5 кейсаў ініцыятыў, якія былі на мяжы правалу

  • 19.07.2019
  • Аўтар: 34mag
  • 4487

Усе любяць казаць пра тое, як пакарылі гару. Ніхто не любіць казаць пра тое, як на шляху да вяршыні яго ці яе ванітавала ад горнай хваробы і хацелася хутчэй абуцца ў хатнія тэпці. Тым смялей гучаць гісторыі гэтых шасці рабят, якія загарэліся зрабіць нешта крутое, дужа аблажаліся ў працэсе, папрацавалі над памылкамі і сталі яшчэ круцей. Чытай, на вус матай.

 

 Ініцыятыва: «Умовы для мовы» 

 Задача:  Выдаць кішэнны даведнік, які дапаможа беларусам выконваць хуткасны рэжым адстойваць свае моўныя правы. 24 верасня з гэтай мэтай быў апублікаваны краўдфандынгавы праект на Talaka.by, і праз два (!) дні сродкі былі сабраныя. Засталося «ўсяго нічога»: зрабіць кнігу і прэзентаваць яе 9 кастрычніка.

 Праблема:  Багі планавання – гэта, як выявілася, не пра каманду праекта.

 

Ігар Случак

Аліна Нагорная

«Мы пабачылі, што нас падтрымалі больш за восемдзесят чалавек. Натхнёныя, даслалі ім запрашэнні, таксама запрасілі сяброў і зрабілі закрытае мерапрыемства. Купілі віно, канапкі… А прыйшло чалавек дваццаць. Мы не ўлічылі, што ў гэты дзень у горадзе былі іншыя цікавыя мерапрыемствы, сярод якіх таксама прэзентацыі кніг. Такім чынам аўдыторыя распылілася. Калі ёсць магчымасць зрабіць мерапрыемства адкрытым, лепш рабіць яго адкрытым».

 

 Памылкі: 

  Не разлічваць сілы, працаваць пад агнём і копаццю дэдлайнаў.

  Спаць менш за чатыры гадзіны на суткі.

  Шукаць валанцёраў ужо ў працэсе рэалізацыі ініцыятывы.

  Не ведаць асаблівасцяў працы дзяржаўных інстанцый: узгадненні ў кніжнай палаце, дружа, справа няхуткая.

  Рабіць закрытае мерапрыемства.

 

 Што ў выніку?  Як і планавалася, кнігу прэзентавалі 9 кастрычніка 2018 года ў Менску. Пазней адбыліся прэзентацыі ў іншых гарадах Беларусі. І гэтыя прэзентацыі былі ўжо адкрытымі.

 

 

 Ініцыятыва: «ВузЭкоФест в Беларуси» 

 Задача:  Арганізаваць у Беларусі «зялёны» фестываль, які аб'яднае шматлікія ВНУ краіны і зробіць з іх гэтакі падмурак здаровага стаўлення да навакольнага асяроддзя.

 Праблема:  Адміністрацыі ВНУ не надта натхніліся прапановай незалежнай сола-актывісткі.

 

Ірына Панядзельнік

«Я вучылася ў літоўскім ВНУ, потым вучылася ў Расіі. І я ведала, што ў адміністрацыях беларускіх ВНУ негатыўна паставяцца да ідэі, калі я стану казаць пра нейкія еўрапейскія каштоўнасці, але “ВузЭкоФест” – гэта расійская ініцыятыва [У РФ у фэсце ўдзельнічае больш за 50 ВНУ. – заўв. 34], таму я была ўпэўненая, што яе тут падтрымаюць.

Я не мела рацыі. Аказалася, што, калі ты кажаш адміністрацыі: "Арганізуйма ў вас збор накрывак і гэтак далей", табе адказваюць: "Вось мы саджаем дрэвы, прыбіраем раз на год. Мы ўжо і так "зялёны" ўніверсітэт. Навошта нам нейкія экалагічныя ініцыятывы?..»

 

 Памылкі: 

  Думаць, што адміністрацыі ВНУ адразу пойдуць насустрач.

  Няправільна ацэньваць тэрміны: на тое, каб рэктар паставіў сваю пячатку, могуць сысці месяцы.

  Рабіць усё аднаасобна: і камунікаваць з ВНУ, і піярыць праект, і весці яго сацыяльныя сеткі.

 

 Што ў выніку?  У 2018 годзе ў «ВузЭкоФесте» паўдзельнічалі чатыры ВНУ, у 2019-м – дзевяць. Увогуле арганізавана ўжо больш за 50 мерапрыемстваў: лекцый, адкрытых урокаў, круглых сталоў, квізаў, квэстаў. Над фестывалем працуе цэлая каманда, у ім паўдзельнічала больш за 1000 актыўных маладых людзей. А яшчэ «ВузЭкоФест в Беларуси» абзавёўся фінансавымі партнёрамі.

