Ён, канешне, па цяперашніх мерках, не вельмі прасунуты: там быў набор мідзі-інструментаў, была магчымасць сінтэзаваць гук, рэгуляваць параметры – і ўсё. Але тады для нас гэта было адкрыццё!»

 

У выніку эксперыментаў у 1995 годзе была запісана дэма-касета «The Spiral Twist» – спроба спалучыць тэхна-поп, транс і Coil. Альбом, па водгуках сяброў, не атрымаўся, і музыкі вырашылі пакінуць матэрыял у такім выглядзе, як ён ёсць, не тыражаваць запіс і пачаць усё спачатку. Рабяты прадалі Yamaha, купілі камп’ютар, а таксама легендарную гукавую картку Turtle Beach, якая каштавала вар’яцкіх па тых часах грошай – $ 280. Вадзім распавядаў, што выдаткаваў на гэту прыладу сродкі, атрыманыя ад бацькоў на лячэнне зубоў.

На новым абсталяванні былі запісаныя альбомы «Hypno-Pop» (1996), «Ultramarine» (1997) і «Membrana» (1997). Матэрыял Autism пачаў часта гучаць на менскіх танцпляцоўках. Штотыдзень гурт выступаў па некалькі разоў, таксама ездзілі граць у Галандыю. Урэшце Дзіма стаміўся ад выступаў, і Autism пераўтварыўся ў сольны праект Вадзіма.

«Першы канцэрт быў у Доме культуры нечага там, – успамінаў Вадзім часы электроннага дуа. – Там гралі нейкія панкі, яшчэ хтосьці, і мы апошнія. Вядома, мы былі такімі белымі варонамі. Бо наша музыка і падыход здзіўлялі: два сінтэзатара на сцэне – і больш нічога, ніякага вакалу і гітар. Але нас даволі добра тады прынялі».

Сапраўдным magnum opus праекта стаў альбом «Membrana», выпушчаны ў 1997 годзе. Альбом быў рэмастэраваны і перавыдадзены ў 2022 годзе на лэйбле Omninorm, і цяпер гэты скарб дасяжны на ўсіх стрымінг-платформах.

 

 

Плытка «Membrana» – шыкоўны прыклад альбома-старытэлінгу, дзе ўсе трэкі паслядоўна разгортваюць гукавы пейзаж. Тут і неакласіка, і эмбіент, і трып-хоп, і этніка. Па словах Вадзіма, ідэя гэтага альбома прыйшла яму ў галаву падчас паездкі ў Швейцарыю восенню 1997 года. «Цяжка сказаць, чаму ўзніклі такія мезаамерыканскія і этнічна-ўсходнія матывы, – кажа ён. – У “Мембране” няма нічога пра Швейцарыю як такую. Тут мне хацелася ўявіць, што можа здарыцца з Еўропай праз пару сотняў гадоў і якім стане яе гукавы ландшафт». Як бы там ні было, але гучыць актуальна і сёння.

 

 

У 1998 годзе Вадзім працягвае эксперыментаваць з гучаннем і запісвае альбом «Pornojazz», дзе заходзіць на цёмны бок джазу. Альбом, як і папярэдні рэліз «Membrana», быў першапачаткова выдадзены на лэйбле Delta 9 (які, дарэчы, стварыў сам Вадзім), і гэта першы беларускі лэйбл, які пачаў выпускаць электронную музыку. «Pornojazz» выйшаў невялікім тыражом і застаўся на руках прыхільнікаў. Па інтэрнэце гуляе алічбаваная версія, але афіцыйнага перавыдання не было і ў планах Вадзіма яго няма.

 

«Delta 9 – гэта першы беларускі лэйбл, які пачаў выпускаць электронную музыку»

 

У 2000-м Вадзім Міліцын з жонкай з’ехаў у ЗША, але да ад’езду паспеў запісаць альбом «Neverberator» (2000), якім быццам развітваецца з радзімай, хоць некаторыя трэкі гучаць як з будучыні, з месца, куды ён адпраўляецца: «Ён, дарэчы, атрымаўся нейкім асаблівым. Можа быць, надрыў у мяне быў, бо я думаў пра ад'езд увесь час, што ўсё трэба кінуць і пачаць жыць нанова, на пустым месцы».

