Забарона на крытыку ў БДУ. Што думае эксперт?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 16.04.2019
- 6300
У БДУ студэнтам забаранілі крытыкаваць ВНУ ў інтэрнэце і СМІ. Зразумела, што гэта супярэчыць не толькі Канстытуцыі, але і трохі – здароваму сэнсу. Даведаліся ў эксперта, што менавіта не так з новымі правіламі ВНУ і як лепш паступіць студэнтам.
Што здарылася:
– У суботу стала вядома, што ў БДУ абнавілі правілы ўнутранага распарадку. Туды дадалі пункт, які па сутнасці забараняе студэнтам публічна крытыкаваць ВНУ: «Не дапускаць каментароў аб БДУ і ад асобы БДУ, якія размяшчаюцца ў інфармацыйнай прасторы (СМІ, Інтэрнэт, сацыяльныя медыя), якія могуць нанесці пагрозу іміджу і дзелавой рэпутацыі БДУ».
– Гэтае правіла супярэчыць як Грамадзянскаму кодэксу, так і Канстытуцыі РБ. Артыкул 33 выразна агаворвае гэты момант: «Кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб'яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца».
– Рашэнне можа быць звязана з крытычнымі матэрыяламі ў СМІ, прысвечанымі студэнтам, якіх перасялілі з інтэрнатаў за горад праз Еўрапейскія гульні. А таксама з кейсам аспіранта Сяргея Карнача, які ў снежні 2018 года паскардзіўся на складаныя ўмовы жыцця ў інтэрнаце, а праз месяц быў адлічаны з БДУ.
– Паводле «папярэдняй інфармацыі» tut.by, падобныя правілы павінны з'явіцца і ў іншых ВНУ Беларусі. Але на момант публікацыі гэтага матэрыялу ні ў адным іншым універсітэце не прынялі падобных правак. У аналагічным дакуменце БДМУ існуе толькі адзін пункт, звязаны са СМІ і інтэрнэтам: ВНУ абавязваецца паведамляць аб прамежкавых і выніковых выніках пагаднення са студэнтамі.
– Студэнты БДУ аператыўна адрэагавалі на рашэнне і сталі троліць ВНУ ў сацсетках, запусціўшы хэштэг #хвалимБГУ.
– У БДУ пакуль ніяк не камэнтуюць сытуацыю. Мы таксама патэлілі ў прэс-службу ўніверсітэта. Там папрасілі ператэлефанаваць старшыні прэс-службы, але тая, на жаль, так і не падняла слухаўку.
Мы звярнуліся па каментар да Андрэя Сушко, юрыста і сузаснавальніка праваабарончай арганізацыі Human Constanta.
– Складана падабраць стандарты і нормы да адкрыта вар'яцкіх сітуацый. У такім відзе, як гэта выглядае ў статуце БДУ, такая норма існаваць не можа. Для юрыста гэта дзіўная рэч. Нават калі паглядзець на фармулёўку гэтага пункта: «якія могуць нанесці пагрозу іміджу і дзелавой рэпутацыі». Я не ведаю, на якой мове гэта напісана. Можна паставіць імідж пад пагрозу, можна нанесці яму шкоду. У юрыдычнай навуцы ёсць фармулёўка «нанясенне шкоды дзелавой рэпутацыі».
У Грамадзянскім кодэксе ёсць адказнасць толькі за распаўсюд звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Тады падымаецца пытанне адказнасці і наступстваў для чалавека, які распаўсюдзіў гэтую інфармацыю. А тут я дазволю сабе жартам зрабіць дапушчэнне: юрыст або юрыстка, якія падрыхтавалі гэты дакумент, маглі не выспацца.
З пункту гледжання юрыдычнай тэхнікі напісання – гэта правал. З пункту гледжання літары закону – гэта таксама правал.
З іншага боку, я магу ўявіць, што БДУ мог паспрабаваць так элегантна засцерагчы сябе ад негатыўных каментароў. Але атрымалася дрэнна для галоўнай ВНУ краіны. Сам факт унясення гэтага пункта ў статут – гэтым яны і нанеслі «пагрозу іміджу».
Таму што, калі мы гаворым пра абарону гонару і дзелавой рэпутацыі, ідзе гаворка пра распаўсюджанне інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці. Для гэтага ёсць Грамадзянскі кодэкс і інструменты ўплыву на людзей. А тут ёсць не вельмі ўдалая спроба яшчэ глыбей зацягнуць гайкі акадэмічнай свабоды. Сумна, што галоўны ўніверсітэт з трох літар так сябе паводзіць.
Што можна зрабіць у гэтай сітуацыі? Гэта ж не Кітай і не Паўночная Карэя. Па-добраму, пасля першай жа публікацыі ў СМІ кіраўніцтва ВНУ папрасіла бы прабачэння і гэты пункт прыбралі.
У ідэальным свеце студэнты ўдзельнічаюць у самакіраванні, напісанні такіх статутаў і іх узгадненні. БДУ ўдзельнічае ў міжнародных пагадненнях, падпісвае міжвузаўскія пагаднення. Студэнтам варта выкарыстоўваць усе ўнутраныя арганізацыі, каб дайсці да кіраўніцтва і адкарэктаваць гэтую досыць ганебную норму ў статуце.