Заснавальніца брэнда Belaruskicry: «Па гэтым кулоне беларусы ўсюды пазнаюць сваіх»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 21.11.2023
- 4041
Саша Куркова тры гады таму з'ехала з Беларусі. Сваю тугу па ёй яна пераплавіла ў сярэбраны кулон – контур краіны з празрыстай слязінкай. І трапіла ў сотні пабітых беларускіх сэрцаў. Пагаварылі з Сашай пра ювелірныя сімвалы настальгіі, бізнэс у эміграцыі і пра тое, ці стане Belaruskicry «Беларускім раем».
Пра Беларусь са слязой
– Чым ты займалася да таго, як стварыла ювелірны брэнд?
– У мяне былі розныя прафесіі. Я была SMM-спецыялістам, маркетолагам, бортправадніцай, адкрывала маленькі бізнэс. Шмат шукала сябе, але ні на чым доўга не спынялася. Перш за ўсё я ведала, што хачу займацца сваёй справай, і ў мяне для гэтага дастаткова ведаў. Але я не думала, што ювелірнае мастацтва для мяне стане бізнэсам: спрацоўваў стэрэатып, што творчыя прафесіі не зусім пра грошы і заробак.
Так выйшла, што выбар за мяне зрабілі беларусы. Першы ж выраб, які я стварыла самастойна, стаў неверагодна папулярным.
– Як гэта адбылося?
– На пачатку 2021 года я пераехала ў Грузію. Там зацікавілася ювелірным майстэрствам, знайшла настаўніка і праз паўгода пасля пачатку заняткаў пераплавіла сярэбраную лыжку ў свой першы кулон. Гэта была падвеска «Беларусь са слязой». Я яе зрабіла для сябе. Я перажывала складаныя эмоцыі, хацелася выказаць іх у чымсьці матэрыяльным.
На прасторах твітэра я неяк убачыла фразу “Belaruski cry” – мне падалося, гэта вельмі прыгожая гульня словаў. Успомніла пра гэта, калі прыдумляла сабе ідэю для ўпрыгожання. Абрала контур Беларусі: у нашай карты гарманічная форма, з практычна аднолькавай адлегласцю ўздоўж і ўпоперак. І без слязы я не ўяўляла ўпрыгожання. Гэта быў самы пачатак маёй эміграцыі, такі жывы і балючы сімвалізм. Але я думала, што проста выкладу гэты кулон у сябе ў Instagram і падпішу: Belaruskicry.
У гэты ж час я знялася ў кулоне для беларускага медыя, і людзі ў каментарах пачалі шукаць мяне, пытацца, дзе можна замовіць такое ўпрыгожанне. Я зрабіла некалькі і адправіла поштай. Але заказаў станавілася ўсё больш – і я зразумела, што беларусам гэта важна і што трэба працягваць.
Дарэчы, першыя заказы не ўсе былі са слязінкай, хтосьці хацеў проста контур Беларусі. Пазней, калі я пачала глыбей цікавіцца вырабамі падобнага тыпу і сэнсу, я даведалася, што эмігранты часта заказваюць сабе контуры сваіх краін, родных мясцін. Гэтая гісторыя распаўсюджаная па ўсім свеце, але многія проста шукаюць гатовыя вырабы на маркетплейсах або робяць сабе індывідуальна. А для Беларусі, атрымліваецца, цяпер ёсць асобны брэнд.
«Выбар за мяне зрабілі беларусы»
– Абліччам брэнда Belaruskicry стала Palina. Яе песня «Як ты?» ідэальна агучвае ідэю тваёй культавай падвескі. Як гэта склалася?
– Я пачула гэтую песню ўпершыню ўжо ў эміграцыі, яе словы моцна запалі мне ў душу. Тэкст песні я змясціла на ўпакоўку першых кулонаў. Праз два месяцы мы запрасілі Паліну зняцца для нашага брэнда, і яна пагадзілася. Потым падарылі ёй «Беларусь са слязой».
– Каго яшчэ з беларусаў ты бачыш амбасадарам брэнда?
– Калі мы толькі пачалі заяўляць пра сябе, я падумала, каму мне б хацелася падарыць маё ўпрыгожанне. Гэта людзі, якія любяць Беларусь, і каго я сама паважаю і люблю. Мы даслалі кулоны многім вядомым беларусам, сярод якіх людзі мастацтва, спартсмены, палітыкі, бізнэсмэны. Цяпер мне, напэўна, прасцей пералічыць тых, хто не носіць наша ўпрыгожанне, чым тых, хто яго носіць. Мае самыя смелыя жаданні ў гэтым плане спраўдзіліся. А наогул хацелася б бачыць кулон на ўсіх беларусах – і ў краіне, і за яе межамі.
