12 адборных падзей кастрычніка

  • 27.09.2019
  • Аўтар: 34mag
  • 5011

Менскі кастрычнік насычаны культурнымі падзеямі пад завязку. 34mag ласкава пазбаўляе цябе ад пакут выбару і прапануе 12 топ-мерапрыемстваў, уражанні ад якіх застануцца з табой надоўга.

 

 НОЧ КАЖАНОЎ 

Калі: 4 кастрычніка, 19:00

Дзе: Дворык IBB (пр-т газеты Праўда, 11)

Кошт: free

Выдатны варыянт на праветрыць галаву ўсёй сям'ёй: «Ахова птушак Бацькаўшчыны» запрашае на тусоўку, прысвечаную кажанам. Кажаны, вядома, не птушкі, але і ім ахова не перашкодзіць таксама. На мерапрыемстве раскажуць, чым жывуць рукакрылыя, пазабаўляюць гульнямі, віктарынамі і анімацыяй, а яшчэ навучаць рабіць для кажаноў дамкі (і хто яго ведае, можа, менавіта ў тваім паселіцца беларускі Бэтмэн?).

 ПЛОШЧА ГЕРОЯЎ 

Калі: 5 кастрычніка, 17:00

Дзе: Палац культуры МАЗ (пр-т Партызанскі, 117а)

Кошт: ад 8 да 50 BYN

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» – гэта такі дахазнос, што ад убачанага на сцэне прапіраецца нават той(тая), хто апошні раз зарульваў у драматычны разам з аднакласнікамі і класнай кіраўнічкай. Квіткі на ўсё разлятаюцца хутка, але ты яшчэ маеш шанс патрапіць на пастаноўку Літоўскага драмтэатра, якая закіне цябе ў Вену 1988-га і адкрые нешта важнае пра цябе сённяшняга(-юю). Перад тым як напрасаваць пінжак, не лішнім будзе чытануць наш гайд па выхадзе ў тэатральны свет.

 GOOOOD BOY PARTY 

Калі: 5 кастрычніка, 12:00–23:00.

Дзе: Lo-Fi Social Club (вул. Кастрычніцкая, 16/3)

Кошт: ежа і карыснасці для каткоў і пёселяў

Зіма на носе: час паклапаціцца пра тых, хто без тваёй дапамогі можа яе не перажыць, – пра вулічных каткоў ды пёселяў. Летась на аналагічнай паці сабралі 2 тоны (!) ежы. На івэнце можна будзе паслухаць лекцыі ад ветэрынараў, купіць нешта раптоўнае на маркеце, захамячыць веганскую цукерку і ўволю патанчыць сярод сваіх. Калі ўсё складзецца зусім казачна, то менавіта тут ты знойдзеш гадаванца сваёй мары і вернешся дадому з узыходзячай зоркай тваёй інсты.

 

 NEW SPACE DAYS 

Калі: 5–6 кастрычніка, 10:30–22:00

Дзе: Ок16 (вул. Кастрычніцкая, 16/25)

Кошт: 1 дзень – 25 BYN, 2 дні – 40 BYN

Oh yes, у Беларусі ўпершыню пройдзе міжнародная канферэнцыя па аматарскім космасе і касмічным бізнэсе новай хвалі. Сярод спікераў «аматарскага дня», напрыклад, прадстаўнік першай у гісторыі чалавецтва прыватнай кампаніі, апарат якой здзейсніў пасадку на Месяцы; заснавальнік кампаніі па запуску першага расійскага краўдфандынгавага спадарожніка «Маяк»; вядоўца падкаста The Big Beard Theory і заснавальнік праекта «Адкрыты космас».

 BEAT WEEKEND 

Калі: 10–13 кастрычніка

Дзе: кінатэатр «Ракета» (пер. Рабочы, 3)

Кошт: адзін сеанс – 7 BYN

Улюбёны фэст дакументалак пра новую культуру вяртаецца ў горад. Сёлета вязуць фільмы пра спявачку PJ Harvey, нямецкіх фэйскантрольшчыкаў, легендарны нью-ёркскі клуб Studio 54, архітэктурную школу Баўхаўз і рускі дызайн ва ўспрыманні Пакраса Лампаса ды іншых модных чувакоў. Самы смак: усё пакажуць без дурнога дубляжу, у арыгінале з субцітрамі. 34 распісаў праграму фэсту і прычапіў для цябе ўсе трэйлеры тут.

 BLOCKHEAD, ARMS AND SLEEPERS, YPPAH 

Калі: 13 кастрычніка, 19:00

Дзе: бар «Хуліган» (вул. Кастрычніцкая, 16)

Кошт: 30 BYN

Ух, не кожны дзень у Менск завозяць рэзідэнтаў Ninja Tune! Галоўнай зоркай вечара стане хіп-хап-DJ з Манхэтэна Blockhead. У кампаніі з ім «Хуліган» разгайдаюць электроншчыкі Arms And Sleepers з Бостана і яшчэ адзін рэзідэнт культавага лэйбла – тэхаскі музыка Yppah. Лайнап шыкоўны, а час не позні, так што вангуем ідэальны рэйв для жаўрукоў.