Пасля пераезду ў Штаты у Autism яшчэ выходзілі альбомы, і Вадзім прыязджаў і ў Менск прэзентаваць іх на кватэрніках. Альбом «Neverberator» быў перавыдадзены лэйблам Omninorm у 2023 годзе і даступны на ўсіх стрымінгах.

 

 

 

Сон кенгуру: Vacuumable

Другім кітом беларускай электронікі стаў гурт Vacuumable, які стварылі ўжо на той момант дасведчаныя ўдзельнікі сцэны – Лёша Кутузаў (DJ I.F.U.) і Андрэй Чугуноў (Граф). Сумесны гурт назвалі спачатку Vacuum і пад гэтым імем запісалі першы альбом. Але потым высветлілася, што Vacuum на музычнай карце ўжо існуе – у Швецыі. І беларусы перайменавалі свой праект у Vacuumable.

 

 

Дэбютны альбом меў назву «Out Of Net» і выйшаў у 1995 годзе на касетах капсульным тыражом на ўсё тым жа лэйбле Delta 9. Пры гэтым рэліз асвятляўся ў «Музыкальнай газеце» і нават увайшоў у дзясятку найлепшых электронных альбомаў па выніках конкурса.

«У Аўстраліі ёсць племя, якое грае на музычным інструменце пад назвай дыджэрыду, – распавядае Граф пра альбом. – У іх ёсць легенда, паводле якой яны лічаць, што ўсё, што адбываецца вакол іх, і ўвесь рэальны свет – гэта проста сон кенгуру. Пры дапамозе гэтага інструмента яны спрабуюць вырвацца з гэтага сну, каб стаць вольнымі. Гэтаксама і мы пры дапамозе сваёй музыкі спрабуем вырвацца самі і, можа быць, вырваць яшчэ кагосьці. Бо рэальнае жыццё, рэальныя рэчы часам падаюцца настолькі змрочнымі, што не хочацца нават думаць пра іх, не тое што бачыць...»

Першы альбом «Out Of Net» стылістычна дзеліцца на дзве часткі: на А-баку цягучы эмбіент, які пераходзіць у дрон і электронныя эскапады, а вось B-side – гэта бескампрамісная прамая бочка, ад якой, калі яна цябе сустрэне на танцпляцы, нікуды не падзенешся – давядзецца танцаваць. Па сутнасці, другая палова альбома – гэта прыклад першага беларускага тэхна. Апроч мікрарэлізу на Delta 9, альбом не выходзіў у шырокі свет, але акурат цяпер рабяты яго алічбавалі і з вялікай ласкі дазволілі ўключыць у «Ікарусе». Паслухаць фрагмент альбома можна ў выпуску падкасту «Ікарус» на 4:18.

У гэты час у Менск завітала чарговая галандская дэлегацыя з удзелам дыджэя Rude-E, які ўпершыню прывёз у Менск брэйкбіт і джангл. Гэты саўнд настолькі ўразіў хлопцаў з Vacuumable, што яны пачалі адразу працаваць у гэтым кірунку. І наступны альбом «Organics» (1998) стаў прыкладам першага беларускага драм-н-бэйсу, хоць, пры гэтым ад эмбіентных і трып-хопавых эксперыментаў яны таксама не адмовіліся. Нават болей, тут музыкі далі сабе волю разгуляцца: працягласць альбома склала больш за дзве гадзіны, ён быў выдадзены на дзвюх касетах.

«Кожная кампазіцыя – гэта нейкі злепак настрою, – кажа Граф у іншым інтэрв'ю для «Музыкальнай газеты». – Дапусцім, я пасварыўся са сваёй жонкай або за акном ішоў снег, я ўзяў пару акордаў і зразумеў: гэта прыгожа. І атрымалася кампазіцыя. У прынцыпе, увесь альбом – тыдні жыцця чалавека. Адзін дзень такі, другі – такі, трэці – такі. Гэта жыццё. Таму, можа, і "Organics", бо жыццё – гэта нешта арганічнае і жывое».

