Кароткая гісторыя антычнага актывізму

 

Сацыяльныя трэнды, якія рвуць стужкі навінаў і забяспечваюць клікбэйт, з тым жа поспехам да тузаніны варушылі агару ці форум. У Антычнасці большасць з іх таксама не былі вынаходкамі, але менавіта ў калысцы Eўропы каша прагрэсу заварылася ў такім выглядзе, што мы працягваем есці яе дагэтуль. Пакуль белабародыя грэкі мяшалі віно і ваду ў прапорцыі 1:3, жанчыны спынялі вайну сэкс-байкотам, Платон форсіў раслінную дыету, а імператары Рыма будавалі храмы багам персаў і егіпцян. Аналізуем вытокі хайпу: як старажытныя грэкі і рымляне разглядалі вегетарыянства, ЛГБТ+, талерантнасць, фемінізм і антыўрбанізм.

 

 Хуткая навiгацыя 

 Вегетарыянства     Экалагічнасць      ЛГБТ+      Фемінізм     Талерантнасць 

 

 

 

 Як папулярызавалі струкавыя і злакі? 

Адносна антычных поглядаў на вегетарыянства варта зрабіць флэшбэк да ранейшых цывілізацый на Усходзе. У першай частцы Танаха [Свяшчэннага Пісання юдэяў. –34mag], занатаванай каля 1000 гадоў да н.э., даведаемся, што Адам, Ева і першыя людзі харчаваліся раслінамі. Толькі пасля патопу Ною прылятае прамы дазвол пашыраць свой рацыён жывёламі. Але і далей палкі ў калёсы мясаядзення ў юдаізме пасоўвае кашрут (а следам – халяль і абмежаванні хрысціянскага посту).

Старажытную Грэцыю адмова ад жывёльнай ежы вабіла па знаёмых прычынах – здароўе і этыка. Фізіялагічны аспект вядомы з так званага «Гіпакратаўскага корпуса», дзе косскі лекар хоць не ганьбіў мясцо, але папулярызаваў яму на замену струкавыя і злакі. Маўляў, ялавічына дрэнна пераварваецца, а таму – трымай меланхолію, крыважэр! Бо такі стан душы (са старажытнагрэчаскай мовы «меланхолія» – чорная жоўць) наўпрост звязаны з канцэнтрацыяй жоўці ў арганізме.

Але і Гіпакрат не быў першым: яшчэ да яго за моц расліннага бялка і розных зёлак ва ўсю тапіў лекар Дыяскарыд. Свядома ці не, вегетарыянскага меню трымаліся грэчаскія атлеты, міксуючы ў стандартнай дыеце інжыр, арэхі, кукурузу і сыр. Падобны пожыў мелі салдаты, а тым больш – астатнія грэкі. Полба, каша з полбы і поліўка з полбы. Калі коратка, полба была ў аснове ўсяго.

 

 Што елі Піфагор і Платон? 

У этычным падыходзе першапраходцам называюць Піфагора, які абраў філасофскім базісам усёпаглынальную гуманнасць. Ці быў ён вегетарыянцам – невядома, але маем антычнага шныпара: Дыяген Лаэртскі ў трактаце «Пра жыццё, вучэння і выслоўя знакамітых філосафаў» піша, што ён не еў быкоў і бараноў, а рыбу дазваляў сабе зрэдку. Галоўнай жа «антыжывёльнай» фішачкай філосафа было заснаванне першага вегетарыянскага кам’юніці з 300 юнакоў-арыстакратаў.

Следам за Піфагорам да расліннай гастра-прапаганды далучыўся Платон: у трактаце «Пра рэспубліку» ён асобна разважае, якая дыета пасуе ідэальнаму грамадству (занатуй: мучныя вырабы, сыр, садавіна і агародніна). Але этычная схільнасць да vege пачынаецца не таму, што «птушачку шкада». На думку Платона, які меў мянушачку «аматар фіг», спажыванне мяса супярэчыць эталоннаму ладу жыцця, устрыманаму і разважнаму, падрывае эканоміку і нармальную біялогію, правакуючы ў выніку ўсё магчымае ліха – ад хвароб да вайны.

