Ксенія Шталенкова
- 15.10.2018
- 11260
Пагутарылі з актывісткай, пісьменніцай, даследчыцай візуальнай культуры Ксеніяй Шталенковай пра інклюзію ў школах і ВНУ і спыталі, ці ёсць у Менска шансы стаць падобным да Берліна ў плане даступнасці.
З кім гаворым: Ксенія Шталенкова, 26 год. Пісьменніца, дызайнерка, даследчыца візуальнай культуры, выкладчыца.
Чым займаецца: робіць сучасную прастору больш зручнай для людзей з інваліднасцю, прасоўвае магчымасці інклюзіўнай адукацыі, рыхтуе навуковае выданне «Дызайн і ідэалогія: [R]эвалюцыя беларускасці даўжынёй у 100 год».
Школа і дыскрымінацыя бацькоў
– Тата вырашыў, што я мушу хадзіць у такую ж школу, як усе астатнія дзеці. І гэта было вельмі важным рашэннем, таму што я магла камунікаваць з іншымі дзецьмі, магла ўвесь час бачыць, якія мае здольнасці насамрэч. Вельмі важна, калі ў штодзёнай сяброўскай канкурэнцыі ты разумееш, чаго варты.
Вялікая праблема, калі студэнты з інваліднасцю, якія маюць хатнюю школьную адукацыю, прыходзяць у ВНУ: яны не гатовыя да таго, што яны мусяць адстойваць сваё права на званне лепшага. Яны адзінаццаць год былі сам-насам са сваімі настаўнікамі і ніколь не ўдзельнічалі ў спаборніцтве. Потым ад гэтага пачынаюцца розныя праблемы ўжо псіхалагічнага кшталту, калі людзі проста не гатовыя да таго, каб вучыцца разам з іншымі. І ў гэтым плане інклюзіўнасць мусіць быць скіраванай у абодва бакі, бо кожны чалавек з інваліднасцю павінен усведамляць: калі ён ідзе на тых жа ўмовах, што і іншыя людзі, то ад яго будуць патрабаваць той жа ўзровень выканання, што і ад іншых студэнтаў.
Доўгі час я была адзінай вучаніцай на вазку ў сваёй школе. Вядома, бацькам самім трэба было зрабіць пандус у будынку малодшай школы, потым – старэйшай.
Класа да восьмага ніякіх праблем не было, але потым у нас у школе пачалі даволі часта змяняцца дырэктары. Адна з дырэктарак жадала зрабіць ідэальную школу. Яна ўвяла шмат цікавых адукацыйных інавацый, але таксама яна жадала бачыць ідэальную статыстыку і не жадала ніякіх тэарэтычных праблем, звязаных са мной. Дырэктарка выклікала маіх бацькоў і ледзь не ультыматыўна патрабавала, каб мяне прыбралі са школы. У яе не было ніякіх падстаў для гэтага, акрамя маёй інваліднасці: у мяне быў самы высокі рэйтынг па паралелі, не было ніякіх праблем з вывучэннем розных навук. І тое, каб я засталася, потым вырашалася праз РАНО і іншыя вышэйшыя ўстановы.
Калі былі іспыты ў другім дзявятым класе (10 клас пры пераходзе з дванадцацігадовага на адзінадцацігадовае навучанне. – прым. 34), узніклі праблемы, таму што школа не хацела, каб я здавала іспыты ўвогуле. Адміністрацыя думала, што могуць быць праблемы, але мы змаглі паразумецца і я рыхтавалася да іспытаў.
«Самае непрыемнае – дыскрымінацыя бацькоў. Мне кожны раз вельмі сорамна за тое, што так можа быць»
Матэматыку паставілі на трэцім паверсе. Усе гады запар у мяне быў першы паверх! Добра, што гэта былі старэйшыя класы, дзе былі дарослыя хлопцы, якія ўжо маглі падняць мяне на трэці паверх. Але была стрэсавая сітуацыя і для мяне, і для маіх сяброў, якія мяне цягнулі, бо ўсе былі вельмі засяроджаныя на тым, каб мяне нідзе не выкуліць, нічога са мной не зрабіць, а не на тым, каб добра напісаць матэматыку.
Самае непрыемнае – дыскрымінацыя бацькоў. Мне кожны раз сорамна за тое, што так можа быць. Калі праходзіла цэнтралізаванае тэставанне, трэба было зарэгістравацца на англійскую мову, і БДУ быў адзіным месцам, дзе я магла яго прайсці: там быў ліфт. Бацькі паехалі рэгістраваць мяне, але здарыўся нейкі тэхнічны збой і выпадкова ў той жа момант зарэгістравалі кагосьці іншага. Бацькі пайшлі да адміністрацыі, каб усё вырашыць, і была непрыемная сцэна. А ніхто ж не вінаваты ў тым, што ў маіх бацькоў я нарадзілася менавіта такая. Англійскую мову я ў выніку здавала ў Ваеннай Акадэміі.
