10242 2

Паранармальная Беларусь

Беларусь заўсёды была краінай містычнай: нашыя продкі прыпісвалі незвычайныя здольнасці Усяславу Чарадзею, упарта шукалі папараць-кветку і маліліся Ярылу, які сёння ўвасоблены ў графіці ў цэнтры горада. Калі ты думаеш, што ўся магія знікла з краіны разам з язычніцтвам, то мы спяшаемся цябе расчараваць – прывіды перажылі нават камунізм. І рыхтуй заплечнік, каб адчаліць у самую крутую вандроўку гэтага лета – бо для цябе мы не паленаваліся пагартаць наш міфалагічны слоўнік.

 

Возера «Святое»

Дзе: Гарадоцкі раён, Віцебская вобласць

Легенда: Віцебскую вобласць нездарма называюць Паазер’ем – яна мае вялікую колькасць вадаёмаў. Натуральна, што большая частка легендаў будзе звязана менавіта з воднымі істотамі.

Містычных азёраў на Віцебшчыне шмат, але гэтае вызначаецца сваёй асаблівай легендай. Кажуць, што сам д’ябал патапіў тут царкву, таму возера не мае дна, а ноччу можна пачуць званы. Ну і падыходзіць да самога вадасховішча мясцовыя не раяць, бо можна трапіць наўпрост у пекла.

Зрэшты, падобную гісторыю маюць яшчэ некаторыя азёры Віцебшчыны, напрыклад возера з простай назвай Бяздонка, што знаходзіцца непадалёк ад Лётцаў – папулярнага санаторнага рэгіёну.

Яшчэ распавядаюць і пра русалак, якія жывуць у такіх праклятых азёрах. Русалкі – памерлыя нехрышчоныя душы, што яднаюць у сабе і эротыку, і смерць, бо, як вядома, гэтыя асобы заманьваюць да сябе прыгожых хлопцаў, а потым топяць іх. Але калі ты такі збярэшся даехаць да Святога, вазьмі з сабой крыжык, круг, часнок, ладан ці палын, бо пры сустрэчы з ёй гэта табе спатрэбіцца.

 

 

Берасцейскі Бернардынскі манастыр

Дзе: Берасце, Берасцейская вобласць

Легенда: Натуральна, што манастыры, кляштары, цэрквы ды іншыя рэлігійныя пабудовы заўжды будуць звязаныя са звышнатуральным светам. Такім месцам з’яўляецца і берасцейскі Бернардынскі манастыр, будаўніцтва якога пачалося ў 1605 годзе на грошы Льва Сапегі і Яна Галемскага. Канец будоўлі прыйшоўся толькі на 1750 год, калі манастыру далі імя Бязгрэшнага Зачацця.

У 2004 годзе ўпершыню з’явіліся сведкі наяўнасці прывідаў у развалінах манастыра. Група турыстаў наведала манастыр і, зрабіўшы рад фотаздымкаў, напісала справаздачу для сайта Беларускага ўфалагічнага камітэта. На здымках нібыта бачная фігура манашкі.

Пасля невялікіх даследаванняў камітэт выказаў меркаванне, што гэтым прывідам можа быць Эльжбэта Верашчынска, ігумення манастыра. Эльжбэта належала да знатнага беларускага роду, але пры тым была вельмі набожнай жанчынай. Яна актыўна працавала ў манастыры, таму даследчыкі лічаць, што менавіта яе прывід праявіўся на іх фотаздымках. Доступ да развалінаў вольны, так што табе застаецца толькі праверыць усё на ўласныя вочы.

 

 

Балота Чырвонае

Дзе: Гомельская вобласць

Легенда: Вадзянікі – яшчэ адна неад’емная частка нашай культуры. На пачатку мінулага стагоддзя беларусы нават не сумняваліся ў іх існаванні. Звычайна вадзянік – гаспадар ракі ці возера, яму ж падпарадкоўваюцца ўсе істоты, што жывуць у тым жа вадаёме. У беларускай культуры вадзяніка яшчэ надзялялі здольнасцю пераўтварацца ў рыбу сама, і праз гэта ў ежу беларусы самоў звычайна не ўжывалі. У ноч на Купалле вадзянікі выходзяць са сваіх вадаёмаў ды ідуць шкодзіць на млыны, але млынары ім даруюць. Традыцыйны вадзянік, як уяўляў яго Багдановіч (а паэты, памятайма, схільныя да рамантызацыі містыкі), выглядае вось так:

Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай   
І гадамі грэюся – сплю на дне ракі.   
Твар травой аблутаны, быццам павуцінай,   
Засыпаюць грудзі мне жоўтыя пяскі.

Балота Чырвонае на Гомельшчыне і зараз мае свайго гаспадара-вадзяніка, які пужае выпадковых гасцей страшнымі істотамі. Напрыклад, мясцовыя бачылі там сумную дзяўчынку з вачыма колеру мутнай вады: яна сядзіць на камяні і працягвае руку з чырвонымі ягадамі. Што адбываецца далей – ніхто не распавядае, але спадзяемся, мы цябе заінтрыгавалі.

 

 

Гальшанскі замак

Дзе: Ашмянскі раён, Гарадзенская вобласць

Легенда: Хтосьці можа палічыць гэта папсой, але мы вырашылі, што гэта класіка, пра якую ты мусіш ведаць.