У альбома такі ж лёс, як і ў дэбютніка Vacuumable: ён быў выдадзены на касетах невялікім тыражом, нядаўна быў алічбаваны і зараз чакае перавыдання. З азнаямленчымі мэтамі можна паслухаць першы трэк з альбома ў падкасце «Ікарус» на 10:12.

Пасля выхаду альбома «Organics» у 1998 годзе Лёша Кутузаў пакінуў праект і прысвяціў сябе дыджэінгу і прамоўтарскай дзейнасці. Граф выпусціў сольна яшчэ тры альбомы: «Relaxator», «Jump Into The Vacuum» і «Radiocozmos» – і пасля з музыкай завязаў.

 

 

Дэміургі электронікі: «Элементы научной фантастики»

Калі ў 1995 годзе беларускія электронныя праекты можна было пералічыць на пальцах адной рукі, то пазней сітуацыя стала змяняцца па экспаненце. Ужо ў наступныя два гады пра сябе заявілі Safety Matches (якія пазней распаліся на Energun 22 – цяпер Energun – і «Канструктар»), Stereonoize Gallery, Dull Green Lab, Impedance, Romantic Sap, Rabbit X, «Элементы научной фантастики», Alex Coostoff, «Атака с бреющего полета», Hyperliberzon & Synchrophazatrone, Sea Robot of Love, The Sacred, Romantic Sub (Гомель), Rabbit Eggs (Віцебск), I/DEX (Наваполацк) і іншыя. У 1997 годзе адбыўся фестываль The Future Sounds of Minsk, у якім прынялі ўдзел ажно 15 электронных праектаў, кожны са сваёй паўнавартаснай, распрацаванай праграмай, якую можна было паказаць публіцы.

Пра свой шлях да музыкі распавядае Мікіта Худзякоў, стваральнік гурта «Элементы научной фантастики»:

«Тады, апроч вакальна-інструментальных ансамбляў ці заняткаў у музычнай школе па класе хору, рабіць музыку магчымасці асабліва не было. А потым раптам аказалася, што на камп’ютары можна таксама ствараць музыку, нават вельмі цікавую. Падчас адпачынку з бацькамі ва Украіне я пазнаёміўся з хлопцам, у якога быў камп’ютар з цікавай праграмай, якая называлася Scream Tracker. Гэта быў такі першы прататып сур'ёзных музычных секвенсераў. Камп’ютары на той момант былі без нічога, таму, каб гэтая праграма загучала, трэба было яшчэ мець спецыяльнае прыстасаванне, якое называлася Covox. Гэта быў такі просты лічба-аналагавы пераўтваральнік, праз які камп’ютар можна было падлучыць да аўдыясістэмы ці ўзмацняльніка.

Першы Covox мы спаялі самі, на каленцы. Усё падлучылі – і вы не ўяўляеце сабе, якое было задавальненне ад таго, што мы раптам атрымалі хатнюю музычную студыю з чатырма каналамі, на якіх можна рабіць і барабаны, і гітары, і сінтэзатары, і ўсё, што хочаш! Гэта быў недзе 1992 год. Я тады вучыўся ў школе, думаў, што буду праграмістам, а эксперыменты з музыкай былі хутчэй як хобі.

Потым раптам пачаўся выбух музычных калектываў у Беларусі. Таварышы з класа пачалі займацца рэпам. І раптам сталася так, што калі прыйсці да мяне і пасядзець з сэмпламі, то можна зрабіць фанеру для рэпа. У нейкі момант старэйшыя таварышы, за якімі мы ўважліва сачылі, пачалі рабіць цікавыя электронныя праекты».

