Змест: «Каласы» 2.0, Борхес, кніга пра Віцебск і іншыя навінкі белліту

  • 22.01.2026
  • Аўтар: 34mag
  • 94

Выбіраемся са студзеньскіх сумётаў, каб распавесці табе, што адбылося ў беларускай літаратуры з лістапада па сёння (папярэдні выпуск шукай тут). Дайджэст дапаможа зарыентавацца ў гарачых навінках і кнігах, якія атрымалі прызнанне экспертнай супольнасці. Калі праспаў(-ла) узнагародны сезон – дапаможам нагнаць прапушчанае.

 

Арыгінальная мастацкая літаратура і нон-фікшан

«Каласы», якімі іх задумваў Уладзімір Караткевіч

Да 95-годдзя беларускага класіка выйшаў яго opus magnum«Каласы пад сярпом тваім». Ад папярэдніх выданняў гэтае адрозніваецца тым, што тут знятыя праўкі, якія пісьменнік быў вымушаны ўнесці для друку ў 1968 годзе.
 
«Асцярожна, кіруючыся тэксталагічнай эмпатыяй, мы робім некалькі важных кан’ектур і тым вызваляем голас пісьменніка ад ідэалагічнага ціску. Мы вяртаем асобныя формы словаў, што ў савецкі час былі непрымальнымі, а цяпер цалкам звыклыя – і аказваецца, Караткевіч так і пісаў! Мы аднаўляем аўтацэнзурныя скарачэнні: пісаў раман чалавек смелы, а ў друк аддаваў рацыянальны. Забыліся імёны тых, хто рабіў з Караткевіча агульнага – і нічыйнага, выкрэсліваючы з тэксту “Беларусь”, “беларусаў”, “Падняпроўе” і “Раку”. А словы зноў занялі належнае ім месца на старонках», – пішуць выдаўцы.

 

Зборнік найлепшых тэкстаў Макса Шчура за 20 гадоў

«Чайны збор» варта займець у бібліятэку аматарам постпаэзіі. Кніга прысвечаная франка-чэскаму паэту-сюррэалісту Петэру Кралу, з якім Макс Шчур быў добра знаёмы (нагадаем, што беларускі літаратар з 1998 года жыве ў Чэхіі).
 
У 2016 годзе Макс Шчур здабыў «золата» прэміі Ежы Гедройця з кнігай «Завяршыць гештальт», а ў 2023 годзе трапіў у лонг-ліст з кнігай «Ліст, знойдзены на папялішчы». У 2025-м акрамя «Чайнага збору» ў Шчура выйшла белетрызаваная аўтабіяграфія «Спроба эксперыментальнага канструявання сябе», жанр якой аўтар вызначае як «мем-угары». Сродкі на выданне былі сабраныя на краўдфандынгу. Чытачы адзначаюць неверагодную шчырасць кнігі, маўляў, поўны sex drugs rock’n’roll!

 

Аўтафікшан пра Віцебск

Адкрытая перадзамова кнігі ўспамінаў перакладчыцы і паэткі Алены Пятровіч пра яе родны Віцебск. Выданне называецца «Сіні дом. Мая гісторыя Віцебска». «Гэтая кніга не прэтэндуе ні на гістарычнае даследаванне, ні на турыстычны гайд, – адзначае аўтарка. – Тэксты, сабраныя ў ёй, – маё жыццё, мае дзевяностыя і мой гімн суб’ектыўнасці. Тут будзе толькі пра важнае для мяне як для адной з тысяч жыхарак і жыхароў Віцебска».

 

Вершы Ліны Казаковай

Зборнік паэзіі менскай аўтаркі, якая цяпер жыве ў ЗША, выйшаў у выдавецтве hochroth Minsk. У афармленні кнігі «Лили не спит» скарыстаная ілюстрацыя пісьменніка і мастака Уладзіміра Сцяпана. «Я, шчыра кажучы, зусім не чакала гэтага, – напісала Ліна Казакова ў Facebook, – але ў выніку атрымалася вельмі дарагая мне кніжачка (усяго сорак вершаў), куды змясціліся апошнія пяць гадоў майго жыцця. Яна поўная смутку <...>. Але для мяне самой у ёй ёсць і суцяшэнне. Спадзяюся, гэта неяк перадасца».