Псіхалогіяй жывёл і спачуваннем да іх урэшце зацікавіўся Плутарх. Варта пагартаць яго «Мараліі», бо там чорным па белым (альбо жоўтым, бо хутчэй тое быў папірус) ён піша, што чалавеку есці мяса і люта, і ненатуральна. Тэндэнцыя ў Старажытнай Грэцыі была такой, што вегетарыянства часта разумелася поруч з пэўнымі філасофскімі пастулатамі. Таму да расліннай ежы, апроч кампаніі вышэй, дапісваюць іншых зорных філосафаў – Сакрата, Арыстоцеля, Зянона, Эпікура і Дыягена.

 

 Як было ў Рыме? 

Ісідор Гіспальскі, як і іншыя познеантычныя аўтары, у ХХ кнізе «Этымалогій» стандартным старадаўнім правіянтам называе хлеб і віно. Ёсць агаворка: абодва прадукты – не ў сучасным сэнсе. Першае – зноў полба ў сотні варыяцый, часцей гэта даволі рэдкая каша; другое – разведзенае дзеля санітарыі віно з вадой у прапорцыі 1:3. Тым не менш добра абыходзіліся без стэйкаў.

Без мяса карміліся гладыятары (прынамсі першыя, якія былі рабамі): акрамя пшанічнай кашы з бабамі, яны елі хлеб ці грубыя ляпёшкі, аліўкавы алей, сыр, зеляніну і сухафрукты. У іншых рабоў – яшчэ больш сціпла: будаўнікі рымскага Калізея атрымлівалі жменю крупы і крыху часныку, але звычайнае меню пашыралася караняплодамі і сезоннай зелянінай. З рукапісаў вядома, што хлеба ці інжыру мусіла быць 1,3 кг на чалавека.

У аснове вайсковага меню, падобна да спартанцаў-грэкаў, таксама было зерне (напрыклад, ляпёшкі bucellatum), якое нават у пераможным войску Цэзара малолі на партатыўных жорнах. Але археалагічныя даследаванні, асабліва пазнейшых часоў, вяндліну ці мяса на ражне не выключаюць. То-бок у першых рымлян, а далей – рабоў і салдатаў, раслінны рацыён быў простай адсутнасцю раскошы і медыцынскай перастрахоўкай. Гэта хутка зменяць імператары (асабліва пачынаючы з Калігулы і Нерона), падаючы да стала языкі фламінга ці якога парсюка, нашпігаванага каўбасамі. Рэчдок – хоць «Сатырыкон» Петронія.

Пакуль адна частка Рыма забэшчвалася ў балях, іншыя звярталіся да вегетарыянства свядома: з этычных меркаванняў ад мяса адмовіліся, напрыклад, паэт Авідзій (у ХV кнізе «Метамарфозаў» бачым яго пазіцыю праз паэтычны маналог Піфагора) ці філосаф і літаратар Сэнэка. Так рымскае вегетарыянства апанавала прагных да ведаў інтэлігентаў: начыталіся грэкаў – і пайшло-паехала.

 

 

Літаратура па тэме:

Кнабе Г. С. Римский обед. / Избранные труды: теория и история культуры. – М. РОССПЭН, 2006 – с. 517–541.

Порфирий. О воздержании от мясной пищи, пер. В. Б.Черниговского.– «Человек», 1994, № 1–6. (Літаральны пераклад: О воздержании от одушевленных; арыгінал на старажытнагрэчаскай мове шукай тут).

Adam D. Shprintzen's blog, Vegetarian History.

Gregerson, Jon. Vegetarianism: A History. Fremont: Jain Publishing Company, 1994.

Haussleiter, Johannes. Der Vegetarismus in der Antike, Berlin, 1935.

Phelps, Norm. The Longest Struggle: Animal Advocacy from Pythagoras to PETA. New York: Lantern Books, 2007.

Spencer, Colin. The Heretic’s Feast. A History of Vegetarianism, 1993.

Umile Giuseppe Longo, Filippo Spiezia, Nicola Maffulli, Vincenzo Denaro. The Best Athletes in Ancient Rome were Vegetarian! / J Sports Sci Med. 2008 Dec; 7 (4).

Walters, Kerry; Portmess, Lisa. Ethical Vegetarianism: From Pythagoras to Peter Singer. New York: State University of New York, 1999.

