4 культурніцкія праекты, якія з'явіліся на самаізаляцыі
- 07.07.2020
- 5110
Вясной-2020 раптам схлопнуліся ўсе сезоны, прычым не толькі тэатральныя. Што рабіць музыкам, акцёрам, харэографам ды іншым перформерам у той час, калі глядач замураваўся дома, а культпляцоўкі ў надзеі хоць бы пакрыць арэнду распрадаюць прадметы інтэр'еру? Адказ адзін: ісці ў анлайны. 34 пагутарыў з камандамі чатырох праектаў аб тым, наколькі гладка атрымліваецца выходзіць з культурным кантэнтам на экраны смартфонаў і ці прыжылася культура данатаў у Беларусі за час пандэміі.
Серыя анлайн-канцэртаў беларускіх гуртоў у хатняй абстаноўцы, якія выходзяць на канале лэйбла Paliklinika. У праекце бралі ўдзел Harotnica mix, luty sakavik, «Касіяпея», ili-ili, Сяргей Пукст, SnopSnoŭ, TELEPORT, Эрык Арлоў-Шымкус. Аддзячыць музыкам можна было праз MolaMola і DonationAlerts.
Эрык Арлоў-Шымкус, суаўтар праекта Izalatar
– Анлайн-канцэрты ў хатніх умовах нагадваюць кватэрнік: пайграў, прыйшлі пытанні ў чат – кантакт атрымліваецца нават большы, чым падчас жывых канцэртаў.
Частая праблема трансляцый – гук. Добры гук – гэта вялікая частка поспеху, і ў працэсе мы змаглі набіць руку. Выдаткі на арэнду абсталявання, на рэкламу пакрываліся за кошт данатаў, мы выйшлі ў плюс.
Данаты – гэта латарэя. Часам адзін чалавек можа ахвяраваць нашмат больш, чым заплаціў бы за квіток. Але людзям увогуле псіхалагічна складана плаціць за прагляд анлайн-кантэнту. Калі ты ідзеш у клуб з кампаніяй, ты ведаеш, што будзе весела, і разумееш, за што плаціш. Анлайн жа – гэта не зусім зразумела.
Андрусь Такіндаг, музыка, удзельнік праекта
– Падчас канцэрта Harotnica mix мы пілі віно, адказвалі на пытанні гледачоў – было весела. Перад канцэртам шмат рэпеціравалі, таму што на анлайн-выступах вельмі бачныя ўсе хібы і недахопы, тут не схаваешся за канцэртным чадам – інтэрнэт запамінае ўсё.
Скрын-лайф-серыял па п'есе Аляксея Макейчыка. Кампанія падтрымкі на MolaMola не мела поспеху. Тым не менш 11-серыйная гісторыя ўжо даступная на YouTube.
Мікіта Ільінчык, рэжысёр
– Медыкам павінна дапамагаць дзяржава. Калі чалавек пачынае дапамагаць медыкам, значыць, нешта не працуе. Што тычыцца праектаў у сферы мастацтва, то многія цяпер засталіся без працы, а мы, прафесіяналы, трацім свой час на ажыццяўленне праекта, і любая праца павінна быць аплачаная.
Тэатр у Skype рабіць можна. Але пры ўмове, што ў ім прысутнічае і прымае непасрэдны ўдзел глядач. Прасцей рабіць кіно. Спачатку ў нас былі чыткі, потым разбор кожнай сцэны, запіс. Вельмі падрабязны рэпетыцыйны перыяд. Не ў кожным тэатры ёсць магчымасць настолькі падрабязна разбіраць тэкст.
Анастасія Васілевіч, куратарка
– У пошуках фармату я наткнулася на не вельмі вядомы, але пры гэтым ужо папулярны жанр screen-life. Яго сутнасць у тым, што гісторыя разгортваецца праз экраны гаджэтаў герояў – лэптопы і смартфоны. Гэта вельмі рыфмуецца з сітуацыяй каранціну, калі інтэрнэт-перфарматыўнасць узрастае ў разы: мы сустракаемся з сябрамі ў Zoom, там жа наведваем працоўныя сустрэчы, лекцыі і майстар-класы. Мне здаецца, гэты фармат нашмат лепш успрымаецца і больш сугучны з сённяшнім днём, чым трансляцыі спектакляў або дэсктоп-спектаклі.
Аляксандр Малчанаў, акцёр
– Тут усё асаблівае, бо ўпершыню. Я доўга думаў, куды замацоўваць тэлефон. Спачатку гэта былі канструкцыі са скрынак, потым з'явіліся вілы. Потым я шукаў розныя лакацыі – бегаў па палях, для адной серыі ездзіў у Менск. Прыдумаў сцэну на чыгуначным мосце і амаль туды паехаў, але мне сказалі, што гэта ахоўная зона і мяне туды не пусцяць.
Свае праекты я звычайна не рэкламую ў Facebook, таму што гэта нясціпла. Але пра «Блытаніну» пішу, таму што хочацца водгуку. Хай нават негатыўныя думкі – я за любую крытыку, бо гэта дапамога.
