Арцём Галавій

  • 20.06.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 2487

У Беларусі 90 % выхаванцаў дзіцячых дамоў маюць жывых сваякоў і толькі 0,7 % ва ўзросце 11–18 гадоў знойдуць новых бацькоў. Арцём Галавій, дырэктар установы «Ніткі сяброўства», у размове з 34mag распавядае аб праектах, што здольныя зрабіць жыццё дзяцей з дзіцячых дамоў больш насычаным і набліжаным да рэчаіснасці.

 

 Герой:  Арцём Галавій, 35 гадоў, дырэктар арганізацыі «Ніткі сяброўства», бацька пяці дзяцей.

 Чым займаецца:  праграмай ментарства для выхаванцаў дзіцячых дамоў.

 

Сайт    VK     FB    YouTube

Арыгінальная дата публікацыі – 20.06.2016. Матэрыял выходзіць з праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.

 

 

Гісторыя Арцёма

– Я нарадзіўся і вырас у Менску. Калі мне было 4 гады, бацька сышоў з сям’і, а ў 13 я пахаваў маці. Вось так атрымалася, што падлеткам застаўся сіратой. Бабуля і дзядуля не аддалі нас з малодшым братам у дзіцячы дом, а самі сталі выхоўваць.

У тым жа 13-гадовым узросце ў маім жыцці з’явіўся чалавек, які сапраўды працягнуў мне руку дапамогі. Гэта была жанчына, якая вельмі мяне падтрымала і застаецца маёй апорай больш за 25 гадоў.

«Калі падлетак застаецца адзін, часта ў голаў прыходзяць дурныя пытанні: "Чаму?", "Навошта?", "Куды?", "Як?". Сямейныя дзеці заўсёды могуць прыйсці да бацькоў. У таго, хто выхоўваецца ў дзіцячым доме, такой апоры няма»

Яму даводзіцца прымаць рашэнні самому, зыходзячы з сітуацыі. Часта гэтае рашэнне няправільнае, часам прыводзіць да яшчэ большых траблаў. Важна не толькі тое, як ты адольваеш праблемы, але і з чыёй дапамогай.

Пазней я, як валанцёр, трапіў у дзіцячы дом. Падчас маёй дзейнасці там узнікла жаданне нейкім чынам дапамагаць гэтым дзецям. Было цікава, чаму пасля дзіцячага дому з імі адбываюцца не самыя лепшыя рэчы, чаму яны не паступаюць у ВНУ, якая дапамога ім можа быць патрэбная.

 

 

«Сорак хлапцоў з дзіцячых дамоў гуляюць у футбол, а любы ахвотны можа прыйсці ды падтрымаць іх»

Пра надзею ды ідэю

– З цягам часу я пазнаёміўся з кіеўскаю праграмай настаўніцтва «Адна надзея» (One Hope). Гэтая ініцыятыва мяне вельмі захапіла, я распавёў пра яе камандзе, разам з якой мы ездзілі ў дзіцячыя дамы. Мы вырашылі дапамагаць не матэрыяльна, а духоўна, прыязджаць да канкрэтных дзяцей. Ведаць іхныя праблемы, што з імі адбываецца, паспрыяць пераадоленню складанасцяў з мінулага.

Кіеўскія калегі падзяліліся сваймі напрацоўкамі з намі, мы ўсе прайшлі там адмысловы курс настаўніцтва, і 31 ліпеня 2014 года ў Беларусі была зарэгістраваная арганізацыя «Ніткі сяброўства».

Мы ўзялі метадалогію працы нашых украінскіх калегаў і перапрацавалі яе з улікам беларускай рэчаіснасці. Адзначу, што некаторыя моманты там прасцей зрэалізаваць – праца дзяржавы з грамадскімі аб’яднаннямі мае больш сяброўскі характар.

У нашай арганізацыі працуе дырэктар (гэта я), а таксама каардынатар, PR-адмысловец і псіхолагі. Калі мы толькі запусцілі праграму, то стала зразумела, што не здолеем супрацоўнічаць больш чым з трыма менскімі дзіцячымі дамамі – на большае няма рэсурсаў.

У нашай праграме ёсць тры кірункі працы. Гэта дапамога ў вучобе, прафесійная арыентацыя і сацыялізацыя. Мы не толькі аказваем маральную падтрымку дзіцяці, але і імкнемся дапамагчы знайсці сваё месца ў будучым жыцці. Шмат чаму трэба навучыць, у тым ліку і банальным побытавым рэчам.

Згодна са статысткаю, у Беларусі ў асноўным усынаўляюць маленькіх дзяцей, якім менш за 5 гадоў. Дзеці, якім больш за 11, амаль ніколі не трапляюць у новыя сем’і. Лічыцца, што прасцей узяць маленькае дзіця, якое нібыта рахманае і паслухмянае. Менавіта таму мы працуем з дзецьмі ад 11 да 18 гадоў.