 

 

 

 

 Як ставіліся да прыроды ў Антычнасці? 

Сучаснаму экалагічнаму сумленню тады надышоў час для першага кроку ў фармаванні. Антычныя погляды на навакольнае асяроддзе фармуляваліся як меншае ў 3 тэзісах прыязнага стаўлення да прыроды.

Па-першае, гэта псіхалагічнае проціпастаўленне чалавека і прыроды, якое з развіццём эксперыменту і назіранняў засланіла ранейшую аксіёму яго ўключанасці ў свет. Міфалагічнае мысленне, што панавала да V ст. да н. э., атрымлівае годнага канкурэнта – мысленне навукова-лагічнае. Прынамсі накіраванае не толькі на задавальненне пэўных практычных патрэбаў. У гэты перыяд абільна вылупляюцца даследаванні па геаметрыі, геаграфіі, фізіцы і іншых натуральных навуках: опусы Фалеса, Анаксімена, Геракліта. Але не прымешвай сюды «піфагоравы штаны», таму што і штаноў у яго не было. Апроч таго, самі богі пераасэнсоўваюцца як творцы прыроды (часта, як Гефест з металамі альбо Праметэй з агнём і культурнымі вынаходніцтвамі), што адбіваецца на вобразе чалавека. Ён і падобны, і непадобны да яе, але можа сілы прыроды ўтаймаваць.

Па-другое, антычная думка дала традыцыю ўспрымаць прыроду больш як суб’ект, чым як аб’ект. Хоць яна трапіла пад лупы і цыркулі, даследаванні не пазбавілі наваколле душы. Такі аксюмарончык мог нарадзіцца толькі тады. Бо, з аднаго боку, навуковае мысленне рабіла з прыроды аб’ект, а міфалагічны погляд упарта слаў пад яго жывы, як жыццё, падтэкст.

Арыстоцель, напрыклад, лічыў адушаўлённымі (крыху інакш, чым людзей, але) зоркі, Авідзій у «Метамарфозах» мог назваць німфу кожнага дрэва, а Платон дзяліў душу на разумную і пачуццёвую, жывёльную. Падобныя думкі транслюе і іўдзейская Тора, першая кніга Маісеевага пяцікніжжа.

Па-трэцяе, сучасны погляд абавязаны мінуламу наяўнасцю ў стаўленні да прыроды непрагматычнага кампаненту. Яна не толькі матэрыяльная, але і духоўная каштоўнасць. Антычны свет быў светам космасу, гармоніі. Таму прырода як асноўная частка гэтага свету меркавалася для чалавека ўзорам гармоніі і парадку, прыкладам для пераймання. Гэты тэзіс, вядома, паўплываў на ўзнікненне і развіццё мастацтваў. Не толькі ў старажытных краінах, бо і Рэнесанс, і класіцызм дзяўблі адно: мастацтва ёсць імітацыяй прыроды.

 

 Чаму антыўрбаністыка стала моднай? 

Культура Старажытных Грэцыі і Рыму прадбачыла і антыўрбаністыку. Антычны даўншыфцінг, зафіксаваны ў літаратуры, непарыўна звязаны з сацыяльна-палітычнымі актуаламі. Спецыфіка элінаў у тым, што пастаральныя матывы з’явіліся ў мастацтве пасля працяглага ваеннага часу. Яны сталі своеасаблівым гімнам пацыфізму, як і іканічнае сельскае жыццё (варта прыгадаць Феакрыта ці Мосха).

Рымская фішка ўцёкаў на ўлонне прыроды – антыпалітычны ракурс. Прынамсі не супрацьстаянне палітыцы, а неўмяшанне. Падобная літаратура з’явілася разам з імперскім ладам, малюючы зялёную ўтопію па-за мурамі Вечнага горада. Усё, як пісаў Гарацый: «Beatus ille, qui procul negotiis...» (з лац. – Шчаслівы той, хто далёка ад спраў…).

 

 

Літаратура па тэме:

Аристотель / История животных.

Плиний Старший / Естественная история.

Античные воззрения на органический мир // История биологии.