Святлана Цімохіна, актрыса
– Я ніколі не чула пра жанр скрын-лайф-серыяла, але пасля аповеду Мікіты і Насці стала жудасна цікава, захацелася паспрабаваць. Усе цяпер без працы, а рабіць нешта трэба, хочацца заставацца ў прафесіі.
Калі мы працавалі на спектаклі ў «Ок16», людзі часта падыходзілі і пыталіся, як нам можна дапамагчы, нешта зрабіць для нас. Значыць, у людзей ёсць такая патрэба, і ім не трэба перашкаджаць. Ідэя данатаў добрая. Праўда, я не веру, што за ахвяраванні можна неяк жыць. У нас у галовах засела разуменне, што калі мы можам нешта атрымаць бясплатна, то навошта за гэта плаціць.
Заняткі з класнымі харэографамі ў Zoom. Над праектам працуюць Кацярына Жынгяроўская, Алена Козак і Валерыя Хрыпач, але танцаваць (і медытаваць) можна не толькі з імі.
Кацярына Жынгероўская, суаўтарка праекта
– Праект нарадзіўся мінулым летам і першапачаткова планаваўся як студыя, пляцоўка для сучаснага танца. Гэта значыць аснова – бізнэс, прыбытак з якога мы маглі б запускаць на пастаноўку спектакляў. Хацелася, каб гэта стала прытулкам для маладых харэографаў і пляцоўкай для рэалізацыі ідэй. Цяпер такіх праектаў у Менску няма. Але праз сітуацыю мы вырашылі запусціцца ў рэжыме анлайн-урокаў.
З назіранняў: ёсць людзі, якія не ўключаюць камеру і гук. Яны быццам бы ёсць, але быццам бы іх няма. Вельмі дзіўна напачатку, але потым з’яўляецца разуменне: магчыма, хтось не хоча пускаць людзей у свой дом. Другое: гукавая затрымка – жах. Гэта стымулюе цябе даваць самыя канкрэтныя ўказанні. Ты не можаш правесці ўрок на харызме і энергетыцы. Трэба вельмі дакладна счытваць праз маленькі квадрацік, ці зразумеў цябе чалавек. Многія саромеюцца сказаць, што яны чагосьці не зразумелі, даводзіцца без гуку разбірацца, што адбываецца на тым канцы. Гэта развівае тэлепатыю.
Калі чалавек нешта атрымлівае, то ён хоча падзякаваць. Гэта пытанне культуры. Да каранавірусу яе не было, і адзін з умоўных плюсаў пандэміі ў тым, што яна з'явіцца. Так, заўсёды ёсць тыя, каму горш. Але людзей хопіць на ўсіх.
Валерыя Хрыпач, суаўтарка праекта
– Данаты – залатая сярэдзіна. Сярод маіх асабістых праектаў ёсць платныя заняткі, але на «Танцплощадке» мы вырашылі, што рабіць платныя заняткі ў той час, калі ў свеце столькі ўсяго стала бясплатным, нерацыянальна.
Нам хацелася падтрымаць адно аднаго і працягнуць заняткі танцам. Наша платформа дае адчуванне адзінства: мы дзейнічаем як нейкая супольнасць, у якой абапіраемся адно на аднаго. Пры гэтым кожны з педагогаў працуе на сябе. Але ў любым выпадку анлайн-фармат – гэта часовае рашэнне.
Папулярныя ў Менску паказы дыяфільмаў пад музыку, якім вясной таксама давялося прайсці выпрабаванне анлайнам.
Наталля Ляванава, кіраўніца і актрыса праекта
– Мы, можна сказаць, былі вымушаныя звярнуцца да анлайн-фармату. Быў запланаваны канцэрт на пачатак красавіка. Мы абвясцілі, што набытыя квіткі можна вярнуць ці пакінуць на будучыню, але ніхто свой квіток не вярнуў.
Тэхнічная частка была аб'ёмная: здымалі на пяць камер, а галоўная складанасць была ў тым, што даводзілася манціраваць усё ў рэальным часе. Па сутнасці, усё, што накідалі ў выглядзе данатаў, сышло на пакрыццё тэхнічных выдаткаў. Аператары працавалі за зусім сімвалічныя грошы. Гукавую частку дапамаглі арганізаваць хлопцы і дзяўчаты са студыі.
Мы спачатку пасмейваліся, што ніхто не будзе задаваць пытанні ў чаце, а ў выніку Насця, якая наш чат адміністравала, ледзь спраўлялася з патокам паведамленняў – яна адпраўляла мне скрын пытанняў, а я хутка адказвала прама падчас стрыму, у перапынках паміж плёнкамі.
Гэта быў эксперымент. Мы не маглі гарантаваць, што вынік будзе адпавядаць нашаму прадстаўленню. Але для нас было важна пашырэнне аўдыторыі, а гэта самы адкрыты спосаб (калі выставіць кошт, то гэта адразу большую частку аўдыторыі адрэжа).
***
Сёння мы ўжо гуляем па вуліцы, павольна папіваем віно на дахах і наведваем першыя рэйвы. Кашмар беспрацоўя і адхіленасці як быццам скончваецца, пакінуўшы нам пазітыўныя творчыя парасткі і, хочацца спадзявацца, новую для Беларусі культуру данатаў, якая будзе жыць, нягледзячы на палітычны мікраклімат. Заставайцеся разам.