Праект Red Samara Automobile Club быў заснаваны ў 2008 годзе. Тады Фелікс разам са сваім сябрам ехаў на чырвоных жыгулях на канцэрт Black Rebel Motorcycle Club, але ў дарозе машына заглухла. Гэтак нарадзілася першая песня «Чырвоная дзявятка» і назва праекту. Творчасць Фелікса – гэта бясконцая постмадэрнісцкая карусель, у мільгаценні якой бачны панк, шугейз, сінтпоп, хаўс, трэп, часам яна запавольваецца да гітарнай акустыкі ды кавэраў на Летава і Земфіру. Паводле тэкстаў лірычны герой RSAC – гэта скончаны геданіст, які спявае пра сваю «чарговую цёлку», каб не забыць увогуле аб ейным існаванні, пра прэтэнцыёзнасць інтэрнэт-пакалення, якое лічыць 2007 год легендарным, ну і, вядома, пра любоў.
Апроч RSAC, Фелікс засноўваў і закрываў ледзь не тузін уласных праектаў, якія адлюстроўвалі, па сутнасці, розныя бакі ягонай бліскучай творчасці. Гэта і Amazing Electronic Talking Cave, і LSNLSN, і K1llrgvp, і «Двигайтесь, суки». У 2009 годзе ён пазнаёміўся з Антонам Ньюкамбам, лідарам псіхадэлічнага олдскул-бэнду The Brian Jonestown Massacre з Сан-Францыска, і запісаў для іхнага альбому Who Killed Sgt. Pepper? дзве песні. Таксама граў з Іллём Лагуценкам, некаторы час – у складзе екацярынбургскай каманды «Сансара», цяпер мае два праекты – RSAC і «Щенки», – і, як высветлілася з нашага інтэрв’ю, валіць у хіп-хоп групе «Макулатура».
У сакавіку Бандароў выпусціў новы альбом «Рэп Секс Алкоголь Криминал», мабыць, саракавы з ліку, з прэзентацыяй якога ўпершыню едзе ў беларускую сталіцу. Мы задалі яму некалькі кароценькіх пытанняў, пакуль ён ускокваў у цягнік на Менск.
Чаго чакаць ад менскага выступу? Ты будзеш прэзентаваць новы альбом ці правераныя хіты RSAC?
На шчасце, я ніколі не маю трэк-ліста перад канцэртам. Спрабаваў, але не працуе. Усё, што спрабуеш запланаваць лагічна і ў цішыні, звычайна не пракатвае. Але статыстыка паказвае, што ў асноўным 70 на 30 адсоткаў на карысць старога, праверанага матэрыялу. І асноўныя рэчы з новага альбому. Наагул я не люблю альбомаў. Лішняе гэта ўсё. Асабліва канцэптуальныя!
Чаго ты сам чакаеш ад Менску?
Зноў жа, практыка паказала мне: нічога не чакаць і нічога не загадваць. Але думаю, што зусім дрэнна не будзе дакладна.
Чаму ты едзеш выступаць у Менск толькі цяпер?
Чамусьці ніколі не складвалася: то не было арганізатараў, то цяжка было ўвогуле выязджаць на адзін канцэрт – і ўсё пастаянна адкладалася. А цяпер я ўдзельнік гурта «Макулатура». Мы падзяліліся на гэты месяц: я дакатваў свой тур па Расіі, яны паехалі па Украіне. І мы неяк дамовіліся: «А давайце ў Менску закрыем нашыя паездкі!». Гэтак выйшла, што я прыязджаю на дзень раней, чым яны. І тут мяне азарыла, што можна ж нарэшце закрыць гісторыю і зрабіць канцэрт RSAC. Так усё і зраслося.
Давай пагаворым пра новы альбом. У мяне ўзнікла адчуванне, што ў яго ёсць дзве часткі: першая палова сваім гучаннем накіраваная ў цяперашні час, з больш чыстым гукам, другая палова мае сувязь больш з папярэднімі альбомамі RSAC і, у цэлым, з лоўфайным і дэкадэнцкім настроем. Што ты пра гэта думаеш?
Усе песні рабіліся ў розны час, але так, ты добра заўважыў, што можна ўмоўна падзяліць альбом на Бок А / Бок Б. Не ведаю нават, навошта запісаў так шмат песень. Улічваючы сучасны хуткі рух, гэта прыраўноўваецца да самагубства. Трэба зрабіць конкурс: хай людзі адбяруць усяго 10 песень з альбому, – і найлепшую кампіляцыю выдаць ужо на фізічным носьбіце.
У жыцці ты такі ж эпатажны, як твой лірычны герой, ці гэта праца над вобразам? Ці падзяляеш ты творчасць і жыццё?
Мне здаецца, што адбыўся збой, i не я працягваю ствараць песні, а ў нейкі момант ужо песні пачалі ствараць мяне. Таму падзел не працуе. Я ўсё яшчэ добры хлопец.
З пачатку сакавіка ты ў туры па расійскіх гарадах, раскажы, якія ўражанні пакідае Расія ўзору «вясна-2016»?
Hardcore will never die but you will.
«Манчэстэр Сіці», «Рэал», «Атлетыка» ці «Баварыя»?
«Атлетыка». Мне сімпатычная гэтая банда вырадкаў на чале з Дыега Сімэонэ. Брудны стыль. У мяне нават ёсць клубная футболка, падарылі хлопцы знаёмыя. Кажуць, што задзяўбліся яе шукаць – вакол адзін «Рэал». Гэта быў якраз сезон, калі «Атлетыка» ўзяла Ла Лігу. А наагул, я з 2001 года за «Вэст Хэм».
Доўгачаканы саўндтрэк да фільма «Вокруг Беларуси на велосипедах с моторами» ўжо на «Першаку».
Арганізатарка рэйваў – пра эйджызм у фэшн-індустрыі, дрэс-код black tie і трэнд на постапакаліптыку.
Жыццё «Хулігана» вачыма арт-дырэктараў, барменаў і дыджэяў – вечарынкі, сябры, алкаголь і дзікія гісторыі пра бар, дзе ты тусуешся ўжо 5 гадоў.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.