Прага да подзвігу ў чалавека існуе даўно. У міфалогіі нават вылучаюць Гераічнае стагоддзе, калі кроку ні ступі – вось табе і подзвіг. Зараз жа засталіся адны хімеры ў галаве, з якімі, тым не менш, таксама цікава змагацца. Сабралі для цябе 8 чэленджаў, якімі можна страсянуць сваю судзінку мернага жыцця.
Самы распаўсюджаны чэлендж, да якога звычайна прыходзіш у двух выпадках. Калі тусоўкі праходзяць за тусоўкамі, некаторыя падзеі памятаюцца праз тытунёвую смугу, а ў табе ўключаецца аўтапілот на кожным свецкім раўце. Тады ты разумееш: трэба папусціцца і сербануць упарадкаванай рэальнасці. Аднак звычайна гэта хутка праходзіць, і ты вяртаешся з новымі сіламі ў сяброўскі дзвіж.
Другі выпадак – калі табе злёгку за трыццаць, тваё жыццё здабывае канкрэтныя абрысы, штодзённую палітру якой разбаўляюць духмянае чырвонае ці цёмнае. Адмова ад алкаголю пры такіх абставінах вяртае крыху былога спрыту і жадання быць у тонусе. Тут ужо альбо ты прымаеш правілы сацыяльнага астракізму і становішся бліжэй да ЗЛЖ, альбо вяртаешся ва ўтульныя абдымкі вечароў. З кампаніяй ці без.
Да чаго прыводзiць: да ЗЛЖ, перспектыўных думак, адзіноты
Яшчэ адзін чэлендж, з якім сутыкаецца сучасны прасунуты чалавек. Правесці месяц у цнатліва чыстым афлайне хочацца пасля таго, як пачынаеш пакутаваць ад няспыннага маніторынгу стужкі і страху прапусціць нешта важнае (так званы сіндром FOMO).
У першыя дні чэленджа эксперыментатар звычайна адчувае прыліў сіл ад вызваленага часу, але ўсё гэта – толькі эфект навізны. Неўзабаве ты знойдзеш чым запоўніць яго: заліпнуць на серыяльчык па ТБ, упіцца ў кнігу або развучыць сем жыццёва важных марскіх вузлоў (мы не адмаўляем, што некаторыя з гэтых відаў дзейнасці больш карысныя, чым сацсеткі). Так ці інакш, пасля належнага тэрміну чалавек разумее, чым сацсеткі па-сапраўднаму каштоўныя: атрымаць прапанову папрацаваць над новым праектам і не прапусціць аб'яву аб эксклюзіўных паказах чылійскага кінематографа магчыма, хутчэй за ўсё, менавіта там. А калі табе хочацца на некаторы час выпасці з руціны, з сацсеткамі ці без, ты знойдзеш як гэта зрабіць.
Да чаго прыводзiць: да разумення карысці сацсетак, лёгкага стаўлення да анлайн-баталій, жыццёвай разнастайнасці
Чэлендж для суровых духам. Звычайна яго абвяшчаюць, каб паказаць (сабе, у асноўным), што нашы звычкі і запатрабаванні ўмоўныя, і чалавек вольны выбіраць, што яму сапраўды трэба, а ад чаго можна адмовіцца, прыдумаўшы, як гэта здабыць, зрабіць ці вырасціць самастойна.
Тут таксама ёсць два варыянты развіцця падзей: месяц скончыцца, ты адчуеш, якая ты крутыха, і дазволіш сабе адзначыць гэтую падзею, выдаткаваўшы палову папярэдняга бюджэту. Альбо працягнеш разумець, што лішнія выдаткі табе на фіг не патрэбныя, і паступова прыйдзеш да фрыганства, соды замест мыла і гародзіка поўнага забеспячэння.
