Аліна Дзеравянка
- 08.02.2016
- 2896
Намесніца дырэктара па праектах Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці Аліна Дзеравянка распавядае пра тое, як і навошта мадыфікаваць легендарную фартэцыю, тым больш калі рабіць гэта з розумам, а таксама як трэба падыходзіць да гісторыі сваёй краіны і ствараць новае на месцы старога.
Чым займаюцца: Развіваюць нерэалізаваныя магчымасці Брэсцкай крэпасці.
Дата заснавання: 2013 год.
З кім гутарым: Аліна Дзеравянка, 33 гады. Займае пасаду намесніцы дырэктара па праектах НДА «Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці». Мае тры вышэйшыя адукацыі. Стварала асабістыя праекты ў Маскве, але пераехала ў Берасце дзеля справы, якая ёй насамрэч падабаецца.
Арыгінальная дата публікацыі – 08.02.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.
Гісторыя Аліны
– Я родам з Менска, вучылася ў БНТУ. Павінна была стаць інжынерам-будаўніком, але падчас вучобы, калі мне было 20, з’ехала на год у Вялікабрытанію, дзе проста жыла, працавала і вучыла англійскую мову на ўзбярэжжы Ла-Манша. Там я зразумела, што жыццё адно, і трэба пражыць яго па-сапраўднаму.
Пасля заканчэння ўніверсітэта стала шукаць тое, што насамрэч хацела б рабіць. Хутка трапіла у НДА «Здароўе – ХХІ стагоддзе», арганізацыю, якая займалася дапамогай дзіцячым дамам. Праз год вырашыла паехаць вучыцца культурнаму менеджмэнту ў Маскву, знайшла адукацыйную праграму са стыпендыяй для беларусаў. Пасля ўладкавалася ў Асацыяцыю менеджараў культуры, там адпрацавала тры гады, пакуль нас не запрасілі ў якасці экспертаў у Берасце. Трэба было дапамагчы ў правядзенні семінара, пошуку спецыялістаў з Еўропы і Беларусі, каб прыдумаць праекты для развіцця Брэсцкай крэпасці. Ініцыятыва гэтая належала аднаму бізнэсмэну. Ён, кожны раз прыязджаючы ў родны горад ды бачачы, у якім стане знаходзіцца крэпасць, вырашыў нешта з гэтым зрабіць. Сітуацыя склалася такая: мемарыяльны комплекс, які ўсе ведаюць, – гэта толькі адна трэць крэпасці, а астатняя частка знаходзілася ў заняпадзе і ўвогуле не выкарыстоўвалася. Мужчына зразумеў, што калі нічога не рабіць, то ў бліжэйшыя гады можна ўсё страціць.
«Я зразумела, што жыццё адно, і трэба яго пражыць па-сапраўднаму»
Намі быў распрацаваны праект «Брэст-2019», распісаны на год, цягам якога запланаваны розныя сустрэчы і дыскусіі. Усё гэта пачалося напрыканцы 2012-га, тады я ўпершыню трапіла ў Берасце і хутка пачала жыць на два гарады. Спачатку была надзея, што знойдзецца мясцовая каманда, якая зможа падтрымліваць развіццё праекта, але ж не выйшла. Здаецца, у той час я і вырашыла, што нічога з гэтай справай не атрымаецца, калі я не прысвячу ўсю сябе праекту. Так восенню 2013 года я канчаткова пераехала ў Брэст.
«Усе ведаюць пра 1941 год, але ў гісторыі Брэсцкай крэпасці ўсё больш складана і разнастайна»
Што такое «Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці»?
– У 2013 годзе стала зразумела, што аднаго «Брэста-2019» мала, неабходна стварыць арганізацыю – больш афіцыйную структуру, якая магла б прасоўваць нашыя ідэі і намаганні. Так з’явіўся Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці, асноўная мэта якога – рэалізацыя праекта «Брэст-2019» і стварэнне шэрага іншых невялічкіх ідэй і праграм.
У аснове «Брэста-2019» – комплексны падыход да ўсей гісторыі крэпасці. Многія ведаюць пра 1941 год, але ж усё больш складана і разнастайна.
Спачатку тут знаходзілася старажытнае Берасце, пасля – буйны габрэйскі горад Сярэднявечча, і толькі ў 1830-м годзе горад быў фактычна перанесены ў іншае месца, а тут пабудавалі ўсім вядомую фартэцыю. Нельга забываць і пра саму гісторыю будаўніцтва крэпасці, якая цягнулася амаль сто гадоў. А яшчэ ж ёсць час Першай сусветнай вайны, так званы «польскі час» і шмат усяго іншага.