Сустрэчы настаўнікаў і выхаванцаў не заўсёды праходзілі на нейтральнай тэрыторыі. І дзіця не гатовае пакідаць дзіцячы дом, і тым больш настаўнікі не заўсёды ўпэўненыя, што яны гатовыя пусціць у сваё жытло старонняга чалавека. Таму першыя сустрэчы заўсёды адбывался ў дзіцячым доме. Гэта было важна і для таго, каб настаўнік убачыў, пачуў, асэнсаваў тую абстаноўку, у якой выхоўваецца дзіця. Праз некаторы час можна было аформіць адмысловы дакумент – патранат, – і тады ўжо сустрэчы маглі адбывацца за межамі дзіцячага дому.

 

 

Каманда мары

– Неўзабаве мы зарганізавалі праект «Каманда мары». Цягам 2015 года мы ўбачылі, што да нас прыходзяць шмат жанчын, а тым часам у дзіцячых дамах выхоўваюцца шмат хлопцаў. Мы захацелі, каб у іх з’явіліся сапраўдныя настаўнікі-мужчыны, якія сталі б для іх прыкладам.

Менавіта з гэтаю мэтай быў створаны такі праект. Сорак хлапцоў з дзіцячых дамоў гуляюць у футбол, а любы ахвотны можа прыйсці ды падтрымаць іх. За два з паловаю месяцы прыйшло каля 300 мужчын з вельмі розных сфераў: МНС, МУС, Следчы камітэт, Міністэрства гандлю, амбасадары Бразіліі ды Фінляндыі.

Асабліва прыемна, што праект падтрымаў Максім Рыжанкоў – віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага Алімпійскага камітэту. Дзякуючы гэтаму мы спрабавалі дапамагчы асэнсаваць мужчынам, што гэтым хлапцам патрэбна іхная дапамога.

 

 

«Згодна са статысткаю, у Беларусі ў асноўным усынаўляюць маленькіх дзяцей, якім менш за 5 гадоў. Дзеці, якім больш за 11, амаль ніколі не трапляюць у новыя сем’і»

Пра падрыхтоўку і навучанне

– Падрыхтоўка настаўнікаў – гэта вялікая праца, якая падзяляецца на пэўныя этапы. Спачатку мы запрашалі ахвотных на інфармацыйную сустрэчу, дзе цягам 1,5 гадзіны распавядалі праграму, пагружалі ў праблему, з якою давядзецца працаваць. Наступны этап – размова з псіхолагам. Гэта яшчэ як мінімум 2 гадзіны камунікацыі. Звычайна пасля гэтага чалавек пачынаў разумець: гатовы ён ці не вельмі гатовы, атрымаецца ці не атрымаецца; бачыць больш поўную карціну ўзаемаадносінаў з дзіцём. Важна быць падрыхтаваным, калі ты прыйдзеш у жыццё дзіцяці з асаблівасцямі, у якога за плячыма складная гісторыя.

Такая працэдура адбывалася і з дзецьмі. Мы іх анкетавалі, каб сабраць максімальна поўную інфармацыю, стасаваліся з кіраўніцтвам дзіцячага дому. Важна, каб рэсурсы, патрэбнасці ды магчымасці дзіцяці і дарослага супалі. Гэта і ёсць найважнейшы складнік сяброўства.

Вельмі шмат людзей не праходзілі навучання. У 2015 годзе прыйшлі 500 чалавек, а ў выніку ўтварылася толькі 16 параў. Не было патрэбы ладзіць адмысловы адбор, наш кастынг – гэта ўсе этапы навучання. Перад намі стаіць вельмі важная задача – патлумачыць, наколькі справа адказная. Калі людзі пачынаюць разумець, наколькі гэта складана і цяжка: зладзіць добрыя стасункі з дзіцём з дзіцячага дому, дапамагчы яму – шмат хто адыходзіць у іншы бок.

 

 

Цяжкасці «Нітак сяброўства»

Калі настаўнікаў стала 15 і пра праект усё актыўней пачалі пісаць СМІ, высокапастаўленыя чыноўнікі заявілі, што дзейнасць «Нітак сяброўства» дзяржаве не патрэбная. Дзіцячыя дамы перасталі прымаць настаўнікаў, і тыя сталі шукаць іншыя шляхі, каб трапіць у дзіцячы дом, – сталі афармляць патранат. Але, на думку каманды «Нітак», патранатная форма ўладкавання дзяцей вельмі недасканалая, таму што яна не прадугледжвае ніякага навучання дарослых. Адна справа – вадзіць дзіця па экскурсіях і аквапарках па выходных. Зусім іншая – вучыць падлетка жыць у грамадстве і даваць яму ці ёй прафарыентацыю.

Да таго ж у праекта ўзніклі сур’ёзныя праблемы з фінансаваннем. На першапачатковым этапе арганізацыя мела спонсарскую падтрымку, і гэта дазваляла спецыялістам бесперашкодна і паўнавартасна працаваць. Але з кастрычніка 2015 года спонсарскай падтрымкі ў праекта няма. Была спроба знайсці сродкі праз дабрачынны праект «Імёны», але на пачатку 2018-га праграму настаўніцтва ўсё ж такі давялося згарнуць.

«Ніткі сяброўства» чакаюць свайго спонсара ці ўдзелу дзяржаўных арганізацый.

Тэкст by sokol_mlody
Фота by latishka