7 тэлеграм-каналаў пра беларускую гісторыю

  • 19.03.2021
  • Аўтар: 34mag
  • 6379

Калі на хвалі нацыянальнага ўздыму табе стала цікава, як пачуваліся беларусы ў перыяд палеаліту ці Ягайлы, рэкамендуем падпісацца на некалькі тэлеграм-каналаў. Інфармацыю будзеш атрымліваць вельмі рандомную, але знаходкі аўтараў-энтузіястаў часцяком уражваюць і казычуць пачуццё беларускай неймавернасці.

 

Куфар старажытнасцяў

Розныя гістарычныя цікавосткі, які звычайна падаюцца з прывязкай да даты: тыпу ў гэты дзень нарадзіўся знакаміты пісьменнік ці ў гэты дзень памёр прыўкрасны вучоны. Тут таксама ладзяць зум-сустрэчы, на якіх можна паслухаць лекцыі па гісторыі.

Беларуское мнение

Вінегрэтныя пасты пра сучаснае і мінулае, што паўплывала на нас. То сцісла нагадаюць, хто такі Францішак Аляхновіч, то распавядуць, для каго была ганебнай Брэст-Літоўская мірная дамова, то першую летапісную ўзагдку Менска працытуюць.

Беларускі піонэр

Нішавы канал з карцінкамі пра БССР 20-30-х гадоў, названы ў гонар дзіцячага часопісу, які рэдагавалі і Уладзімір Дубоўка, і Янка Маўр. Сярод іншага ў канале шэраць авангардныя плакаты ды матывуючыя газетныя загалоўкі кшалту «Пакрыем усю рэспубліку сілоснымі бакштамі, траншэямі і ямамі!».

 

Криминальная хроника 1920-х

Бэксайд-праект «Беларускага піонэра», які транслюе чарнуху стогадовай даўніны, і гэтым стылем будуць уражаныя нават тыя з нас, хто чытаў у 1990-х газету «Частный детектив». Пасты з’яўляюцца нячаста, але кожны – золата.

Палявая пошта

Паштальёны гэтага канала дастаўляюць падпісчыкам паштоўкі ды фотаздымкі з відарысамі Беларусі часоў расійскай, нямецкай, польскай акупацый. Тыповы пост утрымлівае выявы, што было і як той ці іншы аб’ект выглядае сёння.

BelHistory

Канал-рэтранслятар аднайменнага сайта, на якім даволі рэгулярна з’яўляецца кантэнт па гісторыі Беларусі з замшэлай даўніны да цяпер. Варта падпісацца, калі хочаш атрымліваць удумлівыя ін’екцыі цікавостак па міфалогіі, геральдыцы, баталістыцы, гісторыі рамёстваў і ведаць усе чырвоныя даты беларускага календара.

 

Haradzenski

«Тут гарадзенскі дух» – пастулююць аўтары канала. І нават калі ты не фанат(-ка) Горадні – чорны ты чалавек! – інфа будзе табе цікавая, бо тут і пра Заходнюю Беларусь розныя дакументы, і розныя пасты пра еўрапейскі кантэкст.

 

 

Фота: palasatka