Catti, E. L. / Sustainability Educationi the Humanities: The Impact of Antiquity through Art History. Departments of Humanities and Fine Arts, St. John International University, Italy, 2017.

Schliephake, Christopher / Ecocriticism, Ecology, and the Cultures of Antiquity.

Vaz, Estelita; Joanaz de Melo, C.; Costa Pinto, L. M. / Environmental History in the Making: Volume I: Explaining.

 

 

 

 

 Гомасэксуальныя стасункі – для элітарных колаў? 

З тэмай ЛГБТ+ Антычнасць была знаёмая. У Эладзе і ў Рыме – па-рознаму. Але ў абодвух выпадках канцэпт меў спецыфічнае культурнае напаўненне. І таксама – пэўныя абмежаванні.

Па-першае, грэкі не процістаўлялі гома- і гетарасэксуальнае каханне – яны спакойна існавалі паралельна. Дапушчальнымі па ўсіх параметрах (чытай: пажаданымі) былі стасункі толькі паміж двума свабоднымі – дарослым мужчынай і юнаком. Прынамсі першы часта быў жанатым і адначасова выконваў ролю мужа, гетэрасэксуальнага партнёра і паўнапраўнага грамадзяніна (некаторыя пасады халасцяку атрымаць было немагчыма), і эраста (старажытнагрэч. erastes – паклоннік, любячы), выключна актыўнага каханка і настаўніка маладога фаварыта. Дарослы – гэта 30 гадоў і старэйшы. То-бок тыповы элітны грэк з Класічнай эпохі, V-ІVст. да н.э., меў пасіўныя гомасэксуальныя стасункі падлеткам і актыўныя гетэра- і гомасэксуальныя – у сталым узросце. Пасіў для паўналетняга і свабоднага грамадзяніна лічыўся ганебным.

Па-другое, гомасэксуальнасць была рэгламентаваная законам. Улюбёнцам (старажытнагрэч. eromenos; ці pais, «хлопец, дзіця») мусіў быць толькі падлетак узросту ад 12 да 17 гадоў. Кантачыць з малодшымі было нелегальна і неэтычна: лічылася, што пакуль яны не могуць самастойна абраць партнёра. Са старэйшымі – таксама не камільфо. А з рабамі – не крута.

Узроставы цэнз спрацоўваў, каб гомасэксуальнасць (у грэцкім разуменні) была ідэйна плённай і карыснай грамадству. Пра лесбіянак заканадаўства звычайна нічога не натавала, бо для жыцця поліса жанчыны былі не больш значнымі за рабоў. Але не без выключэнняў.

Па-трэцяе, гомасэксуальнасць мела грунтоўныя ідэйныя падставы. Старэйшы з партнёраў быў настаўнікам у максімальна шырокім сэнсе, а мэтай такога «адукацыйнага курса» была сацыяльная і культурная інтэграцыя падлетка ў жыццё поліса. Гэта шчыльны мікс інтэлектуальнага абмену, маральнага павучання ды эстэтычных і сэксуальных стасункаў. Гомасэксуальныя пары ў войску мелі яшчэ і стратэгічныя мэты, пра што піша Платон і Ксенафонт у «Кірапедыі». Бо як дэзерціраваць, калі на цябе глядзіць каханак?

 

 Навошта эліну голая жанчына? 

Жанчына ў той час мыслілася няздатнай ані духоўна, ані ментальна, ані з пункту гледжання прыгожага, гетэры – не ў лік. Шлюб патрабаваўся для працягу роду і ўладкаванай гаспадаркі. Але высокія пачуцці мужчына шукаў толькі з мужчынам. Таму і скульптары, і вазапісцы кайфавалі па юнаках.

Жаночыя выявы доўга былі апранутымі, а Праксіцелева Афрадыта, мармурная папярэдніца Венеры Мілоскай з ІV ст. да н.э., стала шокавай тэрапіяй. Ба, навошта эліну голая жанчына?!

Адкрыццё жанчыны ў грэкаў прыпала на эпоху Элінізму, а рымляне нават уласную гісторыю пачалі з выкрадання сабінянак. Не вытрымалі, відаць, у аднародным грамадстве. Але і сацыяльна-прававыя магчымасці ў квірытак [рымскіх грамадзянак. – 34mag] былі велькшымі, чым у жанчын у грэцкіх полісах. Педэрасція як культурны феномен для Рыма была непатрэбнай, а таму трапіла па-за законнасць: юнакоў lex Romana ахоўвала ад гвалту і заляцанняў у той жа ступені, што матрон.