Гальшанскі замак быў пабудаваны ў 17 стагоддзі па загадзе Паўла Стэфана Сапегі, якому дужа не шчасціла ў асабістым жыцці. Тры ягоныя жонкі памерлі запар, і праз гэта князя пачалі зваць Сіняй Барадой. Натуральна, нашчадкаў Павел не пакінуў, што многія і лічаць прычынай няшчаснага і таемнага лёсу замка.

Сёння замак больш нагадвае руіны, нягледзячы на тое што яшчэ ў 1939-м там жылі людзі. Але за савецкім часам з камянёў і цэглы замка пабудавалі нейкія побытавыя будынкі, кажуць, гэта і пакрыўдзіла тамтэйшы прывід – Чорнага Манаха, які тады пачаў з’яўляцца людзям. А сама легенда пра манаха паўстала такім чынам: аднойчы малады бедны хлопец закахаўся ў прыгажуню, што жыла ў Гальшанах, Ганну-Гардзіславу Гальшанскую, і пачуццё аказалася ўзаемным. Але пасля таго як бацька княжны даведаўся пра гэтыя патаемныя спатканні, хлопца проста замуравалі ў сцяну замка, дзе ён ходзіць і сёння ў выглядзе Чорнага Манаха.

Цяпер, кажуць, напаткаць Манаха складана, але добрых навінаў ён яшчэ нікому не прыносіў.

 

 

Вёска Путчына

Дзе: Дзяржынскі раён, Мінская вобласць

Легенда: Калі табе яшчэ не моташна ад неверагоднага буму ў маскульце, звязанага з бессмяротнымі і вытанчанымі істотамі, чытай далей.

Часцей за ўсё вампірамі пасля смерці становяцца людзі, што і пры жыцці вялі не самы богапаслухмяны вобраз жыцця: рознага кшталту чараўнікі ды ведзьмары. Калі такі чалавек паміраў, то трэба было праз пэўную колькасць дзён адкапаць яго, усадзіць у грудзі класічны асінавы кол, а пасля яшчэ і спаліць для надзейнасці.

Аб’яднанне «Беларусь-Касмаполіс» ладзіла экспедыцыю ў вёску Путчына, дзе нібыта ў мінулым стагоддзі было некалькі вампіраў, а могілкі – і зараз небяспечнае месца. Кажуць, што адным з жахаў была гісторыя пра тое, як памерлы бацька вярнуўся ў свой дом і ледзь не забраў з сабой уласную дачку, каб, верагодна, набрацца свежай крыві, але маці, смелая беларуская жанчына, спыніла яго.

 

 

Ваколіцы Барысава

Дзе: Менская вобласць

Легенда: Ну ты ведаеш, што «кругі на палях» – гэта не кругі абавязкова, а ўмоўная назва для ўсіх геаметрычных малюнкаў, што з’яўляюцца час ад часу ў розных частках свету. Гэта могуць быць і сімвалы, і піктаграмы.

З’ява даволі папулярная, бо першы ўспамін пра гэты феномен датуецца аж 17 стагоддзем, а на 2008 год было зарэгістравана ўжо 9 000 такіх выпадкаў у 40 краінах свету.

Беларусь таксама стала месцам для такіх знакаў. Кругі з’явіліся на жытна-пшанічным полі Барысава: сцябліны раслінаў былі прыціснутыя, але не зламаныя, што характэрна для ўсіх такіх выпадкаў. Выглядала піктаграма прыкладна так: асноўнае кола ў цэнтры, ад яго – чатыры сцяжынкі, што вялі да маленькіх кругоў. Паўстаў гэты іншапланетны сімвал у траўні 2009-га.

 


Ваколіцы Чавусаў

Дзе: Магілёўская вобласць

Легенда: Ты, напэўна, здзівішся, але Чавусы – увогуле вельмі рамантычны і містычны гарадок Беларусі. Тое й не дзіўна, бо кажуць, што па-цыганску «чавус» – намёт, і гэта ўжо адсылае да паходаў і гарачага кахання, але мы адшукалі, напэўна, самую пяшчотную легенду, звязаную з горадам.

У Чавусах ёсць дзве ракі, Проня і Бася. Паводле падання, некалі тут жылі дзяўчына Бася і юнак Проня, кахалі адзін аднаго, але ажаніцца без дазволу бацькоў не маглі. Праз гэта яны вырашылі збегчы і папрасілі блаславення багоў на тое, каб заўсёды заставацца побач. Тыя ім дазволілі – маладзёны збеглі. Але калі ашалелы ад злосці бацька Басі кінуўся іх даганяць, усё, што ён убачыў, – зліццё двух рэк.

Побач з Басяй стаяць курганы – тыповае беларускае міфічнае месца пахавання. І кажуць, што тут часта бачаць прывідаў, прычым не толькі нашых рамантычных герояў.

 

Тэкст by Vanya Famchuk
Візуал by Sheeborshee


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (2)
ava

Дмитрий Никулин 09-06-2016, 00:53

Охотникам на Призраков надо съездить по этим местам, посмотреть что там есть кроме легенд :)

Адказаць

akiaksiej17-10-2017, 01:44

Падумаў, што ў "Ваколіцах Барысава" будзе пра Печы.

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.