Зараз толькі частка пабудоў даступная для наведнікаў. Мы ж хочам развіць нерэалізаваныя магчымасці гэтага месца, плануем стварыць адзіны гісторыка-культурны цэнтр. Намагаемся адкрыць новыя пункты турыстычнай увагі, расказаць больш пра розныя перыяды гісторыі, якія амаль ніяк не рэпрэзентаваны.
Зараз праект «Брэст-2019» даволі дэталёва распрацаваны: праведзены натурныя і архіўныя даследаванні, распрацавана канцэпцыя, створаны горадабудаўнічы майстар-план тэрыторыі, распрацавана фінансава-эканамічная мадэль рэалізацыі і шмат іншага. Але ад пачатку было зразумела, што такую справу немагчыма зрабіць без падтрымкі ўлады. Чаму? Па-першае, з-за таго, што крэпасць – аб’ект дзяржаўнай уласнасці, па-другое, яна – гісторыка-культурная каштоўнасць.
Іншыя праекты
– За ўвесь час мы распрацавалі шмат цікавых рэчаў. Быў праведзены моладзевы фестываль «АрхРэвалюшан», падчас якога студэнты-архітэктары стваралі асабістыя праекты развіцця крэпасці праз 20 год. Мы рабілі трэнінгі, праводзілі апытанкі на вуліцах, даведваліся, што людзі памятаюць пра гісторыю Берасця.
Зараз ладзім вандроўкі на роварах, дзе паказваем невядомыя часткі Брэсцкай крэпасці. Яшчэ існуе праект «Бачыць крэпасць» http://www.brestheritage.by/project/see-fortress/. Яго мэта – сабраць неабыякавых людзей, каб разам прыбраць ад смецця Брэсцкую крэпасць.
«Нам даводзіцца змагацца з кансерватыўнымі поглядамі грамадства»
Веды аб Брэсцкай крэпасці, якія мы назапасілі за гады дзейнасці Фонду, ляглі ў аснову зместа мабільнага дадатку «Brest Fortress. Hidden History» ці «Брэсцкая крэпасць. Схаваная гісторыя». Ідэю праекта падтрымаў Брэсцкі філіял кампаніі EPAM Systems. Сёння дзякуючы дадатку наведвальнікі крэпасці могуць пазнаёміцца з гісторыяй 60 аб'ектаў, палова з якіх не ўваходзіць у афіцыйныя маршруты, убачыць больш за 200 архіўных і сучасных фатаграфій.
У траўні 2015 года стартавалі гісторыка-архіўныя даследаванні для праекта па выданні навукова-папулярнага атласа крэпасці. У снежні 2017 года Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці завяршыў працу над стварэннем кнігі «Атлас крэпасці Брэст-Літоўск: Том 3. Фортавы перыяд (1876-1915)». Зараз да выдання рыхтуецца Том 2 (с 1820-х по 1876 гг). Фонд шукае партнёраў.
«Спадзяюся, усё будзе добра, трэба толькі пратрымацца год дваццаць»
Пра складаныя і прыемныя моманты
– Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці – маладая каманда, мо праз гэта яна і сутыкаецца з некаторымі цяжкасцямі. Часам мы бачым пэўнае непаразуменне з боку больш сталых калег-гісторыкаў і краязнаўцаў. Нам даводзіцца змагацца з кансерватыўнымі поглядамі грамадства. Шмат хто лічыць, што крэпасць – гэта толькі брацкая магіла, і нічога тут змяняць не трэба. Але ж мы прытрымліваемся меркавання, што захоўваць і распавядаць, рэвіталізаваць тэрыторыю – таксама форма памяці і беражлівага стаўлення да спадчыны.
На нашых праектах адбіваецца і эканамічны крызіс. Зараз рэалізацыя «Брэст-2019» замарожана з-за таго, што ўсе распрацоўкі вяліся за кошт прыватных інвестыцый.
Напрыканцы скажу, што я з самага пачатку была вельмі зацікаўлена ідэяй адраджэння Брэсцкай крэпасці і застаюся ў захапленні ад яе. Калі эксперты з Еўропы сцвярджаюць, што магчыма зрабіць такі буйны праект і прыцягнуць увагу распешчанага еўрапейскага турыста, то мы і самі пачынаем верыць. Але вынік не прыходзіць хутка. Я ведаю, што, напрыклад, у Польшчы Музей гісторыі польскіх габрэяў фармаваўся больш за дваццаць год, тое ж было і ў Ніжнім Ноўгарадзе з Музеем сучаснага мастацтва на тэрыторыі Арсенала. Відавочна, што шлях стварэння паўнавартаснай установы такога кшталту няпросты. Спадзяюся, усё будзе добра, трэба толькі пратрымацца год дваццаць.
Тэкст by Сяргей Шаматульскі
Фота by Раман Чмель