Пэўны час гомасэксуальнасць лічылася дзівацтвам элітарных колаў. А потым паступова наклікала на сябе і прававыя спагнанні, і ганьбаванне з боку маралі. Тым не менш сама па сабе перавага, адданая партнёрам свайго полу, меркавалася як рэч густу.

 

 Сафо – сімвал лесбійскіх стасункаў: міф ці не? 

Слова «лесбіянка» ў кантэксце антычных рэалій значыла «жыхарка вострава Лесбас». Тэрмін выключна палітыка-геаграфічны. Але менавіта гэты востраў на далейшыя тысячагоддзі стаў сімвалічным, таму што ў паэзіі яго ўраджэнкі Сафо (ці Сапфо) асобныя матывы пратрактавалі як прапаганду аднаполага жаноцкага кахання.

Насамрэч, хоць дакладна вызначыць немагчыма, гэта, хутчэй за ўсё, міф. У старажытных дакументах пазначана, што Сафо была замужам і мела дачку, якой прысвяціла цыкл вершаў. На яе чапляюць і іншую міфічную гісторыю: гісторыю трагічнага кахання да марака Фаона.

Падставаў для такой трактоўкі яе твораў у сэксуальным аспекце некалькі. Па-першае, сацыяльны статус жанчыны на Лесбасе быў даволі паўнавартасным. Гэта ўплывае, напрыклад, на тое, што роўна з мужчынскімі аб’яднаннямі, гетэрыямі, ствараліся і функцыянавалі аналагічныя для жанчын – фіасы. Там, у межах культавых служэнняў Артэмідзе і Афрадзіце, дзе гомасэксуальны элемент быў натуральным, дзяўчыны вучыліся музыцы, танцам і вершаскладанню.

Па-другое, яе гомаэратычную паэзію трэба разумець менавіта з пункту гледжання чалавека, які жыў у сёмым стагоддзі да нашай эры. Калі так, то ў паэзіі і Алкея, і Піндара з такім самым поспехам апісваюцца рамантычныя зносіны паміж мужчынамі пэўнага гуртка.

У антычныя часы лесбіянак у сучасным сэнсе называлі «трыбадамі» (tribada), «гетэрыстрыямі» (hetairistria) ці «дыгетэрыстрыямі» (dinetaeristria). З’ява была вядомай, асабліва з нагоды культаў, і нядзіўнай для крупных полісаў кшталту Спарты ці Афін: сведчанні засталіся ў літаратараў (спартанскі трыбадзізм, напрыклад, прыгадвае Плутарх). Быў і візуал. Лічыцца, што леўкадзійская жанчына Філаэніс стварыла першы ілюстраваны «дапаможнік» па трыбадзісцкіх позах.

 

 

Літаратура па тэме:

Лихт, Ганс / Сексуальная жизнь в Древней Греции.

Фуко М. / Использование удовольствий. История сексуальности. Т. 2. СПб., 2004.

Dover K. Greek Homosexuality. Cambridge, Massachusetts, 1989.

Garton, Stephen / Histories of Sexuality: Antiquity to Sexual Revolution (Critical Histories of Subjectivity and Culture), Routledge, 2004.

Foucault, Michel / The History of Sexuality (кароткі змест), 1976.

Larmour, David Henry James; Miller, Paul Allen; Platter, Charles / Rethinking Sexuality: Foucault and Classical Antiquity. Princeton University Press, 1998.

Sex in Antiquity: Exploring Gender and Sexuality in the Ancient World // рэд. Mark Masterson, Nancy Sorkin Rabinowitz, James Robson. 2015.

 

 

 

 

 Правы жанчын у Антычнасці – фантастыка? 

Яшчэ не ён. Але ідэі, блізкія да фемінізму, у заходняй культуры мелі свой погалас у антычных краінах. Інтэлектуальная роўнасць пакрысе прэтэндавала на існаванне: тая ж паэзія Сафо да нараджэння Хрыстова прызнавалася ўзорнай, а яе аўтарка была не адзінай паэтэсай сваёй эпохі.