 

«Пачаўся выбух музычных калектываў у Беларусі»

 

Праект назвалі «Элементы научной фантастики», гэта быў дуэт Мікіты Худзякова і яго сябра Дзмітрыя Пратасевіча. Выступ на The Future Sounds of Minsk стаў паваротным пунктам у творчасці гурта, і музыкі пачалі больш-менш сур’ёзна займацца сваім праектам. Альбом, які быў прадстаўлены на фэсце, быў выпушчаны толькі на касетах і зараз, на жаль, страчаны. Іншы альбом, які музыкі запісалі ў прафесійнай студыі ў Менску, усё яшчэ існуе, але пакуль не даступны ў сеціве.

З Дзімам Мікіта рабіў праект да 2000 года, а пасля разам з жонкай Святланай пераехаў жыць у Бельгію, дзе яны жывуць дагэтуль і працягваюць «Элементы научной фантастики» ўдвох – цяпер пад назвай Elements of Sci-Fi

 

 

 

Саматужны кіберпанк: Alex Coostoff

Яшчэ адной значнай постаццю беларускай электроннай сцэны 1990-х быў і застаецца дагэтуль Аляксей Кустаў. Родам ён з Полацка, дзе пачынаў граць альтэрнатыўны рок у гурце «Колледж А», з якім нават удзельнічаў у знакамітым полацкім фестывалі «Рок-Кола» ў 1992 годзе. Праз паўгода гурт разваліўся, і Лёша зацікавіўся электронікай: «Я купіў рытм-камп’ютар [драм-машынку. – заўв. рэд.], затым клавішы, куды можна было запісваць і бас, і ўсё астатняе. Я назапасіў грошай і паехаў у Маскву купіць партатыўную студыю, то-бок мультытрэкер, каб мець магчымасць граць аднаму. То-бок у мяне ўжо ўсе інструменты былі: некалькі гітар, бас-гітара, клавішы – поўны набор з кучай гукаў».

Пасля ён у якасці бас-гітарыста ўдзельнічаў у гурце The Stokes, з ім і пераехаў у Менск у 1996 годзе, а там пазнаёміўся з Мікітам Худзяковым і Дзімам Пратасевічам з гурта «Элементы научной фантастики». Разам артысты пачалі рабіць праект «Атака с бреющего полета» – такі хардкор, электронны індастрыял. Тады ж пачаў увасабляцца сольны электронны праект Alex Coostoff, з якім Аляксей выступіў на Future Sounds of Minsk у 1997 годзе.

 

 

Пад шыльдай Alex Coostoff Лёша выпусціў некалькі альбомаў, сярод якіх «Brother» (1996), «Chronosinciasticum Infunabulum» (1997), «Dissenter» (1998), «Алиса в гостях у маленького принца» (1998) і «Sakura’s Shade» Dimension (1999). Альбом «Аліса» вельмі спадабаўся Анатолю Вечару, які рабіў тэлевізійныя праграмы «Акалада» і «Кліп-абойма», быў зняты кліп на песню «У тебя будут особенные звёзды», які амаль год быў у пяцёрцы найлепшых у праграме «Кліп-абойма». У 1998 годзе Лёша Кустаў быў адзначаны газетай «Няміга» ў ліку найлепшых музычных праектаў года, а ў 2000-м атрымаў Гран-Пры фестывалю электроннай музыкі «Кіберпанк».

 

 

Альбом «Dissenter» у 2015 годзе быў перавыдадзены каліфарнійскім лэйблам Carrera Linn Cultural Exchange Records. Гэтая класіка беларускай электронікі дагэтуль гучыць свежа і цікава.

 

 

«Альбом зроблены на драм-машынцы TR-808, якая стала культавай за апошнія 40 гадоў. Яна стала эталонам гуку для ўсяго свету. І басы там запісаныя на TR і TB. Карацей, тое, што выкарыстоўвалі ўсе цудоўныя Alex Reece, Aphex Twin, Green Velvet. Таму плытка і гучыць па-за часам. Многія смешныя машынкі засталіся экзотыкай, кшталту Casiotone, прамежкавых мадэляў Korg, яны неяк убаку. А гэтая такая true, базісная аснова».