 

 

 Ініцыятыва: «Место» 

 Задача:  Аб'яднаць жыхароў менскіх мікрараёнаў Лошыца і Чыжоўка, каб яны маглі самастойна паляпшаць тое месца, дзе яны жывуць, пачынаючы ад дробных праблем накшталт рамонту лесвіц і заканчваючы глабальнымі, як, напрыклад, закрыццё звалкі.

 Праблема:  Аб'яднаць людзей складана. Поспех аднаго мясцовага мерапрыемства не азначае аўтаматычнага поспеху наступнага. І пакуль адны жыхары разам саджаюць туі, іншыя іх выкопваюць, каб у адзін твар любавацца ў сябе на дачы.

 

Анастасія Машчава

«Прыкладна два гады таму мы разам з жыхарамі Чыжоўкі паспяхова сабралі подпісы за рамонт пешаходных дарожак, улады нас падтрымалі, дарожкі адрамантавалі, і мы падумалі: як будзе крута, калі мы разам з мясцовымі зробім нешта яшчэ. Чаму б не правесці суботнік? Мы расклеілі аб'явы. У прызначаны час прыйшлі ў парк з граблямі і мяшкамі. Але акрамя нас прыйшло толькі два чалавекі, і гэта былі жанчыны, з якімі мы асабіста пагутарылі ля пад'езда. Мы, вядома, трохі ачмурэлі, таму што на іншыя нашы мерапрыемствы прыходзілі і 20, і нават 50 чалавек. Тады мы зразумелі, што да любога мерапрыемства, нават не самага маштабнага, трэба старанна рыхтавацца. Мы завялі групы ў сацыяльных сетках, групу ў Viber.

Калі ж мы сталі кранаць глабальныя праблемы, для якіх патрэбная агалоска, мы сутыкнуліся з іншай праблемай – праблемай маўчання СМІ. Загарэлася звалка, і мы звярнуліся ў адзін СМІ, каб журналісты пра гэта напісалі. Нас спыталі: "Пажар яшчэ ёсць?", і, даведаўшыся, што звалка ўжо не гарыць, сказалі: "Тэлефануйце, калі зноў загарыцца, а то вашы фатаграфіі не ахці і навіна ўжо не актуальная". Так мы зразумелі, што нам трэба шукаць выхад на СМІ, якія цікавяцца гарадскімі праблемамі і будуць цікавіцца намі.

Таксама ў нашай справе вельмі важна дамовіцца з людзьмі, ведаць, чаго яны хочуць. Аднойчы мы збіралі подпісы за рамонт дарожкі. Старшыня ЖЭУ запрасіў нас на сустрэчу і папрасіў паклікаць іншых мясцовых жыхароў, каб вырашыць нейкія яшчэ праблемы. Мы зрабілі расклейку, і прыйшла дастатковая колькасць людзей. Але тое, што ўчынілі мясцовыя жыхары, інакш, як дзічынай, не назваць. Яны сталі крычаць пра свае праблемы: камусьці дрэва перашкаджае, а камусьці яно, наадварот, патрэбнае. Дайшло да таго, што некаторыя прасілі дырэктара ЖЭУ паганяць людзей, якія паляць на іх лесвічнай пляцоўцы. Гэта быў поўны вэрхал. Улады ідуць на кантакт, а людзі не могуць нармальна данесці сваю думку. Вядома, варта размаўляць з людзьмі загадзя і аб'ядноўваць іх агульнай важнай праблемай».

 

 Памылкі: 

  Несур'ёзна ставіцца да «раскруткі» мерапрыемства.

  Чакаць ад СМІ безумоўнай рэакцыі.

  Не надаваць увагі тлумачальнай працы з людзьмі.

 

 Што ў выніку?  Праз два гады пасля вельмі малалюднага суботніка актывісты «Места» змаглі правесці «Дзень суседа», на які прыйшло каля 60 чалавек. Цяпер ініцыятыва шчыльна кантактуе з анлайн-выданнямі, якія пішуць пра горад. І камфортна вядзе дыялог з мясцовымі ўладамі.

 

 

 Ініцыятыва: «Киноклуб 451F» 

+ яшчэ 6 ініцыятыў у Магілёве

 Задача:  Стварыць пляцоўку, на якой людзі маглі б выказваць свае думкі і каментаваць усё, што адбываецца ў горадзе, у краіне, у свеце, размаўляць пра грамадскія і культурныя праблемы.

 Праблема:  Адзін чалавек не можа каардынаваць сем ініцыятыў і фінансаваць усе па большай частцы са сваёй кішэні.

 

Нік Сувораў

«У нейкі момант вашы праекты становяцца занадта рознымі, вы разумееце, што не можаце разарвацца на сем розных людзей, і ўзнікае пытанне: "Окей, добра, я стварыў ініцыятывы, якія патрэбныя людзям, я гэта бачу, бо яны прыходзяць на мерапрыемствы. Але я не ведаю, што стане з гэтымі ініцыятывамі. Яны знікнуць?" Тады трэба стаць больш адкрытым з тымі людзьмі, якія наведваюць вашы мерапрыемствы, і проста казаць пра тое, што вам патрэбная дапамога. "Дапамажыце, калі ласка. Без усялякіх начальнікаў. Кожны можа рабіць тое, што яму цікава".

