19-ы раён знаходзіцца на правым беразе Сены, у мульцікультурнай усходняй частцы горада. Свежымі багетамі і дымам цыгарэт Gauloises тут і не пахне, хутчэй кебабамі, марыхуанай і экскрэментамі. Самыя папулярныя вынікі запытаў у пошукавых сістэмах па словах «Paris Stalingrad» – станцыя метро, рэп, крэк.
Людзі, якія жывуць у гэтым імправізаваным лагеры, прыехалі ў Францыю ў пошуках працы, спакою і міру. Галоўная іх мэта – атрымаць дакументы, якія б легалізавалі іх знаходжанне ў краіне. Гаворка тут ідзе не пра грамадзянства, а толькі пра часовы прытулак, які б дазволіў ім працаваць, здымаць жыллё і, пры неабходнасці, атрымліваць медыцынскую дапамогу. Зусім нядаўна французскі ўрад значна ўскладніў працэс атрымання так званага titre de sejour (часовага віду на жыхарства), так што шанцы на поспех акцыі вельмі нізкія.
Асноўная частка жыхароў лагера – мігранты з Сірыі, Афганістана, Косава, краін Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Хтосьці пакінуў на радзіме ўсё, каб апынуцца ў бяспецы, камусьці пакідаць ужо не было чаго. У кагосьці забілі ўсю сям'ю, кагосьці шукае паліцыя або ваенны трыбунал, хтосьці проста баіцца за сваё жыццё і хоча пачаць яго спачатку.
«Большасць бежанцаў не губляюць надзеі і знаходзяцца ў бадзёрым настроі: спрабуюць знайсці нелегальную працу, вучаць мову, ходзяць у бібліятэку»
Нягледзячы на варты жалю стан «жылплошчы» і вельмі туманныя перспектывы, большасць бежанцаў не губляюць надзеі і знаходзяцца ў бадзёрым настроі: спрабуюць знайсці нелегальную працу, вучаць мову, ходзяць у бібліятэку.
Тут шмат прафесіяналаў сваёй справы, якія на радзіме былі тымі, каго называюць каштоўнымі кадрамі.
Ахмеду 21 год. Ён займаўся дакументальнай фатаграфіяй у Афганістане, зарабляў, з ягоных словаў, каля двух тысяч еўра ў месяц. Усё ішло добра, пакуль ягоны брат не трапіў у пераплёт, праз які ўсёй сям'і трэба было тэрмінова пакінуць краіну. У выніку зрабіць гэта атрымалася толькі ў Ахмеда. Брата забілі ў яго на вачах. Пасля доўгіх блуканняў па Турцыі, Сербіі і Славакіі, хлопец накіраваўся ў Францыю, у надзеі знайсці сваіх далёкіх сваякоў. Пошукі поспехам не ўвянчаліся, таму Ахмед ужо не першы дзень начуе на сырым матрацы пад усыпляльныя гукі цягнікоў, працягвае фатаграфаваць, знаёміцца з людзьмі і не перастае спадзявацца на атрыманне хоць нейкіх дакументаў.
Калі ты спытаеш мяне пра негатыўную рэакцыю грамадства на людзей, якія жывуць пад станцыяй «Сталінград», то я адкажу, што яе проста няма. Парыжане ўжо даўно змірыліся з тым, што іх радзіма перастала быць горадам кахання, элегантных пенсіянераў, круасанаў і Генсбура. Стыхійны лагер вельмі гарманічна ўпісаўся ў гарадскі пейзаж 19-га раёна і практычна нічым не вылучаецца на агульным фоне.
3 траўня парыжская паліцыя ўжо ў трэці раз эвакуявала бежанцаў з намётавага паселішча ў размеркавальныя цэнтры. І гэта чарговая перамога, бо ў лагеры часта праз безвыходнасць і напружанасць здараліся сутычкі паміж яго жыхарамі.
Галоўная ж праблема не ў самім лагеры пад станцыяй метро «Сталінград», а ў тым, што гэта далёка не адзінае паселішча падобнага роду ў Парыжы. Пра ўсю Францыю можна нават і не гаварыць – узгадайма хаця б знакамітыя «Джунглі Кале», велізарны намётавы табар на былым сметніку, у якім на працягу ўжо амаль 15 гадоў жывуць каля 6000 чалавек.
Вядома, гэтыя людзі маюць вострую патрэбу ў ежы, вопратцы, прадметах гігіены і леках. У першую чаргу гэта тычыцца дзяцей, іх тут, дарэчы, нямала. Але Францыя не была б Францыяй, калі б не яе дэвіз «Свабода, роўнасць, братэрства», так што неабыякавых людзей, якія дапамагаюць бежанцам, не так ужо і мала.
Напрыклад, арганізацыя «La petite roquette», якая шмат гадоў таму пачынала як звычайны нелегальны сквот, акрамя ўсяго іншага, займаецца зборам рэчаў, якія перадаюцца тым, хто жыве ў нястачы. Такіх арганізацый, а таксама розных дзяржаўных фондаў, у Францыі даволі шмат. Але ўсё, што яны могуць зрабіць, – гэта дапамагчы не памерці ад голаду ці холаду. Супраць бюракратыі дзяржавы яны бяссільныя.
Барыста, адміністратары і клінеры: вакансіі для працавітых студэнтаў.
Андроид на съемках и повседневная рутина в кадре – говорим о кинотрендах страны, в которой сегодня уже завтра.
Пра беларускамоўны тык-ток, «Чарку на пасашок» і вывучэнне мовы.
У сетках сядзяць 5,63 мільёна.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».