Па словах Лёшы, ён грае кіберпанк як ён ёсць: «Цяпер шмат хто называе кіберпанкам рэтра-вэйв альбо вэйпар-вэйв, але гэта зусім не тое. Кіберпанк – гэта любая музыка, зробленая з падручных тэхналагічных сродкаў. Гэта можа быць дрыль або працэсар для гітары, куды ўваткнулі мікрафон. Кіберпанк для мяне таксама – гэта сродак зразумення наваколля».

У нулявыя Лёша ладзіў імпрэзы, пайграў яшчэ ў некалькіх гуртах, але новых магчымасцяў для развіцця не знайшоў і неўзабаве ўладкаваўся працаваць на адзін з тэлеканалаў рэжысёрам відэамантажу. А ў хуткім часе перабраўся жыць у Маскву, дзе жыве і дагэтуль. З 2008 года яго творчы праект называецца «Ксавьеръ», ён надалей займаецца музыкай, удзельнічае ў розных эксперыментальных праектах, дзе працягвае спасцігаць сусвет праз кіберпанк.

 

 

Апалагеты беларускага тэхна: Energun

Праект Energun быў створаны ў 1996 годзе Дзянісам Сініцыным і Ягорам Саскаўцом, пазней да іх далучыўся Сяргей Максімчук. Спачатку Energun спрабавалі пісаць музыку на камп’ютары ў праграме Sound Club, але ўшытых гукаў бракавала, і тады яны сталі ствараць іх на старых аналагавых сінтэзатарах («Альтаір», «Палівокс», «Аліса»), запісваючы на камп’ютар і ўжо на ім робячы трэкі, паступова пераходзячы на больш дасканалыя праграмы, тыпу FastTracker.

Спачатку яны проста ўдзельнічалі ў разнастайных менскіх зборках: напрыклад, іх трэкі можна знайсці на кампіляцыях Minsk Underground Session Vol.1 і Overdose. У іх яны яшчэ эксперыментавалі з гучаннем: гэта і электра, і даўнтэмпа, і эксперыментальная электроніка. Пазней на лэйбле Delta 9 выходзіць іх альбом «Groove». Дыск быў самым дарагім на студыі і пры гэтым займаў першае месца па продажы. А ў 2001-м Energun першымі сярод беларускіх электронных музыкаў выпусцілі вініл: адна кружэлка выйшла ў Аўстрыі пад назвай «Forgotten Fly» (з рэміксам вядомага тэхна-музыкі Arkus P), а другая – у Нямеччыне, якая называецца «Don't Joke With Robot's». Пасля гэтая практыка стала рэгулярнай, і праект Energun з’яўляецца адным з самых паспяховых электронных праектаў Беларусі і дагэтуль.

 

 

«Чарка», «Шкварка», Buben

На іншым баку спектра беларускага электроннага андэграўнду 1990-х размясцілася яшчэ адна ўплывовая і вельмі пладавітая фігура Улада Бубена. Школьныя гады ён правёў у Венгрыі, дзе насычаў свой музычны густ з аднаго боку нью-вэйвам, хіп-хопам і электронікай, а з іншага – хэві-металам і постпанкам, а таксама ладзіў школьныя вечарыны. У 1990 годзе ён прыехаў у Менск, дзе прымаў удзел ужо ў беларускай музычнай сцэне. Першы яго гурт называўся Barfly's Dreams і дэбютаваў на Фестывалі альтэрнатыўнай музыкі ў кінатэатры «Ударнік» у 1993 годзе. У гурце, апроч Улада, удзельнічалі Косця Музыроў, Гонза і Уладзімір Мулявін-малодшы, сын вядомага беларускага «Песняра». Гралі яны хардкор-панк на ангельскай мове і рэгулярна выступалі на розных экстрэмальных клубных вечарынках і канцэртах, а таксама мелі шчыльныя сувязі з метал-тусоўкай.