 

Кніга пра пацучыную цывілізацыю

Фатографка і мастачка Марыя Карнеенка ў тандэме з пісьменніцай Таццянай Заміроўскай стварылі кнігу, якая разбурае міфы і фобіі, звязаныя з пацукамі. Аўтаркіпрапануюць паглядзець на іншых жывых істот, пазбавіўшыся пазіцыі «чалавек – вянец тварэння». Кніга вельмі цікава выдадзеная: чытачоў чакае незвычайны тактыльны досвед, і вокладка тут адмыслова зробленая на аснове воўны, каб паколвала пальцы, нібы пацучынае футра.
 

 

Падарожжы пісьменніцы

Людміла Рублеўская выдала «Пісьменніцкія вандроўкі». Кніга ўяўляе сабой зборнік падарожных эсэ, але саслужыць добрую службу і як даведнік, які варта захапіць у дарогу. У трэвэл-праграме Рублеўскай не толькі грандыёзныя замкі і палацы, але і старыя сядзібы ды храмы, ад якіх засталося амаль нічога. Асобную частку выдання складаюць літаратурныя гайды: напрыклад, можна праехацца па быкаўскіх мясцінах, па знакавых мясцінах Івана Мележа, па пунктах, дзе разгортваліся літаратурныя сюжэты, і гэтак далей.

 

 

Пераклады: класіка і новыя еўрапейскія бэстсэлеры
 

З нямецкай – «Лісабонская ноч» Эрыха Марыі Рэмарка

Раман «Лісабонская ноч» з моманту першага выдання ў 1962 годзе быў хітом антываеннага класіка. Нарэшце яго можна пачытаць і па-беларуску. Рэмаркаўскі тэкст пра лёс нямецкіх эмігрантаў у нацысцкую эпоху да і падчас Другой сусветнай вайны ў Францыі, Іспаніі, Партугаліі суправаджаюць каментары перакладчыцы Вольгі Гронскай, а таксама пасляслоўе літаратуразнаўца ТыльманаВестфалена.

 

З іспанскай – зборнік апавяданняў Хорхе Борхеса

У беларускае выданне ўвайшлі чатыры ключавыя зборнікі класіка сусветнай літаратуры: «Вымыслы», «Алеф», «Паведамленне Броўдзі», «Кніга з пяску». Пераклаў важнейшыя не толькі для сваёй эпохі, але і далейшых пакаленняў тэксты Сяргей Шупа.
 
Цікава, што выданне змагло з’явіцца на свет дзякуючы кнігафільскай падтрымцы. Падпісвайся на Patreon выдаўцоў, каб адчуць сябе сапраўдным(-ай) мецэнатам(-кай)!
 

 

 З англійскай – апавяданні Гаўарда Філіпса Лаўкрафта

У кнігу «Іншыя Багі» ўвайшло выбранае з тых твораў, якія даследчыкі Лаўкрафта аб’ядноўваюць у «Цыкл сноў». Калі для цябе гэты аўтар асацыяваўся найперш з Ктулху і жахамі, то ў Краіне Сноў цябе чакае іншы вопыт: гэта сутыкненне з глыбокай настальгіяй, увасобленай у вобразах роднага краю або старога дома. Героі апавяданняў зборніка не эскапісты, а мройнікі, якія імкнуцца аднавіць страчаную сувязь з лепшым станам душы. Над перакладамі працавалі сямёра адмыслоўцаў.