Вельмі складана ў такіх умовах знаходзіць сілы, каб рухацца далей. Але потым разумеш, што трэба, ад гэтага будзе залежаць не толькі мой поспех, а чыйсьці, мабыць, яшчэ. Мабыць, я змагу некаму дапамагчы, калі зламаю нейкую сценку. Я спадзяюся: чым больш я буду выходзіць з дому, чым больш я буду хадзіць на нейкія імпрэзы, буду казаць, што ў мяне ёсць такая гісторыя, тым больш верагодна, што хтосьці гэтым натхніцца і вырашыць, што можа таксама.
Насамрэч сярод маіх знаёмых ёсць людзі, якія значна больш амбітныя, значна больш моцныя ў маральным плане. Яны вельмі моцна натхняюць мяне: калі яны могуць, то я таксама магу. І калі некалькі чалавек могуць, значыць, можа нехта яшчэ.
«Чым больш я буду казаць, што ў мяне ёсць такая гісторыя, тым больш верагодна, што хтосьці гэтым натхніцца»
Праект «Адукацыя vs. межы»
– Інклюзія – гэта працэс рэальнага ўключэння людзей у актыўнае грамадскае жыццё. На нашых семінарах мы вызначаем, як пазбегнуць сегрэгацыі і ўключыцца ў жыццё, чаму гэта патрэбна людзям з інваліднасцю і чаму гэта патрэбна грамадству.
Мы зрабілі гэты праект, таму што хацелі паспрабаваць пашырыць магчымасці адукацыі ў Беларусі. У нас ёсць досвед, як прапаноўваць адукацыю для людзей з інваліднасцю, улічваючы ўсе асаблівасці. Асабіста вельмі хацелася б, каб гэты досвед пашырыўся на беларускія ВНУ. У мяне ёсць знаёмыя, якія сканчалі беларускія ВНУ і ў іх былі рознага тыпу інваліднасці, але гэта пакуль спробы адзінак, а не трэнд.
Індывідуальныя ініцыятывы патрабуюць найбольшых высілкаў, таму што гэта ўсё трымаецца на асабістым інтузіязме. Напрыклад, Саша Аўдзевіч у Лідзе коштам свайго часу і грошай зрабіў Ліду інклюзіўным горадам. Дзякуючы такім людзям шмат рэчаў прасоўваецца наперад, але трэба пераходзіць на інстытуцыйны ўзровень. Мы паспрабавалі аб’яднаць такія ініцыятывы і давесці аўдыторыі, што людзей, якім гэта неабходна, шмат.
Самае простае, што мы можам зараз рабіць, – весці інклюзіўныя семінары, дзе будзем распавядаць пра правы чалавека. Гэтая сфера амаль не распрацавана ў Беларусі. Ёсць шмат асобных ініцыятыў, але яны пакуль раскаардынаваныя. Няма такой сілы, якая б іх усіх з’яднала і дазваляла б у даволі кароткія тэрміны зрабіць больш, чым мы маглі б зрабіць паасобку.
Існуе склад спецыяльнасцей, на якія людзі з інваліднасцю не могуць падавацца з-за абмежаванняў МРЭКА. Гэта, з аднаго боку, мае сэнс, бо згодна з нейкімі фізічнымі дадзенымі чалавек, напрыклад, не можа быць кардыяхірургам, не можа працаваць у вайсковых сферах. Але я думаю, што ў Беларусі можна знайсці баланс паміж дакладным «нельга» і «можна», каб у люзей з інваліднасцю была магчымасць займацца нечым у цікавых сферах на тых спецыяльнасцях, якія не патрабуюць фізічных суперздольнасцей.
ЕГУ і дызайн
– Калі я сканчала сваю гімназію № 11, то перада мной паўстаў выбар: куды ісці далей? Не хацелася ісці на ўступкі і выбіраць завочнае навучанне: не хацелася ісці ў МДЛУ на настаўніцкую спецыяліацыю замест прафесійнай перакладчацкай.
Я пачала звязвацца з рознымі ўстановамі – і ЕГУ быў адзіным універсітэтам, які адказаў, што яны гатовыя прыняць мяне, яны будуць ісці насустрач, каб менавіта ў плане мабільнасці мне было камфортна вучыцца.