Пра бізнэс у Грузіі
– Як ты запусціла бізнэс у Грузіі?
– Першае ўпрыгожанне я зрабіла ў верасні 2021-га, праз пару месяцаў пайшлі заказы. Спачатку я спраўлялася сама, а неўзабаве пачалася вайна, і ў Грузію прыехала шмат сяброў: мая партнёрка Марына, нашы сяброўкі, якія займаліся продажамі, іншыя людзі з крутымі кампетэнцыямі. Я прапанавала развіваць бізнэс разам. Мы разабралі задачы, нешта дэлегавалі – з Беларусі прыехала амаль гатовая каманда. Акрамя сяброў, цяпер з намі працуе мой брат, яго дзяўчына. Наша справа па духу вельмі цёплая і сямейная.
Першы час з бізнэсам былі складанасці, таму што грузінскі рынак не прыстасаваны пад масавую вытворчасць. Тут шмат ювеліраў, але яны ў асноўным выконваюць прыватныя заказы – максімум пяць штук, напрыклад, калі хтосьці хоча ўпрыгожанні сабе і сямейнікам. Таму, калі пачаліся сто, дзвесце, трыста пакупак у месяц, ад нас многія ювеліры сталі адмаўляцца. Але гаворка пра брэнд, які робіць карты Беларусі, ужо пайшла па Тбілісі.
Да нас звярнуліся прадстаўнікі адзінай кампаніі, якой па плячы нашы аб'ёмы. Цяпер гэта нашы партнёры. На вытворчасці працуюць дзесяць ювеліраў, мы выкарыстоўваем золата і срэбра вышэйшай пробы, каштоўныя камяні – тапаз, лал, сапфір, смарагд, брыльянт, аквамарын. Мы ўжо выйшлі на той узровень, калі можам оптам купляць матэрыялы ў буйных пастаўшчыкоў і не сумнявацца ў якасці.
Пра новую калекцыю і яе сэнсы
– Нядаўна Belaruskicry выпусціў першую калекцыю «Сучасная вечнасць». Раскажы пра яе.
– Гэтую калекцыю мы задумалі паўтара года таму, але рэалізацыя з розных прычын адкладалася. Па мерках фэшн-бізнэсу мы яшчэ дылетанты, але сёлета мы сур'ёзна падышлі да ўсіх працэсаў, да асэнсавання ідэі, шмат даведаліся пра Беларусь. Нам хацелася не проста выпусціць нешта прыгожае, а каб яно было напоўнена сэнсам.
Мы думалі пра тое, што асацыюецца з Беларуссю, выклікае пачуццё дому, сімвалізуе сувязь праз час і адлегласць. Хацелася зафіксаваць гэтыя вечныя сэнсы ў ювелірных упрыгожаннях, якія для кагосьці, магчыма, стануць сямейнымі рэліквіямі. Калекцыя «Сучасная вечнасць» натхнёная жанчынамі, якія ўслаўляюць беларускую вышыўку.
Мы абралі некалькі арнаментаў. Кансультаваліся з этнографамі, чыталі падручнікі па нацыянальнай вышыўцы, сустракаліся з сучаснымі майстрынямі і высветлілі, што адзінага значэння арнаменту не існуе – ёсць толькі пасыл і намер чалавека, які стварае. У выніку спыніліся на двух асноўных сімвалах-абярэгах: знічка і плыт. Знічка дапамагае выконваць жаданні, а плыт абараняе ад усяго дрэннага.
«Хацелася зафіксаваць гэтыя вечныя сэнсы ў ювелірных упрыгожаннях, якія для кагосьці, магчыма, стануць сямейнымі рэліквіямі»
– Што за праект вы запусцілі ў падтрымку калекцыі?
– Мы знайшлі беларускіх майстрынь і спыталі ў іх, чаму яны вышываюць, што знаходзяць у гэтым занятку для сябе. Атрымаліся невялікія гісторыі пра нацыянальную ідэнтычнасць, трапяткое стаўленне да нашай культуры і спадчыны і вялікае жаданне гэтую спадчыну даследаваць, захоўваць, беражліва пераасэнсоўваць. Кожная майстрыня падрыхтавала схему для вышыўкі, якую можна перанесці на тканіну і вышыць – стаць часткай праекта і правадніком беларускай культуры.
– Што ты думаеш пра сімвалы і штампы? Ці можна пазбегнуць ператварэння аднаго ў іншае?
– Я раблю тое, што мне падабаецца насіць самой і што не будзе выглядаць старамодным, несучасным. Нацыянальныя сімвалы можна інтэрпрэтаваць так, што яны будуць актуальныя і насібельныя ў XXI стагоддзі. Хочацца, каб нашы ўпрыгажэнні падабаліся розным людзям у свеце, але пры гэтым не гублялі аўтэнтычнасці. Таму мы не робім «у лоб», але і зусім ад штампаў не сысці.