 

 

Хутка яны зацікавіліся электронікай і пачалі выкарыстоўваць рытм-машынкі ў творчасці. А неўзабаве Улад разам з Косцем стварылі новы праект Fat Not Dead, які ўжо ўзяў прамы курс на электранізацыю металёвага саўнду. Гурт выпусціў альбомы «The Stoned Deltaplaners Songs» (1997) самвыдатам, «Taboo» (1998) і «Cybermadness» (1999) на гомельскім лэйбле экстрэмальнай музыкі Music Violence Productions. Па гучанні гэта ўжо такі нойзавы электра-індастрыял з заходам на габер і метал. Ранніх запісаў не знайсці, але цяпер гурт перажывае рэвайвл і выпускае сінгл за сінглам, якія зараз дасяжныя на ўсіх стрымінгах.

«Fat Not Dead спачатку былі клавішы, бас і гітара, потым ён стаў такім IBM-праектам, – распавядае Улад Бубен. – Акрамя гэтага, я стварыў праект “Шкварка”. Была яшчэ “Чарка”, канешне, бо гэта ж частка беларускага існавання. Потым быў праект Buben – дыджытал-хардкор, power rhythmic noise. З ім я шмат граў, больш за 150 канцэртаў у розных краінах. Як Fat Not Dead мы гралі ў Малдове, ва Угоршчыне, Нямеччыне, Швецыі, Аўстрыі – амаль па ўсёй Еўропе. Недзе два гады я прымаў удзел у гурце Ambassador 21, Яшчэ мы працавалі разам з Яўгенам Рагозіным. Гэта адзін з піянераў беларускай электроннай музыкі. Ён стварыў Stereonoize Gallery, а таксама мы з ім зрабілі восем ці дзевяць шумавых праектаў.

Гісторыя была такая. Мы тады працавалі на адной з радыёстанцый і пайшлі на такі правакацыйны крок: стварылі сайт беларускай нойз-музыкі, запісалі 18 трэкаў пад дзевяццю рознымі артыстычнымі імёнамі і запампавалі іх – быццам існуе беларускі нойз. Пасля праз сем-восем гадоў нехта ў інтэрв’ю на Захадзе ў мяне пытаецца, маўляў, вы ведаеце такі праект Mitrimonio? Я думаю, пра што яны пытаюцца. А пасля зразумеў, што мы гэта зрабілі і забылі. А людзі слухалі, тысячамі спампавалі і ўспрынялі гэта як сур’ёзную рэч. Для нас жа гэта былі такія гульні».

 

 

Электронныя кампіляцыі

У нашым аглядзе варта таксама згадаць кампіляцыі беларускіх электронных музыкаў. Першай такой зборкай стаў альбом «Запах Электричества», выдадзены лэйблам Delta 9 у 1997 годзе. На ім можна было паслухаць трэкі ад рэзідэнтаў лэйбла Vacuumable, Autism, Dullgreen і Guarana Electric. Па словах Вадзіма Міліцына, з часам трэкі з кампіляцыі ўспрымаюцца наіўна і архаічна, але сталі класікай менскага электроннага саўнду. У сеціве яе на дадзены момант, на жаль, няма.

Затым у 1998 годзе Delta 9 выпусціла кампіляцыю «Overdoze», дзе матэрыял падбіраўся канцэптуальна: усе трэкі круцяцца вакол такіх жанраў, як трып-хоп, эйсід-джаз і даўнтэмпа. Сярод удзельнікаў кампіляцыі таксама ўсе нашыя героі – DF, Dulgreen Lab, Autism, «Элементы научной фантастики», Energun 22, Vacuumable, Алекс Кустаў і іншыя. Гучыць змрочна, але самабытна і вельмі крута! Зборка алічбаваная і гуляе па руках, але ў вольным доступе не дасяжная.