З палітычнай роўнасцю ўсё складаней. Нават у пытаннях шлюбу (не тое што мець права «абіраць і быць абраным») жанчына ў большасці полісаў лічылася аб’ектам, які з-пад валодання аднаго мужчыны пераходзіць у маёмасць іншага. Пераходзіць і да сканчэння жыцця нараджае дзяцей і прадзе воўну.

Самай дэмакратычнай лакацыяй Грэцыі ў гэтым сэнсе была Спарта, дзе ўмовы для жыцця не былі абумоўленыя гендарам. У Рыме правоў жанчына ab ovo мела больш. Хоць дзяржаўныя пасады таксама былі для жанчын недасягальнай вышынёй, у эпоху імперыі жаночае «шэрае кардынальства» дасягнула свайго апагея.

Антычная міфалогія ашчасціла нашчадкаў і матрыярхальнай сімволікай. Магчыма, найбольш удалая паралель – племя амазонак, «мужазабойцаў», пра якіх у чацвёртай кнізе «Гісторыі» распавядае Герадот. На справядлівы шлюб з мужчынамі-сарматамі яны пагадзіліся толькі з умовай роўнасці: разам ездзіць на конях на паляванне, удзельнічаць у вайне і насіць аднолькавую вопратку.

«Мы не маглі б жыць разам з вашымі жанчынамі, бо ў нас і ў іх розныя звычаі. Мы страляем з лука, і кідаем дроцікі, і ездзім вярхом, жаночым жа працам мы не навучаныя. А вашы жанчыны не робяць нічога з таго, што мы пералічылі, але, застаючыся ў павозках, займаюцца жаночай працай, не выязджаючы на паляванне і наогул нікуды». IV, 114

 

 Што пісалі пра жанчын Арыстафан, Герадот, Платон? 

У камедыі афінскага літаратара Арыстафана, «Лісістраце» (назва – жаночае імя; са ст.гр. – «якая спыняе вайну»), жанчыны атрымліваюць беспрэцэдэнтную магчымасць скончыць вайну. Гаворка, праўда, ідзе не пра надзвычайныя прававыя паўнамоцтвы, а пра сэксуальны байкот, які вымушае мужчын пагадзіцца з прыняццем мірнай дамовы. «Свавольная» жаночая думка разам з прывабнасцю ўрэшце дала плён: атрымалася адстаяць пазіцыю.

Роўная мужчыне жанчына зафіксаваная не толькі ў напаўміфічнай гісторыі Герадота ці ў камедыйным жанры. Платон у пятай кнізе «Дзяржавы» разважае, што няма ніякіх перашкод, каб кіраўніком стала жанчына. У падтрымку гэтай думкі – наступная: калі жанчына мае розум і талент, яна мусіць мець роўныя правы з разумнымі і таленавітымі мужчынамі.

Прыгадаем, што для антычных часоў такая думка – экстрапрагрэсіўная. Акрамя жаночых правытокаў фемінізму, гэтая пазіцыя знаходзіць прыязнасць сярод мужчын. Перыкл, выдатны афінскі палітык, у сваёй тактыцы ўлічваў погляд жонкі, Аспазіі, Сакрат, акрамя іншага, лічыў сваёй настаўніцай у каханні Сафо, а адзін з трох класічных старажытнагрэчаскіх трагікаў Эўрыпід увайшоў у гісторыю сусветнай драматургіі ў тым ліку дзякуючы гераічным жаночым постацям у п’есах – Медэі, Федры, Андрамахі і г.д.

 

 

Літаратура па тэме:

Гуревич, Д., Рапсат-Шарлье, М.-Т. / Повседневная жизнь женщины в древнем Риме.

Flacelière, Robert / Le Féminisme dans l'ancienne Athènes. Académie des inscriptions & belles-lettres. l'Institut, 1971.

The Oxford Encyclopedia of Women in World History рэд.  Bonnie G. Smith. Oxford University Press, 2008.

 

 

 

 

 Адным больш – адным менш? 