– Пераймальнікі. Ці ёсць яны ў брэнда і як ты да іх ставішся?
– Я заўважыла, што пасля Belaruskicry многія рамеснікі пачалі рабіць карту Беларусі. Я рада, што такі прадукт з'яўляецца на рынку, у многіх краінах людзі носяць сваю карту на грудзях. У прынцыпе, гэта наш агульны здабытак, таму нічога дрэннага ў гэтым я не бачу.
Пра настальгію і планы
– Хто купляе ўпрыгожанні Belaruskicry?
– Гэта беларусы, якія ганарацца сваім паходжаннем, любяць сваю краіну, памятаюць яе і сумуюць па ёй. Беларусь складае каля 37 % заказаў, на другім месцы Польшча, потым Літва. А далей геаграфія разыходзіцца па ўсім свеце.
Мяне вельмі кранае, што наш кулон стаў сімвалам узаемнай падтрымкі для беларусаў. Нам пішуць гісторыі, як у розных краінах людзі заўважаюць ўпрыгожанне, падыходзяць, знаёмяцца. Гэта свайго роду знак, па якім пазнаюць сваіх. Яшчэ наш кулон часта дораць тым, хто пакідае Беларусь. Для іх гэта сімвал эміграцыі, расстання з радзімай.
«Нацыянальныя сімвалы можна інтэрпрэтаваць так, што яны будуць актуальныя і насібельныя ў XXI стагоддзі»
– Як табе самой жывецца ў расстанні з Беларуссю?
– Я жыву ў Грузіі амаль тры гады і прайшла ўсе стадыі эміграцыі: ад ваў-эфекту да суму, адчаю, апантанага жадання вярнуцца і прыняцця. Мне здаецца, я ўмею спраўляцца са складанасцямі і ўспрымаю гэтую сітуацыю як дадзенасць.
У Грузіі вельмі добрае беларускае кам'юніці. Нядаўна мы хадзілі з нашымі хлопцамі на хайкінг – гэта было так цёпла і матывальна. Хоць я ўпэўненая, што ў беларусаў усюды класная суполка. Ва ўсіх краінах мы пачынаем камунікаваць, купкавацца, падтрымліваць адзін аднаго. Але, вядома, у Польшчы самы неверагодны беларускі варушняк. Пасля паездкі туды я сур'ёзна задумалася аб пераездзе.
– Па чым сумуеш больш за ўсё?
– Я проста хачу дадому ў Наваградак. Хачу выйсці раніцай з кубачкам кавы, сесці на свае арэлі, пагушкацца. Сумую па сваіх сябрах, якія там засталіся. Сумую па ўсім, сапраўды! Па прадаўшчыцах у краме, таксістах, прадуктах, прыродзе, надвор'і. Я зразумела, што мне чужое такое сонечнае і цёплае надвор'е, як у Грузіі. Занадта шмат сонца. Напэўна, у беларуса сонца асацыюецца з адпачынкам, расслабленнем. Калі яго шмат, складана сфакусавацца. Мне камфортней, калі раніцай сонейка, потым пахмурна – і працоўны настрой цэлы дзень.
– Якія планы ў цябе і брэнда Belaruskicry?
– Мы выпусцілі калекцыю – і выдыхнулі з палёгкай, быццам кожная ў камандзе нарадзіла. Вельмі доўга рыхтаваліся да гэтага, жылі ў вялікай напрузе. Пакуль галоўны план – данесці нашу ідэю да людзей. Мы ўклалі шмат сіл і сэнсаў у гэтыя вырабы, хочацца імі дзяліцца. Ад таго, як беларусы ўспрымуць нашу творчасць, і будзем адштурхоўвацца і рухацца далей.
У планах таксама мой пераезд у Польшчу, магчыма, адкрыццё крам афлайн. Цяпер выпускаем біжутэрыю, якую зможам прадаваць і ў Беларусі.
– Год таму ў адным з інтэрв'ю ты агучвала думку, што Belaruskicry вернецца ў Беларусь і стане «Беларускім раем». Што ты думаеш пра гэта цяпер?
– Псіхолагі раяць у эміграцыі не думаць аб вяртанні і не адкладаць жыццё на потым. Жыць яго тут, цяпер і сёння. Для пачатку пераедзем у Польшчу. Таму... пра беларускі рай пакуль так.
Замовіць ужо амаль легендарныя кулоны ад Belaruskicry і тавары з новай калекцыі можна на сайце або ў Instagram. А даведацца больш пра мастацтва беларускай вышыўкі – на адмысловай старонцы, дзе сабраны гісторыі жанчын, якія захоўваюць беларускую культуру і займаюцца вышыўкай у розных краінах свету.
Фота: Belaruskicry