Напачатку ў старым корпусе ў нас была вялікая лесвіца, не было ліфтаў, розныя заняткі мусілі праходзіць на розных паверхах, што, канешне, стала добрай падставай хутчэй пасябраваць з аднагрупнікамі. Яны дапамагалі мне ў перасоўваннях і па самім універсітэце, і па Вільні, калі мы мусілі хадзіць на пленэры, альбо хадзілі на медыум і астатнія пазакласныя мерапрыемствы. З іншага боку, паступова ўсё атрымлівалася вырашыць праз адміністрацыю. І большасць заняткаў ужо была на першым паверсе.
Спачатку я абрала ВНУ, а толькі потым абірала нешта з прапанаваных спецыяльнасцей. Дызайн – тое, чым займаліся ўсе вакол мяне, але не займалася я, мне вельмі хацелася, але не было часу. Абраны кірунак быў добрай нагодай кампенсаваць тое, што я прапусціла ў падлеткавым узросце.
«Хочацца напісаць кнігу, якая была б пра людзей з інваліднасцю, але я не ведаю, якім чынам пра гэта напісаць»
Мастацкая творчасць
– У Ралана Барта ў тэксце «Смерць аўтара» ёсць пра тое, што не кніга робіцца падобнай на жыццё, а жыццё робіцца падобным на кнігу. У маім выпадку жыццё сапраўды робіцца падобным на кнігу. Я штосьці пішу, напітваюся атмасферай, эмоцыямі і потым я дзейнічаю, сыходзячы з таго, што пішу.
Што тычацца кнігі, падобнай да жыцця, то ў маім выпадку гэта не працуе, таму што я ніколі не пісала пра сябе: заўжды пішу пра нешта цалкам выдуманае, пра нешта цалкам адрознае ад таго, з чым я сутыкаюся ў сваім жыцці. «Губернскі дэтэктыў» – гэта парадыйны раман, дзе пераасэнсоўваецца фігура маладой пісьменніцы, якая хоча заявіць пра сябе. Але гэта два цалкам адрозныя персанажы – я і панна Пракшына – нешта кшталту Дон Кіхота з пункту гледжання Сервантэса.
Хочацца напісаць кнігу, якая была б пра людзей з інваліднасцю, але я не ведаю, якім чынам пра гэта напісаць: мне пакуль не стае смеласці напісаць так, як ёсць, – пра сябе, не стае смеласці зрабіць нон-фікш.
«У Беларусі можна знайсці баланс, каб у люзей з інваліднасцю была магчымасць займацца нечым у цікавых сферах»
Вандроўкі і Менск
– У жніўні мы выбіраліся ў Рыгу і я была шакавана тым, што там паўсюль брукаванка, па якой нельга ступіць і кроку! І там, мабыць, па нейкіх катакомбах лягчэй перасоўвацца, чым па старым горадзе. І я думаю: «Вам бы трэба было там шмат чаго зрабіць». А калі я была ў Берліне, то была, наадварот, шакаваная тым, што горад можа быць такім выключным месцам для прагулак, для перасоўвання па горадзе на вельмі вялікія адлегласці. Тут цалкам прыстасаваны для мяне транспарт. Я магу катацца і на метро, і на электрычцы¸ якая знаходзіцца над горадам, – і гэта ваў!
У нас гарадскі транспарт вельмі слаба прыстасаваны для людзей з інваліднасцю: ты можаш некуды заехаць, а потым не вярнуцца. Не заўжды прыедзе той вагон трамвая, які патрэбны. Вось, напрыклад, каля майго дома раней вельмі часта хадзіў трамвай, у які я магла б забрацца. А зараз ён амаль не ездзе: маўляў, ён быў вельмі нязручны для іншых людзей.
Хочацца, каб гарадскі дызайн быў больш асэнсаваны і каб ён быў больш для людзей. Зараз кажуць: Менск – новы Берлін. Будзе добра, калі Менск параўнаюць з Берлінам у стварэнні нейкай гарадской пляцоўкі для больш актыўнага ўзаемадзеяння гараджан: магчымасцях абменьвацца гарадскім досведам, рабіць мульцікультурную пляцоўку. Але, на маю думку, самае галоўнае, каб гэта было параўнаннем не толькі па знешнім прызнаку, а было сутнаснае. У нас ужо шмат чаго робіцца і на той жа Кастрычніцкай, на іншых тусовачных пляцоўках. І ў Менску ёсць усе дадзеныя, каб знайсці свой кірунак.
Фота: Даша Лабанава