Антычная талерантнасць (такім тэрмінам у той час яшчэ не казыралі) нарадзілася паміж модай, цікаўнасцю і абыякавасцю. Над этнічнай прыналежнасцю панавала грамадзянства, над сэксуальнымі перавагамі – традыцыі, а політэізм цярпліва вітаў у сваім зборышчы чарговае боства. Адным больш, адным менш – падумаеш ты. Аднак за спробы атэізму і Сакрату вынеслі смяротны прыгавор, і на трагіка Эўрыпіда глядзелі коса.

Талерантнасць у Антычнасці мела дзве іпастасі. Абедзве, полісная і імперская, залежалі ў першую чаргу ад актуальнага дзяржаўнага ладу. Полісная талерантнасць была характэрная для гарадоў-дзяржаваў Элады прыкладна да часу, калі бацька Аляксандра Македонскага, Філіп ІІ, ваеннай перамогай далучыў іх да Македоніі. Гэты тып быў такім рухавым, як элінская дэмакратыя, і ў ёй жа меў яскравае ўвасабленне – публічныя прамовы, процьма філасофскіх школ, сафістыка і розныя формы рэлігійнага вопыту.  

Імперскі тып, з цэнтраванай палітычнай уладай, развіўся з пашырэннем Аляксандрам Македонскай імперыі, а для Рымскай быў характэрны ўвесь час (нават падчас рэспублікі, і тым больш у перыяд легендарных цароў, рымляне аднолькава ахвотна і насаджалі пераможаным свае погляды і бралі лепшае ад іх культур). У эпоху Элінізму семіцкія народы, напрыклад, пачалі называць дзяцей грэчаскімі імёнамі, а грэкі ўдарыліся ва ўсходні містыцызм.

 

 Як рэлігійны плюралізм прывёў да катавання вернікаў? 

Рэлігійны і філасофскі плюралізм быў не проста нармальным, а відавочным і натуральным. Этнічны мікс і абмен культурнай спадчынай забяспечылі адсутнасць нацыянальнай непрыязнасці, нават сярод багоў усё было падпарадкавана чалавечаму «правілу гасціннасці». Таму пераследаванні з нагоды перакананняў любога кшталту былі б у тых рэаліях нонсэнсам.

Што тычыцца рабства: нягледзячы на тое, што існавала рызыка для заваяваных народаў, рабства ніколі не асацыявалася з пэўнай нацыяй. Рабом мог быць і італьянец, і гал, і сірыец, і пуніец. Таксама як і намеснікам цара – той самы. Раб – частка эканамічнай машыны, а не прадстаўнік свайго племені.

Сістэма скалыхнулася на пачатку першага тысячагоддзя нашай эры. Калі міфалагічны светапогляд саступіў месца тэалагічнай ідэі, што дабралася дасюль пераважна як хрысціянства. Новая канцэпцыя талерантнасці адштурхоўвалася ад любові да бліжняга. Спачатку прыхільнікі кожнага монатэістычнага культу не выракаліся іншых багоў, хоць свайго лічылі вярхоўным, а астатніх – яго ж персаніфікаванымі сіламі.

Аднак, калі на землях антычных цывілізацый аўраамічныя рэлігіі пачалі няўхільна выцясняць іншыя, пачаўся самы напружаны ў сваёй нецярплівасці перыяд гісторыі. З абодвух бакоў. Тое, што апісвае наконт катаванняў вернікаў у «Quo vadis?» Cянкевіч, варта даверу. Тым не менш і хрысціянства бязлітасна знішчала ўсялякую свабоду веравызнанняў.

 

 

Літаратура па тэме:

Баумгартен Ф., Поланд Ф.,Вагнер Р. Эллинистически-римская культура. Пер. Э.Ф.Малер, под ред. М.И. Ростовцева. СПб,1914.

Бергер А.К. Политическая мысль древнегреческой демократии.М.,1966.

Гуторов В.А. Античная социальная утопия. Л,. 1985.

Доватур А.И. Политика и политии Аристотеля. М.-Л.Д965.

Дройзен И.Г. История эллинизма .В двух тт. СП6.Д997.Т.1.

Каган М.С. К проблеме переходного типа культуры // Античная культура и современная наука. М., 1985.

 

Фота на галоўнай Leo Caillard