Першая фотакніжка Аляксандра Веледзімовіча ўжо бывала ў нашых руках. Перад сустрэчамі з аўтарам, якія пройдуць у Менску і Віцебску ў жніўні, карэспандэнт 34mag дзеліцца сваім уражаннем, а Саша − расповедам пра стварэнне арт-бука, натхненне і рамантызацыю вайны.
Мыю рукі і бяру ў іх прыгожую чырвоную кніжку. Не тое каб я была вялікай эксперткай у фатаграфіі і фотабуках, але трошкі шару. Дастаткова, каб зразумець, што перада мной нованароджанае дзіця, за жыццё і лёс якога ніколі не будзе сорамна.
Белыя лісты змяняюцца чорнымі, тыя − жоўтымі і зялёнымі. Архіўныя і сучасныя здымкі, малюнкі, графіка, калажы – я бачу гісторыю аднаго чалавека, якая з перагортваннем кожнай наступнай старонкі становіцца агульнай. Яна пачынае тычыцца і мяне, і, напэўна, цябе. Гісторыя пра жыццё і смерць, пра вайну і прыгажосць, ейную і не толькі, пра мінулае, якое аб’ядноўвае мільёны людзей, пра любоў, вечнасць і каштоўнасці.
Як нараджаюцца гісторыі
− У мяне ёсць вопыт здымкі рэканструктараў, якія лёгка апраналіся ў форму Верхмата ці Саветаў. Савецкая мяне не кранала, а рэканструктары ў 2014 годзе ў Віцебску ў форме нацысцкай Германіі драпнулі. Я падумаў: «Пачакайце, рабяты, як так, мой прадзядуля ваяваў супраць гэтай формы».
У маім дзяцінстве граць за немцаў было так сабе, усе хацелі за сваіх. І ў мяне з'явілася пытанне: што здараецца з успрыманнем часу і мінулага, куды яно знікае?
Гэтай зімой я трапіў на праграму Gaude Polonia з праектам па рамантызацыі Другой сусветнай вайны. І трэба было проста паехаць у Варшаву паздымаць там мясцовых рэканструктараў. Даведацца, як яны ставяцца да вайны і пераўвасабленняў у ворагаў. У выніку зрабіць выставу, на якой паказаць сучасныя фатаграфіі палякаў у форме Вермахта і Чырвонай арміі і архіўныя фатаграфіі іх прадзедаў у форме Арміі Краёвай ці Войска Польскага.
Але я стаміўся ад спробаў дамовіцца з людзьмі, а пасля працы ў архіве зразумеў, што тэхнічная якасць матэрыялаў не адпавядае маім мэтам. Такі падыход да тэмы перастаў натхняць.
І я падумаў: окей, хлопцы, вы робіце сваіх герояў, а я лёгка магу зрабіць свайго
Я вырашыў шукаць іншы спосаб расповеду гісторыі пра герояў. Спачатку была думка знайсці ў інтэрнэце выявы адважных, пачынаючы з Геракла, уключыць туды Супермэна і Робіна (якраз наткнуўся на фота з нейкай тэлевізійнай пастаноўкі з імі ў ідыёцкіх касцюмах, якія сёння ніяк не асацыююцца з гераізмам) і іншых.
Сабраў я гэтую калекцыю і зразумеў, што ўсё роўна нешта не так, неяк іранічна і зусім не пра тое. Мне хацелася інтымнасці і шматслаёвасці.
Прыйшла думка, што ў маім праекце мусіць быць мой прадзед, бо ён мой герой, адзіны герой, з кім ёсць эмацыйная сувязь. І я зуб магу даць за тое, што ён сапраўды ім з'яўляецца.
На руках у той момант меў здымкі з Варшаўскага паўстання. Потым у інтэрнэце знайшоў загады, арыгіналы дакументаў, якія тычыліся майго прадзеда і якіх я да гэтага ніколі не бачыў. Я даведаўся больш пра тое, дзе ён служыў, якім быў ягоны 1941-ы. Усё гэта трэба для натхнення. Потым я ўсвядоміў, што ягоная гісторыя для мяне абрываецца, дакументаў больш няма: можа быць, яшчэ не ўсе архівы рассакрэцілі. Я пачаў разумець, што змагу інтэрпрэтаваць усё па-свойму. Магу выказаць здагадку, што з ім адбывалася.
Пра натхненне
− Знаходзячыся ў Варшаве, я заўважыў, што гісторыя вайны, якую мы вучым у школе, адрозніваецца ад польскай версіі. Напрыклад, ёсць так званыя «праклятыя салдаты», якія змагаліся супраць савецкай акупацыі ў 1944−1963, але сітуацыя занадта складаная: сярод іх былі як патрыёты, так і бандыты. Я разумею, што гэта такая палітыка, кожны ўрад пераварочвае ўсё, як выгадна. І я падумаў: окей, хлопцы, вы робіце сваіх герояў, а я лёгка магу зрабіць свайго. І з гісторыяй я магу паступаць так, як і вы. Прынамсі ў мяне ёсць падставы і перакананні для таго, каб лічыць свайго прадзеда героем.