У тым жа 1998 годзе яшчэ адзін менскі лэйбл I&I Group Recods выдаў «Minsk Underground Session vol.1». На ёй таксама адзначыўся ўвесь цвет беларускай эксперыментальнай электронікі: DF, Autism, Alex Coostoff, «Элементы научной фантастики», Energun 22, DJ Shaker, «Новые приключения», Vacuumable. Яна дасяжная ў зведзеным фармаце міксу на міксклаўдзе профілю Magenta Love. Там, дарэчы, можна знайсці і міксы беларускіх дыджэяў таго часу.

 

 

Варта таксама згадаць кампіляцыі «Deltaphonica» з калекцыяй навінак менскай электронікі, якая была выпушчаная ў 1999 годзе, і зборку «Рэзервацыя» ад аднайменнага менскага клуба. Апошняя была выпушчана ў 1997 годзе і ўяўляе сабой асарці менскай альтэрнатывы: тут і грандж, і брэйкбіт, і індастрыял, і тэхна. Сярод імёнаў, якія паўдзельнічалі на кампіляцыі, – «Гербодеz», Hasta La Fillsta, «Йо–Йо», Sarcastic Green, «Гырб И Сын», Fat Not Dead, Autism, Vacuumable і іншыя. Хоць зборку і не знайсці ў вольным доступе, але яна была алічбаваная і гуляе па руках аматараў беларускай музыкі.

 

***

Канешне, не пра ўсіх герояў сцэны 1990-х атрымалася распавесці, але ў падкасце «Ікарус: гісторыі электроннай музыкі Беларусі» ты пачуеш яшчэ купу імёнаў. Падсумуем жа аповед пра тагачаснае гучанне трэкам Валіка Грышко. Яго музыка – гэта рамантыка і летуценнасць, яго песні гучаць на розных мовах, а часта на выдуманых. Альбом «Soley» выйшаў у 2001 годзе і стаў падсумаваннем яго больш чым дзесяцігадовай творчасці. А метафарычна, напэўна, і ўсёй беларускай электроннай сцэны таго часу.

 

 Слухай падкаст у Spotify, SoundCloud і Apple Podcasts 

 

«Невозможно воспринимать эту жизнь на серьезных щах»: разговор с фронтменом «Снов Синей Собаки»

«Невозможно воспринимать эту жизнь на серьезных щах»: разговор с фронтменом «Снов Синей Собаки»

О кринжовых концертах, поисках своего «Вудстока» и иронии как броне перед критикой.

«Усім сарвала дах»: як выглядалі рэйвы 90-х?

«Усім сарвала дах»: як выглядалі рэйвы 90-х?

Танцы ў школах, ДК, гламурных клубах і ў сценах Белтэлерадыёкампаніі.

Як выглядаў першы беларускі рэйв?

Як выглядаў першы беларускі рэйв?

«Поўная вакханалія», паводле «Знамя юности».

Адкуль пайшла беларуская электроніка?

Адкуль пайшла беларуская электроніка?

Фестываль біг-біту, першыя сінтэзатары і электроншчына ў кіно.

Фотарэпорт: у Менску перазапусціўся «Рэактар»

Фотарэпорт: у Менску перазапусціўся «Рэактар»

Камбэк праз 13 гадоў.

Героі часу – 10 артыстаў новай беларускай сцэны

Героі часу – 10 артыстаў новай беларускай сцэны

Каго паслухаць, каб захапіцца сённяшняй беларускай музыкай.

Прэм’ера кліпа: Applepicker танчыць у Асмалоўцы і пад «кукурузінамі»

Прэм’ера кліпа: Applepicker танчыць у Асмалоўцы і пад «кукурузінамі»

Гісторыя пра бесклапотнага лайдака ў душэўных менскіх лакацыях.

Ад аўдыякасеты да Мексікі  – шлях гурта Nürnberg

Ад аўдыякасеты да Мексікі – шлях гурта Nürnberg

Як сабраць 6,7 мільёнаў праслухоўванняў трэкамі па-беларуску?

Дом, который построил Никита Орлов. Каким получился новый альбом Applepicker

Дом, который построил Никита Орлов. Каким получился новый альбом Applepicker

Участник «СОЮЗа» рассказывает про каждый трек своего сольника.