 

З літоўскай – «Silva rerum» Крысціны Сабаляўскайце

Гэта нашумелы раман літоўскай пісьменніцы і доктаркі мастацтвазнаўства пра нашу агульную гісторыю. Сямейная сага ўжо стала бэстсэлерам не толькі на радзіме аўтаркі, але і ў Латвіі, і ў Польшчы. У цэнтры сюжэта – некалькі пакаленняў шляхецкага роду Нарвойшаў. Падзеі чатырохтомніка пачынаюцца ў сярэдзіне XVII стагоддзя, а завяршаюцца ў канцы XVIII. Уяві, колькі важных падзей з падручнікаў гісторыі сюды ўмясцілася! Пераклаў «Silvarerum» Сяргей Шупа.

 

З літоўскай – «Любыя косці» Катрыны Зіле

Свежы хіт літоўскіх кнігарань, які на беларускую мову пераклалі хутчэй, чым на ангельскую. У сваім творы Катрына Зіле віртуозна спалучае фальклор і вясковую культуру з побытам і эстэтыкай гарадскіх спальнікаў. «Выдатная спроба асэнсаваць мінуўшчыну – з любоўю і павагай да вёскі, нават калі ад гэтага, чытаючы, адчуваеш то млоснасць, то вусціш. Гісторыя блізкая беларусам, бо ў беларускім і літоўскім фальклоры і быце вёскі шмат агульнага», – так адгукнулася на кнігу пісьменніца Ганна Янкута. Пераклала твор Сюзанна Паўкштэла.

 

З італьянскай – «Піпі, або Ружовае малпянятка» Карла Калодзі

Узор сапраўды прыгожай кніжкі для дзяцей (што ў беларускім кнігавыданні, на жаль, не правіла) прадэманстравала «Тэхналогія». Казка пра гарэзлівае добрае малпянятка, якое пакідае бацькоўскі дом, каб спазнаць свет і знайсці сваё месца ў ім, упершыню надрукавалі па-беларуску. Пераклала тэкст Аксана Данільчык. За візуальнае аздабленне адказвалі майстарка калажоў Маша Мароз і дызайнерка Наста Капульцэвіч.
 

 

З польскай – «Нядзеянне» Зоф’і Залескай

Кніга пра бяздзейнасць і бяссілле. Магчыма, гэты твор – тое, чаго нам усім не хапала гэтай зімой. Аўтарка складае «каталог нядзеянняў» – прыкладаў таго, як вядомыя людзі, літаратурныя героі, ананімныя нехта намагаюцца ўратаваць свабоду і годнасць сваім нядзеяннем. На думку аўтаркі, у свеце, дзе столькі несправядлівасці і болю, а культура падштурхоўвае да актыўнасці і ўчынкаў, магчыма, варта пайсці ў адваротны бок. Пераклала «Нядзеянне» Кацярына Маціеўская.

 

 

Аўдыякнігі: пра ежу, змрочны Менск і 2000-я

 

Аўтабіяграфічная проза пра 2000-я

«Calgotki» Марыі Мартысевіч існуюць выключна ў аўдыяфармаце або ў выглядзе PDF на патрэоне аўтаркі. Набыць аўдыякнігу можна ў Kobo.
 
Сярод герояў «Калготак» – Ева Вежнавец, Таццяна Заміроўская, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Пугач і іншыя зоркі. Выданне прадаюць як «тонкую кнігу пра жаночыя радасці». Пад вокладкай ты знойдзеш «складаныя дачыненні з самаацэнкай, якая не хоча падымацца, сямейны фемінізм, захапляльныя літаратурныя прыгоды і сэкс».

 

Кніга пра стравы і людзей, з якімі мы дзелім стол

На YouTube цяпер можна паслухаць кнігу ЗараславыКамінскай «Калядны стол. Некулінарная кніга». «Што вы любілі есці, калі былі маленькімі? Хто для вас гатаваў калісьці і для каго вы гатуеце зараз? Што вы елі апошнім разам, калі адчувалі сябе шчаслівымі? Калі вы не можаце згадаць ніводнай гісторыі, пачніце чытаць, і ўспаміны з'явяцца над гэтымі старонкамі, нібыта пара над гарачым рондалем».
 