У той жа час на вочы трапіў фотаздымак паляка ў пажарным шлеме, вельмі падобным да спартанскага. Усплылі міфы і героі старажытнай Грэцыі, і фраза аб тым, што гісторыя – гэта таксама міф. І Другая сусветная хутка стане тым жа, што і грэчаская міфалогія цяпер. Я наткнуўся на «Энеіду» Вергілія і верш пра тое, як Эней ідзе ў пекла. Зразумеў, што магу выкарыстоўваць гэты сюжэт як нітку, каб злучаць карцінкі ў кніжцы. Сівіла прапанавала Энею спусціцца ў тартар, а я падумаў, што таксама змагу адправіцца з дзядулем у падарожжа, але па Варшаве.
У Вергілія была рака Стыкс, а ў мяне – Вісла. Я думаў, што вобразы пачвараў могуць быць прадстаўлены немцамі, нявінныя белыя душы − паўстанцамі. Я ўсё гэта напісаў і ўсвядоміў, што зноў гісторыя не выбудавалася. У выніку засталіся толькі шлем на вокладцы, карцінка з Энеем і Сівілай на форзацы і назва «Алексіяда» (прадзядулю клікалі Аляксей). Але ў гісторыі з'явіўся міфалагічны ўзровень, ну і такая сувязь з антычнасцю, асновай еўрапейскай культуры. І самае галоўнае – ідэя шляху па Варшаве, з якой нарадзілася мапа.
А ў выніку
Потым я зразумеў, што трэба паказаць, як мой прадзед мог патрапіць у Варшаву, а значыць, ісці трэба спачатку, расказаць, хто ён, адкуль, дзе служыў. Пачаць па-сапраўднаму, з дакументаў, архіўных фота, маіх ведаў аб тым, дзе стаяла частка і як перасоўвалася кавалерыйская дывізія падчас вайны.
Насамрэч у Польшчу яму было складана патрапіць, і ў кнізе ўважлівы глядач знойдзе малюнкі і фотаздымкі, якія падказваюць, што частка гісторыі выдуманая.
«Алексіяда» падобная да падарожжа разам з маім прадзедам, я нібы хачу ўбачыць ягонымі вачыма Варшаву, людзей, якіх ён сустракаў, зброю, кулямёты, амерыканскія самалёты, тапаграфічныя мапы, бранявік «КUBUS» і Мадонну на Празе.
З дапамогай каляровых уклеек і дзіцячых малюнкаў я хацеў падкрэсліць, што ўяўленне пра вайну змянілася: гэты час па фільмах, кнігах і камп'ютарных гульнях сёння здаецца рамантычным і страшна цікавым.
Некаторымі фотаздымкамі імкнуся паказаць: часам тое, што мы бачым, усяго толькі дэкарацыя.
Гэтая кніга дэманструе, як можна лёгка стварыць героя ў сучасным свеце. Чым далей ад нас тыя ці іншыя падзеі, тым больш яны падобныя да міфа, тым больш інтэрпрэтацый і тым лягчэй ствараць персанажаў. Калі захацець. Гэтым карыстаюцца сродкі масавай інфармацыі, дзяржаўная прапаганда. Я хачу паказаць, што да вайны цяпер ужо іншае стаўленне сярод моладзі. У нас баліць не так, як у старэйшага пакалення. Напэўна, таму, што губляецца эмацыйная сувязь з мінулым і пачуцці становяцца менш вострымі. Другая сусветная з часам пачынае казацца такой жа далёкай, як і вайна 1812 года.
13 жніўня 2016 года ў Віцебску
Час: 16:00
Адрас: вул. Камсамольская, арт-паб «Торвальд»
Кошт: бясплатна
19 жніўня 2016 года ў Менску
Час: 19:00
Адрас: вул. Някрасава, 3 (Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў)
Кошт: 3 р. (уваходны квіток)
Тэкст by Таня Аліпчыкава
Фота by Кацярына Дзмітрыева, з архіва героя
Падборачка семі беларускіх мастакоў, чые працы заражаюць і зараджаюць стваральная энергіяй.
Цяпер у Кіеве праходзіць эпахальная выстава ZBOR, якая падводзіць вынікі развіцця беларускага мастацтва за апошнія 30 гадоў. Адмыслова для беларусаў мы стварылі гайд па гэтым віртуальным музеі.
На гэты раз візуальную ўвагу 34mag прыцягвае сучасны ўкраінскі мастак і фатограф Саша Курмаз.
Роды з налобным ліхтарыкам і дзяўчынка, якую назвалі ў гонар доктаркі.
«В конце всё будет хорошо».
Спецыяльныя госці – Sveta Ben і Mustelide.
Сустрэча з сям’ёй і іншай культурай.
КАМЕНТАРЫ (3)
Нават прынтскрынамі стварае добрае ўражанне. І імя Аляксандра -- далёка не апошняе на беларускім фотасхіле. Даеш тур з прэзентацыяй Беларусі!
Больше дроча на войну. Каждый из щелкателей камерой и изгоовителей коллажей в ФШ должен что-то выжать на эту тему: вот Лянкевич выжал, теперь его "слава" не даёт покоя другим "криэйторам", решившим разобраться в глубочайшем историческом моменте методом "Я художнег я так вижу".
Успехов, чо.
кто такие "криэйторы"?