17 ліпеня ў Варшаве даюць пластычныя імправізацыі пад Эйнаўдзі і Пярта

  • 14.07.2025
  • 79

Беларускі праект Timeless запрашае на канцэрт-перформанс «Музыка праз цела».

Гэта незвычайны праект, дзе акадэмічная музыка ў выкананні камернага ансамбля спалучаецца з сучаснай пластычнай імправізацыяй і разам з акцёрамі (дарэчы, гэта будуць Павел Гарадніцкі і Станіслава Шаблінская) праводзіць гледача праз цыкл жыцця – ад нараджэння да сталасці і перараджэння.

Падчас імпрэзы прагучыць музыка Макса Рыхтэра, Людавіка Эйнаўдзі, Арва Пярта, а таксама некалькі твораў сучасных беларускіх кампазітараў.

 

Іван Касцяхін,

дырыжор і музычны кіраўнік

– Музыка – чароўная і ўніверсальная мова. Яе не трэба адмыслова вывучаць, для пачатку дастаткова ёй даверыцца, услухацца, наладзіцца на ўзаемадзеянне. «Музыка праз цела» ўключае ў гэты працэс наша цела – найскладанейшы і дасканалы механізм. Умець яго слухаць, узаемадзейнічаць з ім, адчуваць энергію, якую яно стварае, – вялікая радасць, крыніца натхнення і ачышчэння. Пачуць музыку, пражыць, літаральна «прадыхаць» яе не толькі душой, але і целам. Адгукнуцца сваім унутраным часам, які вымяраецца ўдарамі сэрца, на плынь музычнага часу. Гэтыя адчуванні ні з чым не зблытаеш, бо яны ўнікальныя і непадобныя ні на што іншае.

Мы не проста прыадчыняем дзверы ў гэты бяскрайні свет перад нашымі гледачамі-слухачамі. Мы прапануем своеасаблівы сумесны творчы працэс, мэта якога – сустрэцца з сабой, зразумець і прыняць сябе праз музыку і ўласнае цела.

 

Вікторыя Бачура,

рэжысёрка праекта

– «Музыка праз цела» Timeless – гэта не канцэрт і не спектакль у звыклым разуменні. Гэта жывая вандроўка праз цела і музыку, якая праходзіць праз гледача. Мы гаворым пра чалавечае жыццё – без словаў. Ад першых крокаў да апошняга ўздыху. Праз музыку і рух мы пражываем тое, пра што звычайна маўчым.

З рэжысёрскага пункту гледжання гэта спектакль, у якім важнейшая не форма, а адчуванне. Музыка вядзе, цела пражывае, а гледач становіцца саўдзельнікам.

Мы працуем не з вобразам, а з жывым пачуццём. Гэта не тое, што трэба «глядзець». Гэта трэба пражыць. Бо часам адзін вечар можа вярнуць вас да сябе – сапраўднага. І нагадаць пра галоўнае. Без аніводнага слова.


***

Канцэрт-перформанс адбудзецца 17 ліпеня ў 19:00 ва Урсыноўскім цэнтры культуры Alternatywy (Indiry Gandhi 9).

***

  Набыць квіток (засталося вобмаль)

Глядзець анонс, чытаць водгукі і сачыць за праектам можна ў інстаграме @timeless.concerts.