 

 

 Кніга, якую некалі масава выкрадалі з бібліятэк

У вольным доступе з’явілася аўдыяверсія аповесці «Голы звер» Міхася Зарэцкага. Упершыню твор быў надрукаваны ў 1926 годзе. Пасярод пераможнага шэсця савецкай ідэалогііЗарэцкі стварыў нечаканае – тэкст, у цэнтр якога пастаўлены цалкам адмоўны герой. Менск тут выяўлены як горад злачынцаў, прытонаў і публічных дамоў. Змрочны тэкст напярэдадні змрочных часоў.
 

 

Прызы і намінацыі: каго дадаць у рыдынг-ліст?


Гедройць: найлепшая кніга – успаміны Сяргея Дубаўца

«Занзібар: сталенне маладой душы» прысвечаны ўсведамленню ўласнай беларускасці. Пры чым тут Занзібар? Аўтар бавіць час на востраве Фрэдзі Мэрк’юры і віртуозна пераплятае назіранні за мясцовым побытам з назіраннямі за беларускім жыццём.
 
Другое месца на галоўнай літпрэміі заняла Югася Каляда з кнігай «Перамена месцаў», трэцяе – Зміцер Дзядзенка з «Гульнямі Цырцэі».

 

Шэрман: найлепшыя пераклады за 2023 і 2024 гады

Прызёраў перакладчыцкай прэміі летась адразу шэсць. У перакладзе прозы перамаглі Алена Пятровіч з раманамСтаніслава Ігнацы Віткевіча «Ненасытнасць» і Сяргей Шупаз творам Юргіса Кунчынаса «Туўла». У паэтычнай намінацыі прызы ўзялі Андрэй Хадановіч з «Месапатаміяй» Сяргія Жадана і Лявон Баршчэўскі з гамэраўскай «Іліядай». За пераклад дзіцячай літаратуры ўшанаваны СяржМядзведзеў, «Чараўнік краіны Оз» Фрэнка Баўма, і зашыфраваны ўдзельнік.

 

Цётка: чым уразіла дзіцячая літаратура

Пераможцамі 2023 года названыя Ева Вайтоўская з кнігай «Гарэзлівы пацалунак. Кніга 2» і Валер Гапееў з кнігай «Вольнеры. Прадвесце». У мастацкай намінацыі перамагла Лізавета Лянкевіч за крутое афармленне «Акадэміі доктара Клякса» Яна Бжэхвы. Прэмію за 2024 год узялі Альгерд Бахарэвіч за кнігу «Капітан Лятучая Рыба» і Эльга Папова за «Мора ў горадзе». Пераможца мастацкай намінацыі не названы, але гэта чалавек, які аформіў кнігу Веранікі Юлляш «Розум, смеласць і добрае сэрца».
Падкасты і гутаркі

 

 

Падкасты і гутаркі

 

Амаль тры з паловай гадзіны Глобуса

Natatnik зрабіў грунтоўную размову з мастаком і пісьменнікам Адамам Глобусам. Тут і пра Менск 80-х, і пра суседа – Уладзіміра Караткевіча, і пра кніжны бізнэс, за які забівалі, і, вядома, пра эротыку.
 

 

Падкаст пра эсэ французскага набеліста

У сваіх «Літаратурных зацемках» лаўрэат апошняга Гедройця Сяргей Дубавец разбіраецца ў прыродзе смеху па прачытанні беларускага перакладу твора французскага набеліста Анры Бэргсона «Смех. Эсэ пра значэнне камічнага». Ці можа быць смех спагадлівым і добрым? Наколькі ён з’ява індывідуальная? Ці дастаткова камічнага ў беларускай літаратуры?
 

bellit.info · Выпуск 27. Анры Бэргсон. Смех. Эсэ пра значэнне камічнага