Так, усе мы выгараем. Хтосьці лечыцца алкаголем, кавай і цыгарэтамі, але я гэта не ўжываю, таму мне прыйшлося складаней: я стаў шукаць людзей, якім было б цікава тое, што цікава мне».

 

 Памылкі: 

  Узвальваць на адны плечы мноства абавязкаў па розных праектах.

  Не шукаць магчымасцяў старонняга фінансавання.

  Чакаць, што пра цябе даведаюцца самі, не ісці «ў народ».

 

 Што ў выніку?  На першую сустрэчу кінаклуба прыйшло тры чалавекі, праз два з паловай месяцы – 90. Цяпер усе ініцыятывы, прыдуманыя Нікам, існуюць і развіваюцца сіламі неабыякавых людзей.

 

 

 Ініцыятыва: balk.ON.by 

 Задача:  Адкрыць дахі ў грамадскі доступ, каб гараджане маглі іх азеляняць, ствараць на гэтых пляцоўках грамадскія прасторы для адпачынку, праводзіць культурныя івэнты.

 Праблема:  Каб атрымаць доступ да гарадскога даху ў Беларусі, трэба вырашыць шмат адміністрацыйных і юрыдычных пытанняў. Гэта вялікія крокі, цэлая гарадская рэвалюцыя.

 

Марыс Мар

«Для сацыяльных праектаў мала быць сябрамі, тут важна быць аднадумцамі. Але нават калі здаецца, што ў вас агульныя мэты – "вау, мы глядзім у адзін бок!"– трэба рэгулярна звяраць вашыя думкі. Ад любой недаказанасці ў каманды могуць быць канфлікты. Таму трэба раз у тыдзень, раз у два тыдні збірацца на планёрку і ўсё прамаўляць.

Яшчэ такі момант: Ілан Маск адносна вытворчасці і запуску сваіх ракет ведае кожны этап – ад дызайну да фізікі. І ў любым праекце, дзе ёсць падзел абавязкаў, з аднаго боку, крута не быць лакаматывам і не цягнуць усё на сабе, крута, калі кожны вядзе свой участак, але, з другога боку, важна, каб на планёрцы кожны распавядаў, што адбываецца. Інакш калі адзін чалавек выпадзе, то ўвесь працэс спыніцца. Вядома, Ілан Маск са сваімі мільёнамі хутка знойдзе замену, але ён усё роўна сам разбіраецца ў тым, што адбываецца вакол.

Па частцы зносін з уладамі можна даць адну вялікую параду: абняць і плакаць і далей ісці і рабіць. Людзі думаюць, што ў Беларусі складана ўзгадніць нешта – занадта шмат папер. Але я жыла ў Германіі, мне здаецца, там такая ж сістэма, але там на гэта рэагуюць: "Окей, раз трэба, значыць трэба". Ну так, паперы. Але ў гэтым няма нічога страшнага. Ідзеш у выканкам і пішаш заяву. Там таксама людзі сядзяць, і гэтыя людзі гатовыя разглядаць цікавыя прапановы.

Праўда, не заўсёды да цябе паставяцца сур'ёзна. Аднойчы нам удалося дамовіліся аб сустрэчы з начальнікам фінансавай бяспекі аднаго завода, але ў прызначаны дзень ён не браў слухаўку, не прыйшоў на сустрэчу і не ператэлефанаваў. Пры гэтым мы былі гатовыя гэты дах арандаваць – прынесці грошы. Трэба памятаць, што далёка не ўсе хочуць браць на сябе адказнасць за вашы грошы і наступствы, якія яны за сабой пацягнуць.

Не трэба думаць, што вы ратуеце свет. Можа, свет не хоча быць выратаваны вамі».

 

 Памылкі: 

  Рабіць ініцыятыву з сябрамі, а не з аднадумцамі.

  Меркаваць, быццам усе ў камандзе думаюць гэтак жа, як ты.

  Не наладжваць агульныя каналы камунікацыі: калі ўдзельнікі каманды карыстаюцца рознымі мэсэнджарамі і воблачнымі сховішчамі, гэта абцяжарвае каардынацыю.

  Замахвацца адразу на нешта глабальнае.

 

 Што ў выніку?  18 красавіка праект апрабавалі бясплатна на даху бібліятэкі ў Маладзечне. Зараз balk.ON.by засяродзіўся на стварэнні кам'юніці людзей, якія хочуць быць бліжэй да прыроды і вырошчваць у горадзе якую-ніякую зелянінку. У рамках праекта ствараюць маленькія хатнія цяпліцы, арганізуюць абмен насення, раздачу раслін.

 

Матэрыял падрыхтаваны разам з моладзевым адукацыйным цэнтрам «Фіяльта». Вось тут, дарэчы, можаш пачытаць інтэрв'ю з яго найцудоўнейшымі ментаркамі.

Фота: Віялета Саўчыц