 

 RADA FORUM 

Калі: 19–20 кастрычніка

Дзе: культ. цэнтр «Корпус» (пр-т Машэрава, 9, корп. 8)

Кошт: трэба зарэгістравацца да 8 кастрычніка па спасылцы

Беларускі нацыянальны моладзевы савет РАДА запрашае на двухдзённую канферэнцыю па пытаннях моладзі і моладзевай палітыкі. Цікава тут будзе актывістам, экспертам, даследчыкам, прадстаўнікам медыя, дзяржаўных устаноў і мясцовай улады, усім-усім, хто хоча рухаць планету наперад маладымі рукамі і маладымі мазгамі. Слова «палітыка» няхай цябе не пужае, бо ў шырокім сэнсе палітыка – гэта любое наша дзеянне, хоць выхад на экапікет, хоць танцы на рэйве.

 PERTURBATOR 

Калі: 22 кастрычніка, 19:00

Дзе: Re:Public (вул. Прытыцкага, 62)

Кошт: 35 BYN – танцпляц, 45 BYN – столік

Цёмны ўладар сінтоў прыязджае ў Менск не ўпершыню, але напярэдадні Хэлаўіну культпраграму лепей не прыдумаць. Французскі электроншчык Perturbator нагадае нам, што рэтра-сінтвэйв бывае і вось такім: змрочным, жорсткім, ільдзінкай, што бяжыць па крыві. На парачку часоў ты быццам тэлепартуешся ў нуарнае кіно і ўвойдзеш у інфернальны транс. Рыхтуй самую чорную цішотку.

 АИГЕЛ 

Калі: 25 кастрычніка, 19:00

Дзе: культ. цэнтр «Корпус» (пр-т Машэрава, 9, корп. 8)

Кошт: 15–35 BYN

Нехта меркаваў, што паэтка Айгел Гайсіна згубіць натхненне, як толькі яе «татарын» выйдзе з турмы, а музыка Ілля Барамія хутка пачне паўтараць сам сябе ў бітах, але рабяты забамбілі трэці альбом за тры гады, і «Эдем» – гэта зноў свежая, прыгожая праца, якую можна разбіраць на цытаты (чаго толькі вартая «Слезы девочки твоей – разбавленный девяносто второй»).

 

 LITTLE BIG 

Калі: 25 кастрычніка, 20:00

Дзе: Falcon Club (пр-т Пераможцаў, 20)

Кошт: танцпол – 55 BYN, фанзона – 70 BYN

Пакуль Die Antwoord ніяк не могуць прайсці фільтр высокага густу Мінгарвыканкама, мы працягваем хадзіць па альтэрнатыўна-хіп-хопныя скокі на Little Big. Летась гэта выглядала вось так. Сёлета Ілліч і Ка новых альбомаў не вязуць, але ў хітовую абойму дадаліся як мінімум «I'm OK» і «Слэмятся пацаны», так што абавязкова будзем слэміцца.

 ЛЯВОН ВОЛЬСКІ 

Калі: 26 кастрычніка, 18:00

Дзе: Prime Hall (пр-т Пераможцаў, 65)

Кошт: 42–68 BYN

Спадар Лявон бярэ Prime Hall без прыступу другі раз за год, але тут рыхтуецца нешта незвычайнае – канцэрт-рэтраспектыва ўсёй кар’еры музыкі ў чатырох аддзяленнях. Кожнае аддзяленне будзе прысвечанае розным праектам: Volski (сёлета яму спаўняецца 5 гадоў), Zet (20 гадоў), NRM (25 гадоў), «Мроя» (ажно 35). 

 ALYONA ALYONA 

Калі: 31 кастрычніка, 18:00

Дзе: Re:Public (вул. Прытыцкага, 62)

Кошт: танцпол – 30 BYN, столік – 40 BYN

Зарадзіць батарэйку на ўвесь лістапад дапаможа ўкраінская пышка-пушка Alyona Alyona. 28-гадовая экс-выхавальніца вясковага дзіцячага садку з-пад Кіева ў 2018-м раптоўна парвала ўсе чарты, калі пачала выкладваць на YouYube свой шчыры, бадзёры, суцяшальны рэп. У Менск спявачка прыбудзе ў поўным узбраенні: з багатым вопытам выступаў на еўрапейскіх фестывалях і ў статусе ўладальніцы прэстыжнай нямецкай узнагароды Anchor Award. Апошні кліп Алёны глядзі тут.

 

Менск – горад жывы. Кожны дзень тут здараецца штось карыснае, цікавае ды прыгожае. Каб не прапусціць самы тлушч – тэрмінова джойн наш тэлеграм-канал Lost in Minsk.