Да чаго прыводзiць: да знаходлівасці, да меркавання, што «так жыць нельга», да лявацкіх перакананняў
Чэлендж для тых, хто ўсё жыццё лічыў сябе дохлым вусенем, а апынуўся мускулістай мурашкай. Пасля першых заняткаў тваё цела раптам ператвараецца ў змолаты на мясарубцы супавы набор. Аднак з цягам часу ты здзіўляешся, што цягліцы пружынняцца ад энергіі, ты заўсёды бадзёры(-ая) і за любую справу бярэшся з непадробнай лёгкасцю. А яшчэ праз некаторы час ты раптам разумееш, што можаш прабегчы паўмарафонскую дыстанцыю. Як гэта адбылося, напрыклад, з былой шэф-рэдактаркай 34travel Настай Ерохай. І, як паказвае вопыт, пасля 30 дзён твой спартыўны азарт толькі пачынае разгарацца.
Да чаго прыводзiць: да бадзёрасці духу і яснасці розуму
Калі ты хочаш абнавіць свае музычныя густы, якія засталіся ў недапітым келіху шампанскага на студэнцкім выпускным і вераломна падтрымліваюцца магнітолай у тачцы, то гэты чэлендж дазволіць скараціць дыстанцыю паміж незразумелай моладдзю і тваім «залатым стандартам». Рэч у тым, што шлак як выпускаўся 15 гадоў таму, так і выпускаецца цяпер (і ён таксама застаецца папулярным). Але выходзіць шмат іншай класнай музыкі, якая не крычыць пра сябе з кожнай шаўрмічнай. Яе трэба знаходзіць. Па рылэйтах, прыслухоўваючыся да парадаў ці ўласнага нюху. І табе зноў будзе што абмеркаваць з сябрамі. Напрыклад, куды коціцца The Knife і чым так файныя апошнія рэлізы DJ Shadow.
Да чаго прыводзiць: да дапытлівасці
Яшчэ адзін матывуючы чэлендж. Калі ты адчуваеш, што штодзённыя перамяшчэнні гравіруюць выразную траекторыю на карце твайго жыцця, то гэты чэлендж дадасць некаторай ружы вятроў на яе. Новы дзень – новае месца ў горадзе, няхай гэта будзе зацішная набярэжная, новы барчык або дах у «спальніку». Другі варыянт: новы дзень – новае гарадское мерапрыемства. І калі ты з Менска, то зарулівай да нас у тэлеграм-канал, дзе мы нязмушана даводзім, што Minsk Not Dead.
Да чаго прыводзiць: да навакольнага свету
Адзін з самых складаных чэленджаў. Змяняе жыццё настолькі, што праз месяц можаш знайсці сябе, напрыклад, у індыйскім ашраме, удзельнікам мальтыйскай рэгаты або з пераламанымі косткамі ў фаніпальскай падваротні. Без хлусні застаецца спадзявацца толькі на ўдачу.
Да чаго прыводзiць: да непрадбачаных жыццёвых сітуацый
З ныццём усё проста. Даўно пара завязваць. І да гэтага больш не вяртацца. Ты здзівішся, што свет рухаецца наперад, а не захрасае ў зубах, як вараная кукуруза.
Да чаго прыводзiць: да здаровага ладу жыцця
P.S. Быў яшчэ варыянт «30 дзён без порна/сэксу», але мы так і не змаглі ў рэдакцыі прыйсці да адназначных высноў.
Раскажы ў каментах, да якіх чэленджаў звяртаўся(-лася) ты і да чаго яны прывялі.
Пра беларускамоўны тык-ток, «Чарку на пасашок» і вывучэнне мовы.
Дроўн, эмбіент, нойз – хто ў Менску піша музыку, ад якой можна накласці ў порткі.
Пошаговая инструкция для тех, у кого болит сердце от государственных нарушений закона.
Таксама будзе літаратурная сцэна.
Пра ШІ, камп’ютарную рэальнасць, салідарнасць.
Спроба наблізіцца да сакральных тэкстаў.
Натхняліся творчасцю Лінча.
КАМЕНТАРЫ (2)
Не хапае 30 дзён бяз сэксу )))
Без сацсетак - ужо больш за 6 год. Чэлендж усё яшчэ "у працэсе".
Ой, хлушу - інстаграм жа таксама сацсетка))
Без алкаголю - чэлендж доўжыўся два з паловай гады. Ужо скончыўся.
Спорт - працягнуў крыху болей за паўгады.
Амаль без грошай - цягнецца ужо N-ную колькасць дзён (значна больш за трыццаць).
Без хлусні ды без ныцця - дужа цяжка, не вытрымаю)))